Іспана-маўрытанская кераміка

Іспана-маўрытанская кераміка, таксама андалузская кераміка, іспана-маўрытанскія фаянсы — гісторыка-рэгіянальная разнавіднасць керамічных вырабаў, якія вырабляюцца ў XII—XIV стагоддзях у мусульманскай Іспаніі на тэрыторыі Пірэнейскага паўвострава. Называецца іспана-маўрытанскай, а не іспана-арабскай ў сілу самабытнасці культуры маўраў, якія пражывалі ў асаблівых гістарычных умовах на тэрыторыі сучаснай Іспаніі. Лічыцца, што, іспана-маўрытанская кераміка спалучае ў сабе ўсходнія і заходнееўрапейскія рысы.

Альгамбрская ваза. Паміж 1301 і 1492 гадамі. Гранада. Кераміка, роспіс. Нацыянальны археалагічны музей, Мадрыд

Гісторыя і тэхналогія вытворчасці правіць

Радзіма шкларобства і паліванай керамікі — краіны Блізкага і Сярэдняга Усходу. Палівай называюць шклопадобнае пакрыццё на паверхні керамічнага вырабу — тэхналогія, збольшага запазычаная мясцовымі жыхарамі ад старажытных егіпцян.

Арабы і берберы — старажытныя рымляне называлі іх маўрамі (грэч. аμαύρος — чорныя, цёмныя людзі)[1] — прыўнеслі на заваяваныя імі ў 711—713 гадах землі на Пірэнейскім паўвостраве ўласныя рамёствы, у тым ліку мастацтва пакрывання палівай керамічных (фаянсавых) вырабаў. Нават пасля рэканкісты (адваявання зямель у маўраў), якая скончылася ў 1492 годзе заваяваннем Гранадскага эмірата каралём Фердынандам Арагонскім, працягвала развівацца арабская культура марыскаў (арабаў, якія засталіся ў Іспаніі) і мустарыбаў, або масарабаў (арабізаваных хрстыян). Традыцыйнай для арабскай культуры, што асабліва важна ў гарачым клімаце, з’яўляецца абліцоўванне сцен і падлог паліванымі керамічнымі пліткамі — ацулеямі, або асулехас ісп.: azulejo, ад azul, з араб. أزرق‎‎ — сіні). Такія пліткі «пакрывалі белай алавянай бліскучай палівай і распісвалі сінім кобальтам. Выкарыстоўвалі таксама жоўтую і зялёную фарбы, але галоўная асаблівасць маўрытанскай архітэктуры ў Іспаніі, і адна з асаблівасцяў нацыянальнага стылю мудэхар, заключалася ў тым, што такія пліткі, якія пакрываюць сцены, утваралі суцэльны ярка-блакітны бліскучы дыван. З іх складалі вялікія пано…»[2].

У XII—XIII стагоддзях становяцца вядомымі керамічныя майстэрні ў арагонскім горадзе Калатаюдзе і ў Андалусіі — Альмерыі, Малазе, Кордаве, Мурсіі. Географ Мухамад аль-Ідрысі згадваў гліняныя «пазалочаныя» пасудзіны, якія вырабляліся ў арагонскім Калатаюдзе і вывозіліся ва ўсіх напрамках. Вучоны Ібн-Саід, які жыў у сярэдзіне XIII стагоддзя, паказваў у сваіх творах, што цэнтрамі вытворчасці былі Мурса, Альмерыя і Малага, дзе выраблялі «незвычайнае і прыгожае шкло», а таксама «пазалочаны посуд з гліны», гэта значыць пакрытыя залацістым люстрам[3].

