Віктар Фёдаравіч Януковіч
Ві́ктар Фёдаравіч Януко́віч (укр.: Віктор Федорович Янукович; нар. 9 ліпеня 1950, Янакіева, Сталінская вобласць, УССР) — украінскі палітычны і дзяржаўны дзеяч, чацвёрты прэзідэнт Украіны з лютага 2010 года да адхілення ад улады ў лютым 2014 года[9][10].
Біяграфія
Нарадзіўся 9 ліпеня 1950 года ў рабочым пасёлку Жукаўцы ля горада Янакіева Сталінскай вобласці (цяпер — Данецкая вобласць). Бацька Фёдар Уладзіміравіч (1923—1991), беларус, быў машыністам паравоза, паходзіў з вёскі Янукі Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці, з якой жыхары сыходзілі на заробкі на шахты[11]. Маці Вольга Сямёнаўна (1925—1952), руская, працавала медсястрой.
Быў двойчы судзімы (15 снежня 1967 і 8 чэрвеня 1970) — прасядзеў у турме за крымінальныя злачынствы, у агульным, тры з паловай гады. У 1978 годзе судзімасці былі знятыя.
Скончыў Данецкі політэхнічны інстытут, Украінскую акадэмію знешняга гандлю.
У 1970—1990-я гады — на інжынерных і кіруючых пасадах у аўтатранспартнай сістэме Данбаса, у т.л. генеральным дырэктарам вытворных аб’яднанняў «Данбастрансрамонт», «Укрвуглепрамтранс». З 1996 года — намеснік кіраўніка, з 1997 па 2002 год з’яўляўся губернатарам Данецкай вобласці, адначасова ў 1999—2001 гадах — старшыня Данецкага абласнога савета.
З 21 лістапада 2002 года па 31 снежня 2004 года з’яўляўся прэм’ер-міністрам Украіны пад кіраўніцтвам прэзідэнта Леаніда Кучмы. У знешняй палітыцы кабінет Януковіча лічыўся блізкім да Расіі, але заяўляў пра падтрымку членства Украіны ў Еўрапейскім Саюзе.
Паводле афіцыйных вынікаў рэферэндуму, у 2004 годзе Януковіч, які быў адным з асноўных кандыдатаў на прэзідэнцкую пасаду, упершыню быў абраны прэзідэнтам, перамогшы свайго апанента Віктара Юшчанку ў другім туры, але на фоне шырокараспаўсюджаных грамадзянскіх пратэстаў і мітынгаў на плошчы Незалежнасці ў Кіеве (вядомых пад назвай «Аранжавая рэвалюцыя» (укр.: Помаранчева революція) Вярхоўны суд Украіны прызнаў несапраўднымі вынікі другога туру выбараў з-за вялікай колькасці абвінавачванняў у фальсіфікацыях і запалохваннях выбаршчыкаў і прызначыў паўторныя выбары. У выніку паўторных выбараў Юшчанка стаў прэзідэнтам краіны.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў Януковіч пайшоў у адстаўку з пасады прэм’ер-міністра, аднак застаўся ў апазіцыі і выступіў з крытыкай эканамічнага курсу прэзідэнта і новага прэм’ер-міністра Юліі Цімашэнкі. На парламенцкіх выбарах 2006 года перамагла «Партыя рэгіёнаў», кіраўніком якой быў Януковіч, а 4 жніўня 2006 года, пасля зацяжнога палітычнага крызісу ва Украіне, ён у другі раз стаў прэм’ер-міністрам, якім заставаўся да 18 снежня 2007 года.
У 2010 годзе Януковіч перамог Юлію Цімашэнка ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў, заняўшы пасаду кіраўніка дзяржавы. Януковіча абвінавачвалі ў спробе цэнтралізацыі ўлады і знішчэння галоўнай апазіцыйнай партыі «Блока Юліі Цімашэнка», кіраўніца якога ў 2011 годзе была асуджаная на сем гадоў турэмнага заключэння, а супраць яе саратнікаў па другім урадзе былі ўзбуджаныя крымінальныя справы, што было расцэнена міжнароднай супольнасцю як палітычны пераслед. Апроч таго ў судовым парадку была скасаваная палітычная рэформа 2004 года, якая аслабляла паўнамоцтвы прэзідэнта, і была адноўлена канстытуцыя 1996 года.
