Гопнік

жаргоннае прыніжальнае абазначэнне гарадскога маладзёна

Гопнік (зборн. гоп, гапата; руск.: гопник) — жаргоннае прыніжальнае[1] абазначэнне гарадскага[2] маладзёна, які належыць да савецкай і пост-савецкай субкультуры, блізкай да крымінальнага свету або з крымінальнымі рысамі паводзінаў, і які паходзіць з малазабяспечанай сям’і[2]. Тэрмін шырока выкарыстоўваецца з канца XX стагоддзя[2] ў Расіі і іншых краінах колішняга СССР.

Паходжанне і значэнне правіць

Слова гопнік, як і іншыя шматлікія словы, узніклыя за савецкім часам для пазначэння разнастайных субкультур, з’яўляецца запазычаннем з рускай мовы.

Рускі пісьменнік Аляксандр Сідараў (таксама вядомы як Фіма Жыганец), аналізуючы паходжанне рускага паняцця гопник, выкарыстоўвае звесткі рускага даследчыка Уладзіміра Даля, які ў сваім «Тлумачальным слоўніку жывой вялікарускай мовы» падае слова гоп са значэннем скачку або ўдару. На думку Аляксандра Сідарава, слова гопник (альбо гопстопник) пазначае вулічнага рабаўніка[3]. Такое ж акрэсліванне вызначаецца таксама паводле кароткага слоўніку крымінальнага жаргону Юрыя Аляксандрава, дзе пад паняццям гопник вызначаецца тэрмін «рабаўнік»[4]. Паводле версіі даведкавай службы расійскага партала Грамота.ру, слова «гопник» адносіцца да жаргоннай лексікі ў рускай мове і мае на ўвазе «махляра, налётчыка; пагромніка, хулігана»[5].

Як адзначае Аляксандр Сідараў, слова «гопник» у рускай мове таксама выкарыстоўваецца для пазначэння «жабракоў, валацугаў, бамжоў»[3]. На яго думку, гэта азначэнне паўстала яшчэ ў дарэвалюцыйныя часы Расіі — у часы існавання гэтак званых прыказаў грамадскага нагляду (руск.: «приказы общественного призрения») — губернскіх камітэтаў, у сферы працы якіх знаходзіўся клопат пра «жабракоў, калекаў, хворых, сіротаў і г.д.», якія змяшчаліся ў адмысловых дамох нагляду за рахунак земскіх (то бок, муніцыпальных) сродкаў. У гэтым значэнні рускае гопник паходзіць ад абрэвіятуры ГОП («Городское общество призора», бел.: «Гарадское таварыства нагляду»). З той нагоды, што вылучаных сродкаў не хапала на дапамогу бяздомным асобам і асобам з малым прыбыткам, кліенты дамоў нагляду займаліся бадзяжніцтвам, кленчаннем, дробнымі крадзяжамі. Праз гэта слова «гопник» набыла значэнне «валацугаў, абадранцаў ды жабракоў», яно ў сваю чаргу захавалася і па кастрычніцкім перавароце.

Згодна са звесткамі «Вялікага тлумачальнага слоўніку рускай мовы» пад рэдакцыяй С. Кузняцова, «гопник» — «человек из социальных низов; босяк» (бел.: «чалавек з сацыяльных нізоў; басяк»)[6]. Тлумачальна-словаўтваральны слоўнік рускай мовы кандыдата філалагічных навук Таццяны Яфрэмавай пад словам «гопник» падае значэнне «опустившийся человек, бродяга»[7] (бел.: «чалавек, які апусціўся; валацуга»).

