Гродзенская турма
Гродзенская турма — турма № 1, размешчаная на вул. Кірава, 1 у гістарычным цэнтры Гродна.
Славутасць | |
Гродзенская турма | |
---|---|
| |
53°40′44″ пн. ш. 23°49′55″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Гродна |
Дата заснавання | 1820 |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000028 |
Заснаваная ў 1820 г., з’яўляецца найстарэйшай дзейнай турмой на тэрыторыі Беларусі. Лічыцца самай строгай турмой у Беларусі[1]. Комплекс складаецца з уласна турмы і СІЗА. У СІЗА вязні ўтрымліваюцца да суда і да адпраўкі на месца адбывання пакарання.
Гiсторыя
правіцьГродзенская турма займае амаль цэлы квартал на месцы былога езуіцкага калегіума. Турэмны замак з 1820 г. неаднаразова перабудоўваўся і рамантаваўся.
У першай палове ХІХ ст. у турме захоўваўся саслоўны прынцып размеркавання зняволеных. Шляхту трымалі асобна ад іншых арыштантаў. На утрыманне вышэйшага саслоўя выдаткоўвалася ў 1,5-2 разы больш сродкаў, чым на арыштантаў ніжэйшага стану.
Да канца 30-х гг. ХІХ ст. арыштанты самі куплялі ежу, а грошы на яе ім выдавалі на рукі. Пасля прадукты сталі закупаць і пастаўляць цэнтралізавана. Рацыён складаў хлеб у норме 2 ½ фунты (1,14 кг), а таксама танныя крупы, гарох, капуста, шчаўе (у сезон), буракі, як запраўка — сала ці алей. У 1838 г. быў створаны гродзенскі Апякунскі камітэт па справах турмы.
Акрамя гарадскога астрога ў 1830-50-я гг. як вязніцы выкарыстоўвалі кармеліцкі, дамініканскі, бернардзінскі і некаторыя жаночыя кляштары, маёнтак Станіславова. Праз рэзкае павелічэнне колькасці арыштантаў, пераважна палітычных, няпрофільнае выкарыстанне гэтых месцаў спынілася.
У гродзенскім астрогу асобна ад зняволеных жыў гарадскі кат. Іх рэкрутавалі з ліку былых вязняў, прафесія была адна з найменш прэстыжных. Кат атрымліваў удвая большае грашовае ўтрыманне, чым зняволеныя. Ён здзяйсняў пакаранні пугай (забаронена ў 1845 г.), бізуном, розгамі. Фізічныя пакаранні выносілі абавязкова публічна. Для гэтага з 1840-х на цэнтральнай плошчы горада ставілі эшафот з прэнгерам (слупом ганьбы).
Гродзенская турма актыўна выкарыстоўвалася як перасыльны цэнтр і этапны пункт. Там акумулявалі арыштантаў, асуджаных судамі розных гарадоў Гродзенскай губерні на катаргу, пасяленне ў Сібір, адпраўку ў арыштанцкія роты ці ў салдаты. Там жа начавалі перасыльныя з суседняга Царства Польскага перад адпраўкай далей. Апошняя катэгорыя вязняў дамінавала сярод іншых.
Толькі з сярэдзіны ХІХ ст. гродзенскую турму пачалі выкарыстоўваць як месца адбыцця пакарання. Да гэтага часу яе асноўнай фунцыяй было зняволенне на час следства. Асноўным жа пакараннем была катарга.
У 1853 г. да корпуса турэмнага замка прыбудавалі два флігелі з дзесяццю камерамі для адзіночных падследчых.
У 1854 г. на ніжнім паверсе паезуіцкага кляштара, які прылягаў да астрога, з’явіліся пяць камер для ўтрымання вязняў пасля прысудаў. Умяшчальнасць астрога склала трохі больш за 90 чалавек. Рэальна арыштантаў магло быць нашмат больш. У турме панавалі смурод, вільгаць, холад і недахоп святла. Не было каналізацыі і ацяплення, адсутнічалі або былі моцна пашкоджаныя драўляныя падлогі, сцены былі нетынкаваныя, у многіх камерах у вокнах не было шкла, іх забівалі дошкамі. Ваду дастаўлялі ў бочках з Нёмана.[2]
Турма ў часы паўстаняя 1863—1864 гадоў
правіцьУ 1863 г. ў гродзенскай турме ўтрымлівалі мясцовых паўстанцаў. Сярод арыштаваных 48,6 % складала шляхта, 7,4 % — мяшчане, чыноўнікаў было 13, ксяндзоў — два. Большасць арыштаваных прымалі непасрэдны ўдзел у паўстанні Каліноўскага, каля 30 утрымлівалі «па падазрэнні».