У лістападзе 2013 года пачалася серыя падзей, у выніку якіх Януковіч страціў пасаду прэзідэнта. Ён адхіліў Пагадненне аб асацыяцыі з ЕС і замест гэтага абраў расійскі крэдыт і больш цесныя сувязі з Расіяй. Гэта прывяло да народных пратэстаў і заняцца плошчы Незалежнасці ў Кіеве (украінская праеўрапейскі настроеная моладзь назвала гэтыя падзеі «Еўрамайдан» (укр.: Євромайдан)). У студзені 2014 года Еўрамайдан ператварыўся ў кровапралітныя сутыкненні на Майдане Незалежнасці і ў іншых раёнах Украіны, калі ўкраінскія грамадзяне сутыкнуліся з атрадамі Беркута і іншымі падраздзяленнямі міліцыі. У лютым 2014 года Украіна апынулася на мяжы грамадзянскай вайны, калі жорсткія сутыкненні паміж дэманстрантамі і войскамі спецпадраздзяленняў прывялі да вялікай колькасці загінулых і параненых. 21 лютага 2014 года Януковіч заявіў, што пасля працяглых дыскусій ён дасягнуў пагаднення з апазіцыяй. Аднак у той жа дзень ён адправіўся са сталіцы ў Харкаў, пасля чаго праз Крым з’ехаў на поўдзень Расіі.
22 лютага 2014 года ўкраінскі парламент прыняў пастанову, якой канстатаваў, што прэзідэнт неканстытуцыйным чынам самаўхіліўся ад ажыццяўлення канстытуцыйных паўнамоцтваў і не выконвае свае абавязкі. Улічваючы самавольнае знікненне прэзідэнта, Вярхоўная Рада Украіны прызначыла на 25 мая датэрміновыя выбары Прэзідэнта і праз два дні выдала ордар на арышт Януковіча, абвінаваціўшы яго ў «масавых забойствах грамадзянскага насельніцтва». Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, парламент Украіны не адхіляў Прэзідэнта ад пасады, а толькі канстатаваў незаконныя ўцёкі кіраўніка дзяржавы (яго самаўхіленне), у выніку якіх ён дэ-факта перастаў выконваць свае абавязкі.
Пасля ад’езду Януковіч правёў некалькі прэс-канферэнцый, у адной з якіх заявіў, што застаецца легітымным кіраўніком дзяржавы. Аднак, паводле сацыялагічнага апытання ў 2014 годзе, толькі 4,9 % рэспандэнтаў выказалі жаданне вяртання Януковіча на пасаду прэзідэнта Украіны.
3 кастрычніка 2014 года некалькі інфармацыйных агенцтваў паведамілі, што, паводле заявы, зробленай памочнікам міністра ўнутраных спраў Украіны Антонам Герашчанкам, «сакрэтным указам» Уладзіміра Пуціна Януковіч атрымаў расійскае грамадзянства. У той жа дзень прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што ён нічога не ведае пра гэта і не бачыў такога ўказа.
Зноскі
- ↑ Указ Президента України № 9/2005 від 5 січня 2005 року «Про відставку Кабінету Міністрів України» . (укр.)
- ↑ Ва Украіне пачалася кампанія перад 2-м турам галасавання(недаступная спасылка). ІТАР-ТАСС (26 студзеня 2010). Праверана 1 лютага 2010. ]
- ↑ Віктар Януковіч(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 1 кастрычніка 2006. Праверана 4 снежня 2013.
- ↑ Глядзі лентапедыю(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 19 чэрвеня 2016. Праверана 4 снежня 2013.
- ↑ Ray M. Viktor Yanukovych // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Wiktor Janukowitsch // Brockhaus Enzyklopädie Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Ray M. Viktor Yanukovych // Encyclopædia Britannica Праверана 4 мая 2024.
- ↑ Viktor Yanukovych // https://www.europarl.europa.eu/meetdocs/2004_2009/documents/dv/cvyanukovy/cvyanukovych.pdf Праверана 4 мая 2024.
- ↑ http://w1.c1.rada.gov.ua/pls/radan_gs09/ns_golos?g_id=3863 Постанова про усунення і результати голосування по ній на сайті верховної ради України (укр.)
- ↑ Рада усунула Януковича — на сайті Української правди (укр.)
- ↑ Корни политиков: атаман из Хоружевки и Кужель-Долгорукая
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.18 Кн.1: Дадатак: Шчытнікі — ЯЯ / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. — Т. 18. — С. 276. — 472 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0295-4 (Т. 18 Кн. 1).
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Віктар Фёдаравіч Януковіч