Алогія
Алогія (Allogia), або Алава (Олава) — першая жонка наўгародскага і пазней кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча.
Алогія | |
---|---|
Дата смерці | не раней за 990 |
Муж | Уладзімір Святаславіч |
Дзеці | Вышаслаў Уладзіміравіч |
Згадваецца Сагай пра Олафа Тругвасана як жонка князя Уладзіміра і наймудрэйшая жанчына. Княгіня мела асобны двор у Ноўгарадзе, значную рухомую маёмасць, а таксама дружыну, колькасцю роўную княжацкай, і сапернічала з князем за лепшых дружыннікаў. Значна ўплывала асабіста на Уладзіміра і на грамадска-палітычнае жыццё: Сага паведамляе, як княгіня збірала і праводзіла тынг. У Сазе ёсць цьмяныя сюжэты пра блізкія адносіны княгіні з Олафам і яе спрыянне хрышчэнню Уладзіміра і яго дзяржавы.
Уласны двор і дружына княгіні выклікалі пярэчанні даследчыкаў: на думку Аляксандра Буге[1][2] і следам Эрмы Гардон[3], Гвіна Джоўнза[4], іх не магло быць, бо паводле летапісу ва Уладзіміра было пяць жонак і сотні наложніц. Аднак тая ж «Аповесць мінулых часоў» згадвае і асобны двор другой жонкі Уладзіміра — Рагнеды, але ў прыгарадным сяле, што, магчыма, сведчыць пра розны статус жонак. Датычна соцень іншых жанчын, Пётр Стэфановіч нядаўна выказаў думку пра іх як жонак і прыслугу дружыннікаў, якіх князь утрымліваў за свой кошт, а наложніцтва — інтэрпрэтацыя летапісца, калі не звычайнае параўнанне Уладзіміра з царом Саламонам[5].
Таксама адзначалася, што сюжэт пра саперніцтва за дружыннікаў у Сазе суправаджаецца рэмаркай «Такі быў звычай сярод магутных конунгаў…», на думку даследчыкаў, гэта можа сведчыць пра паданне часоў стварэння вядомых спісаў Сагі (канца ХІІ — сярэдзіны ХІІІ ст.). Уласная дружына княгіні, аднак, не была выключэннем, «Аповесць мінулых часоў» некалькі разоў згадвае отракаў кіеўскай княгіні Вольгі — малодшых дружыннікаў, поруч з дружынай яе забітага мужа князя Ігара.
Паводле Сагі, людзі звярталі ўвагу Уладзіміра на адносіны Олафа з княгіняй: «І не ведаем мы, пра што яны з княгіняй увесь час гавораць». У самой Сазе сувязь тлумачыцца нагаворамі праз зайздрасць да Олафа, спробамі настроіць Уладзіміра супраць яго, з гэтым звязаны і сюжэт пра ад’езд Олафа з Русі. Яшчэ Сноры Стурлусан спрабаваў тлумачыць гэтую сувязь службай Олафа ва ўласнай дружыне Алогіі. Сучасныя даследчыкі па-рознаму гэта ацэньваюць. Гвін Джоўнз перасцерагае ад веры ў асаблівыя адносіны Олафа з княгіняй, бо адносіны героя з іншаземнай уладаркай — агульнае месца саг[4]. Іншыя даследчыкі звяртаюць увагу, што паводзіны Алогіі і праўда незвычайныя, яна не толькі схавала на сваім двары і абараніла злачынцу-іншаземца, якога быццам бачыла ўпершыню, але і заплаціла наўгародскай грамадзе віру за забойства, прысуджаную Олафу князем Уладзімірам. Тым часам у Ноўгарадзе, у дружыне Алогіі, служыў Сігурд Эрыксан — брат маці Олафа, які і звяртаўся да княгіні па дапамогу, ён быў чалавек не бедны і як родзіч мусіў бы плаціць віру, але плаціла яе Алогія. На думку Марыі Самонавай, клопат Алогіі пра Олафа, магчыма, сведчыць пра іх роднасную сувязь[6]. Магчыма, Алогія была ў бліжэйшым за Сігурда радстве з Олафам, таму і плаціла віру, і гэтым тлумачыцца яе асабліва добрае стаўленне.
