Ары́ны, таксама ары́нцы  — сібірскі народ, карэнныя насельнікі раёна сучаснага Краснаярска.

Арыны
Енісейскія народы
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Сібір
Мова арынская мова
Рэлігія анімізм
Блізкія этнічныя групы коты, асаны, кеты, югі

Паходжанне правіць

Хаця арынцы ўпершыню ўзгадваюцца ў пісьмовых крыніцах толькі з пачатку XVII ст., яны лічацца даўнімі насельнікамі сярэдняга рэчышча Енісея. Іх родная мова належала да енісейскай групы. У XVIII ст. было прынята лічыць, што назва арыны паходзіць ад цюркскага слова, якое значыць «шэршні». Пазней высоўваліся версіі фіна-ўгорскага і нават хурыцкага паходжання іх назвы. У енісейскіх мовах існавалі блізкія словы арын-гіт і харангет, што значылі падначаленых людзей.

Гісторыя правіць

У пачатку XVII ст., калі былі ўсталяваны кантакты паміж рускімі казакамі і арынамі, апошнія займаліся качавой жывёлагадоўляй і падпарадкоўваліся енісейскім кіргізам. Лічыцца, што іх агульная колькасць не перавышала 640 чалавек.

Частка арынаў пайшла на супрацоўніцтва з казакамі пры заснаванні Краснаярска ў 1628 г., але іншыя арыны выступілі супраць. Яны пацярпелі паражэнне, многія жанчыны і дзеці трапілі ў палон. У канцы 1628 г. ім прыйшлося даць прысягу расійскім уладам і выплачваць ясак. Але гэта выклікала незадаволенасць енісейскіх кіргізаў. Яны арганізавалі напад і згон раней падначаленага ім насельніцтва ў 1630 г. У далейшым, адміністрацыя Краснаярска і кіргізскія князі імкнуліся выкарыстоўваць арынаў як ваенную сілу ў барацьбе паміж сабою. У выніку да канца XVII ст. агульная колькасць прадстаўнікоў гэтага народа скарацілася да 380 чалавек.

У 1703 г. джунгары выселілі кіргізаў з Мінусінскай катлавіны. У 1707 г. іх землі былі анексаваны Расіяй. У 1720 г. рэшткі арынаў адкачавалі ад Краснаярска ў апусцелы стэп. Да пачатку XIX ст. яны былі асіміляваны суседзямі-качынамі.

Культура правіць

Галоўным заняткам арынаў была качавая жывёлагадоўля. Трымалі коней, авечак, кароў. Акрамя таго, займаліся паляваннем, збіральніцтвам сараныі і грэчкі. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што ім было вядома земляробства. Шырока карысталіся жалезнымі прадметамі. У 1628 г. паведамлялася, што арынскія воіны з'явіліся каля Краснаярска ў панцырах.

Жылі ў сезонных качавых паселішчах аіл з некалькіх сем'яў ў берасцяных юртах. У першай трэці XVII ст. асобныя сем'і падпарадкоўваліся родавым правадырам. У арынаў і іх цюркамоўных суседзей меўся свой «князец». Аднак у выніку вялікіх страт падчас руска-кіргізскіх войнаў традыцыйная сістэма грамадства распалася. Правадыры фактычна прызначаліся ўладамі Краснаярска. Узніклі змяшаныя сем'і, што ў далейшым паспрыяла поўнай асіміляцыі.

Хаця нашчадкі арынаў прынялі хрысціянства толькі ў 1870-я гг., звестак пра іх традыцыйныя рэлігійныя вераванні не захаваліся. Герхард Фрыдрых Мілер занатаваў у XVIII ст. тое, што ў мінулым яны баяліся змей, а памяншэнне іх колькасці нібы тлумачыцца гісторыямі пра помсту з боку гэтых паўзуноў. Памерлых хавалі ў курганах.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць