Аляксей Васільевіч Мацвееў

геолаг

Аляксей Васілевіч Мацвееў (23 мая 1938, Мінск) — беларускі геолаг. Акадэмік Нацыянальнай АН Беларусі (1994, член-карэспандэнт з 1991), доктар геолага-мінералагічных навук (1977), прафесар (1990). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (1998).

Аляксей Васільевіч Мацвееў
Дата нараджэння 23 мая 1938(1938-05-23) (85 гадоў)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Род дзейнасці навуковец
Навуковая сфера геалогія
Месца працы
Навуковая ступень доктар геолага-мінералагічных навук (1977)
Навуковае званне
Альма-матар
Прэміі
Дзяржаўная прэмія БССР
Узнагароды

Біяграфія правіць

Нарадзіўся ў сям’і служачых. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1960), атрымаў дыплом аб вышэйшай геаграфічнай адукацыі і быў накіраваны ў Белдзіправадгас Міністэрства меліярацыі і воднай гаспадаркі БССР.

У 1964 годзе паступіў у вочную аспірантуру Інстытута геалагічных навук АН БССР (навуковы кіраўнік М. М. Цапенка). А. В. Мацвееў вывучае літалогію ледавіковых адкладаў — рознаўзроставых марэн, у 1966 годзе абараняе кандыдацкую дысертацыю. Малодшы, потым старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута геалагічных навук, шмат увагі ўдзяляе палеагеаграфічным рэканструкцыям, стратыграфічным пабудовам, сумесна з геолагамі-вытворцамі ўдзельнічае ў стварэнні стратыграфічнай схемы чацвярцічных адкладаў, якая ў 1968 годзе была прынята Міжведамасным рэгіянальным камітэтам у якасці ўніфікаванай.

У 1969 годзе А. В. Мацвееў прызначаецца вучоным сакратаром Інстытута геалагічных навук, а потым загадчыкам сектара чацвярцічнай геалогіі. Па выніках праведзеных даследаванняў выдаецца яго першая манаграфія «Ледниковые отложения Белоруссии» (1971), а затым у суаўтарстве з Э. А. Ляўковым, Н. А. Махнач і інш. «Геология антропогена Белоруссии» (1973). Як вынік вывучэння генезісу адкладаў ледавіковай фармацыі, этапаў ледавіковага літагенезу, класіфікацыі ледавіковых адкладаў, іх постседыментацыйнай трансфармацыі, у 1975 годзе ў Вільнюскім універсітэце А. В. Мацвееў абараняе доктарскую дысертацыю, а яе асноўныя вынікі друкуюцца ў 1976 годзе ў манаграфіі «Ледниковая формация антропогена Белоруссии».

Навуковыя інтарэсы А. В. Мацвеева ў другой палове 1970-х гадоў звернуты да геамарфалогіі, структурнай геамарфалогіі, неатэктонікі. Фундаментальнае веданне заканамернасцей фарміравання чацвярцічных тоўшч ён выкарыстоўвае для аналізу ўтварэння сучасных форм рэльефа, вызначае яго суадносіны са структурнымі планамі асноўных гарызонтаў платформавага чахла і паверхні фундамента. Ён стварае серыю геамарфалагічных карт па асобных раёнах Беларусі і тэрыторыі краіны цалкам.

3 1978 года А. В. Мацвееў — супрацоўнік Інстытута геахіміі і геафізікі АН БССР, у якім у 1980 годзе па яго ініцыятыве створана лабараторыя дынамікі ландшафтаў, пераўтвораная пазней у лабараторыю сучасных геалагічных працэсаў. Пашыраецца яго навуковая зацікаўленасць да сучаснай геадынамікі, экалагічнай геалогіі, прагнозаў радовішчаў карысных выкапняў, і, як вынік, сумесна з калегамі выдае серыю манаграфій: «Неотектоника территории Припятского прогиба» (1980), «Рельеф Белорусского Полесья» (1982), «Неотектоника и полезные ископаемые Белорусского Полесья» (1984). У суаўтарстве з Б. М. Гурскім і Р. І. Лявіцкай друкуе манаграфічнае абагульненне пра рэльеф — «Рельеф Белоруссии» (1988), а пазней самастойнае выданне — «История формирования рельефа Белоруссии» (1990).