Мастацтва люстравання (ад фр.: lustre — глянец, бляск, лац.: lustro — асвятляю) — асаблівы тып палівы «аднаўленчага агню», якую выкарыстоўваюць для дэкарыравання вырабаў з керамікі і шкла, якая надае паверхні выраба металічны або перламутравы водбліск розных адценняў. Люстр, які змяшчае вокіслы срэбра, медзі і іншых металаў, наносілі на папярэдне абпаленую паліву, а затым падвяргалі аднаўленчаму абпалу пры невялікай тэмпературы. Аксід аднаўляўся да чыстага металу і паліваная бліскучая паверхня набывала металічны (залацісты або медна-чырвоны) водбліск. Тэхналогія люстра была прыўнесеная ў Іспанію з краін Блізкага Усходу: Персіі, Сірыі. Распаўсюджванне такой тэхналогіі ў Арабскіх Эміратах тлумачаць забаронай ісламу на выкарыстанне посуду з каштоўных металаў. Гэтым тлумачыцца высокі попыт на вырабы, якія хоць бы сваім бляскам нагадвалі каштоўнае залатое і сярэбранае начынне[4].

Малагскія, або альгамбрскія, «крылатыя вазы» правіць

Самыя знакамітыя вырабы такога роду, якія адносяцца да другой палове XIV стагоддзя — вялікія вазы са звужаным дадолу тулавам. Яны называюцца «альгамбрскімі» (Альгамбрскія вазы  (ісп.)), паколькі большая іх частка была знойдзена ў XVI стагоддзі ў адным з падземных памяшканняў пад вежай Камарэс Альгамбрскага палаца ў Гранадзе. Альгамбрскія вазы маюць яйцападобнае, звужанае дадолу тулава, як у антычных піфасаў, высокую пашыраную шыйку і дзве плоскія масіўныя ручкі, якія дастаюць па вышыні сярэдзіны шыйкі пасудзіны. Такія вазы з завостранай ніжняй часткай няўстойлівыя, таму, падобна старажытнагрэчаскім вострадонным амфарам, іх укопвалі ў зямлю або ўсталёўвалі на спецыяльную падстаўку. Вышыня самых вялікіх з іх складае ад 115 да 170 см, што блізка да росту чалавека. Альгамбрскія вазы выраблялі спецыяльна для гранадских эміраў і ўпрыгожвалі імі двары і пакоі Альгамбры. У сценах палаца захаваліся маленькія нішы, з размешчаных там надпісаў зразумела, што яны прызначаліся для сасудаў са свежай вадой, якімі, як мяркуецца, і служылі альгамбрскія вазы.

Альгамбрскія вазы выраблялі пераважна ў майстэрнях Малагі, таму іх называюць таксама «малагскімі» ісп.: Obra de Melica, obra de Malequa). Іншая назва — крылатыя (па характэрнай форме вялікіх ручак).

«Ваза Фартуні» правіць

Адзін з самых характэрных экспанатаў аддзела сярэднявечнага мастацтва Санкт-Пецярбургскага Эрмітажа — вялікая «крылатая» альгамбрская ваза канца XIV стагоддзя, якая атрымала назву «Ваза Фартуні  (руск.)». Яе выявіў у 1871 годзе іспанскі жывапісец Марыяна Фартуні  (руск.) недалёка ад Гранады ў маленькай царкве гарадка Салар, дзе яна служыла падстаўкай для чары са святой вадой. Ваза мае куфічныя надпісы і дэкарыраваны перламутравым люстрам. Па малюнку Фартуні ў Рыме для гэтай вазы вырабілі бронзавы чатырохножнік з галовамі львоў, якія нагадваюць пра Ільвіны дворык  (руск.) у Палацы Альгамбры[5]. У 1875 годзе ўдава мастака Сесілія дэ Мадраса  (руск.) прадала вазу за 30 тысяч франкаў рускаму калекцыянеру А. П. Базілеўскаму  (руск.), чый шырокі збор у 1884 годзе быў набыты для Эрмітажа. У 1878 годзе «Ваза Фартуні» дэманстравалася на Сусветнай выстаўцы ў Парыжы і прыцягнула ўсеагульную ўвагу. Тры іншыя падобныя вазы знойдзены ў самой Альгамбры, яшчэ адна — у ваколіцах. Цяпер яны захоўваюцца ў музеях Мадрыда, Палерма, Стакгольма, Берліна.

У 1487 годзе арабскі горад Малагу ўзялі штурмам іспанскія войскі, і вытворчасць фаянсу стала прыходзіць у заняпад. Іншым значным цэнтрам вытворчасці вырабаў іспана-маўрытанскай керамікі былі майстэрні ў паселішчах вакол Валенсіі.

