Батальён КАП «Клецк»

Батальё́н Ко́рпуса ахо́вы паме́жжа «Клецк» (польск.: Batalion KOP «Kleck») — дзявяты батальён Корпуса аховы памежжа часоў міжваеннай Польскай Рэспублікі, які размяшчаўся ў Клецку ў 1924—1939 гадах. Захаваныя казармы батальёна прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі[1].

Батальён Корпуса аховы памежжа «Клецк»
Batalion KOP «Kleck»
Жаўнеры батальёна «Клецк» у 1930 годзе
Гады існавання верасень 1924 — верасень 1939
Краіна  Польшча
Падпарадкаванне Корпус аховы памежжа
Уваходзіць у Брыгада КАП «Навагрудак» (1924—1937) →
Полк КАП «Сноў» (1937—1939)
Тып батальён і Корпус аховы памежжа
Функцыя Ахова савецка-польскай мяжы
Колькасць 828 жаўнераў
Дыслакацыя Клецк
Рыштунак Кулямёты, мушкетоны, вінтоўкі, карабіны, пісталеты
Войны Польская абарончая вайна (1939)
Камандзіры
Вядомыя камандзіры капітан Станіслаў Звойшчык

Складаўся з камандавання, узводу сувязі, кулямётнай, рэзервовай і трох памежных ротаў. Прымаў удзел у польскай абарончай вайне, а падчас пахода Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь — у абароне дзяржаўных межаў.

Гісторыя правіць

На паседжанні палітычнага камітэта Рады міністраў Польскай Рэспублікі, якое адбывалася 21—22 жніўня 1924 года было прынята рашэнне аб стварэнні адмысловага ўзброенага фармавання для аховы ўсходняй мяжы, з прычыны чаго 12 верасня 1924 г. польскае Міністэрства вайсковых спраў выдала распараджэнне аб стварэнні Корпуса аховы памежжа, а 17 верасня таго ж года — дапаўненне з указаннем яго структуры. На першым этапе арганізацыі гэтага вайсковага ўтварэння на падставе загада генеральнага штаба ад 27 верасня 1924 года была заснавана другая памежная брыгада, а ў яе складзе — дзявяты памежны батальён[2].

У склад батальёна ўвайшлі чатыры пяхотныя роты, дружына камандзіра батальёна і ўзвод сувязі. Штат служачых налічваў 25 афіцэраў, 200 унтэр-афіцэраў і 603 шараговых жаўнераў. Ва ўзбраенні знаходзіліся 2 станкавыя кулямёты і 48 ручных кулямётаў, 48 мушкетонаў, 439 вінтовак, 280 карабінаў і 32 пісталеты. Транспартнымі сродкамі былі 15 конных вазоў, 1 матацыкл і 7 ровараў[3]. Даўжыня ахоўванага батальёнам адрэзка мяжы складала 57 км, з іх ліку на адну роту даводзілася 19 км, на стражніцу — 5 км.

Адлегласць камандавання брыгады ад камандавання батальёна, размешчанага ў Клецку, была роўнай 45 км. У лістападзе 1924 г. падраздзяленне заступіла на службу ў Навагрудскім ваяводстве, дзе ў 1934 г. абараняла 59.473 км памежнай паласы[4].

Пад канец 1920-х г. у другой памежнай брыгадзе была арганізавана школа трэніроўкі выведвальна-следчых сабак, якую вырашылі размясціць пры дзявятым батальёне ў Клецку, аднак 31 студзеня 1934 года гэтая ўстанова была ліквідавана[5].

Дзеля павышэння колькасці кваліфікаваных вайскоўцаў спецыяльнага прызначэння 1 красавіка 1928 г. пры батальёне быў створаны цэнтр падрыхтоўкі сапёраў. Таксама замест існуючых кулямётных узводаў была заснавана кулямётная рота[6].

У ліпені 1929 года другая памежная брыгада была пераназвана ў брыгаду «Навагрудак» згодна з правілам, у адпаведнасці з якім адзінкі Корпуса аховы памежжа сталі называцца паводле мясцовасцяў іх дыслакацыі. Тое ж самае адбылося і з дзявятым памежным батальёнам, які быў перайменаваны ў батальён «Клецк». Некаторы час нумарацыя адзінак захоўвалася, але ў 1931 годзе была цалкам скасавана[7].