Перыяд навуковай дзейнасці А. В. Мацвеева ў 1980-х гадах характарызуецца рознапланавымі даследаваннямі. Акрамя акрэсленых праблем, ён разам з вучнямі вызначае дыферэнцыяцыю і ступень праяўлення асноўных класаў геалагічных працэсаў (экзагенных, эндагенных, тэхнагенных), даследуе кальцавыя і лінейныя структуры, іх адлюстраванне ў фізічных палях Зямлі, крышталічным фундаменце, платформавым чахле і рэльефе зямной паверхні, паказвае іх уплыў на фарміраванне карысных выкапняў. Друкуе па гэтай тэматыцы шэраг манаграфій і кніг, распрацоўвае методыку і стварае карты рацыянальнай арганізацыі тэрыторыі асобных раёнаў Беларусі.

3 пачатку 1990-х гадоў даследаванні А. В. Мацвеева звернуты да пытанняў утварэння пакладаў карысных выкапняў, прагнозаў радовішчаў (будаўнічыя матэрыялы, алмазы, россыпы цяжкіх металаў і інш.). Ён удзельнічае ў распрацоўцы «Праграмы паскарэння геолагаразведачных работ па развіццю мінеральна-сыравіннай базы Рэспублікі Беларусь на 1993—1995 гады і да 2000 года» і выкананні шэрагу праектаў гэтай праграмы.

Доўгі час выкладаў шэраг спецыяльных дысцыплін на геаграфічным факультэце Белдзяржуніверсітэта, сумесна з В. П. Якушкай, Г. І. Каратаевым і інш. склаў дапаможнікі для студэнтаў і вучняў сярэдняй школы («Геоморфология и математика», «Хрестоматия по физической географии БССР», «Пра рэльеф Беларусі»).

У 1993—1998 гадах Аляксей Васільевіч Мацвееў — дырэктар Інстытута геалагічных навук АН Беларусі.

Яго навуковыя вынікі былі адзначаны ў 1994 годзе выбраннем акадэмікам АН Беларусі і Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі, у 1995 годзе — членам Нью-Ёркскай акадэміі, у 1996—1997 гадах быў прызнаны чалавекам года Амерыканскім біяграфічным інстытутам і Міжнародным біяграфічным цэнтрам у Кембрыджы. У 1998 годзе А. В. Мацвееву прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь».

На пачатку ХХІ стагоддзя А. В. Мацвееў вывучае небяспечныя (экстрэмальныя) геалагічныя працэсы, асаблівасці іх праяўлення. Складае серыю рознамаштабных рэгіянальных карт гэтых працэсаў, укараняе іх у зацікаўленых установах. А. В. Мацвееў з’яўляецца кіраўніком і выканаўцам шэрагу праектаў па лініі Беларускага рэспубліканскага фонда фундаментальных даследаванняў. У гэты перыяд ён у сааўтарстве выдае манаграфіі «Геология Беларуси», «Основы геологии Беларуси», «Палеогеография кайнозоя Беларуси», «Линеаменты территории Беларуси». Сумесна з калегамі складае карты: геамарфалагічную, чацвярцічных адкладаў, экстрэмальных геамарфалагічных працэсаў і інш., якія ўвайшлі ў Нацыянальны атлас Беларусі.

А. В. Мацвееў прызнаны лідар беларускай школы геолагаў-чацвярцічнікаў. Ён з’яўляецца старшынёй Камісіі па вывучэнню чацвярцічнага перыяду і геамарфалогіі. Удзельнічае ў распрацоўцы стратыграфічных схем чацвярцічных і галацэнавых адкладаў Беларусі. Фундаментальныя даследаванні ён дапаўняе практычнымі распрацоўкамі.

Аўтар каля 400 надрукаваных работ, у тым ліку 23 манаграфій і кніг.

Прэміі і ўзнагароды правіць

Выбраная бібліяграфія правіць

  • Ледниковая формация антропогена Белоруссии. — Мн., 1976.
  • Неотектоника территории Припятского прогиба. — Мн., 1980 (у сааўтарстве).
  • Рельеф Белорусского Полесья. Мн., 1982 (у сааўтарстве).
  • Рельеф Белоруссии. — Мн., 1988 (разам з Б. М. Гурскім, Р. І. Лявіцкай).
  • Пра рэльеф Беларусі. — Мн., 1994 (разам з В. П. Якушка).
  • Рэльеф Беларусі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 2: Рэспубліка Беларусь / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 2. — 760 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0310-1. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 2). (разам з Л. А. Нечыпарэнка).

Зноскі

Літаратура правіць

Спасылкі правіць