Арыштантаў стала так шмат, што ўлады пачалі шукаць новыя памяшканні і спрабавалі выкарыстаць як турму гродзенскі Стары замак. Умовы ўтрымання там таксама былі цяжкімі. Гродзенскую ваенна-следчую камісію расфарміравалі толькі ў траўні 1866 г. Да гэтага ўлады працягвалі змаганне з гродзенскімі мяцежнікамі.[2]
Пасля паўстання 1863 г. гродзенская турма стала самай буйной у губерні. Тут стварылі вытворчыя майстэрні, дзе зняволеныя рабілі кайданы, ланцугі, адзенне і абутак для іншых турмаў. Гэта была адна з найбуйнейшых турмаў у Паўночна-Заходнім краі Расійскай імперыі.[3]
Турма ў XX стагоддзі
правіцьПаміж Першай і Другой сусветнымі войнамі гродзенская турма называлася Гродзенскай следча-карнай турмой. У сярэднім там адначасова знаходзілася каля 600 мужчын і 100 жанчын. Не менш за чвэрць, а ў час палітычных рэпрэсій і больш, складалі палітычныя вязні, пераважна камуністы і беларускія дзеячы.[2]
У лютым 1939 г. у гродзенскай турме ўтрымлівалі 1 027 мужчын і 79 жанчын. Каля 35 % вязняў былі палітычнымі, у тым ліку 304 камуністы і 71 «шпіён». У жніўні 1939 колькасць вязняў зменшылася да 935 мужчын і 65 жанчын. Сярод іх 369 былі камуністамі, колькасць «шпіёнаў» не змянілася.[4] Умовы ў гродзенскай турме тады лічыліся аднымі з найбольш цяжкіх у Польшчы.
Пасля заняцця Гродна савецкімі войскамі гродзенская турма зноў была перапоўнена: саветы арыштоўвалі мясцовае насельніцтва за супраціў, у тым ліку прэвентыўна. На пачатку чэрвеня 1941 г. у турме знаходзілася больш за 1750 вязняў.[2]
22 чэрвеня 1941 г., калі немцы атакавалі Савецкі саюз, кіраўніцтву турмы загадалі перад эвакуацыяй растраляць вязняў. Частку з іх паспелі забіць у камерах. Адна з нямецкіх бомбаў упала на тэрыторыю турмы, гэта дазволіла некаторым зняволеным уцякчы.[5]
У час Другой сусветнай вайны на тэрыторыі гродзенскай турмы было забіта каля дзвюх тысяч мірных грамадзян, мяркуе гродзенская пракуратура. У 2005 г. у час рамонтных работ каля ўсходняй сцяны турмы знайшлі фрагменты костак. Парэшткі пакінулі на месцы выяўлення. У час кропкавых раскопак пракуратура выявіла парэшткі костак людзей са слядамі тэрмічнага ўздзеяння.[6]
У савецкі час гродзенскую турму называлі «чырвонай зонай». Тут пабывала шмат злодзеяў у законе — з іх «здымалі карону», перавыхоўвалі гэтых прадстаўнікоў крымінальнага свету.[3]
Сучаснасць
правіцьТурма складаецца з трох будынкаў XVI — 3 часткі XVIІІ ст., чатырох карпусоў канца ХІХ — пачатку ХХ ст. і пазнейшых пабудоў. Будынкі былога кляштара езуітаў прызнаныя матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «2» (рэспубліканскага значэння).
У будынка турмы 1688 г. пабудовы (паводле дакументаў) тры паверхі і адзін — падземны, ёсць тунэль. Агульная плошча — 3500 кв.м. 1335 кв.м. адведзена пад камеры, 1230 — пад адміністрацыйныя памяшканні, 26 — пад гандлёвыя. 15 кв.м. займаюць памяшканні аховы здароўя, 116 — адукацыйныя, 26 — культурна-асветніцкія. 69 кв.м. адведзены пад лазню.
