Анастасія Яраполкаўна
Анастасія Яраполкаўна (1074 — 3 студзеня 1158[3]) — дачка князя валынскага Яраполка Ізяславіча і Кунігунды фон Арламюндэ, жонка менскага князя Глеба Усяславіча.
Анастасія Яраполкаўна | |
---|---|
![]() | |
Нараджэнне | 1074 |
Смерць |
3 студзеня 1158[1] |
Месца пахавання | |
Бацька | Яраполк Ізяславіч[1][2] |
Маці | Кунігунда фон Арламюндэ[d][2] |
Муж | Глеб Усяславіч[1] |
Дзеці | Расціслаў Глебавіч, Валадар Глебавіч і Усевалад Глебавіч[2] |
![]() |
Згадкі
правіцьКрыніцамі Анастасія згадана толькі аднойчы, Кіеўскі летапіс паведаміў пра яе смерць пад 1158 годам. Згадка цікавая для гісторыі царквы[4][5]. Летапісец адзначыў, што 3 студзеня ва ўзросце 84 гадоў а 2 гадзіне ночы памерла Яраполкаўна, удава князя Глеба, якая перажыла свайго мужа на 40 гадоў, і пахавана 4 студзеня ва Успенскім саборы Кіева-Пячэрскага манастыра побач ракі Феадосія Пячэрскага і магілы мужа[6]. Анастасія завяшчала 5 вёсак з чэляддзю і агулам усю сваю маёмасць манастыру. Там сама адзначаны наданні манастыру ад яе бацькі і мужа — Яраполк ахвяраваў некалькі валасцей і ўсю свае асабістую маёмасць, а Глеб пры жыцці ахвяраваў 600 грыўняў срэбра і 50 грыўняў золата, а 100 грыўняў срэбра і 50 грыўняў золата ахвяравала ўдава па яго смерці.[7] Даследчыца Ліза Лін Генрых, якая ў 1977 годзе пераклала Кіеўскі летапіс на англійскую мову, інтэрпрэтавала словы «и все да и до повоӕ» як тое, што Яраполкаўна «дала ўсё да таго, як стала манахіняй». На думку Інэс Гарсія дэ ла Пуэнтэ (2012), Генрых няслушна зразумела фразу, літаральна яна значыць «дала ўсё і да галаўнога ўбору», а ў пераносным сэнсе «ахвяравала ўсё, што мела».[8]
Імя княгіні Кіеўскі летапіс не называе, яно вядома толькі з позняй крыніцы — Кіеўскага сінопсісу. Можна толькі спадзявацца, што складальнік сінопсісу, які працаваў у Кіева-Пячэрскім манастыры, адзначыў імя слушна, але «няма дастаткова пэўных звестак, каб зрабіць выснову, што ўдаву Глеба звалі Анастасія».[9]
У 2012 годзе амерыканская даследчыца іспанскага паходжання Гарсія дэ ла Пуэнтэ, на грунце фрагмента Кіеўскага летапісу «сѣдѣвши по кн҃зи своемъ . вдовою лѣт̑ . м҃ .» (сядзела па князю сваім удавою гадоў 40), выказала здагадку, што Яраполкаўна 40 гадоў была ўладарнай княгіняй менскай. Даследчыца сама адзначыла, што гэты выпадак не мае аналагаў прынамсі ў гісторыі Русі, а таксама яму няма пераканаўчых доказаў.[10][11] На думку ўкраінскага даследчыка Сяргея Абукава (2016): «Цяжка прызнаць пераканаўчым меркаванне пра праўленне ўдавы Глеба да сваёй смерці ў Менскім княстве».[12] З іншага боку, у 2024 годзе здагадку Гарсія дэ ла Пуэнтэ падтрымаў амерыканскі даследчык Крысціян Рафенспергер[13].