Іншыя версіі выводзяць этымалогію слова «гопнік» паводле іншых гіпотэзаў (якія таксама грунтуюцца на дзяржаўных установах). Так, у канцы XIX стагоддзя ў памяшканнях сучаснага атэлю «Октябрьская», што размяшчаецца на Лігаўскім праспекце, было арганізавана Дзяржаўнае таварыства нагляду (руск.: «Государственное общество призора», абрэвіятура — ГОП), у якое дастаўлялі безнаглядных дзяцей і падлеткаў, якія займаліся дробнымі крадзяжамі і хуліганствам. Па кастрычніцкім перавароце ў будынку арганізацыі з гэтымі ж мэтамі быў арганізаваны Дзяржаўны інтэрнат пралетарыяту. Паводле версіі гэтай этымалогіі, колькасць злачынцаў малога ўзросту ў гэтым раёне павялічылася ў некалькі разоў, а ў асяродку гараджан з’явіўся паняцце гопники, якім пазначалі жыхароў таварыства; сама назва ўзнікла ад рускай абрэвіятуры назвы ўстановы. Паўстаў выраз «количество гопников измеряется в лигах» (бел.: «колькасць гопнікаў вымяраецца ў лігах»), у асяродку жыхароў Петраграда (а потым — Ленінграда) з’явілася завядзёнка пытацца ў малавыхаваных людзей фразаю «Вы что, на Лиговке живёте?» (бел.: «Вы што, на Лігаўцы жывяце?»)[8][9].

Як адзначае Аляксандр Сідараў, у канцы 1920-х гадоў г. зв. «босяцкая братия» словам «гоп» называла начлежкі, а іх насельнікаў — словам гопники, гопа[3]. Сідараў засяроджвае ўвагу на сюжэце аповесці Л. Панцялеева і Рыгора Бялых «Рэспубліка ШКІД», у якой настаўніца, жадаючы напалохаць выхаванцаў, прыкрыквае на іх: «Вы ў меня побузите только. Я вам… Гопа канавская!» (бел.: «Вы ў мяне пабузіце адно. Я вам... Гопа канаўская!»). Апавядаючы пра вандроўкі аднога з герояў твору, аўтары ўзгадваюць пра гэта з ужываннем слова гопничал[3][10]. Разважаючы наконт паходжання слова, Сідараў таксама звяртае ўвагу на распаўсюджаны выраз гоп-компания, што атаясамліваецца са словам «гопник», і якое мае значэнне «вясёлага зборышча людзей не надта сур’ёзных і надзейных, на якіх лепей не спадзявацца ў надзейнай справе»[3]. Таксама звязаны з гэтым словам і тэрмін гоп-стоп, які пазначае вулічны рабунак.

На думку Е. Калугінай, слова «гопник» можа мець значэнне «прымітыўны, малаадукаваны малады чалавек». Сацыёлаг Альбіна Гарыфзянава характарызуе гопнікаў як «неадукаваных людзей, культурна адсталых, абсалютна не талерантных»[11]. Расійскімі сацыёлагамі Уладзімірам Дабраньковым і Альбертам Краўчанкам адзначана, што слова «гопник» з’яўляецца вытворным ад гоп — жаргоннага слова жабракоў, што ўвабралі ў сябе элементы крымінальнай культуры, і якое пазначала «знаходжанне ў начлежцы»[12].

Блізкімі паводле значэння словамі і тэрмінамі з’яўляюцца урлы, «хуліганы», шпана, вулічныя пацаны, «дваровыя банды», «люмпены».

У іншых мовах, якія не карыстаюцца запазычаннем з рускай мовы альбо маюць свае тэрміны, існуюць свае аналагічныя тэрміны для пазначэння прадстаўнікоў падобных субкультур альбо блізкіх да іх. Напрыклад, англійскае chav (шырока ўжывальнае прыніжальнае слэнгавае слова, што азначай маладых людзей з нізкім сацыяльным статусам і якія звычайна носяць «брэндавае» спартыўнае адзенне[1], што таксама характэрна для гопнікаў), літоўскае forsai, латышскае urla і г.д.

