Аляксандр Аляксандравіч Даброцін

Аляксандр Аляксандравіч Даброцін (20 снежня 1904 — 15 лістапада 1985) — савецкі акцёр, рэжысёр і педагог. Заслужаны дзеяч мастацтваў РСФСР (1958)

Аляксандр Аляксандравіч Даброцін
Дата нараджэння 20 снежня 1904(1904-12-20)
Месца нараджэння
Дата смерці 15 лістапада 1985(1985-11-15) (80 гадоў)
Прафесія тэатральны акцёр, тэатральны рэжысёр, тэатральны педагог
Тэатр
Член у
Узнагароды
Заслужаны дзеяч мастацтваў РСФСР

Біяграфія правіць

Нарадзіўся ў Яраслаўлі (Расія). Захапленне тэатрам пачалося яшчэ падчас вучобы ў гімназіі. З 1918 г. займаўся ў Пралетарскай драматычнай студыі пры Яраслаўскім драматычным тэатры, якую ў 1919 г. узначальваў будучы заснавальнік, мастацкі кіраўнік і дырэктар Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра БССР У. Кумельскі. Дэбютаваў у спектаклі «Выгнаннікі» Ю. Тарыча. У 1925 г. закончыў студыю камернага драматычнага мастацтва ў Ленінградзе. Аляксандр Даброцін працаваў акцёрам у тэатрах Ленінграда, Ташкента, Душанбэ і іншых гарадоў. З 1939 г. займаўся таксама рэжысурай. Узначальваў тэатры ў Мурманску, Ніжнім Ноўгарадзе, Уладзівастоку, Курску, Варонежы.

У гады Вялікай Айчыннай вайны быў удзельнікам франтавой брыгады, якая давала канцэрты на франтах Карэльскага і Варонежскага напрамкаў, а таксама ў тылавых шпіталях і гарнізонах.

У 1966—1968 гг. А. Даброцін працаваў галоўным рэжысёрам Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра БССР імя М. Горкага. На яго сцэне ён дэбютаваў у якасці акцёра ў спектаклі «Шостага ліпеня» М. Шатрова (1966), дзе з поспехам выканаў ролю У. І. Леніна. Крытыка высока ацаніла ігру А. Даброціна, адзначыўшы, што акцёрам удала схоплены асобныя ленінскія рысы — кіпучая энергія, імклівасць, уменне хутка ўспрымаць, ацэньваць акалічнасці і неадкладна прымаць рашэнні.

Зацікавіў гледача спектакль «Падарожнік без багажу» Ж. Ануя, пастаўлены рэжысёрам у 1969 г. Ён пашырыў рэпертуарныя межы тэатра, дапамог раскрыццю рэжысёрскіх і акцёрскіх індывідуальнасцей. Акцёры атрымалі магчымасць паспрабаваць свае сілы на новым і цікавым драматургічным матэрыяле, а гледачы — пазнаёміцца з некаторымі бакамі жыцця французскага грамадства.

Аляксандр Даброцін ажыццявіў пастаноўкі спектакляў «Любоў Яравая[ru]» К. Транёва[ru] (1967), «Захавай май тайну» В. Сабко і «Дурнічка[es]» Лопэ дэ Вэгі (абодва 1968), «Ворагі[ru]» М. Горкага (1970). Ён быў кіраўніком пастаноўкі «Вяселле на ўсю Еўропу» А. Арканава і Р. Горына (1966, рэжысёр Ю. Арынянскі). У сваіх спектаклях рэжысёр дабіваўся ад акцёраў дакладнасці сацыяльных і псіхалагічных характарыстык персанажаў, пераканаўчага раскрыцця сутнасці вобразаў.

У рэжысёрскай дзейнасці А. Даброцін імкнуўся да спалучэння сцэнічнай задумы і ўвасаблення п’есы з яе жыццёвым грунтам і аўтарскай воляй, да суладдзя тэатральнай існасці з натуральнай прыродай чалавечага існавання. Звычайна сваю творчую ідэю ў спектаклі вырашаў праз выканаўцаў, разам з тым рабіў выразныя метафарычныя акцэнты, звяртаўся да сімвалічнай пантамімы ў сцэнаграфіі. Карыстаўся прыёмамі агітацыйна-плакатнага мастацтва, часам з некаторымі прыкметамі сацыялагізму. Для мастацтва А. Даброціна характэрны высокая грамадзянскасць, дакладнасць задумы, нястомны пошук новых выразных сродкаў.

У 1971—1975 гадах Аляксандр Даброцін выкладаў у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. З выпускным курсам паставіў разам з Т. Аляксеевай спектакль «Горад на світанні» А. Арбузава. У 1975—1982 гг. выкладаў у Мінскім інстытуце культуры. З’яўляецца аўтарам мемуараў, якія часткова надрукаваны ў часопісу «Нёман», 1983, № 6.

Член Беларускага саюза тэатральных дзеячаў з 1946 года.

Спасылкі правіць