Бальнеалогія
Бальнеало́гія (ад лац.: balneum — купанне і лац.: logos — навука, вучэнне)[1] — раздзел медыцыны, які вывучае лячэбныя мінеральныя воды і іх уласцівасці, класіфікацыю і крытэрыі ацэнкі тэрапеўтычнага ўплыву на арганізм пры розных захворваннях. Падзяляецца на бальнеатэрапію, бальнеаграфію і бальнеатэхніку.
З лячэбнымі мэтамі (як вонкава, так і ўнутр) ўжываюць самыя разнастайныя мінеральныя воды. Да лячэбных адносяць толькі тыя мінеральныя воды, утрыманне хімічных кампанентаў і фізічныя ўласцівасці якіх адпавядаюць прынятым нормам, распрацаваным на аснове шматгадовага вопыту лячэбнага прымянення і спецыяльных даследаванняў. У выніку ўжывання мінеральнай вады адбываецца сумарнае дзеянне соляў, якія змяшчаюцца ў ей, і рэчываў, якія пранікаюць праз слізістую абалонку ў кроў.
Гісторыя
правіцьПершыя працы па бальнеалогіі вядомы з V стагоддзя да н.э. (Герадот, Гіпакрат).
У XV стагоддзі Джыролама Саванарола выпусціў трактат «Пра італьянскія мінеральныя воды», які змяшчае ўказанні аб карыстанні мінеральнымі ваннамі. У XVI стагоддзі італьянскі лекар Габрыэль Фалопій у працы «Сем кніг аб цёплых водах» спрабаваў высветліць хімічны склад мінеральных вод.
Пачатак навуковай бальнеалогіі ў XVII—XVIII стагоддзях даў нямецкі вучоны Ф. Гофман. У 1822 годзе шведскі хімік Ёнс Якаб Берцэліус распрацаваў спосаб вызначэння складу мінеральных вод і зрабіў дакладныя хімічныя аналізы мінеральных крыніц у Карлавых Варах.
У Расіі вывучэнне мінеральных крыніц пачалося з 1717 года. Першым дапаможнікам па бальнеалогіі была кніга рускага хіміка Г. І. Геса , які вывучаў хімічны састаў і дзеянне гаючых водаў Расіі (1825).
На Беларусі даследаванні па бальнеалогіі вядуцца з 1920-х гадоў у Беларускім НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі (з 1924), медыцынскіх інстытутах. Выяўлены радовішчы лекавых мінеральных водаў Беларусі. Вывучаны іх хімічны састаў і мікрафлора, колькасць арганічных рэчываў, даказана лекавая эфектыўнасць сульфатна-кальцыевых і кальцыева-магніевых, сульфатна-хларыдных і натрыева-кальцыевых мінеральных водаў (Д. А. Маркаў, Н. І. Аляксейчык, П. В. Астапеня, В. М. Ізуткін, М. Ф. Казлоў, Э. С. Кашыцкі, Л. М. Толстых-Чарнецкая, Ц. А. Каган, М. Г. Эранасьян і інш.). Распрацаваны ўмовы і спосабы выкарыстання іх на курортах Беларусі, у бальнеалячэбніцах бальніц, паліклінік, тэхналогія разліву хларыдна-натрыевых водаў Мінская № 3 і Мінская № 4, вызначаны паказанні да лячэння беларускімі мінеральнымі водамі ў спалучэнні з кліматам, сапрапелямі, торфам. Працягваюцца комплексныя даследаванні бальнеалагічных рэсурсаў рэспублікі.
Крыніцы
правіць- ↑ Слоўнік іншамоўных слоў : у 2 т. / А. М. Булыка. — Мінск : БелЭн, 1999. — Т. 1 : А—Л. — 1999. — С. . — 736 с. — ISBN 985-11-0152-4., С.201
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).