Гіпотэза Гарсія дэ ла Пуэнтэ грунтуецца на тым, што як і ранейшая перакладчыца Кіеўскага летапісу Ліза Лін Генрых, фрагмент «сѣдѣвши по кн҃зи своемъ . вдовою лѣт̑ . м҃ .» яна перакладае па аналогіі са шматлікі згадкамі летапісу пра «сядзенне» князёў, што значыла іх княжанне. Так, «who had been ruling forty years in the place of her prince as a widow» у перакладзе Генрых (1977) і «having ruled after her husband['s death] as a widow for forty years» у перакладзе Гарсія дэ ла Пуэнтэ (2012). Пры гэтым Гарсія дэ ла Пуэнтэ ведае, што рускія мовазнаўцы даюць сэнс «сядзела па князю сваім ўдавою» іначай і іх меркаванне грунтуецца на ранняй рэдакцыі Рускай Праўды з XII ст., дзе асобны раздзел «А се ѡ женѣ, ѡже върчетьсѧ сѣдѣти по мужи» прысвечаны менавіта правам удоваў усіх станаў, і на масіве пазнейшых ужыванняў «сядзення па мужы» менавіта ў сэнсе ўдоўства[14]. Са старажытнарускага права паняцце трапіла ў права Вялікага Княства Літоўскага, дзе «сядзець на ўдовіным стальцы» значыла тое самае — быць, заставацца ўдавой[15]. Такім чынам, Гарсія дэ ла Пуэнтэ адмаўляе ранейшы навуковых даробак і 700-гадовую прававую традыцыю на карысць сваёй гіпэтозы. У 2024 годзе рускія мовазнаўцы і даследчыкі родавых традыцый Рурыкавічаў Ганна Літвіна і Фёдар Успенскі, знаёмыя і з версіяй Гарсія дэ ла Пуэнтэ, зрабілі англійскі пераклад адпаведнага фрагмету Кіеўскага летапісу і падалі яго ў звычайным сэнсе («had been widowed for 40 years»), то-бок як 40 гадовае ўдоўства, а не княжання па смерці мужа[16].
Шлюб і дзеці
правіцьЧас заключэння шлюбу паміж Анастасіяй і Глебам Усяславічам пэўна невядомы, яго толькі разлічваюць. Вядома, што пасля забойства Яраполка ў 1086 годзе Кунігунда з’ехала ў Германію, забраўшы з сабой малодшую дачку, дзе тая выйшла замуж[3]. Анастасія ж засталася на Русі, імаверна таму, што ўжо была на апецы мужа або, прынамсі, была пасватана. У тыя часы замуж выдавалі з 12 гадоў, што дазваляе вылічыць 1086 год як крайні ранейшы час вяселля[17]. Але, часам шлюбу называюць пачатак 1090-х гадоў. Леанід Аляксееў лічыў, што Анастасія была пасватана за Глеба ў пачатку 1073 года, што было прычынай канфлікту паміж Ізяславам Яраславічам і яго малодшымі братамі, але ў 1073 годзе Анастасія яшчэ не нарадзілася[18].
Мела прынамсі трох сыноў:[19]
- Расціслава (пам. пасля 1161[20]), імаверна князя менскага да 1151 года,[20] князя полацкага 1151—1159,[19] зноў як князь менскі згадваецца пад 1160 годам і імаверна быў ім да сваёй смерці пасля 1161 года.[20]
- Валадара (пам. пасля 1176/1177[21]), імаверна князя менскага з 1151,[22] але ўпершыню згаданага як князь менскі ў 1159 годзе,[23] кароткі час быў князем полацкім у 1166 годзе.[22]
- Усевалада (пам. пасля 1159), згаданага як князь ізяслаўскі ў 1159 годзе, калі адмовіўся ад ізяслаўльскага стальца і атрымаў замест яго стрэжаўскі;[24] Гарсія дэ ла Пуэнтэ называе яго проста князем стрэжаўскім пад 1159 годам.[19]
Гісторык Аляксандр Назарэнка сумняваўся, што Расціслаў быў сынам Глеба і Анастасіі, выказваў здагадку, што ён мог быць сынам з невядомага першага шлюбу Глеба[17]. Назарэнка спасылаўся на тое, што пазней Расціслаў узяў шлюб з траюраднай сястрой, а гэта забараняе кананічнае царкоўнае права. Аднак, шлюбы з траюраднымі сёстрамі тым часам усё ж вядомы, як выключэнне іх мог дазволіць мітрапаліт[25].