На той час рыштунак падраздзялення складаўся з 734 вінтовак Бярц’е ўзору 1916 г., 49 ручных кулямётаў «Шаша» узору 1915 г. і 2 станкавых кулямётаў «Гочкіс» узору 1914 г.[8]

Пасля правядзення рэарганізацыі Корпуса аховы памежжа «R.2» батальён стаў складацца з камандавання, узвода сувязі, кулямётнай, рэзервовай і трох памежных ротаў. У лістападзе 1936 г. у падраздзяленні служылі 20 афіцэраў, 66 унтэр-афіцэраў, 23 звыштэрміновых і 572 шараговых жаўнераў[9].

Загадам камандавання ад 23 лютага 1937 года была распачата першая фаза рэканструкцыі Корпуса аховы памежжа «R.3», у выніку чаго батальён атрымаў новую працу. Ён стаў адміністрацыйнай адзінкай для кавалерыйскага эскадрона «Клецк», аднайменнага пастарунка жандармерыі і батарэі лёгкай артылерыі. У выніку рэалізацыі другой фазы рэфармавання КАП улетку 1937 года другая памежная рота «Хомінка» была заменена на другую памежную роту «Вароніна» са стражніцамі «Кунцаўшчына» і «Геленава», а таксама на першую памежную роту са стражніцамі «Морач» і «Колкі». Стражніца «Лазовіцы» трэцяй памежнай роты «Смолічы» батальёна «Клецк» была перададзена да другой роты «Сейлавічы» батальёна «Стоўбцы». Узвод сувязі роты «Вароніна» быў размешчаны ў казармах роты «Любянец», а яе камандаванне было размешчана разам з камандаваннем роты «Хомінка» батальёна «Людвікава»[10].

15 мая 1939 года падраздзяленне стала гаспадарчым аддзелам, у выніку чаго пасада кватэрмайстара была пераназвана ў пасаду намесніка камандзіра па гаспадарчых справах[11].

Мабілізацыя і напад на батальён правіць

31 жніўня 1939 года, у першы дзень усеагульнай польскай мабілізацыі, батальён стаў адзінкай ў складзе 96-га пяхотнага палка на чале з новым камандзірам — капітанам Зыгмунтам Кледзікам. 96-гі пяхотны полк увайшоў ў склад 38-й пяхотнай дывізіі, якая 6 верасня была падпарадкавана камандаванню арміі «Карпаты», перапраўлена да чыгуначных станцый у Стоўбцы і Лунінец і адтуль праз Здалбуніў і Львоў накіравана ў раён Пшэмысля і Дабромыля. Пасля заканчэння мабілізацыі 96-га пяхотнага палка батальён «Клецк» узмацніў свае сілы і працягнуў памежную службу. Камандзір батальёна на той час, падпалкоўнік Яцэк Юра, стаў камандзірам палка «Сноў»[12].

Пасля аднаўлення батальён «Клецк» працягнуў ахову савецка-польскай дзяржаўнай мяжы даўжынёй у 37.738 км пад кіраўніцтвам камандзіра — капітана Станіслава Звойшчыка.

17 верасня 1939 г. а чацвёртай гадзіне раніцы ў межах пахода Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь на батальён быў здзейснены напад з савецкага боку. Памежнікам супрацьстаялі аддзяленні чырвонаармейцаў і войскаў аховы памежжа НКУС, якія пачалі свой наступ з боку дарогі на Слуцк. Увечары адзінкі батальёна «Клецк» разам з адной пяхотнай ротай адыйшлі спачатку да Крывошына, а пасля да Лунінца і разам з іншымі польскімі вайсковымі фармаваннямі пачалі дзейнасць у складзе згуртавання генерала Вільгельма Орліка-Рукемана[13].

Культурна-асветніцкая дзейнасць правіць

Дзейнасць батальёна не абмяжоўвалася толькі вайсковымі справамі. Ён валодаў уласным кінатэатрам, кіраваў камандай аматарскага тэатра і спрыяў дзейнасці ваеннага духавога аркестра, які ўтварыўся 1 верасня 1930 года, а таксама змешанага хору «Лютня», які пачаў дзейнічаць 15 кастрычніка 1930 г. Заснавальнікам і капельмайстарам аркестра і хору быў Юзаф Сакалоўскі[14].

