Беларусы ў Кракаве

Беларусы ў Кракаве з’яўляюцца з пачатку XV стагоддзя ў сувязі са стварэннем Ягелонскага ўніверсітэта[1]. Першыя беларусы ў Кракаве былі вучнямі дадзенай установы. Таксама ў Кракаве можна знайсці матэрыяльныя здабыткі беларускай культуры[1].

Сярэднявечча—XVII стагоддзе правіць

За першыя два стагоддзі існавання Ягелонскога ўніверсітэта праз яго прайшло 400 студэнтаў з зямель Беларусі[1]. Сярод іх – Францыск Скарына, Сымон Будны і, верагодна, Іван Фёдараў[1]. Колькасць беларускіх студэнтаў у Кракаве паменшыла са з’яўленнем Віленскай акадэміі.

У капліцы Святога Крыжа на Вавелі захаваліся паліхромныя фрэскі 1470 года, выкананыя майстрамі з Вялікага Княства Літоўскага. Там можна заўважыць надпісы на старабеларускай мове, якія знайшлі толькі ў другой палове ХІХ стагоддзя[1]. Тамсама ў капліцы пахаваны Казімір Ягелончык.

У 1523 годзе ў Кракаве была выдадзеная паэма «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага.

Касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла быў спраектаваны італьянцам Янам Бернардоні, які раней працаваў у Беларусі. У гэтым будынку ў 1658 годзе Казімір Лышчынскі быў пасвечаны ў езуіты.

XIX стагоддзе правіць

У другой палове XIX стагоддзя з Кракаўскай акадэміяй ведаў актыўна супрацоўнічалі Зыгмунт Урублеўскі, Аляксандр Ельскі, Адам Кіркор (большая частка архіваў двух апошніх знаходзіцца ў Ягелонскай бібліятэцы). Дзякуючы акадэміі была выдадзеная этнаграфічная работа Адама Гурыновіча «Зборнік беларускіх твораў», а Адам Кіркор напісаў беларускую частку шматтомнага выдання «Жывапісная Расія».

У 1891 годзе ў друкарні Уладзіслава Людвіка Анчыца (Kanonicza, 9) была выдадзеная «Дудка беларуская» Францішка Багушэвіча.

У 1818 і 1890 гадах у Кракаве былі перапахаваныя Тадэвуш Касцюшка і Адам Міцкевіч.

У 1896 годзе ў Кракаве памёр Эмерык Гутэн-Чапскі, які ўсё жыццё жыў пад Менскам і пераехаў у Кракаў незадоўга да смерці. У Кракаве ён набыў палац (ul. Piłsudskiego, 12), у якім цяпер знаходзіцца музей яго імя. Дзякуючы Эмерыку Гутэн-Чапскаму ў фонды Нацыянальнага музея ў Кракаве трапіла прадукцыя беларускіх мануфактур XVIII стагоддзя.

XX стагоддзе правіць

У 1896—1903 гадах у Кракаве жыў і вучыўся Станіслаў Любіч-Маеўскі, які гуртаваў тутэйшых беларусаў, стварыў Кола беларускіх студэнтаў[2].

У 1903 годзе ў Кракаве памёр Казімір Нарбут, былы кіраўнік атраду паўстанцаў у паўстанні 1863 года, а ў 1920 — беларускі пісьменнік Алесь Гарун.

XXI стагоддзе правіць

З 2004 года ў Кракаве праходзяць Дні беларускай культуры[3].

17 мая 2013 года намеснік Міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына брала ўдзел у сустрэчы міністраў замежных спраў краін-удзельніц Вышаградскай групы і Усходняга партнёрства ЕС[4].

У Кракаве дзейнічае згуртаванне «Беларусы ў Кракаве», якое, аднак, юрыдычна пакуль не аформленае[5].

Зноскі

  1. а б в г д Алесь Лапо. Беларускі Кракаў // Будзьма беларусамі!. — 13.06.2014.
  2. Жыццяпіс Любіч-Маеўскага // pawet.net.
  3. Яланта Сьмялоўская. VI Дні беларускай культуры // Беларуская служба Польскага радыё. — 15.11.2011.
  4. Аб візіце намесніка Міністра замежных спраў Беларусі Алены Купчыной у Кракаў // МИД Беларуси. — 16 мая 2013 г..
  5. Пра нас // Беларусы ў Кракаве. Архівавана з першакрыніцы 14 лістапада 2021.

Спасылкі правіць