Гістарычны кантэкст
правіцьШлюб, імаверна, быў вынікам імкнення полацкага князя Усяслава Брачыславіча заручыцца падтрымкай вялікага князя кіеўскага Ізяслава Яраславіча (пам. 1078) у барацьбе супраць яго братоў — чарнігаўскага князя Святаслава Яраславіча (вялікага князя кіеўскага ў 1073—1077) і пераяслаўскага князя Усевалада Яраславіча (вялікага князя кіеўскага ў 1078—1093)[26]. Паводле Літвіной і Успенскага (2013), гэта быў першы шлюбны саюз у Кіеўскай Русі паміж членамі княжацкага роду Рурыкавічаў — Глеб і Яраполкаўна, як прапраўнукі Уладзіміра Святаславіча па мужчынскай лініі, былі ў сваяцтве восьмай ступені; шлюбы паміж братамі і сёстрамі да сёмай ступені забараняліся царкоўнымі нормамі, таму жонкамі рускіх князёў звычайна станавіліся іншаземкі[27].
-- Кіеўскі летапіс (Хлебнікаўскі спіс)
Калі Усяслаў памёр у 1101 годзе, Полацкае княства раздзялілася на шэсць удзелаў: Полацкі, Друцкі, Менскі (для Глеба Усяславіча), Віцебскі, Лукомскі, і, імаверна, Ізяслаўскае (Заслаўскае)[19]. Неўзабаве паміж шасцю сынамі Усяслава пачаўся міжусобны канфлікт, у які неаднаразова ўмешваліся кіеўскі князь і іншыя паўднёварускія князі[28]. Уладзімір Манамах умяшаўся ў 1115 (6623) і/або 1116 (6624) гадах,[29] зноў дзесьці ў 1119—1121 гадах,[30] і Мсціслаў Уладзіміравіч у 1127 годзе, змяніўшы баланс сіл у больш шырокай Полацкай зямлі[28]. Менавіта падчас другой інтэрвенцыі Манамахам быў захоплены Менск, а Глеб Усяславіч трапіў у палон у Кіеў, дзе і памёр; такім чынам, яго жонка, менская княгіня Яраполкаўна, аўдавела[8][31].
Пэўна не вядома, што стала з Менскім княствам пасля гэтага, але Гарсія дэ ла Пуэнтэ (2012) выказала гіпотэзу, грунтуючыся на даступных ёй тэкставых, лінгвістычных, гістарычных і археалагічных сведчаннях, што Манамах і наступныя кіеўскія князі ўвесь час пакідалі княгіню Яраполкаўну на княжанне ў Менск пад сваім наглядам, а не ставілі болей канфліктных сыноў або ўнукаў Усяслава, асабліва пасля таго, як большасць з іх была саслана ў 1129—1130 годзе ў Візантыю[32]. Рафенспергер і Бірнбаўм (2021) прынялі тлумачэнне Гарсіі[31].
У 1129 (6637) або 1130 (6638) гадах Мсціслаў адправіў некалькіх полацкіх князёў Усяславічаў у ссылку ў Візантыю. Кіеўскі летапіс тлумачыць гэта рэтраспектыўна sub anno 1140 (6648) годам тым, што Мсціслаў пакараў полацкіх князёў за саюз з полаўцамі, замест дапамогі яму змагацца з імі.[33] Невядома, хто з сыноў і ўнукаў Усяслава быў сасланы ў Канстанцінопаль, ці былі сярод іх сыны менскай княгіні Яраполкаўны, а таксама ці быў хто-небудзь з іх сярод тых двух, пра чыё вяртанне ў Кіеўскую Русь згадана ў 1140 годзе[34]. Яе старэйшы сын Расціслаў Глебавіч сапраўды быў полацкім князем у 1151—1159 гадах і, магчыма, меў нейкую ўладарную ролю ў Менску да 1151 года, але крыніцы неясныя[35].
