Лявонцій Тарасевіч
Лявонцій Тарасевіч (1650? — 1710?) — беларускі, літоўскі і ўкраінскі графік; працаваў у тэхніцы медзярыту (афорту).
Лявонцій Тарасевіч | |
---|---|
Дата нараджэння | 1650 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | не раней за 1704 |
Месца смерці | |
Род дзейнасці | мастак, графік |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфічныя звесткі
правіцьВерагодна, брат Аляксандра Тарасевіча. Як мяркуюць, вучыўся ў Аўгсбургу, у гравёраў Кіліянаў.
Ранні перыяд творчасці звязаны з Беларуссю і Літвой. У 1680-я гады пераехаў на Украіну. У 1688 запрошаны ў Маскву.
Творчасць
правіцьТворы адметныя жыццёвасцю вобразаў, цэласнасцю кампазіцыі, дакладнасцю малюнка, разнастайнасцю штрыхоўкі. У ранні перыяд створана гравюра «Апосталы Пётр і Павел з цудадзейным абразом Жыровіцкай Багародзіцы», партрэты К. С. Радзівіла, ашмянскага прыстольніка Г. Зямлі, смаленскага епіскапа Б. Корвін-Гасеўскага (канец 1690-х г.), гербы віленскага епіскапа К. Бжастоўскага (1682), Агінскіх (1686) і інш., афармленне «Служэбніка» (1695). У творах шырока выкарыстаны барочныя сімвалы і алегорыі. У Маскве выканаў партрэт рускай царэўны Соф'і. Значныя творы гэтага перыяду: гравюры да кнігі «Пацярык Пячэрскі» (1702). «Псалтыр» і «Евангелле» (абодва 1703)[1].
Важны перыяд дзейнасці Л. Тарасевіча звязаны з Віленскай акадэмічнай і Супрасльскай друкарнямі. У выданнях, выпушчаных тут, Л. Тарасевіч паўстае як вопытны майстар, які не толькі выдатна валодае тэхнікай гравіравання, але мае бліскучыя якасці мастака з тонкім густам, свабодна аперыруе складанымі і разнастайнымі кампазіцыйнымі, пластычнымі прыёмамі. Гэта бачна, напрыклад, па вырашэнні франтыспіса і ілюстрацый у кнізе М. Буйноўскага «Рацыянальныя асновы выбару» (Вільня, 1688).[2]
Асабліва яскрава магчымасці мастака адлюстраваліся ў стварэнні тытульнага ліста «Літургіёна, або Служэбніка» (Вільня, Супрасль, 1692—95). Яго адрознівае бездакорнае адчуванне прапарцыянальных суадносін паміж масамі выяўленчых форм і свабодным аб'ёмам аркуша, прызначаным для размяшчэння тэксту. Пластыка аркуша вызначаецца выразнай вытанчанасцю. На крыху высунутых уперад падножжах калон стаяць фігуры святых Васіля Вялікага і Іаана Златавуста. Вышэй над імі паказаны анёлы і Святы Георгій Дваяслоў. 3 пышнай дэкаратыўнай аздобай верхняй часткі аркуша перагукаецца вырашэнне кампазіцыі ўнізе, куды ўваходзяць картуш з гербам у сярэдзіне, прыгожая гірлянда з лістоў, кветак і садавіны[3].
Значнай і па-мастацку цікавай часткай спадчыны Лявонція Тарасевіча з'яўляюцца партрэтныя і гербавыя выявы. Яны друкаваліся на асобных аркушах ці ўключаліся ў кнігі, змяшчаліся на франтыспісах, пераўтвараючыся ў своеасаблівыя ілюстрацыі. Напрыклад, у «Літургіёне, або Служэбніку» ёсць партрэт К. С. Радзівіла. Франтыспісы шэрагу кніг упрыгожылі гербы буйных магнацкіх радоў: Агінскіх, Браніцкіх, Сапегаў, Бжастоўскіх. У 1690-я гг. мастак награвіраваў партрэтныя выявы падстолія ашмянскага Георгія Зямлі і будучага епіскапа-суфрагана беларускага Багуслава Гасеўскага. Калі ў першым прыкладзе характарыстыка вобраза дапаўняецца сімвалічнымі ўвасабленнямі «Ісціны», «Разважнасці», персаніфікацыяй «Славы», то ў другім вырашэнне менш складанае. Гэта пышны картуш з партрэтам Б. Гасеўскага. Яго, як і герб, трымаюць анёлы.[4]
Зноскі
Літаратура
правіць- Шматаў В. Ф. Тарасе́вічы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 437—438. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Лазука Б. Гісторыя беларускага мастацтва (у двух тамах). Том 1 — Мн.: Беларусь, 2007.
- Шматаў В. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стагоддзяў — Мн.: Навука і тэхніка, 1984.
- Шматаў В. Тарасе́віч Лявонцій // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 503—504. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Лявонцій Тарасевіч