У свой час Васіль Тацішчаў выказаў думку, што Алогія з саг тоесная Алаве («варяжская княжна Олава»), згаданай Іаакімаўскім летапісам як жонка Уладзіміра і маці яго старэйшага сына Вышаслава[7]. Пазней гэтую думку падтрымаў Мікалай Баўмгартэн[8]. Цяпер даследчыкі з асцярожнасцю ставяцца да ўсіх унікальных звестак Тацішчава. Паводле самога Тацішчава, Іаакімаўскі летапіс — дужа складаная для вывучэння крыніца, ён не бачыў арыгінала, толькі выпіскі, зробленыя сваім інфарматарам, які выпісваў толькі адрозныя ад іншых летапісаў месцы, і, такім чынам, кантэкст звестак быў страчаны, потым і сам Тацішчаў не даў выпісак цалкам, а зрабіў з іх свае выпіскі. Таму не вядомы ўзровень апрацоўкі звестак летапісу інфарматарам і самім Тацішчавым. Таксама Тацішчаў адзначаў уплыў на Іаакімаўскі летапіс скандынаўскіх крыніц[7]. Таму няма пэўнасці ні ў верагоднасці выпісак, ні ў верагоднасці перадачы іх Тацішчавым, ні ў самастойнасці Іаакімаўскага летапісу датычна згадкі «варажскай княжны Алавы», ці не ўзяў яго складальнік імя Алогіі з Сагі для невядомай яму на імя першай жонкі Уладзіміра.
Пазней з’явілася іншая думка — не столькі пра тоеснасць Алогіі, колькі інтэрпрэтацыя згадкі гэтага імя Сагай. Петэр Мунк[9], Карл Рафн[10], Сцяпан Гедэонаў[11] лічылі, што ў вобразе жонкі Уладзіміра Алогіі, магчыма, выводзіцца яго баба, кіеўская княгіня Вольга. На думку Фёдара Браўна, княгіня Вольга выяўлена ў Сазе нават у двух вобразах — мудрай старой безыменнай маці Уладзіміра і яго жонкі Алогіі[12]. Найбольш думку развіў Сэмуэль Крос[13], следам за Рафнам, ён лічыў мудрасць галоўнай характарыстыкай Алогіі ў сагах і думаў, што яе можна атаясняць з Вольгай. Крос быў упэўнены ў шырокавядомасці Вольгі, звяртаў увагу, што на Русі яе звязвалі з прыняццем хрысціянства, а падобны сюжэт у Сазе звязаны з Алогіяй. Вобраз Вольгі бачыў Крос і ў безыменнай маці Уладзіміра, згаданай Сагай разам з Алогіяй[14]. На грунце храналогіі Крос лічыць, што пад імем Алогіі мог быць выведзены і вобраз княгіні Рагнеды. Каб спалучыць усе свае думкі, даследчык пераносіць падзеі Сагі з Ноўгарада ў Кіеў і датуе іх часам пасля 980 года, ён лічыць, што менавіта Рагнеда, якая адмовіла Уладзіміру праз яго нізкае паходжанне, магла добра паставіцца да Олафа праз яго высакароднасць. Сам Крос разумеў усё гэта не болей як гіпотэзу, але, на яго думку, яна шмат чаго тлумачыць[15]. На думку Алены Рыдзеўскай, здагадка Кроса «даволі праўдападобная», даследчыца знаходзіць у Сазе рысы блізкія да летапіснага падання пра Рагнеду і лічыць, што «імя Рагнеды магло быць выціснута ў вуснай перадачы імем іншай, вядомейшай рускай княгіні — Вольгі, чыё імя сага дае жонцы Уладзіміра ў своеасаблівай пераробцы — Allogia»[16][17]. Такую думка падзяляла і Эрма Гардон[18]. Тэадор Андэрсан лічыць, што Вольга ў нейкай ступені магла быць правобразам Алогіі[19].
Скліканне тынгу на просьбу Алогіі згадваецца толькі адным спісам Сагі — спісам манаха Ода, у спісе Сноры Стурлусана сюжэт прапушчаны. Аднак і ў «Коле Зямным», і следам у «Вялікай Сазе» сюжэт захаваўся трансфармаваным, сам ён не згаданы, але згаданы духі-апекуны і ззянне святла. На думку Буге, апавяданне пра тынг — казка[20]. Эрма Гардон думае таксама, бо сюжэт падобны да сюжэтаў іншых саг[21]. На думку Гардон, сюжэт з тынгам, духамі-апекунамі і святлом над Олафам служыў царкоўнай прапагандзе[21], яна бачыць у духах і святле паралелі з нараджэннем Хрыста (Мф. 2-3) і Анёлам Гасподнім, які абвяшчае вялікую радасць (Лк. 2, 8-13), а сам тынг нагадвае ёй, як Ірад паслаў вешчуноў у Віфлеем разведаць пра Немаўля (Мф. 2, 9)[22]. Ларс Лёнрат таксама бачыць у сюжэце тынга матывы з Бібліі — калі Олаф з’яўляецца на Русі, узнікае нейкае святло, як ад віфлеемскай зоркі, якое асвятліла ўсход[23]. Таксама Лёнрат бачыць у сюжэце блізкасць да матываў з Саксона Граматыка, напрыклад, як Сванхвіта па вачах пазнае каралеўскае паходжанне Рэгнера, які сам называе сябе рабом[24][23]. Такім чынам, адны складальнікі спісаў карысталіся сюжэтам пра тынг, каб тлумачыць асаблівае стаўленне Алогіі да Олафа, другія — каб паказаць наканаванасць яму стаць хрысціцелем многіх краін, трэція наогул прапускалі сюжэт як незразумелы ці нязначны.
