Гісторыя Пакістана

Пакістанская зямля стала калыскаю старажытнаіндыйскай цывілізацыі. На працягу гісторыі тут кіравалі індусы, грэкі, мусульмане, татара-манголы, сікхі, афганцы. У ХІХ ст. ўся тэрыторыя сучаснага Пакістана ўвайшла ў склад Брытанскай Індыі. Пакістан абвясціў незалежнасць 14 жніўня 1947 года. Пакістан — адзіная ў сваеце дзяржава, створаная па рэлігійнай прыкмеце. 23 мая 1956 года ўступіў у сілу Статут, паводле якога Пакістан стаў першай у свеце ісламскай рэспублікай (Дзень Рэспублікі). У выніку вайны з Індыяй (1971) Усходні Пакістан выйшаў са складу дзяржавы і стаў незалежнай рэспублікай Бангладэш. З 1998 года Пакістан — адзіная краіна ісламскага свету, якая мае ядзерную зброю.

Старажытны перыяд правіць

 
Статуэтка жраца з Махенджа-Дара

У III—II тысячагоддзях да н. э. на тэрыторыі Пакістана быў цэнтр адной з самых старажытных цывілізацый у гісторыі чалавецтва — Харапскай. У II тыс. да н. э. тэрыторыю Пакістана засялілі арыі. Пасля паходаў Аляксандра Македонскага ў заходнеіндыйскія мегаполісы (такія, як Таксіла) пранікае дух элінізму. Утвараецца магутнае Кушанскае царства — першы ачаг распаўсюджвання будызму.

З VIII ст. н. э. на тэрыторыі краіны пачынаецца распаўсюджванне ісламу. У сярэднія вякі ўтвараюцца буйныя мусульманскія дзяржавы на чале з Газневідамі і Гурыдамі. У XIII ст. тэрыторыя ўваходзіць у склад Мангольскай імперыі. Пасля распаду Мангольскай імперыі тэрыторыя ўваходзіць у дзяржаву Цімурыдаў, якая распадаецца на некалькі дзяржаў. Адзін з прадстаўнікоў дынастыі Цімурыдаў у XVI ст. заснаваў імперыю Вялікіх Маголаў, пасля распаду якой у XVIII ст. адбываецца ўздым сікхскага нацыяналізму ў Сіндзе, Белуджыстане, Пенджабе.

Каланіяльны перыяд правіць

У XIX ст. тэрыторыя сучаснага Пакістана была захоплена англійскімі войскамі і ўключана ў склад Брытанскай Індыі. Супрацьстаянне паміж індуізмам і ісламам раскалола Брытанскую Індыю і прывяло да гвалту на рэлігійнай глебе. Таму яшчэ да набыцця незалежнасці была відавочнай неабходнасць стварыць на месцы калоніі дзве дзяржавы, размежаваўшы тэрыторыю па рэлігійным прынцыпе. Адным з духоўных заснавальнікаў мусульманскай дзяржавы быў паэт Ікбал, кіраўнік Мусульманскай Лігі, арганізацыі прыхільнікаў самастойнага развіцця мусульманскіх тэрыторый. Менавіта Ікбал прапанаваў у 1930 годзе стварыць незалежную мусульманскую дзяржаву, у якую ўвайшлі б Пенджабе, Сінд, Паўночна-заходняя пагранічная правінцыя (ПЗПП) і Белуджыстан. Назву для дзяржавы яшчэ ў 1933 годзе прапанаваў студэнт-мусульманін Чаудхуры Рахмат Алі, які вучыўся ў Кембрыджы. Пакістан літаральна азначае «краіна чыстых», гэта акронім: «П» — ад Пенджаба, «А» — ад афганцаў з мяжы (гэта значыць пуштунаў ПЗПП), «К» — ад Кашміра, «С» — ад Сінда, а «тан» — ад Белуджыстана. 23 сакавіка 1940 года ў Лахоры была прынята гістарычная Лахорская рэзалюцыя, якая абвяшчала прынцыпы існавання мусульманскай абшчыны ў незалежнай дзяржаве.