Наконт таго, хто яшчэ мог княжыць у Менску паміж 1119 і 1158 гадамі, Суздальскі летапіс сцвярджае, што, калі Яраполк Уладзіміравіч сеў на кіеўскім стальцы ў 1132—1133 годзе, то аддаў свайму пляменніку Ізяславу Мсціславічу Тураў, Пінск і Менск, магчыма, у складзе яго полацкіх уладанняў, а не ўсе чатыры паасобку, хоць гэта і няпэўна[36]. Ізяслаў усё адно добраахвотна пакінуў гэтыя ўладанні і паехаў у Ноўгарадзе ў 1135 годзе, пазней Менск болей не згадваецца ў Суздальскім летапісе, а ў Кіеўскім летапісе толькі раз (а менавіта ў 1151 годзе) да смерці княгіні ў 1158 годзе. На думку Гарсія дэ ла Пуэнтэ, ёсць інфармацыйны вакуум і ў гэты час у Менску магла княжыць удава-княгіня.[37] Толькі ў 1159 годзе, праз год пасля яе смерці, яе другі сын Валадар Глебавіч называецца менскім князем[38].
Аднак, Іпацеўскі летапіс над 1151 і 1159 гадамі называе куды і каму палачане выдалі здрадніцкі схопленага князя Рагвалода-Васіля — «ӕша Полотчане Рогъволода . Борисовича кн҃зѧ своего и послаша Мѣньску и ту и держаша оу велицѣ нужи» (1151) і «въıдахом̑ тѧ Глѣбовичем̑ . на великую муку» (1159), то-бок, у 1151 годзе актарамі падзей у Менску былі Глебавічы — сыны Глеба, а не ўдава, якую называлі б Глебавай.
Памяць
правіцьУ Кіева-Пячэрскай лаўры доўга трымалася памяць пра Глеба і Анастасію. Саборны манах Кіева-Пячэрскага манастыра Афанасій Кальнафойскі ў сваім творы «Тэратургіма», напісаным у 1638 годзе, сярод эпітафій фундатарам Лаўры дае і эпітафію Глебу Усяславічу і яго жонцы з вершаваным прысвячэннем. А аўтар Кіеўскага Сінопсісу, імаверна, нават рабіў расшуканні, каб высветліць імя княгіні, у Афанасія Кальнафойскага яно не згадваецца.
Крыніцы
правіць- ↑ а б в Данилевич В. Е. Очерк истории Полоцкой земли до конца XIV столетия — Киев: 1896. — С. 76. — 260 с.
- ↑ а б в Pas L. v. Genealogics — 2003.
- ↑ а б Назаренко А.В. Древняя Русь на международных путях. — М., 2001. — С. 526-527.
- ↑ Макарий (Булгаков). История Русской Церкви. — М., 1995. — С. 469.
- ↑ Голубинский Е.Е. История русской церкви. — М., 1881. — Т. 1. — С. 597.
- ↑ ПСРЛ. — СПб, 1908. — Т. Том 2. Ипатьевская летопись. — С. 492-493.
- ↑ Garcia de la Puente 2012, p. 377.
- ↑ а б Garcia de la Puente 2012, p. 361.
- ↑ Garcia de la Puente 2012, pp. 360–361.
- ↑ Ines Garcia de la Puente Gleb of Minsk’s Widow: Neglected Evidence on the Rule of a Woman in Rus’ian History? // Russian History. — 2012. — В. 3. — Т. 39. — С. 347–378. — ISSN 0094-288X. — DOI:10.1163/18763316-03903006
- ↑ Inés García de la Puente The Widow Princess of Minsk(англ.) // Portraits of Medieval Eastern Europe, 900–1400 / Donald Ostrowski, Christian Raffensperger. — Routledge, 2017-09-18. — С. 15–22. — ISBN 978-1-315-20417-8. — DOI:10.4324/9781315204178-2
- ↑ "Первый внутридинастический брак Рюриковичей и его влияние на политические отношения на Руси конца xi - начала XII в" [Першы ўнутрыдынастычны шлюб Рурыкавічаў і яго ўплыў на палітычныя адносіны на Русі канца xi - пачатку XII у]. Via in tempore. История. Политология(руск.). 2016. Праверана 23 снежня 2024.