Сага паведамляе пра дапамогу і падтрымку Алогіі ў справе Олафа па хрышчэнні князя Уладзіміра і такім чынам агулам Русі. Зноў жа, адны даследчыкі не вераць Сазе. Цалкам адмаўляюць удзел Олафа і адпаведна Алогіі ў хрышчэнні Адольф Стэндэр-Петэрсен[25], Генрык Пашкевіч[26], Фрэнсіс Дворнік[27], Барыс Рам[28]. Алена Рыдзеўская лічыла звесткі сагі пра вяртанне Олафа на Русь і ўдзел у хрышчэнні выключна апакрыфічнымі[17]. На думку Буге, Олаф не ўдзельнічаў у хрышчэнні, бо Уладзімір ахрысціўся ў 988 годзе, калі Олаф ужо пакінуў Русь, але даследчык выпускае пытанні храналогіі і вяртанне Олафа[29]. На думку Івана Шаскольскага, версія Сагі, якой даюць веры некаторыя гісторыкі, «не вытрымлівае сур’ёзнай крытыкі», але крытыкі ён не дае[30]. Іншыя гісторыкі давяраюць Сазе ў нейкай ступені: на думку Баўмгартэна, Олаф мог удзельнічаць у хрышчэнні, але даследчык не знаходзіць звестак для вызначэння ступені гэтага ўдзелу[31][32], такую думку падзяляў і Міхаіл Таўбе[33]. Таксама ёсць думка, што пры выпрабаванні вер Уладзімірам Олаф мог быць сярод паслоў у Візантыю, і па вяртанні яго сведчанне пераканала князя прыняць менавіта візантыйскі абрад. Таццяна Джаксан бачыць паралель словам Олафа з Сагі са словамі безыменнага варага пра грэчаскую веру з «Аповесці мінулых часоў». Пра спрыянне хрышчэнню Русі безыменнай жонкі Уладзіміра паведамляў Бруна Кверфурцкі, які наведаў Кіеў у 1008 годзе. Паводле Сагі, пасля прамовы Олафа і яго прапановы Уладзіміру ахрысціцца Алогія выступіла ў падтрымку, усе былі так уражаны яе красамоўствам і мудрасцю, што ўхвалілі хрышчэнне.
Калі з імем першай жонкі ўсё ж няма пэўнасці і згоды даследчыкаў, то агулам у такім шлюбе няма сур’ёзных сумненняў. Пералікі жонак Уладзіміра і іх сыноў у крыніцах розняцца, таму ў свой час Сяргей Салаўёў рабіў высновы з паведамлення «Аповесці мінулых часоў» пра раздачу Уладзімірам валасцей сынам, бо розніца ў ім паміж крыніцамі мінімальная. Ноўгарад, які раней і пазней звычайна атрымлівалі старэйшыя сыны, Уладзімір даў Вышаславу — таму Салаўёў вызначыў яго як старэйшага, хаця ў пераліках жонак Вышаслаў запісаны ўсярэдзіне і названы сынам «чахіні». На думку Салаўёва, калі Вышаслаў старэйшы сын, то нарадзіўся ён у першым шлюбе Уладзіміра, які адбыўся або ў Ноўгарадзе, або ў Скандынавіі, падчас ад’езду туды пасля гібелі брата, оўруцкага князя Алега. На думку Салаўёва, Іаакімаўскі летапіс, перададзены Тацішчавым, імаверна тлумачыць гэтыя падзеі, калі называе маці Вышаслава «варажкай». Цяпер такая думка агульнапрынятая.
