Ві́гі (англ.: Whigs) — палітычныя партыя Каралеўства Англія, Каралеўства Вялікабрытанія і Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Ірландыі ў 16781859 гадах.

Вігі
англ.: Whigs
A-Block-for-the-Wigs-Gillray.jpeg
Лідар Энтані Эшлі Шэфтсберы[en] (першы лідар)
Дата заснавання 1678
Дата роспуску 6 чэрвеня 1859
Ідэалогія парламентарызм, лібералізм, пратэкцыянізм
Commons-logo.svg Вігі на Вікісховішчы

УзнікненнеПравіць

Першапачаткова вігі ўзніклі як парламенцкая фракцыя падчас палітычнага крызісу ў 1678—1681 гадоў, калі частка парламента на чале з Энтані Эшлі Шэфтсберы[en] выступіла за адхіленне права Джэймса, герцага Ёрка, заняць пасаду караля. Назва гэтай фракцыі паходзіць ад скарачэння слова whiggamor, якім у Англіі звычайна называлі заходніх шатландцаў або шатландскую апазіцыю. Каралеўскія ўлады абапіраліся ў барацьбе з вігамі на торы. У 1680—1681 гадах прыхільнікі Э. Э. Шэфтсберы занялі большасць месцаў у парламенце, аднак не здолелі канчаткова прыняць закон аб адхіленні з-за палітычных маніпуляцый Карла II і рэпрэсій супраць правадыроў вігаў, абвінавачаных у змове.

Пасля Славутай рэвалюцыі дзейнасць вігаў узнавілася. Частка з іх актыўна супрацоўнічала з каралеўскімі ўладамі, аднак большасць на чале Роберта Харлі склалі апазіцыю, да якой далучыліся некаторыя торы. Да пачатку XVIII стагоддзя вігі стала атрымлівалі падтрымку пераважна ад выбаршчыкаў у гарадах, аднак унутраны склад партыі быў надзвычай стракатым, яна падзялялася на фракцыі, часам з рознабаковымі палітычнымі інтарэсамі.

Каранаваны ў 1714 годзе Георг I зрабіў стаўку на ўрад вігаў. Парламенцкая рэформа садзейнічала змене прапорцый пры выбарах, так што партыя старых торы пацярпела паражэнне і фактычна была ліквідавана. Да ўзыходжання Георга III вігі кантралявалі ўрад, парламент і аказвалі непасрэдны ўплыў на судовую сістэму. Праведзеныя імі рэформы садзейнічалі памяньшэнню ўлады манарха, забароне перадачы ваенных і дзяржаўных пасад па спадчыне, скарачэнню падаткаў і ўрадавых выдаткаў, развіццю гандлёвых зносін і прамысловасці, пашырэнню каланіяльнай імперыі. Пасля перамогі ў Сямігадовай вайне Вялікабрытанія ператварылася ў адну з наймацнейшых краін Еўропы.

ЗаняпадПравіць

Аднапартыйная сістэма, што склалася ў брытанскім парламенце ў 1714—1760 гадах, спрыяла раз’яднанню вігаў, вылучэнню груп з рознымі палітычнымі імкненнямі. У сваіх мэтах гэта выкарыстаў кароль Георг III. Ён адасобіў найбольш уплывовых вігскіх палітыкаў ад важных пасад. У 1783 годзе частка вігаў на чале з Уільяма Пітам Малодшым склала самастойную групу новых торы. Вігам даводзілася або дзяліць уладу з новымі торы, або выступаць як апазіцыя. У барацьбе за парламенцкія месцы яны арыентаваліся на сярэдні клас выбаршчыкаў, таму выступалі за далейшыя парламенцкія рэформы і пашырэнне шэрагаў тых, хто меў права на голас.

Вігі вярнулі сабе ўладу ў 1830 годзе, калі быў сфарміраваны кабінет на чале Чарльзам Грэем. Для падтрымкі ўрада правадыры вігаў стварылі сетку клубаў, адкрытую для выбаршчыкаў. Найбольш уплывовым стаў Рэфармісцкі клуб (англ.: Reform Club), заснаваны ў 1836 годзе пры падтрымцы Кампаніі Гудзонава заліва. На яго аснове ў 1859 годзе была створана лепей арганізаваная Ліберальная партыя. Яе члены доўгі час працягвалі называць сябе вігамі.

ВігізмПравіць

Ідэалогія партыі вігаў несупынна фарміравалася ад пачатку ўзнікнення ў якасці парламенцкай фракцыі да другой паловы XVIII стагоддзя. Вялікі ўплыў на яе аказалі працы Дж. Мільтана, Дж. Лока і А. Сідні[en], што выступалі за натуральныя правы і суверынітэт народа. Дзякуючы Эдмунду Хікерынгілу[en] з 1682 года ідэалогія вігаў атрымала найменне «вігізм». Носьбіты вігізму стала трымаліся пашырэння ўлады парламента і рэлігійнага міру паміж пратэстантамі. Пратэкцыянізм у адносінах да французскіх тавараў зрабіў вігаў у апошняе дваццацігоддзе XVII стагоддзя надзвычай папулярнымі сярод гараджан. Тым не меней, большасць палітыкаў-вігаў належылі да буйных землеўласнікаў. Яны арыентаваліся на Царкву Англіі і Царкву Шатландыі, крытыкавалі папізм быццам бы за падтрымку іерархічнага грамадства.

У XVIII стагоддзі знутры вігізму выспявалі ліберальныя погляды. У палітычных мэтах вігі засноўвалі газеты, аказвалі непасрэдны ўплыў на тэатр і літаратуру. Найбольш вядомымі пісьменнікамі, што арыентаваліся на вігізм, сталі паэт і драматург Г. Керы[en], памфлетыст і празаік Д. Дэфо. Уздзеянне вігізму адлюстравана ў фарміраванні поглядаў дыяметральна процілеглых палітычных філосафаў Э. Бёрка, заснавальніка ідэі палітычнага кансерватызму, А. Сміта, заснавальніка сучаснай эканамічнай тэорыі, і ўтылітарыста Дж. Бэнтама.

З канца XVIII стагоддзя, калі вігі Вялікабрытаніі апынуліся ў апазіцыі да новых торы, адстойванне парламентарызму, абмежавання манархіі, свабоднага гандлю і грамадзянскай адказнасці падавалася як імкненне да сацыяльнага прагрэсу. У XIX стагоддзі ўзнікла вігская гістарыяграфія, якая падкрэслівала моц лібералізму ў параўнанні з рэвалюцыйнымі ідэямі.

Вігізм быў пашыраны не толькі ў метраполіі, але ў брытанскіх калоніях. У паўночнаамерыканскіх калоніях палітыкі-вігі далучыліся да руху ў падтрымку незалежнасці ЗША і пазней стварылі амерыканскую партыю вігаў. У Індыі вігізм таксама першасна ўплываў на станаўленне руху за незалежнасць.

СпасылкіПравіць