Артылерыйская батарэя «Клецк» правіць

У верасні 1937 года пры дзявятым батальёне на падставе загада камандзіра Корпуса аховы памежжа ад 26 верасня 1937 года была заснавана артылерыйская батарэя. У плане прыналежнасці батарэя адносілася да палка «Сноў», якому падпарадкоўвалася ва ўсіх пытаннях, акрамя навучальнага, дзе батарэя падлягала дзявятай артылерыйскай групе. На той час у ёй служылі 3 афіцэры, 11 унтэр-афіцэраў і 59 шараговых жаўнераў. Налічвалася 54 коней[15].

У красавіку 1939 года батарэя разам з батальёнам «Слабодка» была мабілізавана і перадыслакавана ў раён Аўгустава, дзе стала падпарадкоўвацца камандаванню самадзейнай аператыўнай групы «Нараў». Напачатку вераснёвай кампаніі батарэя разам з 3-ім пяхотным палком і батальёнам «Сейны» увайшла ў склад сувальскай кавалерыйскай брыгады, але непасрэднага ўдзелу ў ваенных дзеяннях не прымала. 9 верасня 1939 г. згуртаванне «Аўгустаў», якое скаладалася з 3-га пяхотнага палка, батальёна «Сейны» і батальёна «Клецк» стала падпарадкоўвацца камандаванню вайсковага акружнога корпуса №3. Уначы з 13 на 14 верасня батарэя была перадыслакавана са станцыі «Аўгустаў» да Усходняй Малапольшчы, а 17 верасня, знаходзячыся на перасячэнні маршрутаў да Львова, падраздзяленне было высаджана на чыгуначнай лініі Сарны—Кастопаль у Валынскім ваяводстве. Пасля гэтага, яна ўвайшла ў склад артылерыйскага дывізіёна, створанага ў рэзервовым Цэнтры лёгкай артылерыі №3 у Пружанах. Дывізіёнам камандаваў маёр артылерыі Стэфан Чэрнік. Пасля ён стаў непасрэдна падпарадкоўвацца камандзіру згуртавання Корпуса аховы памежжа генералу Вільгельму Орлік-Рукеману. У складзе гэтага згуртавання батарэя ўдзельнічала ў бітвах пад Шацкам і Вытычным[15].

Здарэнні правіць

Захаваліся звесткі аб здарэннях на тэрыторыі, якую ахоўваў батальён «Клецк» з 17 па 30 студзеня 1925 г.:

  • Уначы з 13 на 14 студзеня 1925 г. пяць узброеных злачынцаў спрабавалі абрабаваць селяніна Ліпіньскага. Напалоханыя гучнымі крыкамі дачкі Ліпіньскага, бандыты здзейснілі адзін стрэл і збеглі. Найбліжэйшы савецкі памежны пост на стрэл бандытаў адкрыў агонь у польскі бок. Паднятая па трывозе другая памежная рота і дзясяты эскадрон кавалерыі з дапамогай паліцыі абшукалі ваколіцы, але слядоў рабаўнікоў не знайшлі[16].
  • 19 студзеня 1925 г. на савецкім боку ў раёне Кукавічаў былі заўважаны некалькі цывільных вершнікаў, якія мелі прыхаваныя вінтоўкі і гранаты. Адзін з іх пад’ехаў да мяжы і некаторы час назіраў за польскай тэрыторыяй, але потым адступіў і разам з іншымі вершнікамі пакінуў мясцовасць[17].
  • 19 студзеня 1925 г. на адрэзку мяжы №19 былі затрыманы два кантрабандысты, пазней перададзеныя паліцыі[17].
  • 20 студзеня 1925 г. на адрэзку мяжы №20 былі затрыманы два чалавекі, якія спрабавалі незаконна перайсці на бок БССР. Парушальнікаў перадалі паліцыі[17].
  • 21 студзеня 1925 г. паміж 17.30 і 19.50 на адрэзку мяжы насупраць Кабылінай Галавы[A] адбыўся вялікі пажар[19].
  • Уначы з 20 на 21 студзеня 1925 г. у вёсцы Юшавічы былі пачуты гукі ад стрэлаў, якія, як выявіў воінскі патруль, здзейснілі грамядзянскія асобы ў дачыненні да паліцэйскага інфарматара. На месцы ў яўрэя Маера знайшлі расійскую вінтоўку[19].
  • 23 студзеня 1925 г. для перадачы сакрэтных дакументаў з дзясятага эскадрона ў Івянец быў адпраўлены ўлан Бярэзін. На поўдзень ад фальварка Цапра, у лесе пры дарозе на Заполле на ўлана напалі дзве асобы, якія ўдарылі Бярэзіна нажом, але былі напалоханы і збеглі. Бандыты не кранулі дакументаў і ранены жаўнер здолеў давезці іх у месца прызначэння[20].
  • 23—28 студзеня 1925 г. на адрэзку мяжы №19 паліцыя арыштавала нейкага Ксаверыя Вініча за незаконны продаж гарэлкі жаўнерам батальёна «Клецк» па завышаным кошце[20].
  • 25 студзеня 1925 г. каля 9.00 непадалёку ад стражніцы «Лазовічы» быў затрыманы нелегальны парушальнік дзяржаўнай мяжы з савецкага боку[21].
  • 26 студзеня 1925 г. каля 18.00 на савецкім боку адбыўся пажар у Навасёлках насупраць адрэзка мяжы Ёдчыцы—Касюты[B]. Напапярэдні, а таксама падчас пажара былі чутны выбухі ручных гранатаў[21].

Структура правіць

Арганізацыя ў 1934 годзе правіць

  • Камандаванне батальёнам
  • Узвод сувязі
  • Рэзервовая рота
  • Кулямётная рота
  • 1 памежная рота «Любянец»
    • Стражніца «Каранеўшчына»
    • Стражніца «Вялікая Балвань»
    • Стражніца «Ёдчыцы»
    • Стражніца «Цецеравец»
  • 2 памежная рота «Хомінка»
    • Стражніца «Кунцаўшчына»
    • Стражніца «Геленава»
    • Стражніца «Морач»
    • Стражніца «Колкі»
  • 3 памежная рота «Смолічы»
    • Стражніца «Лазовічы»
    • Стражніца «Марысін»
    • Стражніца «Палаўковічы»
    • Стражніца «Цыцкавічы»
    • Стражніца «Лецяшын»

Арганізацыя ў 1937 годзе правіць

  • Камандаванне батальёнам
  • Узвод сувязі
  • Рэзервовая рота
  • Кулямётная рота
  • 1 памежная рота «Смолічы»
    • Стражніца «Марысін»
    • Стражніца «Палаўковічы»
    • Стражніца «Цыцкавічы»
  • 2 памежная рота «Любянец»
    • Стражніца «Каранеўшчына»
    • Стражніца «Вялікая Балвань»
    • Стражніца «Цецеравец»
    • Стражніца «Кунцаўшчына»

Арганізацыя ў 1939 годзе правіць

  • Камандаванне батальёнам
  • Кулямётная рота
  • Узвод сувязі
  • Кавалярыйскі эскадрон «Клецк»
  • 1 памежная рота «Любянец»
    • 1 рэзервовы ўзвод
    • Стражніца «Каранеўшчына»
    • Стражніца «Вялікая Балвань»
    • Стражніца «Цецеравец»
  • 2 памежная рота «Хомінка»
    • 1 рэзервовы ўзвод
    • Стражніца «Кунцаўшчына»
    • Стражніца «Геленава»
  • 3 памежная рота «Смолічы»
    • 2 рэзервовы ўзвод
    • Стражніца «Марысін»
    • Стражніца «Палаўковічы»
    • Стражніца «Цыцкавічы»[4]

