Вуліца Дзіджойі
Вуліца Дзіджо́йі (традыцыйная беларуская назва — Вялі́кая ву́ліца[1] (літ.: Didžioji gatvė) — вуліца ў цэнтральнай частцы Вільнюса, у Старым Горадзе. Працягвае вуліцу Замкавую і вядзе да Ратушнай плошчы. Працягваецца вуліцай Вастрабрамскай да Вострай брамы.
Дзіджойі Вільнюс | |
---|---|
літ.: Didžioji gatvė | |
Агульная інфармацыя | |
Краіна | |
Горад | |
Раён | Сянюнія Сянаміесціс |
Працягласць | 600 м м |
Ранейшыя назвы | Благавешчанская, Максіма Горкага |
Паштовы індэкс | LT-01128 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Архітэктурныя дамінанты вуліцы — гарадская ратуша, Пятніцкая царква, езуіцкі касцёл Святога Казіміра, палацы Абрамовічаў, Гаштольдаў, Пацаў і Хадкевічаў, помнікі архітэктуры XVI—XVIII стагоддзяў.
Гісторыя
правіцьНазва вуліцы паказвае на яе галоўны цэнтральны статус. З’яўляецца адной з найбольш старажытных вуліц Вільні. У гістарычных крыніцах упамінаецца пад назвай Вялікая або Вялікая Замкавая (разам з сучаснай Замкавай).
У XIX ст. з мэтай русіфікацыі зямель колішняга Вялікага Княства Літоўскага ўлады Расійскай імперыі перайначылі назву вуліцу на расійскі манер (руск.: Большая улица). Па адыходзе расійскіх войскаў з Вільні вуліцы вярнулі традыцыйную гістарычную назву.
У 1939 годзе назву вуліцы перайначылі на літоўскі манер. Пасля Другой сусветнай вайне савецкія ўлады перайменавалі вуліцу ў імя расійскага пісьменніка Максіма Горкага. У 1987 годзе вуліцы вярнулі гістарычную назву.
Агульныя звесткі
правіцьДаўжыня вуліцы каля 600 м. Мае брукаваную праезную частку. Нумарацыя дамоў пачынаецца ад дома Франка. З правага заходняга боку вуліцы дамы з няцотнымі нумарамі, з левага ўсходняга боку — цотная нумарацыя.
З правага боку адыходзяць вуліцы Шварца, Шкляная, Нямецкая, Рудніцкая і Конская, з левага — Савіч.
Будынкі
правіцьНяцотны бок
правіць- № 1 — дом Франка. У 1807 годзе 2-павярховы будынак рэканструяваў архітэктар Міхал Шульц, які прыстасаваў яго пад кватэры прафесараў Віленскага ўніверсітэта. Тут жыў прафесар медыцыны Юзаф Франк, скульптар Казімір Ельскі, біёлаг Андрэй Свядэцкі. У вайну 1812 года ў гэты доме спыняўся пісьменнік Стэндаль. Пра гэты факт сведчыць памятная шыльда.
- № 7 — палац Пацаў. У XVI ст. тут існавалі дзве камяніцы, замест якіх у другой палове XVII ст. гетман вялікі і ваявода віленскі Міхал Казімір Пац збудаваў 3-павярховы палац. Аўтарам праекту, імаерна, быў варшаўскі архітэктар Ян Заор. У 1688 годзе ў палацы спыняўся кароль і вялікі князь Ян Сабескі. У 1812 годзе тут ладзіліся банкеты спярша ў гонар расійскага імператара Аляксандра І, а потым — Напалеона Банапарта. У 1822 годзе ў будынку збіраліся філарэты. У 1839—1841 гадах палац перабудавалі ў стылі класіцызму, па чым у ім размясціўся штаб Віленскай ваеннай акругі.
- № 13 — 3-павярховы дом з рысамі класіцызму, у якім цяпер размяшчаецца аптэка.
- № 17 (таксама Шкляная вуліца, 1) — кутні 3-павярховы дом, збудаваны на месцы старажытнай Уваскрасенскай царквы, ад якой захавалася частка мура.
- № 19 (таксама Шкляная вуліца, 2) — друкарня Францыска Скарыны. Гэты дом у XV—XVI стагоддзях знаходзіўся ў валоданні віленскага бурмістра Якуба Бабіча. Як сведчыць шыльда, усталяваная на будынку, сюды ў 1520 годзе беларускі асветнік Францішак Скарына перавёз з Прагі сваю друкарню. Тут ён выдаў «Малую падарожную кніжку» (1522) і «Апостал» (1525)[2].
- № 23 — дом, у якім цяпер размяшчаецца Польскі інстытут
- № 25 — дом Антакольскага
- № 27 — 2-павярховы дом, якім валодаў кляштар трынітарыяў на Антокалі. Будаваўся ў XVI—XVII стагоддзях.
- № 33 — будынак Азоўска-Данскога банка, збудаваны ў 1904 годзе. Пяты паверх надбудавалі ў 1910 годзе. У гэтым будынку з’явіўся адзін з першых ліфтаў у Вільні.
- № 35 (таксама Конская вуліца, 2) — дом Вітальда Вагнера, перабудаваны ў 1910 годзе пад атэль «Італія». У выніку перабудовы атрымаў чацверты паверх.
- № 37 — дом, у якія цяпер размяшчаецца пасольства Турцыі.
- № 39 (таксама Гетманская вуліца, 1) — 3-павярховы будынак былой аптэкі.
