Валянціна Пятроўна Лемцюгова
Валянціна Пятроўна Лемцюгова (19 снежня 1935, вёска Новая Алакюль Ленінградскай вобласці — 3 сакавіка 2018[1]) — беларускі мовазнавец. Доктар філалагічных навук (1987), прафесар.
Валянціна Пятроўна Лемцюгова | |
---|---|
Дата нараджэння | 19 снежня 1935 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 3 сакавіка 2018 (82 гады) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | мовазнаўца |
Навуковая сфера | мовазнаўства |
Месца працы | |
Навуковая ступень | доктар філалагічных навук |
Навуковае званне | |
Альма-матар |
|
Цытаты ў Вікіцытатніку |
Біяграфічныя звесткі
правіцьНарадзілася ў Паргалаўскім раёне Ленінградскай вобласці, куды бацькі ў 1933 годзе прыехалі па вярбоўцы, каб уступіць ва «ўзорна-паказальны» калгас на мяжы з Фінляндыяй. У 1940 годзе, калі пачалася савецка-фінляндская вайна, бацька-франтавік загінуў, сям’я вярнулася на Магілёўшчыну[2].
Скончыла БДУ. Працавала выкладчыцай беларускай, рускай і нямецкай моў у школах Валожынскага раёна.
З 1961 года працавала ў Інстытуце мовазнаўства АН БССР. Старшыня Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі.
Даследавала сучасную беларускую мову, анамастыку. Мела больш за 200 навуковых прац, прысвечаных пытанням станаўлення і функцыянавання ўсходнеславянскай айканіміі. Узначальвала анамастычную школу ў Рэспубліцы Беларусь, заснаваную ў 1960-я гады Мікалаем Бірылам.
Памерла 3 сакавіка 2018 года.
Даследчыцкая і навуковая дзейнасць
правіцьАўтар манаграфіі «Беларуская айканімія» (1970), у якой даследавала працэс узнікнення і эвалюцыйнага развіцця беларускіх назваў населеных пунктаў. Манаграфія належыць да рэгіянальнага тыпу даследаванняў (напісана на матэрыяле сучаснай айканіміі Мінскай вобласці). У ёй высвятляецца паходжанне 4 тысяч айконімаў, прааналізаваны іх семантычны склад і словаўтваральныя сродкі (тапафарманты). Дыферэнцыравана разглядаюцца айконімы, утвораныя ад агульных слоў (апелятываў), ад назваў рэк і азёр (гідронімаў), ад асабовых імён (антрапонімаў), паказваюцца працэсы заражэння і эвалюцыі беларускіх айконімаў, раскрываецца сутнасць закладзенай у іх інфармацыі. Аналіз вядзецца ў дыяхранічным аспекце, што дае магчымасць высветліць час узнікнення айконімаў, тэндэнцыі айканімічнай намінацыі папярэдніх эпох, паказаць іх эвалюцыю і гістарычныя змены.
Наступнае буйное даследаванне — манаграфія «Усходнеславянская айканімія апелятыўнага паходжання» (1983), якая потым стане базай для доктарскай дысертацыі, прысвечана вывучэнню рускіх, беларускіх і ўкраінскіх назваў населеных пунктаў (айконімаў). Асноўнай крыніцай фактычнага матэрыялу даследчыцы паслужыла айканімія «Спісаў населеных месцаў Расійскай імперыі» (44 тамы, 2-я палова 19 — 1-я палова 20 ст.) і аналагічныя спісы, выдадзеныя ў Гродне, Вільні, Кіеве і іншых гарадах. Шырока выкарыстаны сведчанні старажытнага і сярэдневяковага пісьменства, летапісаў, актаў, метрык, пісцовых і памятных кніг. Працы выкананы ў рэчышчы гісторыка-генетычных даследаванняў, маюць тыпалагічны кірунак. У іх вырашаецца адно з цэнтральных пытанняў гістарычнай анамастыкі — пытанне семантычнай матывацыі, робіцца спроба асэнсаваць айконімаўтваральны працэс у шырокім лінгва-гістарычным і арэальным аспектах.
