Антоніа Пасевіна

Антоніа Пасевіна (італ. Antonio Possevino, лат. Antonius Possevinus; у рускай дарэвалюцыйнай гістарыяграфіі Пасевін; 10 ліпеня 1533[1], Мантуя, Мантуанскае герцагства[2][1]26 лютага 1611(1611-02-26)[3][4], Ферара, Папская вобласць[2][1]) – сакратар генерала ордэна Таварыства Ісуса, дыпламат, тэолаг, педагог.

Антоніа Пасевіна
італ.: Antonio Possevino
Дзейнасць дыпламат, прэсвітар, выкладчык універсітэта
Месца працы
Нараджэнне 10 ліпеня 1533[1]
Смерць 26 лютага 1611(1611-02-26)[3][4] (77 гадоў)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

Нарадзіўся 12 ліпеня 1533 года ў г. Мантуя (Італія) у сям’і залатых спраў майстра. Духоўную адукацыю атрымаў у Рыме. Быў сакратаром кардынала Ганзага, выхавацелем яго пляменнікаў.

З 1559 года Антоніа Пасевіна становіцца членам ордэна езуітаў. Прычым праходзіць двухгадовы тэрмін выпрабавання за шэсць месяцаў. Амаль адразу яму даюць адказныя даручэнні. У 1568 годзе А. Пасевіна выдае кнігу “Хрысціянскі воін”, дзе піша, што кожны салдат, які змагаецца з ерэтыкамі – герой, а малейшая літасць да іх – злачынства. Жыхары Тулузы ў вялікай ступені ад гэтай кнігі, а таксама пропаведзей А. Пасевіна перабілі больш за 5000 пратэстантаў.

З 1572 па 1578 год Пасевіна з’яўляўся сакратаром генерала ордэна.

У 1578 годзе папа Рыгор XIII, які пільна сачыў за падзеямі на поўначы, адпраўляе Антоніа Пасевіна ў Швецыю, дзе ў гэты час узмацнілася партыя рэфарматараў.

Падчас Лівонскай вайны рускі цар Іван IV, занепакоены поспехамі польскага караля Стэфана Баторыя, робіць спробу да мірных перамоваў, для чаго 25 жніўня 1580 года вырашае звярнуцца да Папы Рымскага Рыгора XIII за пасрэдніцтвам. Рымская курыя выкарыстала сітуацыю ў якасці падставы для новага візіту папскага прадстаўніка ў Маскву. Для гэтай місіі быў абраны Антоніа Пасевіна.

У 1581 годзе ў якасці папскага легата ён быў накіраваны ў Маскву, каб паспрыяць спыненню працяглай Лівонскай вайны 1558–1583 гадоў.

А. Пасевіна спрабаваў схіліць Івана IV да уніі з каталіцтвам: ідэя адраджэння Фларэнтыйскай уніі належала папе Рыгору XIII, які спадзяваўся, што Іван Грозны ў вельмі цяжкіх абставінах не толькі ўступіць у кааліцыю супраць туркаў, але і пойдзе на сур’ёзныя ўступкі ў пытаннях веры.

А. Пасевіна прыехаў да Івана IV у г. Старыца ў жніўні 1581 года, дзе быў сустрэты з надзвычайнай пышнасцю і гасціннасцю. Цар першапачаткова не адпрэчваў планаў папы, але толькі да заключэння Ям-Запольскага перамір’я ў лютым 1582 года. Пасля гэтага ўсе прапановы папы былі адхіленыя. 14 лютага 1582 года А. Пасевіна прыбыў у Маскву, дзе з дазволу Івана Грознага правёў публічныя дыспуты аб веры. У парыве лютасці Іван Грозны ледзь было не забіў Пасевіна. Вынікам місіі А. Пасевіна было тое, што цар адправіў у Рым пасольства, якое павінна было перадаць папе грамату з агульнымі словамі аб любві і брацтве.

З актыўным удзелам Антоніа Пасевіна быў заключаны Ям-Запольскі мірны дагавор 1582 года паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай.

Пасля вайны Антоніа Пасевіна стаў дарадцам караля Стэфана Баторыя, спрыяў умацаванню ў краіне пазіцый езуітаў, у т. л. на землях Вялікага княства Літоўскага, пашырэнню контррэфармацыі. Абмяркоўваў з каралём праект стварэння Лігі еўрапейскіх дзяржаў, накіраваных супраць Турцыі.

Антоніа Пасевіна – адзін з ініцыятараў падрыхтоўкі Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 года, ён спрабаваў пераканаць у яе неабходнасці галоўнага апекуна праваслаўя ў Вялікім Княстве Літоўскім Канстанціна Іванавіча Астрожскага. Па даручэнню караля Антоніа Пасевіна ў 1586 годзе ездзіў у Рым да папы Сікста V, каб атрымаць субсідыю для заваявання Масковіі. Толькі нечаканая смерць Стэфана Баторыя перашкодзіла пачатку ваенных дзеянняў.

Пасля абрання ў 1587 годзе каралём Жыгімонта ІІІ Антоніа Пасевіна вярнуўся ў Італію і прысвяціў сябе педагагічнай і літаратурнай дзейнасці. Яго назначаюць рэктарам Падуанскай акадэміі.

Памёр Антоніа Пасевіна 26 лютага 1611 года ў г. Ферара (Італія).

Творчасць правіць

Аўтар кнігі “Масковія” (Вільня, 1586 г. на лацінскай мове; Кёльн, 1587 г. і інш. выданні), у якой выклаў гісторыю, звычаі і рэлігійную сітуацыю ў Расіі, што робіць твор каштоўнай гістарычнай крыніцай.

Дзейнасць А. Пасевіно ў Расіі дастаткова поўна адлюстравана ў рускай і замежнай гістарыяграфіі. Сачыненні А. Пасевіна пра Расію былi часткова перакладзены на рускую мову і выдадзены ў ХIХ ст. Поўнае і даступнае для шырокага кола аматараў гісторыі выданне з’явілася ў 1983 годзе.

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж RKDartists Праверана 2 ліпеня 2020.
  2. а б в г д е Dizionario Biografico degli Italiani — 1960. Праверана 2 ліпеня 2020.
  3. а б Antonio Possevino // RKDartists Праверана 9 кастрычніка 2017.
  4. а б Antonio Possevino // Brockhaus Enzyklopädie Праверана 9 кастрычніка 2017.
  5. POSSEVINO, Antonio // Dizionario Biografico degli Italiani — 2016. Праверана 31 студзеня 2023.

Літаратура правіць

  1. Пасевіна (Possevino) Антоніо // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. : 2 выд. Мінск, 2007. Т. 2. С. 403–404.
  2. Пасевіна (Possevino) Антоніо // Энцыклапедыя гісторыіі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1999. Т. 5. С. 427.
  3. Пасевіна (Possevino) Антоніо // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2001. Т. 12. С. 160.
  4. Иван Грозный и иезуиты : Миссия Антонио Поссевино в Москве : [сборник] / перевод с нем., лат. ; составление и предисловие И. В. Курукина. Москва : Аграф, 2005. 256 с.
  5. Поссевино, А. Исторические сочинения о России ХVI в. / Антонио Поссевино / перевод, вступ. статья и коммент. Л. Н. Годовиковой. Москва : Издательство МГУ, 1983. 272 с. : ил.