Аляксандр Тарасевіч
Аляксандр Тарасевіч (у чарнецтве — Антоній; аўтогр. Alexander Tarasowicz; укр. Олександр Тарасевич; каля 1650, Глуск — паміж 12.06 і 15.08 1727, Кіеў) — беларускі, літоўскі і ўкраінскі графік; працаваў у тэхніцы медзярыту (афорту).
Аляксандр Тарасевіч | |
---|---|
Дата нараджэння | каля 1640 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1727[1] |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | мастак, графік, гравёр па медзі |
![]() |
Біяграфія
правіцьМяркуецца, што будучы гравёр нарадзіўся ў Глуску (зараз у Магілёўскай вобл.). Падставай служыць факт, што мастак у ранні перыяд творчасці там працаваў, аб чым сведчаць надпісы на гравюрах. Верагодна, брат Лявонція Тарасевіча.
Месцам атрымання мастацкай адукацыі даследчыкі лічаць нямецкі Аўгсбург, дзе вучыўся ў гравёраў Кіліянаў. Аб гэтым яшчэ ў 1858 выказаў меркаванне нямецкі мастацтвазнаўца Г. Наглер, адзначаючы падабенства графічнай манеры Тарасевіча да школы Кіліянаў, акрамя таго, у асабістай бібліятэцы майстра было шмат аўгсбургскіх выданняў.[2]
Ранні перыяд творчасці гравёра праходзіў у Глуску, што вынікае з подпісу майстра на тытуле кнігі «Rosarium et Officium B. Mariae Virginis…» («Малітвы і службы Маці Боскай Марыі…»): «Alexander Tarasowicz scuipsit anno 1672 w Hlusku» («Аляксандр Тарасовіч гравіраваў года 1672 у Глуску»).[2] У 1680-я гады мастак пераехаў з Глуска ў Вільню, дзе супрацоўнічаў у друкарні Віленскай езуіцкай акадэміі.[3]
Каля 1688 г. Тарасевіч пакідае Беларусь і Літву і пераязджае ў Кіеў, які толькі што адышоў да Маскоўскай дзяржавы. У Кіева-Пячэрскай лаўры ён прыняў чарнецтва і ўзяў новае імя Антоній. На Украіне ён стаў пачынальнікам школы медзярыту, але ўласных гравюр стварыў усяго некалькі: партрэты палітычнага дзеяча Васілія Галіцына (1690), Мялеція Анціахійскага (1693), чарнігаўскага архіепіскапа Лазара Барановіча (1693). З 1705 года Антоній вядомы як намеснік Свенскага манастыра (каля Бранска).
Закончыў А.Тарасевіч свой жыццёвы шлях ігуменам Кіева-Пячэрскай лаўры. Пасля яго смерці ва ўласнасць Кіева-Пячэрскай лаўры перайшла бібліятэка, якую, відавочна, мастак прывёз з сабою ў Кіеў з Беларусі (рэестр бібліятэкі быў апублікаваны ў 1901).
Творчасць
правіцьНайбольш раннімі з вядомых твораў А. Тарасевіча з'яўляюцца 40 медзярытаў да кнігі «Rosarium et Officium B. Mariae Virginis…», якія былі створаны, відаць, у Глуску. Над гэтым цыклам мастак працаваў, верагодна з 1672 да 1677. Кніга выдавалася двойчы — у Аўгсбургу і Вільні. 40 ілюстрацый дзеляцца на дзве групы: каляндарны цыкл (12 медзярытаў, 6,3 х 9,7 см) і гравюры на евангельскія сюжэты (27 медзярытаў, памеры ў большасці — 16 х 13 см), якія па зместу, стылю і манеры выканання між сабой адрозніваюцца. Калі каляндарны цыкл блізкі да прац П. Брэйгеля і выўначаецца асабістымі назіраннямі народнага жыцця, то ў ілюстрацыях на евангельскі сюжэт адчуваецца веданне рэнесанснага і сучаснага мастаку заходнееўрапейскага жывапісу і графікі.[2]
Верагодна, ілюстрацыі да «Rosarium…» прынеслі мастаку шырокую вядомасць, паколькі кнігі з яго малюнкамі неўзабаве выходзяць у Вільні, Кракаве, Слуцку, Замосці. Акрамя кніжнай ілюстрацыі А. Тарасевіч шмат працаваў у партрэтным жанры. Вядома, што мецэнатам мастака выступаў маршалак Аляксандр-Гілярый Палубінскі, для якога А. Тарасевіч у 1675 у Глуску выканаў медзярыт «Радаслоўнае дрэва…».[2]
У друкарні Віленскай акадэміі зафіксавана пяць выданняў з яго гравюрамі. Вылучаюцца тытульныя лісты да выданняў «Тры філасофіі…» (1675), «Рацыянальная філасофія…» (1683) і інш. Кніга «Скарбніца святога жыцця…» (1682) утрымлівае 42 медзярыты з адлюстраваннем касцельнай службы — другі па колькасці цыкл медзярытаў Тарасевіча пасля кнігі «Rosarium…».[2]
А. Тарасевіч супрацоўнічаў таксама са слуцкай друкарняй. Для аднаго з яе выданняў у 1685 ён выканаў медзярытны партрэт мінскага харунжага Казіміра Клакоцкага.[2]
Лічыцца, што А. Тарасевіч стварыў на Беларусі і Літве асобную школу гравюры. Аднак мастак не пакінуў пасля сябе непасрэдных пераймальнікаў. Як і дрэварыты Ф. Скарыны, яго працы для паслядоўнікаў засталіся недасягальныя[2].
Зноскі
Літаратура
правіць- Шматаў В. Ф. Тарасе́вічы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 437—438. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Лазука Б. А. Гісторыя беларускага мастацтва (у двух тамах). Том 1 — Мн.: Беларусь, 2007.
- Шматаў В. Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стагоддзяў — Мн.: Навука і тэхніка, 1984.
- Шматаў В. Тарасе́віч Аляксандр (Антоній) // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 503. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
Спасылкі
правіцьАляксандр Тарасевіч на Вікісховішчы |
- Тарасевіч Аляксандр (Антоній) на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»
- Аляксандр Тарасевіч на spadczyna.com Архівавана 4 сакавіка 2016.