Герб Белавежскай пушчы

Герб Белавежскай пушчы — геральдычны сімвал Нацыянальнага парку «Белавежская пушча», распрацаваны да святкавання ў 2009 годзе 600-годдзя першай згадкі пра ўвядзенне запаведнага рэжыму ў Белавежскай пушчы ў адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29 лютага 2008 г. № 311.

Герб Белавежскай пушчы
Версіі
Малы герб Белавежскай пушчы
Дэталі
Зацверджаны 2009
Шчыт
Іспанскі
Шчытатрымальнікі
высакародны алень i зубр
Заснаванне 2009
Аўтар герба Віктар Аляксандравіч Ляхар
Мастак Віктар Аляксандравіч Ляхар

Гісторыя правіць

Гістарычныя гербы Белавежскай пушчы ўзніклі ў XIX стагоддзі і поўнай меры адлюстроўвалі прыналежнасць пушчы да Расійскай Iмперыі, паколькі яна ў той час не толькі геаграфічна знаходзілася на яе тэрыторыі, але i служыла месцам палявання для прадстаўнікоў царскай сям'i  (руск.). Адзін з такіх гербаў у авальным картушы ўпрыгожваў вежу паляўнічага палаца  (руск.), узведзенага пры імператары Аляксандры III. У ім галоўнай геральдычнай фігурай, размешчанай у правай, найбольш ганаровай частцы шчыта, быў прадстаўлены Дзяржаўны герб Расійскай імперыі  (руск.) — чорны двухгаловы арол. Перавязь упрыгожвалі чатыры галавы льва, запазычаныя з аблямоўкі ў гербе дома Раманавых  (руск.). У ніжняй частцы царскага герба была выява зубра — негеральдычная фігура  (руск.), якая, уласна, ідэнтыфікавала запаведнае месца. Iснаваў i поўны варыянт гэтага герба, які вянчала Вялікая імператарская карона Расійскай Iмперыі  (руск.), ад якой адыходзіла блакітная Андрэеўская стужка  (руск.). У якасці шчытатрымальнікаў абапал выступалі зубры. Менавіта гэты герб быў пакладзены ў аснову афіцыйных геральдычных сімвалаў Нацыянальнага парку «Белавежская пушча»[1].

Аўтарамі афіцыйных геральдычных сімвалаў ДУ «Нацыянальны парк „Белавежская пушча“» сталі члены Геральдычнага савета пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь галоўны спецыяліст аддзела навуковага выкарыстання дакументаў i інфармацыі дэпартамента па архівах i справаводстве Міністэрства юстыцыі, кандыдат гістарычных навук Марына Глінская i намеснік начальніка ваеннага інфармацыйнага агенцтва «Ваяр» па рэдакцыйна-выдавецкай дзейнасці i рэкламе, падпалкоўнік, член Міжнароднага саюза дызайнераў Віктар Ляхар[1].

Апісанне правіць

Герб уяўляе сабой іспанскі шчыт з пяццю зубцамі і перавяззю злева. У верхнім сценчатым полі чырвонага колеру намалявана княжацкая карона цёмна-чырвонага аксаміту з гарнастаевай апушкай, трыма бачнымі дужкамі, упрыгожанымі жамчужынамі, над якімі дзяржава з крыжам, чорная перавязь упрыгожана дзвюма парамі перакрыжаваных залатых і сярэбраных паляўнічых рожкаў, на якіх у якасці фурнітуры імператарскія кароны  (руск.), у ніжнім сярэбраным полі зубр натуральнага колеру[2]

У вялікім гербе навершыем служыць крона дуба, аснова i корані якога ўпіраюцца ў падножжа, што прадстаўлена ў выглядзе травяной падсцілкі. Колер лістоў, жалудоў i травы не аднолькава зялёны. Некаторыя з элементаў маюць залацістае адценне. Па абодвух баках шчыт трымаюць дзве буйныя жывёлы, што жывуць у Белавежскай пушчы — высакародны алень i зубр.

Сімволіка правіць

Княжацкая карона такой канфігурацыі, як намаляваная на гербе, выкарыстоўваецца ў тэрытарыяльнай геральдыцы Беларусі для гарадоў, якія знаходзіліся ва ўладанні вялікага князя літоўскага. Вядома, што ў 1409 годзе ў Каменцы вялікі князь Ягайла праводзіў перамовы з князем Вітаўтам i прымаў паслоў ад Папы Рымскага Аляксандра V. Увосень таго ж года ў суправаджэнні шматлікай світы ён паляваў у пушчы. З таго часу тэрыторыя, дзе на працягу некалькіх стагоддзяў палявалі першыя асобы дзяржавы, атрымала назву Белавежскай пушчы. Тут праходзіла паляванне ўнука Ягайлы вялікага князя Аляксандра, Жыгімонта I Старога, Стэфана Баторыя i іншых[1].

Паводле распаўсюджанага меркавання сваю назву «Белавежская» пушча атрымала ад 30-метровай вартавой вежы, узведзенай паміж 1276 i 1288 гадамі па загадзе валынскага князя Уладзіміра Васількавіча на месцы ўмацаванага пасялення Каменец, што месцілася непадалёк ад знакамітага ляснога масіву. Вежа атрымала назву «белай» як сімвал фарпосту свабодных ад варожага засілля, у тым ліку i ад рыцараў Тэўтонскага ордэна, беларускіх зямель, хоць яе сцены першапачаткова былі выкладзены з чырвонай цэглы. Менавіта таму ў гербе ў верхняй частцы шчыта карона размешчана ў чырвоным, так званым сценчатым полі, якая геральдычна ўяўляе каменны мур вежы[1].

У новым гербе захавана чорная перавязь, якая адлюстроўвае перыяд існавання пушчы з канца XVIII да пачатку XX стагоддзя, калі яна разам з іншымі беларускімі землямі была далучана да Расійскай імперыі. Расійскія манархі не толькі палявалі ў запаведніку, але i шмат зрабілі для яго захавання. У гербе пушчы, складзеным расійскімі геральдыстамі, двухгаловы арол трымаў у лапах сярэбраны i залаты паляўнічыя ражкі, дзве пары якіх, упрыгожаных імператарскімі каронамі, размешчаны ў сучасным гербе ў чорнай перавязі замест ільвіных залатых i сярэбраных галоў[1].

У ніжняй часцы герба ў сярэбраным полі адлюстраваны сімвал не толькі Белавежскай пушчы, але i, мабыць, усёй Беларусі — зубр натуральнага колеру, пакінуты без змяненняў з XIX стагоддзя[1].

Залацістае адценне некаторых дубовых лістоў, жалудоў i травы ў вялікім гербе Белавежскай пушчы падкрэслівае не свежае, веснавое лісце маладога дрэва, а, наадварот, салідны ўзрост не толькі дуба, але i ўсёй Белавежскай пушчы. Дуб — сімвал магутнасці, трываласці, доўгажыхарства i высакароднасці, а таксама славы. Зубр, як шчытатрымальнік, прысутнічаў і на царскім гербе[1].

Гл. таксама правіць

Зноскі