Характарыстыка правіць

У якасці ўстойлівага выразу, прсутнага ў рускай мове, слова з’явілася ў 1980-з гадах датычна прадстаўнікоў моладзі, для якіх вулічны крадзеж маёмасці, на думку расійскай даследніцы Алены Бяссонавай, «часткай іміджу крыміналізаванай супольнасці, спосабам забаваў і падтрымання аўтарытэту». Як мяркуе Бяссонава, у 1990-х гадах з’явіліся г.зв. «гопы», для якіх усё характэрнае для жыцця іх «прабацькоў», да якіх аўтар залічвае асоб з крымінальным мінулым, стала «свайго кшталту філасофіяй жыцця, светапоглядам, спосабам пазіцыянаваць сябе ў грамадстве». Бяссонава адзначае, што «для сучаснага гопа, перадусім, важней напалохаць і прынізіць чалавека, зазнаць над ім сваю ўладу, а потым ужо — просвоіць яго грошы»[2]. Блізкасць да крымінальнага свету стала прычынай ужывання зладзейскага жаргону і ненарматыўнай лексікі.

З пункту сацыяльнага гледзішча прадстаўнікі субкультуры звычайна паходзяць з ускраін прамысловых гарадоў. Большасць гопнікаў выйшла з бедных, малазабяспечаных сем’яў[2]. Імідж і паводзіны тыповага прадстаўніка гэта субкультуры прадстаўляюць сабою пародыю на прадстаўнікоў крымінальнага свету Расіі і іншых краін СНД перыяду 1990-х гадоў. Так, напрыклад, непасрэдна ад прадстаўнікоў крымінальнага свету гопнікі запазычылі звычку ўжытку чорных скураных куртак і спартыўных трыко, а таксама сталі займацца дробнымі крадзяжамі і вымагальніцтвам грошай.

Прадстаўнікі субкультуры гопнікаў звычайна характарызуюцца выражанай агрэсіяй супраць членаў грамадства, арыентаваных на заходнія каштоўнасці (звычайна, супраць арыентаваных на заходнюю культуру «нефармалаў»), а таксама пагардлівым стаўленнем да г.зв. лахоў — усіх прадстаўнікоў грамадства, якія не прытрымліваюцца пацанскіх паняццяў (руск.: пацанские понятия) — негалосных правілаў паводзінаў, якія склаліся ў крымінальным асяроддзі.

Як адзначае Раміль Ханіпаў, «Гарадскі цэнтр па прафілактыцы безнагляднасці і нарказалежнасці непаўнагадовых Санкт-Пецярбургу пазначае гопнікаў у якасці „нефармальных аб’яднанняў“ і ўключае іх да раздзелу „агрэсівы“. Дыскусіі інтэрнэт-форумаў кажуць пра ўзровень развіцця гэтых нефармальных аб’яднанняў наступным чынам: „…ад Калінінграду да Уладзівастоку гопнікі і за цяперашнім часам з’яўляюцца найраспаўсюджанай формай моладзевых аб’яднанняў“, а ўсе выкарыстоўваныя крыніцы падкрэсліваюць яскрава выражаны крымінальны і групавы характар дадзенай субкультуры: „Пераважна гэта бойкі, рабункі, наезды, якія накіраваныя на здабычу грошай…, алкаголь і цыгарэты“»[13].

Кіраўнік маскоўскага аддзялення расійскай партыі ЛДПР О. Лаўроў заяўляў, што гопнікі складаюць вызначаную частку выбарчай базы яго партыі[14]:

  Мы лічым, што гопнікі — наймагутная ў Расіі палітычная сіла. Людзі з нас смяюцца, называюць нас партыяй маргіналаў: гопнікаў, злодзеяў, валацугаў і п'яніцаў. Але, разумееце, гэта ўсе людзі, чые інтарэсы ніхто больш не прадстаўляе. Мы стварылі нашыя пункты на чыгуначных вакзалах, і за некаторым часам мы мелі мільён членаў. Калі мы высунулі Малышкіна кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2004 года, людзі былі ў шоку. Ну так, ён, вядома, не інтэлектуал, але гопнікі за яго прагаласуюць.  

Доктар сацыялялгічных навук, дырэктар праекту «Новое поколение» фонду «Общественное мнение» Ларыса Паўтава ў 2009 годзе меркавала, што «гапата» — гэта не менш за 25 % ад сучаснай моладзі. Ларыса Паўтава мае на ўвазе пад гэтым тэрмінам маладых людзей, якія не імкнуцца ні да якое мэты і якія знаходзяць сябе ў масе падобных сабе[15].

У адрозненне ад большасці нефармальных аб’яднанняў моладзі (напрыклад, хіпі, панкаў, ралевікоў), гопнікі не надавалі астатняму насельніцтву будзь-якіх назваў і не вылучалі сябе ў асобную групу адносна ўсяго насельніцтва[16], з чаго вынікае, што яны ніколі не ўсведамлялі сябе як субкультуру.

У большасці моладзевых субкультур характэрнае адмоўнае стаўленне да гопнікаў, якое даходзіць нават да крайняга антаганізму.

Даследніца Алена Бяссонава адзначае, што напачатку перабудовы гопнікі былі адзінымі з моладзевага асяроддзя, хто не цікавіўся ніякаю музыкай[2]. Пазней прадстаўнікі субкультуры былі схільныя да блатное музыкі, рускага шансону (у прыватнасці, творчасці Міхаіла Круга, гурту «Бутырка»). Таксама шматлікія прадстаўнікі аддаюць перавагу папсе (поп-музыцы) і пацанскаму рэпу.

Стэрэатыпныя ўяўленні пра гопнікаў правіць

Рознымі аўтарамі адзначаецца шэраг стэрэатыпаў датычна гопнікаў, якія распаўсюджаныя ў грамадстве і вядомыя ў ім як асноўныя і характэрныя асаблівасці дадзенай субкультуры. Напрыклад:

  • Большую частку вольнага часу бавяць на вуліцы або ў падваротнях, пад’ездах[13], іншымі ўлюбёнымі месцамі, дзе прадстаўнікі гэтай субкультуры бавяць час, ёсць паркі, скверы, старыя гарадскія двары, прыпынкі транспарту, гаражы, дворыкі ля дзіцячых садкоў, цёмныя дворыкі.
  • Не азначаюць сябе тэрмінам гопнікі, не ўсведамляюць сваёй прыналежнасці да субкультуры гопнікаў, а таксама не ўсведамляюць свае групоўкі як субкультуры навогул. Замест гэтага называюць сябе пацаны, рэальныя пацаны, чёткие пацаны і г.д.
  • Маюць звычку сядзення на кукішках (на корта́х, на карташах, на крабе), звычка паходзіць з месцаў зняволення[13] альбо атаясамліваецца з імі.
  • Гопнікі звычайна прытрымліваюцца развязнай хады і разам з гэтым агрэсіўнага стаўлення да мінакоў: пільны погляд (непрымальны для незнаёмай асобы), няветлівыя звароты, рэзка правакацыйныя фразы, што задаюцца з мэтай атрымаць нагоду на развязанне канфліктнай сітуацыі (прыкладам, «Ты чё такой дерзкий?», «Чё смотришь?!», «Ты кто такой по жизни?», «Ты с какого района?» і г.д.)[13].
  • Пры камунікацыі з іншымі прадстаўнікамі грамадства выкарыстоўваюць фразы, каб распачаць вымагальніцтва грошай і іншых каштоўнасцей (напрыклад, «Слышь, мелочи не найдётся?», «Попрыгай!» (каб вызначыць наяўнасць у ахвяры дробных, металёвых грошай)).
  • Ужыванне насення сланечніка (семки, сэмки, семачки), пры гэтым сланечнікавая шалупіна, якая ўтвараецца ў працэсе спажывання насення, сплёўваюцца на асфальт або падлогу[13].
  • Для прадстаўнікоў субкультуры гопнікаў з’яўляецца характэрнай з’ява гамафобіі, што, у прыватнасці, выражаецца ўжыткам словаў «пидор», «гомосек», «петух» датычна нават тых, хто не з’яўляецца геем, а, напрыклад, выкарыстоўвае ў адзенні стыль унісекс, не адпавядае ўсталяваным у асяродку гопнікаў канонам знешняга выгляду, паводзінаў і г.д.
  • У маўленні гопнікі часцяком карыстаюцца словамі-паразітамі, напрыклад, «короче», «типа» и «слышь» («сышишь», «сышь»), «бля», «ёпт» («ёпта»).
  • Трыманне цыгарэты за вухам[2].
  • У вулічных канфліктах могуць ужываць біты, кастэты, іншую халодную зброю, пнеўматычную зброю, а таксама іншыя падручныя сродкі.
  • Адзначаецца характэрнае адзенне і абутак: спартыўнае адзенне і абутак (у прыватнасці, красоўкі, трэніровачныя порткі, алімпійка (майстарка), часам з капюшонам[2]), куртка са «скуры», у асобных выпадках абутак (туфлі, часта астраносыя) нацягваюцца пад спартыўны касцюм. У руках круцяць запальнічкі, пацеркі-«балтухі», часам вырабленыя ў месцах пазбаўлення волі. На галаве носіцца кепка (у прыватнасці, папулярная «качачка»), бейсболка або васьміклінка; падчас зімы — спартыўная шапка-«підарка» (іншая назва — «гандонка»).
  • Прычоска пад «паўбокс» або «вожыкам», часцей за ўсё — вельмі каротка альбо ўвогуле «пад ноль». Папулярныя пярсцёнкі-пячаткі, залатыя ланцужкі, пацеркі.
  • Некаторая частка насельніцтва паставіла «таўро» на спартыўнай вопратцы — на іх думку, часцей за ўсё гопнікі носяць курткі Adidas, а таксама некаторую іншую прадукцыю гэта маркі. У 1990-х гадах серад гопнікаў былі папулярныя падробкі вядомых марак адзення з надпісамі, якія былі знешне падобныя на лагатып арыгіналу: «Nice» (замест «Nike»), «Abibas» (замест «Adidas»), «Reebak» (замест «Reebok»). Падробкі такога кшталту набылі папулярнасць праз свой танны кошт і вялікую даступнасць, чым у арыгінала.
  • Гопнікі часта вельмі цікавяцца баявымі відамі спорту: боксам, каратэ, рукапашны бой і г.д., пры гэтым мала хто з іх сур’ёзна займаецца спортам. Звычайна гопнікам стае ведаў некалькіх прыёмаў, каб мець перавагу ў бойцы з непадрыхтаваным чалавекам. Разам з гэтым яны асуджальна ставяцца да «мірных» вулічных відаў спорту — скейтбордынгу, брэйк-дансу, апошні від спорту выклікае ў гопнікаў асаблівую непрыязнасць з прычыны сваёй прыналежнасці да субкультуры хіп-хопу.

Ужыванне слова ў палітычных мэтах правіць

На думку некаторых публіцыстаў, грамадскіх дзеячаў і назіральнікаў, з канца першай дэкады XXI стагоддзя ў СМІ, выступах расійскіх журналістаў, пісьменнікаў, апазіцыйных палітыкаў стала гучаць, як лічаць аўтары меркавання, ідэалагічнае клішэ «ликующая гопота» (бел.: «гапата, што моцна ўзрадаваная»). На думку аўтараў, пры дапамозе гэтага эпітэту яны характарызавалі ўдзельнікаў разнастайных моладзевых масавых арганізацый, што падтрымліваюць палітычны курс уладаў Расіі. Упершыню яно, на думку аўтараў меркавання, з’явілася 29 студзеня 2008 года ў газеце «Коммерсант» у артыкуле пра расійскі рух «Наши»[17].

2 лютага гэтага ж года расійскі пісьменнік, тэле- і радыёвядучы Віктар Шэндэровіч у сваёй аўтарскай радыёпраграме «Плавленый сырок», у іранічным сэнсе выкарыстоўвае новы эпітэт[18]:

  Актывісты «Greenpeace» сур'ёзна ўсхваляваныя сітуацыяю ў расійскай глыбінцы, — інфармуе чытачоў часопіс «Хомячки на марше». Прыручаныя, але выкінутыя колішнімі гаспадарамі на вуліцу гэтак званыя «Наши» крочаць цяпер лясамі ды ўскраінамі гарадоў, збіваюцца ў зграі і ладзяць шумныя мітынгі на ўзлессях. Адлоў брадзячай гапаты і наступныя спробы навучыць іх чытанню, пісьмовасці і карыснай працы вынікаў пакуль не прынеслі  

Пазней словаспалучэнне актыўна выкарыстоўвалася праз СМІ, палітыкамі і блогерамі. Прычым, калі першапачаткова яно ўжывалася толькі ў негатыўным сэнсе датычна руху «Наши», то затым стала ўжывацца шырэй.

19 верасня 2009 года ў артыкуле калюмніста Паўла Свяцянкова пад выразам «ликующая гопота» мелася на ўвазе «рэакцыйная сіла, што стаіць на шляху перавароту»[19].

Гэтага ж года, 10 красавіка, у часопісе «Русский Обозреватель» упершыню з’явіўся матэрыял з выкарыстаннем трывалага выразу, што не датычыцца да палітычных дзеячаў Расіі. У гэтым матэрыяле яго аўтар, Ягор Халмагораў, распавядаў пра масавыя беспарадкі ў Кішынёве, сам матэрыял меў загаловак «За что ликующая гопота умучила светофорчик?»[20] (бел.: «Завошта ўзрадаваная гапата закатавала светлафорчык?»). 10 кастрычніка 2009 года ў шэрагу рэгіянальных парталаў Расіі з’явілася інфармацыя, прысвечаная канфлікту рэдакцыі калінінградскага інфармацыйнага сайту з колішнім кіраўніком мясцовага аддзялення моладзевага руху «Идущие вместе» і ўдзельнікам форуму «Селигер 2009» Канстанцінам Мінічам, якая мела загаловак «Контроль над „Калининград. Ru“ пытается получить „ликующая гопота“»[21][22] (бел.: «Кантроль над „Калининград. Ru“ спрабуе атрымаць „узрадаваная гапата“»).

Ва Украіне палітычнае клішэ выкарыстоўвалася апанентамі кандыдата ў прэзідэнты Віктара Януковіча падчас перадвыбарчай кампаніі канца 2009 года, так яны звалі прыхільнікаў Партыі Рэгіёнаў[23].

Адлюстраванне ў масавай культуры правіць

Фільмаграфія правіць

  • «Мяне завуць Арлекіна» (руск.: «Меня зовут Арлекино», 1988 год)
  • «Адысея» (руск.: «Одиссея», 1989 год)
  • «Хлопцы са сталі» (руск.: «Парни из стали», 2004 год)
  • «Даеш моладзь!» (руск.: «Даёшь молодёжь!», 2004 год)
  • «Бумер. Фільм другі» (руск.: «Бумер. Фильм второй», 2006 год)
  • «Рэкетыр» (руск.: «Рэкетир», 2007 год)
  • «Чужая» (руск.: «Чужая», 2010 год)
  • «Рэальныя хлопцы» (руск.: «Реальные пацаны», 2010 год)
  • «Гоп-стоп» (руск.: «Гоп-стоп», 2010 год)
  • Дакументальны фільм з цыкла «Следствие вели…» пад назвай «Прага да смерці» (руск.: «Жажда смерти»), прысвечаны байцу, які забіваў хуліганаў і гопнікаў.

Літаратура правіць

  • «Гопнікі» (руск.: «Гопники») — кніга (аповесць і 6 расказаў) беларускага пісьменніка Уладзіміра Казлова.

Музыка правіць

Тэматыцы субкультуры гопнікаў і яе прадстаўнікам прысвечана шмат музычных твораў. Адна з першых згадак гопнікаў адзначаная ў песні савецкага эстраднага артыста і спеавака Леаніда Уцёсава «Гоп со смыком» з яго рэпертуару 1929—1933 гадоў. Таксама шырокую вядомасць набыла песня «Гопники» савецкага рок-музыканта Майка Навуменкі і гурту «Зоопарк» (1984).

Серад песень, якія так ці іначай закранаюць гэту тэматыку, таксама адзначаюцца (у дужках — назва гурту або выканаўца):

  • «Гоп-стоп» («Сектор газа»)
  • «Гопник» («Бен Ганн»)
  • «Долой Гопоту» («Бригадный подряд»)
  • «Реппер Гоня и гопник Личинка» («Красная Плесень»)
  • «Местные» («Сектор газа»)
  • «Блюз бродячих собак» («Секрет»)
  • «Раскачаем этот мир» («Ария»)
  • «Быдло» («CG Bros»)
  • «Пацаны» («Chiliбомберс»)
  • «Иди в отмах» («Lumen»)
  • «Гопники» («АзЪ»)
  • «Дети Сатаны» («Bad Balance»)
  • «Разбуди зверя» («Виконт»)
  • «Гопники» («Разные люди»)
  • «Бум!» («ТТ-34»)
  • «Финки» («ЯйцЫ Фаберже»)
  • «Районы-кварталы» (гэты ж гурт)
  • «Псы с городских окраин» («Чайф»); пры гэтым назва песні нярэдка выкарыстоўваецца ў якасці пазначэння моладзевай вулічнай злачыннасці[24]
  • «Палюбила гапара» («Разбітае сэрца пацана»).

Амерыканскі музыкант Дэвід Браўн прысвяціў новы альбом «Teenage Summer Days» гурту Brazzaville расійскім гопнікам[25].

У жанры г.зв. блатной песні гопнікі і іхная дзейнасць апісваецца станоўча. Сярод такіх песень вылучаюцца «Гоп-стоп» (вядомая ў выкананні савецкага і расійскага аўтара-выканаўца і спевака Аляксандра Разенбаўма) і «Гоп со смыком» (вядомая ў выкананні савецкага і расійскага музыкі і спевака Андрэя Макарэвіча і савецкага і расійскага саксафаніста і джазмена Аляксея Казлова).

У 2000-х гадах з’явіліся артысты і калектывы, уся творчасць якіх прысвечаная парадаванню тыповых рысаў гопнікаў і іх хуліганскіх паводзінаў у стылі г.зв. пацанскага рэпу: гурты «Гопота», «Gopnik» (Украіна), «Чорные GUN Доны», «a.b.i.b.a.s», «ОПГ», «Бешеные псы», «АК-47», выканаўца Рэпер Сява і гоп-панк калектыў «Холодный Дом»[26].

У кліпе спевакоў Патапа і Насці Каменскіх «У нас на раЁне» у пачатку і ў канцы выступаюць рэзідэнты «Comedy Club UA», што гуляюць ролю гопнікаў, у 2009 годзе на ўкраінскім міжнародным музычным тэлеканале М1 буднямі а 17 гадзіне выходзіла праграма «На РаЁне», вядучымі якой былі тыя самыя гопнікі з кліпу «У нас на раЁне».

У 2011 годзе радыё «Рэкорд» (Record Radio) выпусціла зборнік «ГопFM Pump», які змяшчаў музыку пераважна расійскіх музыкантаў у стылі пампін-хаўз. Зборнік заснаваны на музыцы з тэматычнай вечарыны «ГопFM»[27].

Таксама рускую назву «Гопота» мае расійскі музычны гурт з горада Санкт-Пецярбург.

