Беларуская зарніца
«Беларуская зарніца» — царкоўна-грамадскі часопіс. Выдаваўся 1 верасня 1928—1 мая 1929 у Вільні на беларускай мове раз у 2 тыдні. Рэдактар-выдавец А. Коўш.
«Беларуская зарніца» | |
---|---|
Арыгінальная назва |
Беларуская зарніца |
Тып | часопіс |
Мова | беларуская |
Тыраж |
Ставіў сабе за мэту пераадолець пашыранае за 2 апошнія стагоддзі адчужэнне праваслаўнай царквы на Беларусі ад нацыянальна-вызваленчых імкненняў беларускага народа, яго адраджэння. Праблемы праваслаўнай царквы, хрысціянскага веравучэння асэнсоўваў у грамадскім, гістарычным і агульна-хрысціянскім аспектах (арт. «Беларусізацыя праваслаўнай царквы» Вукалы, «Нацыянальны элемент у хрысціянстве» Латоцкага, «Прычыны падзелу царквы і варункі магчымага злучэння» пад псеўд. Алі, «Царства божае і царства кесарава» М. Бярдзяева, «Сусветная ахвяра» пад крыптанімам «А. К.», «Палажэнне і абавязак вучыцеля веры», «Задачы царквы» і інш.).
Шмат увагі аддаваў тагачаснаму стану хрысціянства, адносінам паміж царквой і дзяржавай, духавенствам і прыхаджанамі (арт. «Царква і дзяржава» і «Думкі проціў нябеснага бязвер'я» пад псеўд, Алі, «Аб «крызісе» хрысціянства» Чарняўскага, «Будучае змаганне хрысціянства з марксізмам» Г. Папандапулы), асвятляў бягучыя пытанні жыцця праваслаўнай царквы ў Польшчы (арт. «Мітрапалітальная рада» пад крыптанімам «А. С», «Віленскі епархіяльны склад» пад крыптанімам «А. К.», «Стан законавучыцельскае справы ў Віленскай епархіі ў 1928 г.», «Балючая справа»). Пісаў пра рэлігійнае выхаванне моладзі, заснаванне кафедры беларусазнаўства на багаслоўскім факультэце Варшаўскага ўніверсітэта, правы беларускай праваслаўнай абшчыны на Пятніцкую царкву ў Вільні і інш.
3 мэтай развіцця нацыянальнай самасвядомасці, пашырэння асветы сярод веруючых друкаваў матэрыялы пра пачатак хрысціянства на Беларусі, царкоўныя брацтвы, Статут ВКЛ 1588, Берасцейскую царкоўную унію 1596, змясціў артыкулы пра Маламажэйкаўскую і Пятніцкую цэрквы, ліст канцлера ВКЛ Л. Сапегі да полацкага архіепіскапа І. Кунцэвіча, прамову мітрапаліта Г. Каніскага пра стан веры на Беларусі. Асвятляў пытанні кааперацыі (арт. «Маральныя падставы кааперацыі» Вукалы, «Значэнне кааперацыі ў жыцці фамадства»), беларускай асветы (публікацыі пра Віленскую беларускую гімназію, Таварыства беларускай школы), інфармаваў пра суд над беларускімі палітычнымі партыямі і арганізацыямі, у т. л. над Беларускай сялянска-работніцкай грамадой, і інш. На старонках часопіса змешчаны «Беларускі рэлігійны гімн», эцюд «3 гісторыі беларускай культуры», звесткі пра беларусаў і інш. народы-насельнікі Беларусі, творы Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, М. Гарэцкага, К. Буйло. Рабіў агляды прэсы, вёў палеміку з рускім эмігранцкім, польскім перыядычным і беларускім хадэцкім друкам. Меў пастаянныя рубрыкі «Хроніка», «Школьныя справы», «Гаспадарчыя парады».
Выйшла 13 нумароў.
Літаратура
правіць- Ліс, А. С. «Беларуская зарніца» / А. С. Ліс // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. — С. 372—373.