Мінусінская катлавіна

Мінусі́нская катлаві́на — паніжэнне рэльефу паміж Кузнецкім Алтау і Саянамі на поўдні Сібіры. Сярэдняя вышыня складае 200 - 700 м.

Пейзаж каля Абакана

Геалогія правіць

Мінусінская катлавіна фарміруецца з дэвонскага перыяда, калі пачалося ўстойлівае працяглае апусканне паверхні. Тады ж адбылося драбненне складкавага скальнага падмурка на асобныя блокі, што прывяло да раз'яднання асобных участкаў катлавіны. У нашы дні адгор'і хрыбтоў падзяляюць Мінусінскую катлавіну на Назараўскую, Чулыма-Енісейскую, Сыда-Ярбінскую, Паўднёва-Мінусінскую нізіны. Старажытныя пароды (пясчанікі, сланцы, вапнякі, граніты, гнейсы і інш.) пад уздзеяннем тэктонікі пліт стваралі складкавыя і глыбавыя горы, але пазней разбураліся ў працэсе эрозіі. У выніку для Мінусінскай катлавіны характэрна разнастайнасць рэльефа: раўніны, узгоркі, невялікія горы, адхоны. Над навакольнай прасторай узвышаюцца невысокія горы, складзеныя з напластаванняў дэвонскага пясчаніка чырвонага ці чырвона-карычневага колеру.

Карысныя выкапні: жалезная руда, каменны вугаль, медзь, золата, мінеральныя воды і г. д.

Клімат правіць

Сярэдняя тэмпература студзеня ад –16°С да –20,5°С, чэрвеня ад +18,2°С да +19,6°С. Узімку бываюць маразы да –52 °С, а ўлетку тэмпература часам падвышаецца да +45°С. Улетку і ўзімку шмат ясных дзён. Сярэднегадавая колькасць ападкаў вагаецца ад 300 мм да 450 мм. Клімат лічыцца спрыяльным для вырошчавання збожжавых культур.

Прырода правіць

Мінусінская катлавіна вызначаецца пэўнай разнастайнасцю экалагічных зон. Вылучаюцца стэпавы, лесастэпавы і лясны ландшафты, сустракаюцца саланчакі. Хваёвыя лясы займаюць правы бераг ракі Енісей, растуць пераважна на пясчаных глебах. У стэпах пераважаюць матыльковыя і лілеякветныя расліны. На тэрыторыі катлавіны таксама шырока распаўсюджаны бяроза, елка, піхта, чабор, пырнік, мята, агрэст і г. д. Катлавіну насяляюць зайцы, суслікі, барсукі, мядзведзі, высакародны алень, ваўкі, лісы, сустракаюцца норкі, рэдкія віды казурак і птушак.

Гісторыя правіць

Першыя людзі трапілі ў Мінусінскую катлавіну ў перыяд позняга палеаліта, каля 16 - 12 тысяч гадоў таму. Мяркуецца, што яны належалі да вялікай мангалоіднай расы, жылі ва ўмовах тундры і лесатундры, займаліся паляваннем і збіральніцтвам. На поўдзень ад Мінусінскай катлавіны каля пасёлка Майна знойдзена адна з найстаражытнейшых керамічных статуэтак з выявай чалавека[1].

Археолагамі выяўлена каля каля 150 гранітных і пясчанікавых манументаў у выглядзе плоскіх стэл і гарэльефаў у вышыню 2,5 м і нават да 4 м. Найбольшую ўвагу прыцягваюць разьбяныя стэлы з маскамі, адзначанымі звярынымі рысамі, рогамі, бычынымі вачамі і вушамі, часцяком з трэцім вокам на ілбе. Манументы належаць да Акунёўскай археалагічнай культуры старажытных жывёлагадоўцаў[2]. Яе прадстаўнікі насялялі Мінусінскую катлавіну ў 2 тысячагоддзі да н. э., умелі апрацоўваць медзь і бронзу, карысталіся колавымі вазамі. Палеагенетыкі вызначылі, што па паходжанню акунёўцы блізкія да народаў Заходняй Еўропы і паўднёвай часткі Урала[3].

З ранняга жалезнага века тэрыторыя катлавіны была прыцягальнай для ўсходніх іранскіх, енісейскіх, самадыйскіх і цюркскіх народаў. У другой палове 1 тысячагоддзя да н. э. Мінусінская катлавіна з'яўлялася цэнтральнай часткай дзяржавы енісейскіх кіргізаў[4]. У кітайскіх сярэднявечных крыніцах цюркскае насельніцтва Мінусінскай катлавіны часам называлася хакас (хягас). Першыя рускія перасяленцы называлі катлавіну Кіргізскай зямліцай. З 1923 г. яе насельнікі-цюркі завуцца хакасамі[5].

У 1707 г. з заснаваннем Абаканскай крэпасці землі Мінусінскай катлавіны былі анексаваны Расійскай імперыяй.

Галерэя правіць

Зноскі

Спасылкі правіць