У 1980 годзе Валянціна Лемцюгова апублікавала першы ў беларускай і славянскай лексікаграфіі «Украінска-беларускі слоўнік», рэестр якога змяшчае больш за 30 тысяч слоў. Гэта быў трэці іншаславянска-беларускі слоўнік пасля «Руска-беларускага» (М, 1953 і двухтомнага «Руска-беларускага». Мн, 1982) і «Польска-беларускага» (Варшава, 1962). Слоўнік дыферэнцыйны: яго рэестр змяшчае асноўную, найбольш ужывальную лексіку сучаснай украінскай літаратурнай мовы, якая чым-небудзь адрозніваецца ад сваіх беларускіх адпаведнікаў — значэннем (адным або некалькімі), месцам націску, словаўтварэннем, граматычным радам. Акрамя літаратурнай лексікі ў ім таксама шмат слоў украінскай жывой народнай мовы, а таксама словы, неабходныя для разумення ўкраінскай класічнай літаратуры.
Суаўтар спецыялізаваных слоўнікаў. Пры яе ўдзеле створаны фундаментальныя працы па філалогіі: «Беларуская граматыка», «Лексікалогія сучаснай беларускай мовы», «Агульнаславянскі лінгвістычны атлас», «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» і інш. Суаўтар нарматыўнага даведніка «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» у 6 кнігах, "Слоўніка мовы «Нашай Нівы» ў 5 тамах (першы з іх выйшаў у 2003 годзе).
Займалася навукова-арганізацыйнай, педагагічнай і грамадскай дзейнасцю, у т.л. ў складзе Тапанімічнай камісіі пры Савеце Міністраў Беларусі і анамастычнай камісіі пры Міжнародным камітэце славістаў. Выступала з артыкуламі ў прэсе аб стане і перспектывах развіцця мовазнаўства.
Пры яе непасрэдным удзеле быў прыняты Закон аб геаграфічных назвах, у якім юрыдычна замацавана практыка першаснага прысваення назваў геаграфічным аб’ектам на беларускай мове, перадача іх на лацінку, а таксама на іншыя мовы[3].
Прозвішча
правіцьПрозвішча Лемцюгоў мовазнавец Павел Сцяцко звязваў з беларускім лямец «тоўсты, шчыльны матэрыял, звалены з шэрсці, воўны», лямцюга «зробленае з лямцу»[4]. У сучасным літоўскім іменніку фіксуецца таксама літоўскае (з Клайпеды) прозвішча Lemtys.
Выбраная бібліяграфія
правіць- Беларуская айканімія (1970)
- Украінска-беларускі слоўнік (1980)
- Восточнославянская ойконимия апеллятивного происхождения (1983)
- Слоўнік цяжкасцей беларускай мовы (1987, 2005; у суаўтарстве)
- Кіраванне ў беларускай і рускай мовах (1991)
- Кароткі слоўнік беларускай мовы (1994)
- Беларуская граматыка (т. 1, 1985; у суаўтарстве)
- Лексічны атлас беларускіх народных гаворак (у 5 т.; т. 1, 1995; у суаўтарстве)
- Слоўнік мовы «Нашай нівы» (1906—1915) (у 5 т.; т. 1, 2003; т. 2, 2007; у суаўтарстве)
- Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь (у 6 кн., 2003—2010; рэдакцыя)
- Тапонімы распавядаюць (2008)
Зноскі
- ↑ Памерла Валянціна Лемцюгова. Гэта яна адстаяла беларускую тапаніміку, Наша Ніва, 4 сакавіка 2018 г.
- ↑ http://www.zvyazda.minsk.by/second.html?r=18&p=23&archiv=17122005(недаступная спасылка)
- ↑ Пайшла з жыцьця мовазнаўца Валянціна Лемцюгова
- ↑ Павел Сцяцко. Прозвішчы Беларусі: найменні знакамітых людзей (паводле матэрыялаў «Нашага слова») // Наша слова. № 26 (1177), 25 чэрвеня 2014 г. С. 3.
Літаратура
правіць- Беларуская мова: Энцыклапедыя / Пад рэд. А. Я. Міхневіча. — Мн.: БелЭн, 1994.
- Лемцюгова Валянціна Пятроўна // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 421. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
правіцьВалянціна Пятроўна Лемцюгова ў Вікіцытатніку |
- Вялікі знаўца мовы роднай зямлі(недаступная спасылка) — nlb.by
- Доктар матчынага слова(недаступная спасылка) — zvyazda.minsk.by