Ганна Валер’еўна Янкута

беларуская перакладчыца і пісьменніца
(Пасля перасылкі з Ганна Янкута)

Га́нна Вале́р’еўна Янку́та (нар. 4 верасня 1984, Гродна) — беларуская пісьменніца, перакладчыца. Кандыдат філалагічных навук (2018).

Ганна Валер’еўна Янкута
Ганна Янкута на фестывалі Прадмова 17 кастрычніка 2020 года
Ганна Янкута на фестывалі Прадмова 17 кастрычніка 2020 года
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 4 верасня 1984(1984-09-04) (40 гадоў)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці перакладчыца, пісьменніца
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Член у
Прэміі

Біяграфія

правіць

Скончыла філалагічны факультэт БДУ, абараніла магістарскую дысертацыю паводле творчасці Айн Рэнд і кандыдацкую дысертацыю па творчасці Маргарэт Этвуд (2018). У 2018 годзе атрымлівала стыпендыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь[1]. У 2008—2018 гадах наведвала перакладчыцкую майстэрню пры Беларускім Калегіюме. Член рады інтэрнэт-часопіса «ПрайдзіСвет». Член Саюза беларускіх пісьменнікаў (з 2012). Намесніца старшыні Беларускага ПЭН-цэнтра (2013—2017).

Творчасць

правіць

Перакладае прозу і паэзію з англійскай, польскай, нідэрландскай, афрыкаанс, скотс ды іншых моў. Адна з перакладчыкаў, рэдактараў і складальнікаў каментарыяў да тому выбраных твораў Эдгара По «Маска Чырвонае Смерці». Пераклала раманы Джэйн Остэн «Пыха і перадузятасць», Кадзуа Ісігура «Не адпускай мяне», Салі Руні «Нармальныя людзі», Януша Леона Вішнеўскага «Канец адзіноты» (сумесна з Кацярынай Маціеўскай), кнігу для дзяцей Катажыны Рырых «Лапуховае поле», аповесці Чарлза Дыкенса «Калядная гісторыя», Хораса Уолпала «Замак Отранта», дэтэктыўную прозу Артура Конан Дойла, Роберта ван Гуліка, шэраг паэтычных твораў Уільяма Шэкспіра, Уільяма Блэйка, Джона Кітса, Фернанду Песоа, Баляслава Лесьмяна, Геарга Гайма, Чэслава Мілаша, Віславы Шымборскай, Кшыштафа Каміля Бачыньскага і інш.

У 2018 годзе выдадзеная першая аўтарская кніга Ганны Янкуты «Кот Шпрот і таямніца атракцыёнаў» (з ілюстрацыямі Ліліі Давыдоўскай). Гэта дзіцячая кніга пра ката, які вандруе па Мінску. Паводле сюжэту кот Шпрот, які любіць уначы цішком збегчы з балкона і паблукаць па ваколіцах, знаёміцца з прывідамі, што жывуць пад вокнамі яго дома. Так пачынаюцца прыгоды ката і хлопчыка Алеся ў мінскім Парку Чалюскінцаў, завязваецца іх сяброўства з суседзямі — прывідамі, вераб’ямі і мышамі. Героі кнігі ратуюць сяброў, якія трапілі ў загадкавую пастку, і вучацца разам спраўляцца з нягодамі[2].

Пісьменніца Ганна Янкута і мастачка Святлана Катлярова ў 2019 годзе прыдумалі адукацыйны мультсерыял «Вожыкавая палянка», дзе важаняты будуць вучыцца назвам колераў, пальцаў, дзён тыдня, а яшчэ лічыць і спяваць.

У 2020 годзе выйшла другая кніга пра ката Шпрота — «Кот Шпрот і зніклы мышамабіль», а таксама казачная аповесць «Марта і яе мара пра снег» (на беларускай і рускай мовах).

У 2021 годзе на пляцоўцы «Аўдыятэка» змешчана аўдыёкніга «Кот Шпрот і вежавы гадзіннік» (WerMik Studio & Беларускі ПЭН).

Бібліяграфія

правіць
  • «Кот Шпрот і таямніца атракцыёнаў» (выд. «Янушкевіч», 2018 г.)
  • «Кот Шпрот і зніклы мышамабіль» (выд. «Янушкевіч», 2020 г.)
  • «Марта і яе мара пра снег» (выд. «Попурри», 2020 г.)
  • «Час пустазелля» (выд. «Янушкевіч», 2023 г.)[3]

Прэміі і ўзнагароды

правіць
  • Лаўрэатка конкурсу «Экслібрыс» (2012)
  • Лаўрэатка прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча (2013) за пераклад аповесці Чарлза Дыкенса «Калядны харал».
  • ІІ месца ў Міжнародным конкурсе на найлепшы пераклад паэзіі Віславы Шымборска (2015)

Зноскі

  1. Распараджэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 37рп ад 23.01.2018 г.
  2. Выйшла дзіцячая кніга пра ката, які вандруе па Мінску . Наша Ніва. Праверана 22 кастрычніка 2023.
  3. HL. Кніга пра час, які лепш бы нас абмінуў: «Час пустазелля» Ганны Янкуты - у заключным эпізодзе падкаста «Гаворыць Гродна» . Hrodna.life (31 снежня 2023). Праверана 6 студзеня 2024.

Літаратура

правіць
  • Красавіцкае папаўненне // Новы Час № 17 (289), 27 красавіка 2012. — С. 10.