- ↑ Raffensperger 2024, pp. 69, 94–98"Выснова Гарсія з гэтага агляду, з якой я згодны, заключаецца ў тым, што адсутнасць названага ўладара ў Менску ад часу смерці Глеба Усяславіча ў 1119 г. да прыходу Ізяслава Мсціславіча ў 1132 г. і потым ад ягонага зыходу ў 1135 г. да смерці нашай неназванай княгіні, можна лічыць, што яна кіравала ў той час."
- ↑ сидѣние, сѣдѣние (значение 3); сидѣти, сѣдѣти (значение 8) // Словарь русского языка XI—XVII веков. — Вып. 24 (Се — Скорый). — М.: Наука, 2000. — С. 124, 128.
- ↑ седети (зачэнне 7) - Гістарычны слоўнік беларускай мовы (1982–2017) . verbum.by. Праверана 21 сакавіка 2025.
- ↑ Anna Litvina and Fjodor Uspenskij The Destinies of Varangians in Eleventh- to Twelfth-Century Rus’: Yakun “the Blind,” S(h)imon, and his Son George // From Rus' to Rímur: Norse history, culture, and literature East and West / Shaun F. D. Hughes, Allyn K. Pearson. — Ithaca, New York: Cornell University Library, 2024. — Т. Islandica Volume LXV An Issue of New Norse Studies. — P. 34 (Ref. 33). — ISBN 978-0-935995-27-5, 978-0-935995-33-6.
- ↑ а б Назаренко А.В. Древняя Русь и Славяне. — М., 2007. — С. 153-154.
- ↑ Литвина А.Ф., Успенский Ф.Б. К уточнению семантики древнерусского «свататися» / «сватитися» и «сват(ь)ство» // Die Welt der Slaven. Internationale Halbjahresschrift für Slavistik. — 2013. — Т. LVIII. — С. 321.
- ↑ а б в г Garcia de la Puente 2012, p. 362.
- ↑ а б в Алексеев 2014, p. 687.
- ↑ Уильям Кентерберийский. Житие и чудеса святого Фомы // Английские средневековые источники IX—XIII вв.: Тексты, перевод, комментарий. — М., 1979. — С. 41; Lind J. De russiske ægteskaber: Dynasti- og alliancepolitik i 1130’ernes Danske borgerkrig // Historisk tidsskrift. — København, 1992. B. 92. H. 2. — S. 260. Паводле: Кибинь А. С. От Ятвязи до Литвы: политические и социокультурные трансформации в бассейне верхнего Немана в Х — XIII веках. — Москва: Квадрига, 2012
- ↑ а б Алексеев, Котляр 2014, p. 148.
- ↑ Garcia de la Puente 2012, pp. 362, 368.
- ↑ Штыхаў Г. Усевалад Глебавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / БелЭн; Рэдкал.: Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. Т. 6, кн. 2: Усвея — Яшын. Дадатак — Мн.: БелЭн, 2003. — 612, [1] с. — С. 8. — ISBN 985-11-0276-8.
- ↑ Литвина А.Ф., Успенский Ф.Б. Внутридинастические браки между троюродными братьями и сестрами в домонгольской Руси // Древняя Русь. Вопросы медиевистики. — 2012. — № 3(49). — С. 66.
- ↑ Kumzin, A. V. (2011) [2006]. "Глеб Всеславич" [Глеб Усяславіч]. Праваслаўная энцыклапедыя(руск.). Vol. 11. Масква: Расейская праваслаўная царква. pp. 568–569.