Валенсійскія фаянсы правіць

Валенсія — горад на ўсходзе Іспаніі, каля ўзбярэжжа Міжземнага мора, важны цэнтр арабскай культуры. З 1031 года — сталіца незалежнай маўрытанскай дзяржавы, якая аддзялілася ад Кордаўскага халіфата. У 1238 годзе заваявана Арагонам. Увесь гэты час маўры працягвалі займацца сваімі рамёствамі, але не ў горадзе, а галоўным чынам у ваколіцах. Адсюль назва з гульнёй слоў: «Terra de Valencia» — «Зямля Валенсіі», « Гліна (у сэнсе кераміка) Валенсіі»[6].

Валенсійскія фаянсы пазнаюцца па спалучэнні залацістага або чырвона-меднага люстра з цёмна-сіняй фарбай. Вялікія таўстасценныя талеркі з шырокім бортам майстры ўпрыгожвалі раслінным арнаментам — марэскай  (руск.), у цэнтры звычайна змяшчалі герб Валенсіі — арла Святога Яна Евангеліста. Арнамент размяшчалі канцэнтрычнымі альбо радыяльнымі паясамі, па перыметры — гербы шляхетных італьянскіх сем’яў (такія талеркі рабілі па спецыяльных заказах на экспарт у Італію). Для валенсійскіх фаянсаў тыповы таксама натуральны раслінны арнамент з «ягадак», заключаных у кругі парасткаў і зубчастага лісця, падобнага на грэчаскі акант, цёмна-сіняй фарбай на пункціраваным (які складаецца з дробных кропак) фоне. Сустракаюцца таксама матывы пярэступа, вінаграднага лісця, надпісы гатычным шрыфтам. Такія вырабы, відавочна, выконваліся не маўрамі, а іспанскімі рамеснікамі, але пад уплывам агульнага «іспана-маўрытанскага стылю»[7].

Сярод разнастайных формаў іспана-маўрытанскія фаянсаў сустракаюцца аптэкарскія сасуды альбарэла  (руск.), збаны (некаторыя на высокіх ножках: citra і grealet), глыбокія талеркі, падарункавыя чары (lebrillo de alo) і «вушастыя міскі» з ручкамі (cuenco de oreja). Іспана-маўрытанскія вырабы аказалі значны ўплыў на раннюю італьянскую маёліку, з чым, уласна, і звязана паходжанне слова «маёліка»[8].

Сярод куфічных надпісаў на розных вырабах часта сустракаецца слова «боская ласка» (араб. نعمة او وقت سماح‎‎), «алафія». У XV—XVI стагоддзях у дэкоры вырабаў змешваюцца выявы рэальных і фантастычных звяроў, сцэны бітваў іспанскіх рыцараў з маўрамі, неіснуючых гербаў і псеўдаарабскіх надпісаў («арнамент куфі»). Кампазіцыя усё больш нагадваюць філігранную працу еўрапейскіх ювеліраў. Нібыта архаічную іспана-маўрытанскую кераміку ў эпоху Адраджэння змяняе больш маляўнічая з разнастайнымі выяўленчымі роспісамі італьянская маёліка. Адной з прычын паступовай страты мастацкіх якасцяў і запатрабаванасці вырабаў іспана-маўрытанскай керамікі спецыялісты лічаць прыхільнасць майстроў старым схемам і ўпартае імкненне пераймаць металічным вырабам, у той час як італьянцы, запазычыўшы ў іспанцаў тэхналогію і ўдасканаліўшы яе, імкліва эвалюцыянавалі ў цесным узаемадзеянні з іншымі разнавіднасцямі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва[9].

У сярэдзіне XIX стагоддзя паўсталі спробы адраджэння знакамітага мастацтва маўраў ў рэчышчы эстэтыкі перыяду гістарызма, збольшага з-за поспеху вялікіх Сусветных выставак і патрэбаў фарміравання ў той перыяд у розных краінах Еўропы мастацка-прамысловых музеяў і рамесных майстэрняў[10].