У 2023 г. правялі капітальны рамонт гістарычнага будынка. Замянілі вентыляцыю, дахавае пакрыццё, вадасцёкавую сістэму і афарбоўку фасадаў. Для рамонта будынка кляштара быў атрыманы дазвол Міністэрства культуры.[7]
У 2015 г. каля гродзенскай турмы па адрасе вул. Кірава, 6 адкрылі музей турэмнага побыту. Экспазіцыя займае тры пакоі.[8] Трапіць могуць групы па папярэднім запісе.
У пачатку 2000-х гг. улады прапанавалі езуітам выкупіць сваю колішнюю маёмасць за 18 мільёнаў долараў. Прапанову не прынялі.[9]
Вынесці турму з гістарычнага цэнтра Гродна збіраліся яшчэ паводле Генплана 1988 г. Да пытання вярнуліся ў зацверджаным Генплане развіцця горада да 2030 г. Архітэктары прапанавалі захаваць гістарычныя будынкі, узведзеныя да пачатку ХХ ст., астатняе — знесці. У вызваленых будынках — размясціць гатэль з рэстаранам, медыцынскі цэнтр, выставачную прастору.[10]
Вядомыя вязні
правіцьВольф Месінг
Пасля падзей 2020 года
правіцьДзяніс Івашын
Крыніцы
правіць- ↑ Здесь сидели Наполеон Орда, Феликс Дзержинский, Бронислав Тарашкевич. Экскурсия по Гродненскому музею тюремного быта .(недаступная спасылка)
- ↑ а б в г “Гародня Х–ХХ стст. Каралеўскі горад з правінцыйным лёсам / пад рэд. А.Ф.Смаленчука. — Гродна-Уроцлаў: Kolegium Europy Wschodniej im. Jana Nowaka-Jeziorańskiego, 2014. — 514 с. — ISBN 978-83-7893-160-7.
- ↑ а б |, Ольга КОМЯГИНА. Гродненская тюрьма: самый дерзкий побег, кружки из мякиша и знаменитые сидельцы (руск.). kp.ru - (26 лістапада 2015). Праверана 19 студзеня 2024.
- ↑ Міхайлік Л. [https://kamunikat.org/garadzenski-sotsyum-2013-gistoryya-i-pamyats-xv-xx-stst Гародня ў 1939 г.: напярэдадні вайны // Гарадзенскі соцыум 2013. Гісторыя і памяць. XV-XX cтст. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі (Гародня, 9-10 лістапада 2013 г.)] / Пад рэд. А.К.Краўцэвіча і А.Ф.Смаленчука. — Гродна, 2014. — С. 279. — 329 с.
- ↑ У памяць аб забітых у Гродзенскай турме ўсталююць мемарыяльную шыльду. Пракуратура кажа, што там забівалі немцы і нацыяналісты . Hrodna.life (24 чэрвеня 2022). Праверана 19 студзеня 2024.
- ↑ Пронкевич, О.. Останки нескольких человек обнаружены в гродненской тюрьме(нявызн.). Гродно Плюс. Новости Гродно и области | Телевидение Гродно.. Праверана 19 студзеня 2024.
- ↑ Новік, Ірына. У Гродне адрамантуюць турму. За 500 000 рублёў . Hrodna.life (22 лютага 2023). Праверана 19 студзеня 2024.
- ↑ Фотафакт: У Гродне адкрыўся музей турэмнага побыту – Твой стыль (20 жніўня 2015). Праверана 19 студзеня 2024.
- ↑ Ксендз Казимир Жилис о борьбе с атеизмом, гродненской тюрьме и личных качествах нового папы римского (руск.) . Новости — Новости и события Гродно. Вечерний Гродно (15 красавіка 2013). Праверана 19 студзеня 2024.
- ↑ У Гродне з'явяцца тры пешаходныя масты і зона адпачынку замест порта. Што яшчэ чакае цэнтр горада? . Hrodna.life (19 студзеня 2024). Праверана 19 студзеня 2024.
- ↑ Справа Андэрсана: як англічанін трапіў у гродзенскую турму ў 1863 годзе . Hrodna.life (19 студзеня 2024). Праверана 19 студзеня 2024.
- ↑ Топ-7 палітвязняў гарадзенскай турмы – Твой стыль (16 лістапада 2012). Праверана 19 студзеня 2024.