Цотны бок
правіць- № 2 — Пятніцкая царква. У 1345 годзе царкву заснавала віцебская князёўна Марыя Яраслаўна, жонка вялікага князя Альгерда. Тут хрысцілі трох Віленскіх мучанікаў. У сярэдзіне XIX ст. расійскія ўлады перабудавалі царкву ў неавізантыйскім стылі. У 1920-х гады святар Аляксандр Коўш спярша аднавіў дзейнасць замёрлай пасля вайны царквы, а потым дамогся ад кансісторыі перадачы святыні Віленскай беларускай гімназіі. Да 1944 года тут адбываліся беларускамоўныя набажэнствы[3].
- № 4 — палац Хадкевічаў. У 1611 і 1619 гадах прадстаўнікі роду Хадкевічаў набылі дзве камяніцы, на аснове якіх збудавалі палац у стылі рэнесансу. У канцы XVIII ст. палац прыйшоў у заняпад. У 1803 годзе будынак выкупіў Віленскі ўніверсітэт. У 1834 годзе палац перабудавалі ў стылі класіцызму. З 1994 года ў будынках размяшчаецца Віленская карцінная галерэя — філіял Мастацкага музея Літвы[4].
- № 10 — палац Гаштольдаў. У XVI ст. камяніца перайшла ў валоданне Радзівілаў. У пачатку XIX ст. будынак набыў Віленскі ўніверсітэт, які пераабсталяваў яго пад сваю першую клініку. Пра гэты факт сведчыць памятная шыльда на фасадзе будынка.
- № 12 — царква Святога Мікалая. Царкву заснавалі ў XIV ст. за вялікім князем Альгердам. У 1514 годзе па пераможнай Аршанскай бітве князь Канстанцін Астрожскі ў падзяку Богу і ў гонар перамогі над маскоўскімі войскамі збудаваў на месцы драўлянай новую мураваную царкву. У XVIII ст. святыню рэканструявалі ў стылі віленскага барока. У другой палове XIX ст. расійскія ўлады перабудавалі помнік у неавізантыйскім стылі.
- № 16 — дом, у якім цяпер размяшчаецца пасольства Швецыі.
- № 18 — дом, які ў 1913 годзе перабудавалі пад аддзел Расійска-Азіяцкага банка.
- № 22 — 3-павярховы дом, у якім размяшчаецца Інстытут гігіены Міністэрства аховы здароўя Літвы. З гэтага дома 25 кастрычніка (6 лістапада) паэт Адам Міцкевіч выехаў у высылку, пра што сведчыць памятная шыльда на фасадзе.
- № 24 — дом Масальскіх, збудаваны ў XVI ст. З 1645 года будынкам валодаў род Масальскіх. У гэтым і суседнім (№ 26) дамах у 1993 годзе адкрылася філіял Нацыянальнага музея Літвы.
- № 26 — Малая гільдыя, адзін з найстарэйшых гатычных будынкаў Вільні. Дом збудавалі ў XV ст. Ім валодалі купцы Мамонічы, з 1608 года — купецкае брацтва (цэх).
- № 34 — касцёл Святога Казіміра. Святыню заснавалі ў 1604 годзе, гэта быў першы будынак Вільні ў стылі барока. Па здушэнні вызваленчага паўстання ў 1832 годзе расійскія ўлады гвалтоўна перарабілі касцёл пад царкву Маскоўскага патрыярхату. Падчас міжваеннай Польскай Рэспублікі святыню вярнулі каталікам. У 1948 годзе савецкія ўлады зачынілі касцёле, у наш час будынак зноў вярнулі каталікам.
- № 36 — палац Абрамовічаў. У 1790 годзе прадстаўнікі роду Абрамовічаў набылі чатыры камяніцы, на аснове якіх неўзабаве збудавалі палац паводле праекту архітэктара Марціна Кнафкуса. Па 1844 годзе будынак перайшоў да Маскоўскага патрыярхату. У 1914 годзе тут жыў архіепіскап віленскі і літоўскі Ціхан (Белавін), будучы патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі, які востра крытыкаваў савецкую ўладу. У наш час будынак займаюць Віленская кансерваторыя і факультэт мастацтваў Віленскай калегіі[5].
Галерэя
правіць-
Вялікая вуліца. Ю. Пешка, 1808
-
Касцёл Святога Казіміра і ратуша. Ю. Пешка, 1797
-
Касцёл Святога Казіміра. Ю. Азямблоўскі, 1834
-
Вуліца Вялікая з боку ратушы. Ю. Азямблоўскі, 1835
-
Касцёл Святога Казіміра. М. Янушэвіч, 1836
-
Касцёл Святога Казіміра і ратуша. М. Залескі, 1846
-
Пятніцкая царква да маскоўскай перабудовы. І. Трутнеў, 1807
-
Царква Святога Мікалая да маскоўскай перабудовы, 1864
Зноскі
- ↑ Наша Ніва. № 1, 1994. С. 7.
- ↑ Лашкевіч К. Страчаная сталіца. Дапаможнік-гід па беларускай Вільні Архівавана 1 лютага 2017., TUT.BY, 6.08.2009.
- ↑ Лашкевіч К.. «Страчаная сталіца». Шэсць бажніц, якія варта наведаць беларусу ў Вільні(недаступная спасылка). TUT.BY (20 лютага 2017). Архівавана з першакрыніцы 5 кастрычніка 2017. Праверана 26 студзеня 2019.
- ↑ Лашкевіч К. 5 музеяў Вільні, якія варта наведаць беларусу Архівавана 29 ліпеня 2017., TUT.BY, 3.08.2010.
- ↑ Лашкевіч К. «Страчаная сталіца». 10 палацаў Вільні, якія варта пабачыць беларусу Архівавана 5 сакавіка 2016., TUT.BY, 29.03.2011.
Літаратура
правіць- Луцкевіч Л. Вандроўкі па Вільні. — Вільня: Рунь, 1998.— 160 с.: іл. ISBN ISBN 9986-9228-2-8.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Вуліца Дзіджойі