Кіраўніцтва правіць

Камандзіры батальёна правіць

  • 3 кастрычніка 1924 — 25 лютага 1925 — маёр пяхоты Ян Пракоп
  • 25 лютага 1925 — 24 ліпеня 1928 — маёр пяхоты Зыгмунт Піўніцкі
  • 24 ліпеня 1928 — 28 студзеня 1931 — падпалкоўнік пяхоты Вацлаў Вільнеўчыч
  • 28 студзеня 1931 — красавік 1934 — маёр пяхоты Антоні Цыбульскі
  • 2 ліпеня 1934 — 18 мая 1937 — падпалкоўнік пяхоты Станіслаў Курч
  • 18 мая 1937 — верасень 1939 — падпалкоўнік пяхоты Яцэк Аляксей Юра
  • верасень 1939 — капітан пяхоты Станіслаў Звойшчык[13]

Штат батальёна ў чэрвені 1939 года правіць

  • Камандзір — падпалкоўнік Яцэк Аляксей Юра
  • Намеснік камандзіра — маёр Чэслаў Ямка
  • Ад’ютант — капітан Максіміліян Ехалік
  • Камандзір першай памежнай роты — капітан Зыгмунт Бабоўскі
  • Камандзір другой памежнай роты — капітан Зыгмунт Ян Кледзік
  • Камандзір трэцяй памежнай роты — капітан Валенцій Войцех Рошкевіч
  • Камандзір рэзервовай роты — капітан Эдвард Харнер
  • Камандзір кулямётнай роты — капітан Канстанцін Дзержак
  • Камандзір узвода сувязі — паручнік Мар’ян Францішак Сякерскі[23]

Заўвагі правіць

Зноскі правіць

Літаратура правіць

  • Meldunki sytuacyjne dowództwa Korpusu Ochrony Pogranicza №8/1925. — Шчэцін: Archiwum Straży Granicznej, 1925.
  • Meldunki sytuacyjne dowództwa Korpusu Ochrony Pogranicza №15/1925. — Шчэцін: Archiwum Straży Granicznej, 1925.
  • Meldunki sytuacyjne dowództwa Korpusu Ochrony Pogranicza №16/1925. — Шчэцін: Archiwum Straży Granicznej, 1925.
  • Meldunki sytuacyjne dowództwa Korpusu Ochrony Pogranicza №17/1925. — Шчэцін: Archiwum Straży Granicznej, 1925.
  • Meldunki sytuacyjne dowództwa Korpusu Ochrony Pogranicza №19/1925. — Шчэцін: Archiwum Straży Granicznej, 1925.
  • «Orkiestr» № 2 (6)/сакавік 1931 г.. — 1931.
  • Zarządzenie dowódcy KOP w sprawie reorganizacji Korpusu Ochrony Pogranicza („R.3” I Faza) nr L.500/Tjn.Og.Org/37 z 23 lutego 1937 roku. — 1937.
  • Анджэй Канстанкевіч, Ежы Прохвіч, Ян Руткевіч. Korpus Ochrony Pogranicza 1924—1939. — Варшава: Barwa i Broń, 2003. — ISBN 978-83-900217-9-9.
  • Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / Склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мінск: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8.
  • Багуслаў Поляк, Ежы Прохвіч, Марэк Яблонаўскі, Уладзімір Янкоўскі. O niepodległą i granice. Korpus Ochrony Pogranicza 1924-1939. Wybór dokumentów. — ВаршаваПултуск: Wyższa Szkoła Humanistyczna w Pułtusku. Wydział Dziennikarstwa i Nauk Politycznych Uniwersytetu Warszawskiego, 2001. — ISBN 83-88067-47-8.
  • Ежы Прохвіч. Korpus Ochrony Pogranicza w przededniu wojny, Część II. Przemiany organizacyjne i przygotowania wojenne KOP w 1939 roku. — «Wojskowy Przegląd Historyczny», №4 (150)/1994. — Варшава: Czasopisma Wojskowe, 1994. — С. 148—160. — ISBN 0043-7182.
  • Ежы Прохвіч. Formacje Korpusu Ochrony Pogranicza w 1939 roku. — Варшава: Wydawnictwo Neriton, 2003. — ISBN 83-88973-58-4.
  • Х’юберт Бяроза, Каятан Шчэпаньскі. Centralna Szkoła Podoficerska KOP. — Граева: Towarzystwo Przyjaciół 9 PSK, 2014. — ISBN 978-83-938921-7-4.