Такім чынам, ёсць толькі агульныя меркаванні пра паходжанне Алогіі са Скандынавіі, яе магчымую роднасць з Олафам Тругвасанам і 975—978 гады як час шлюбу з Уладзімірам. Апроч гэтага, Галіна Глазырына выказала думку, паводле яе самой, вельмі гіпатэтычную, што Алогія магла быць той безыменнай дачкой шведскага караля Эрыка Б’ёрнсана, якая выйшла замуж за безыменнага «конунга фулька» на Русь, але паводле крыніцы, на якой грунтуецца даследчыца, неўзабаве па шлюбе «конунг фулька» быў забіты, а дачка Эрыка вывезена назад у Нарвегію[34].
Крыніцы не паведамляюць пра лёс Алогіі пасля разводу з Уладзімірам і яго хрышчэння. Магчыма, звесткі пра гэтыя падзеі захавала паданне, змешчанае ў познім Цвярскім летапісе. Паводле яго, Уладзімір паслаў жонцы паведамленне пра развод і прапанову магчымасці шлюбу з кім-небудзь з баяр, аднак, яна адмовілася, бо не хацела зніжаць свой статус, і пайшла ў манастыр пад інацкім імем Анастасія. Прысутны пры адказе маці сын — Яраслаў, уражаны прапановай бацькі і ўчынкам маці, быццам адужаў ад хваробы ног і пачаў хадзіць. Цвярскі летапіс называе княгіню Рагнедай. Аднак, з ранейшай «Аповесці мінулых часоў» вядомы іншыя абставіны разводу Уладзіміра з Рагнедай, прысутнасць іншага сына і яе пазнейшы лёс. Мацярынства Рагнеды датычна Яраслава таксама дыскусійнае. На думку Юрыя Зайца, калі Цвярскі летапіс праз вусныя паданні перадае сапраўдныя падзеі, то хутчэй яны тычацца Алогіі. Выказвалася думка, што «царыца», як называла сябе маці Яраслава, — анахранізм для X ст., і таму паданне — цалкам пазнейшы твор. Аднак на праўдзе тытул «цар» ужываўся тым часам на Русі для князёў, прынамсі датычна Яраслава, Барыса і Глеба Уладзіміравічаў[35]. У форме «цэсар» тытул ужывае і «Аповесць мінулых часоў», калі Уладзімір загадвае Рагнедзе апрануць «цэсарскі ўбор».
Зноскі
- ↑ Bugge 1909.
- ↑ Bugge 1910.
- ↑ Gordon 1938, s. 71.
- ↑ а б Jones 1968, p. 17.
- ↑ Стефанович 2011.
- ↑ Самонова 2018.
- ↑ а б Татищев 1963, с. 225—226.
- ↑ Baumgarten 1932, p. 38-39.
- ↑ Munch 1853, p. 76.
- ↑ AR 1850, p. 278; Т. I..
- ↑ Гедеонов 1876, с. 209-211.
- ↑ Braun 1924, s. 177-178.
- ↑ Cross 1931.
- ↑ Cross 1931, p. 145.
- ↑ Cross 1931, p. 144.
- ↑ Рыдзевская 1935, с. 13, примеч. 2.
- ↑ а б Рыдзевская 1978, с. 212, примеч. 190.
- ↑ Gordon 1938, s. 70, Anm. 18, 19.
- ↑ Andersson 2003, p. 138.
- ↑ Bugge 1909, s. 251-252.
- ↑ а б Gordon 1938, s. 68.
- ↑ Gordon 1938, s. 41.
- ↑ а б Lönnroth 1963, s. 68.
- ↑ Saxo. Lib. II. Cap. 5.
- ↑ Stender-Petersen 1953, p. 144-145.
- ↑ Paszkiewicz 1954, p. 44.
- ↑ Dvornik 1956, p. 206.
- ↑ Рамм 1959, с. 41-42.
- ↑ Bugge 1910, s. 7.
- ↑ Шаскольский 1965, с. 45.
- ↑ Baumgarten 1931, p. 33.
- ↑ Baumgarten 1932, p. 65-67.
- ↑ Taube 1947, p. 49.
- ↑ Глазырина 1998.
- ↑ Горский 1996.
Літаратура
правіць- Andersson Th. M. Introduction // The Saga of Olaf Tryggvason by Oddr Snorrason / Trans, from the Icelandic with Introduction and Notes by Th. M. Andersson (Islandica. 52). Ithaca; L., 2003. P. 1-27.
- Antiquités russes d’aprés les monuments historiques des Islandais et des anciens Scandinaves / С. C. Rafn. Copenhague, 1850—1852. T. 1-2.
