Валяр’ян Пратасевіч

біскуп віленскі

Валерыян Пратасевіч, Валяр’ян Пратасевіч-Шушкоўскі (каля 1509, маёнтак Шушкова каля вёскі Крайск, Айненская воласць, Вялікае Княства Літоўскае — 31 снежня 1579, г. Вільня, Віленскае ваяводства Вялікае Княства Літоўскае) — дзяржаўны і каталіцкі рэлігійны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага.

Валяр’ян Пратасевіч
Герб
Джэвіца[d][1]
каралеўскі сакратар[d]
з 1544
пісар вялікі літоўскі
1544 — 1549
біскуп луцкі
з 27 мая 1549
Папярэднік Ежы Хвальчэўскі[d]
Пераемнік Ян Андрушэвіч
біскуп віленскі
з 10 красавіка 1556
Дыяцэзія Віленскае біскупства
Папярэднік Павел Аляксандравіч Гальшанскі
Пераемнік Юрый Радзівіл
Дзейнасць каталіцкі святар
Нараджэнне 1505
Смерць 31 снежня 1579
Пахаванне
Дынастыя Пратасевічы[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Каталіцкі луцкі біскуп (1547—1555), віленскі біскуп (1556—1579). Адзін з галоўных заснавальнікаў езуіцкага калегіума ў Вільні, пераўтворанага ў 1578 г. у Віленскую езуіцкую акадэмію, а пазней — Віленскі ўніверсітэт.

Паходжанне

правіць

Належаў да баярскага «рускага» роду герба «Дравіца»[2].

Нарадзіўся каля 1505 года ў маёнтку Шушкова каля вёскі Крайск, Айненская воласць, Вялікае Княства Літоўскае (цяпер — Лагойскі раён Мінскай воласці Рэспублікі Беларусь).

Дзяржаўная і рэлігійная дзейнасць

правіць

Службовую кар’еру пачаў службітам у канцылярыі вялікага князя літоўскага, а ў 1532—1544 г. быў пісарам канцылярыі польскай каралевы і вялікай княгіні літоўскай Боны Сфорца, дзякуючы якой адбылося службовае ўзвышэнне Пратасевіча па прычыне яго паспяховай службы[2]. З 1533 г. адначасова быў каталіцкім пробашчам у Крожах (Жамойцкае староства), канонікам у Жамойцкім біскупстве. У тым жа 1533 г. атрымаў (пасля асабістага клопату каралевы Боны Сфорца) у пажыццёвае валоданне мястэчка Мейшагола на Жамойці.

З 1544 г. атрымаў пасаду вышэйшага пісара ВКЛ і сакратара вялікага князя літоўскага Жыгімонта II Аўгуста; да 1549 г. кіраваў т.зв. «рускай» канцылярыяй. З 1547 па 1549 г. быў канонікам у Віленскім бускупстве. Удзельнік шэрагу соймаў ВКЛ, займаўся дыпламатычнымі справамі.

У 1549 г. прызначаны на пасаду луцкага каталіцкага біскупа (пасвячоны ў 1554 г.). У 1550 г. выдаў статут для членаў кафедральнай капітулы, звяртаючы асаблівую ўвагу на абавязак пастаяннага жыхарства пры кафедральным храме і ўдзела ў харавых малітвах. У 1554 г. склікаў дыяцэзіяльны сінод, які праходзіў 22-24 красавіка пры касцёле святога Яна Хрысціцеля ў г. Янаве-Падляскім. Абвясціў на сінодзе дэкрэт, які асуджаў пратэстанцкіх прапаведнікаў, якія дзейнічалі ў Падляшскім ваяводстве: Сымона Зака, Гераніма Пякарскага з г. Белая і Валянціна Душу, якія былі пад апекай брэсцкага старосты Мікалая Радзівіла «Чорнага».

З 1555 г. — віленскі каталіцкі біскуп (афіцыйна з 1556 г.).

Супрацьстаяў націску Рэфармацыі ў ВКЛ час яе найбольшага ўздыму ў 1550—1570-ыя гг., але ў барацьбе з пратэстантамі не выкарыстоўваў гвалтоўных сродкаў. Разумеючы, што не ў стане самастойна супрацьстаяць руху пратэстантаў, вырашыў скарыстацца дапамогай ордэна езуітаў, які быў створаны ў Еўропе ў 1540 г. як авангард контррэфармацыі, і ў 1553 г. адправіў зварот да папскага нунцыя Камендоні з просьбай аб запрашэнні ў ВКЛ езуітаў. Аднак прыход езуітаў у ВКЛ тады зацягнуўся[3].

Паставіў свой подпіс над Віленскім прывілеем 1563 г. аб ураўнянні правоў шляхты ўсіх хрысціянскіх канфесій у ВКЛ. Пратасевіч быў занепакоены тастаментам князя Мікалая Радзівіла «Чорнага», паводле якога князь перадаваў значныя сродкі на стварэнне кальвінісцкай школы ў статусе калегіума[3].

У 1563—1564 гг. у Варшаве вёў паспяховыя перамовы з прадстаўніком ордэна езуітаў Балтазарам Гастовінам: ВКЛ было ўключана ў поле дзейнасці ордэна езуітаў Аўстрыйскай правінцыі; там жа сталі рыхтаваць і манахаў-езуітаў для дзейнасці ў ВКЛ[3].

З 1566 г. адзінаццаць год узначальваў камісію па рэдагаванні II Статута ВКЛ.

Быў прыхільнікам аб’яднання ВКЛ з Польшчай на прынцыпах федэрацыі, а не інкарпарацыі. Прымаў удзел у падрыхтоўцы Люблінскай уніі (1569).

Сваімі ахвяраваннямі ў 1568—1569 гг. Пратасевіч стварыў матэрыяльную базу для функцыянавання Віленскага езуіцкага калегіума, які быў урачыста адкрыты 17 ліпеня 1570 г. і стаў галоўным і эфектыўным цэнтрам контррэфармацыі ў ВКЛ[3]. Рабіў уласныя ахвяраванні на будаўніцтва касцёлаў і каталіцкіх навучальных устаноў.

Паводле свайго тастамента Пратасевіч перадаваў Віленскай езуіцкай акадэміі сваю бібліятэку. Некаторыя ацалелыя за вякі кнігі з бібліятэкі Пратасевіча і дагэтуль знаходзяцца ў фондзе сучаснага Віленскага (Вільнюскага) універсітэта.

Смерць і пахаванне

правіць

Памёр 31 снежня 1579 г. у Вільні і там жа быў пахаваны ў Кафедральным саборы Святога Станіслава пад алтаром Святога Крыжа.

Зноскі

  1. Sejm-Wielki.pl — 2002.
  2. а б Гудавичюс, Э. История Литвы. — Т. 1. — Москва, 2005. — С. 602.
  3. а б в г Гудавичюс, Э. История Литвы. — Т. 1. — Москва, 2005. — С. 606.

Літаратура

правіць
  • Валер’ян Пратасевіч-Шушкоўскі // Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыкл. давед. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.; Маст. А. А. Глекаў. — Мн.: БелЭн, 2001. — 368 с.: іл.
  • Гудавичюс, Э. История Литвы / Э. Гудавичюс. — Т. 1 : с древнейших времен до 1569 года. — Москва : Фонд им. И. Д. Сытина; Baltrus, 2005. — 680 с.