Іспана-маўрытанскія фаянсы са збору Базілеўскага правіць

Значны збор іспана-маўрытанскай керамікі маецца ў Санкт-Пецярбургскім Эрмітажы дзякуючы набыццю калекцыі выдатнага рускага збіральніка А. П. Базілеўскага  (руск.). Да 1884 года Базілеўскі пражыў успадкаваную маёмасць і вырашыў расстацца са сваёй калекцыяй, у якую ўваходзілі сярэднявечныя вырабы з металу, ліможскія эмалі  (руск.), размаляваная італьянская маёліка і іспана-маўрытанская кераміка, вырабы са слановай косці, шкла і мазаікі. Вялікі распродаж быў прызначаны ў гатэлі Друо ў Парыжы. Даведаўшыся пра гэта, статс-сакратар А. А. Полаўцаў  (руск.) даручыў мастаку Багалюбаву, які жыў у Парыжы, пераканаць Базілеўскага прадаць збор рускаму ўраду. Аляксандр III (які аглядаў калекцыю яшчэ ў 1867 годзе, у бытнасць вялікім князем) заплаціў за яе 5 448 125 франкаў (з іх палову — аблігацыямі італьянскай рэнты)[11]. У студзені 1885 года калекцыя Базілеўскага была набыта.

Лічыцца, што па мастацкай якасці «прадметы, калісьці набытыя Базілеўскім, адшуканыя ім у старых рызніцах або правінцыйных крамах антыквараў», уключаючы знакамітую «Вазу Фартуні», вывелі невялікую экспазіцыю іспана-маўрытанскай керамікі Эрмітажа на адно з першых месцаў падобных збораў у еўрапейскіх музеях. На выстаўцы 1986 года ў Эрмітажы было паказана пяць вырабаў з Малагі і Валенсіі[12]. «Сярэднявечная галерэя» Базілеўскага цяпер знаходзіцца ў Раманаўскай галерэі будынка малога Эрмітажа (зала № 259)[13].

Галерэя правіць

Зноскі

  1. Вейсман А. Д. Греческо-русский словарь. — С.-Петербург, 1899. — С. 63
  2. Власов В. Г. Ацулеи // Новый энциклопедический словарь изобразительного искусства. В 10 т. — СПб.: Азбука-Классика. — Т. I, 2004. — С. 572
  3. Кубе А. Н. Испано-мавританская керамика. — М.-Л.: Изд-во АН СССР, 1940. — С. 5, 29
  4. Кубе А. Н. История фаянса. — Берлин: Р. С. Ф. С. Р. Гос. изд., 1923. — С. 21 Архивная копия от 28 февраля 2019 на Wayback Machine
  5. Власов В. Г. Испано-мавританское искусство // Новый энциклопедический словарь изобразительного искусства. В 10 т. — СПб.: Азбука-Классика. — Т. IV, 2006. — С. 184
  6. Власов В. Г. Испано-мавританское искусство. — С. 185
  7. Власов В. Г. Испано-мавританское искусство. — С. 186
  8. Caiger-Smith А. Tin-glazed Pottery in Europe and the Islamic World: The Tradition of 1000 Years in Maiolica, Faience and Delftware. — Faber and Faber, 1973. — ISBN 0-571-09349-3. — Р. 65
  9. Caiger-Smith. А. Lustre Pottery: Technique, Tradition and Innovation in Islam and the Western World. — Faber and Faber, 1985. — ISBN 0-571-13507-2p. — Рр. 166—168
  10. Степанов М. С. Среднее и низшее художественно-промышленное образование в дореволюционной России: Автореф. дис. канд. пед. наук — М., 1971
  11. Эрмитаж 250: Приобретение коллекции Базилевского. 1884 год. Дата обращения: 7 февраля 2016. Архивировано 16 мая 2016 года Архіўная копія. Архівавана з першакрыніцы 16 мая 2016. Праверана 20 лютага 2024.
  12. Западноевропейское прикладное искусство средних веков и эпохи Возрождения из коллекции А. П. Базилевского. Каталог выставки. — Л.: Государственный Эрмитаж, 1986. — С. 5
  13. Спіс залаў Эрмітажа Архіўная копія. Архівавана з першакрыніцы 31 жніўня 2021. Праверана 20 лютага 2024.