- Baumgarten N. de Olaf Tryggwison roi de Norvege et ses relations avec saint Vladimir de Russie // Orientalia Christiana. Roma, 1931. Vol. XXIV — 1, № 73. P. 5-37.
- Baumgarten N. de Saint Vladimir et la conversion de la Russie // Orientalia Christiana. Roma, 1932. Vol. XXVII — 1, № 79. P. 5-136.
- Braun F. Das historische Russland im nordischen Schrifttum des X.-XIV. Jahrhunderts // Festschrift Eugen Mogk zum 70. Geburtstag 19. Juli 1924. Halle, 1924. S. 150—196.
- Bugge A. Skaldedigtningen og Norges aeldste historie // (N)HT. 1909. R. 4. B. 6. S. 177—196.
- Bugge A. Sandhed og digt om Olav Tryggvason // Aarboger. 1910. R. II. B. 25. H. 1. S. 1-34.
- Cross S. H. La tradition islandaise de St. Vladimir // RES. 1931. T. 11. Fasc. 3-4. P. 132—148.
- Dvornik F. The Slavs, Their Early History and Civilization. L., 1956.
- Gordon E. Die Olafssaga Tryggvasonar des Odd Snorrason. B., 1938.
- Jones G. The Legendary History of Olaf Tryggvason: The twenty-second W. P. Ker Memorial Lecture. Glasgow, 1968.
- Lönnroth L. Studier i Olaf Tryggvasons saga // Samlaren. 1963. B. LXXXIV. S. 54-94.
- Munch P. A. Det Norske folks historie. Christiania, 1853. B. 2.
- Paszkiewicz H. The Origin of Russia. L., 1954.
- Saxo. Lib. II.
- Stender-Petersen A. Varangica. Aarhus, 1953.
- Taube M. Rome et la Russie avant Tinvasion des Tatars. Paris, 1947.
- Гедеонов С. А. Варяги и Русь. СПб., 1876.
- Глазырина Г. В. О русско-шведском брачном союзе конца Х в. // Восточная Европа в древности и средневековье. – Москва, 1998. – С. 16–21.
- Горский А. А. О титуле «царь» в Средневековой Руси (до середины XIV в.) // Одиссей. 1996. — С. 205—212.
- Джаксон Т. Н. Исландские королевские саги о Восточной Европе: тексты, переводы, комментарии — 2-е изд., в одной книге, испр. и доп. — М.: Университет Дмитрия Пожарского, 2012. — 779 с.; 24 . — (Древнейшие источники по истории народов Восточной Европы / редкол.: акад. РАН В. Л. Янин (отв. ред.) [и др.]). Часть текста на древнеисланд., древнесканд., лат. яз. — Библиогр.: с. 656—710 и в подстроч. прим. — Имен. указ.: с. 720—752. — Этнограф. указ.: с. 753—769. — 1000 экз. — ISBN 978-5-91244-072-4.
- Джаксон Т. Н. Норвежский конунг Олав Трюггвасон — «апостол русских»? (источниковедческие заметки) // Славяноведение. 2000. № 4. С. 46-48.
- Рамм Б. Я. Папство и Русь в X—XV вв. М.-Л., 1959.
- Рыдзевская Е. А. Легенда о князе Владимире в саге об Олаве Трюггвасоне // ТОДРЛ. 1935. Т. II. С. 5-20.
- Рыдзевская Е. А. Древняя Русь и Скандинавия в IX—XIV вв. Материалы и исследования. М., 1978.
- Самонова М. «Пришел я туда, где Торвальду, сыну Кодрана, Христос дарует покой»: к вопросу об участии скандинавов в христианизации Полоцка // Релігії і вірування Русі (ІХ-ХVІ століття): Матеріали VIIІ Міжнародної наукової конференції з серії Colloquia Russica, Львів, 15-18 листопада 2017 р. — Краків, 2018. — Colloquia Russica. — Серія I. — Т. 8. — С. 85-92.
- Стефанович П. «Большая дружина» в Древней Руси // Российская история. 2011. № 5. — С. 78-90.
- Татищев В. Н. История российская. М.; Л., 1963. Т. 2, Ч. 2.
- Успенский Ф. Б. К одной из древнескандинавских версий крещения Руси (конунг Олав как «апостол норманнов» в саге монаха Одда) // ВЕД С. 1999. XI: Контакты, зоны контактов и контактные зоны. С. 158—163.
- Шаскольский И. П. Норманская теория в современной буржуазной науке. М.; Л., 1965.