Зноскі

  1. а б Британский исследовательский центр предлагает отказаться от слова "гопник". Англия, Великобритания: энциклопедия, новости, фото. Всё об Англии и про Англию. Аделанта (17 ліпеня 2008). Праверана 30 жніўня 2013. (руск.)
  2. а б в г д е ё ж Елена БЕССОНОВА. Не говори «гоп», пока его не перепрыгнешь…(недаступная спасылка). Саратовский Расклад. Архівавана з першакрыніцы 28 кастрычніка 2012. Праверана 30 жніўня 2013. (руск.)
  3. а б в г д Фима Жиганец. Жемчужины босяцкой речи. Феникс (16 красавіка 1999). Праверана 30 жніўня 2013. (руск.)
  4. Александров Ю. К.. Краткий словарь уголовного жаргона. Архівавана з першакрыніцы 10 чэрвеня 2009. Праверана 30 жніўня 2013. (руск.)
  5. ГРАМОТА.РУ — справочно-информационный интернет-портал «Русский язык | Справка | Непростые слова»
  6. Большой толковый словарь русского языка / Гл. ред. С. А. Кузнецов.— СПб.: Норинт, 1998
  7. Ефремова Т. Ф. Новый словарь русского языка. Толково-словообразовательный.— М: Русский язык, 2000.
  8. Н. А. Синдаловский «Книга Перемен. Судьбы петербургской топонимики в городском фольклоре» Издатель: Центрполиграф ISBN 978-5-9524-4315-0 Год: 2009
  9. Лиговский проспект — Прогулки по Петербургу (руск.)
  10. Як і іншыя жаргонныя словы, пры засваенні беларускай мовай падлягае толькі даслоўнай транслітарацыі і адаптацыі рускага канчатка дзеяслова ў трэцяй асобе адзіночнага ліку на беларускі -аў, а таму не перакладаецца.
  11. Дарья Золотухина. Комикс новой жизни // Русский репортёр, № 43 (171), 4 ноября 2010
  12. Добреньков В. И., Кравченко А. И.. Социология: В 3 т. Т. 2: Социальная структура и стратификация.(недаступная спасылка). М.: ИНФРА-М (16 красавіка 2000). Архівавана з першакрыніцы 20 мая 2009. Праверана 30 жніўня 2013.
  13. а б в г д Ханипов Р. «Гопники» — значение понятия, и элементы репрезентации субкультуры «гопников» в России // «Social Identities in Transforming Societies»
  14. Марк Эймс и Яша Левин. В поисках гопников: Exile устраивает сафари в России // The Exile, перевод InoPressa.ru, 07 июня 2007
  15. Современная молодёжь(недаступная спасылка). Говорит Москва (16 кастрычніка 2009). Архівавана з першакрыніцы 25 красавіка 2010. Праверана 30 жніўня 2013. (руск.)
  16. Павел Каныгин. Гопники Архівавана 1 верасня 2013. // Новая Газета, № 33, 12 Мая 2008 г.
  17. «Наши» стали чужими Коммерсант, № 12(3829), 27 января 2008
  18. Виктор Шендерович. Плавленый сырок // www.shender.ru
  19. Святенкова П. Аура Медведева. Биоагроэкополис // www.apn.ru
  20. Егор Холмогоров. За что ликующая гопота умучила светофорчик? Архівавана 16 красавіка 2009. //www.rus-obr.ru
  21. Контроль над «Калининград. Ru» пытается получить «ликующая гопота» // www.angrapa.ru
  22. Контроль над «Калининград. Ru» захватила «ликующая гопота» Архівавана 8 мая 2013. // kaliningrad.net
  23. Ликующая региональная гопота радостно обсосала прокол Тимошенко с Иваном Франко // www.ua-today.com
  24. Напрыклад: Петелин Г. Псы городских окраин: на Россию накатила новая волна молодёжной преступности // Русский курьер.
  25. «Brazzaville заступится за гопников»
  26. Команда: «Холодный дом»
  27. Сайт проекта ГопFM Архівавана 5 жніўня 2011.

Зноскі

Літаратура правіць

Спасылкі правіць