- ↑ Litvina, Anna F.; Uspenskij, Fjodor B. (2013). "К уточнению семантики древнерусского «свататися» / «сватитися» / «сват(ь)ство»" [Да высвятлення семантыкі старажытнарускага ‘свататься’ / ‘сватиться’ / ‘сват(ы)ство’.]. Die Welt der Slaven(руск.). 58: 308–325. Архівавана з арыгінала 8 August 2021.
- ↑ а б Garcia de la Puente 2012, p. 363.
- ↑ Garcia de la Puente 2012, pp. 366–367.
- ↑ Garcia de la Puente 2012, pp. 361, 363.
- ↑ а б Raffensperger & Birnbaum 2021.
- ↑ Garcia de la Puente 2012, pp. 373–375.
- ↑ Garcia de la Puente 2012, pp. 362–363.
- ↑ Garcia de la Puente 2012, pp. 364–366.
- ↑ Garcia de la Puente 2012, p. 366.
- ↑ Garcia de la Puente 2012, p. 367.
- ↑ Garcia de la Puente 2012, p. 367–368.
- ↑ Garcia de la Puente 2012, p. 368.
Літаратура
правіць- Алексеев Л. В. Полоцкая земля (очерки истории северной Белоруссии) в IX — XIII вв. / Ответственный редактор академик Б. А. Рыбаков. — М.: Наука, 1966. — 295 с.
- Артамонов Ю.А. Князья полоцкие — «великие милосники великой лавры Печерской» // Ad fontem : сб. ст. в честь Сергея Михайловича Каштанова. — М.: Наука, 2005.
- Древняя Русь в свете зарубежных источников / под ред. Т.Н. Джаксон, И.Г. Коноваловой. — М.: Университет Дмитрия Пожарского, 2010. — Т. Том IV. Западноевропейские источники./ под ред. А.В. Назаренко.
- Garcia de la Puente, Inés (2012). "Gleb of Minsk's Widow: Neglected Evidence on the Rule of a Woman in Rus'ian History?" [Удава Глеба Менскага: занядбанае сведчанне панавання жанчыны ў гісторыі Русі?]. Russian History(англ.). 39 (3). Brill Deutschland: 347–378. doi:10.1163/18763316-03903006. ISSN 0094-288X.
- García de la Puente, Inés (2017). "The Widow Princess of Minsk" [Менская княгіня-ўдава]. Portraits of Medieval Eastern Europe, 900–1400. Routledge. pp. 15–22. doi:10.4324/9781315204178-2. ISBN 978-1-315-20417-8. Пад рэдакцыяй Дональда Астроўскага і Крысціяна Рафенспергера.
- Raffensperger, Christian. N. N. Iaropolkovna. b. 1074 – d. 1158 (Н. Н. Яраполкаўна. б. 1074 – пам. 1158) . Генеалогія Русі ст genealogy.obdurodon.org (21 красавіка 2021). Праверана 21 ліпеня 2024 г.
- Raffensperger, Christian (2024). Name Unknown: The Life of a Rusian Queen [Імя невядома: Жыццё рускай княгіні]. Routledge. p. 232. doi:10.4324/9781003325185. ISBN 978-1-04-003014-1.
- Алексеев Л. В., Котляр Н. Ф. Володарь Глебович // Древняя Русь в средневековом мире: энциклопедия / Институт всеобщей истории РАН; Под общей ред. Е. А. Мельниковой, В. Я. Петрухина.. — М.: Ладомир, 2014. — 991 с. — ISBN 9785862185140.
- Алексеев Л. В. Ростислав Глебович // Древняя Русь в средневековом мире: энциклопедия / Институт всеобщей истории РАН; Под общей ред. Е. А. Мельниковой, В. Я. Петрухина.. — М.: Ладомир, 2014. — 991 с. — ISBN 9785862185140.
- Кузьмин А. В.. Глеб Всеславич // Православная энциклопедия. — М.: Церковно-научный центр «Православная энциклопедия», 2006. — Т. XI. — С. 568-569. — 752 с. — 39 000 экз. — ISBN 5-89572-017-Х.
Спасылкі
правіць- Афанасій Кальнафойскі. ТэратургімаАрхівавана 2 ліпеня 2014.