Сучасны перыяд правіць

У 1947 годзе пры раздзеле Брытанскай Індыі дзякуючы намаганням Мусульманскай лігі[1] утварылася дзяржава Пакістан, у якую ўвайшлі паўночна-ўсходнія і паўночна-заходнія раёны Індастана пераважна з мусульманскім насельніцтвам. Першым генерал-губернатарам Пакістана ў якасці самастойнай адміністрацыйнай адзінкі быў Джына, першым прэм’ер-міністрам краіны — Ліякат Алі Хан. 28 лютага 1956 года Устаноўчы Сход Пакістана зацвердзіў Статут дзяржавы. У 1958 годзе ў краіне адбыўся першы ваенны пераварот, да ўлады прыйшоў генерал Мухамед Аюб Хан.

У 1965 і 1971 гадах Пакістан вёў войны з Індыяй. У 1971 годзе Усходні Пакістан становіцца незалежнай дзяржавай Бангладэш. У 1977 годзе адбыўся ваенны пераварот. У 1980-я Пакістан выступаў на баку ЗША і падтрымліваў маджахедаў, якія вялі антыўрадавую вайну ў суседнім Афганістане. У Пакістане размяшчаліся трэніровачныя лагеры маджахедаў. Пасля гібелі прэзідэнта Зія-уль-Хака у авіяцыйнай катастрофе 17 жніўня 1988 года ўлада перайшла да грамадзянскага ўрада.

Выконваючы абавязкі прэзідэнта Гулам Ісхак Хан прызначыў новыя выбары ў парламент, на якіх Пакістанская народная партыя атрымала адносную большасць. Прэм’ерам краіны стала Беназір Бхута. Новы ўрад вярнуў дэмакратычныя правы і свабоды і адмяніў надзвычайнае становішча. Тым не менш, сітуацыя ў краіне працягвала пагаршацца, раз-пораз успыхвалі ўзброеныя сутыкненні ў Сіндзе. У жніўні 1990 года ўрад Бхута быў адпраўлены ў адстаўку. Пасля праведзеных выбараў новым прэм’ерам стаў Наваз Шарыф.

У 1990-я гады адбываецца развіццё ядзернай праграмы Пакістана пад кіраўніцтвам Абдул Кадыр Хана, што стала прычынай увядзення ЗША санкцый супраць Пакістана. У 1999 годзе адбыўся ваенны пераварот, да ўлады прыйшоў генерал Первез Мушараф.

З пачатку 2000-х гадоў паўночна-заходні рэгіён Пакістана Вазірыстан з’яўляецца апорай руху Талібан. У 2004 годзе талібы захапілі фактычную ўладу ў рэгіёне. Пасля 11 верасня 2001 года Пакістан афіцыйна спыніў падтрымку рэжыму талібаў і падтрымаў умяшанне ЗША супраць талібаў.

18 лютага 2008 года ў Пакістане прайшлі ўсеагульныя выбары, якія з-за забойства Беназір Бхута былі перанесены з 8 студзеня 2008 года. На выбарах Пакістанская народная партыя атрымала большасць галасоў і сфарміравала альянс з Пакістанскай мусульманскай лігай. 18 жніўня 2008 года Первез Мушараф сышоў з пасады прэзідэнта Пакістана ва ўмовах пагрозы імпічмента. У ходзе прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся пасля гэтага, кандыдат Пакістанскай народнай партыі Асіф Алі Зардары атрымаў перамогу і стаў прэзідэнтам Пакістана.

Паводле даных на чэрвень 2009 года[2] тэрыторыі Пакістана, пагранічныя з Афганістанам, амаль не кантралююцца ўладамі гэтай дзяржавы. 7 мая 2009 года прэм’ер-міністр Пакістана Юсуф Рэза Гілані аб’явіў, што ён аддаў загад арміі знішчыць тэрарыстаў. Пачаліся баі з прымяненнем авіяцыі, танкаў і артылерыі з мэтай захапіць адміністрацыйны цэнтр акругі Сват — горад Мінгора.

28 красавіка 2011 года адбыўся пагранічны канфлікт паміж Афганістанам і Пакістанам каля горада Ангур-Ада  (англ.). 12 салдат узброеных сіл Афганістана і адзін пагранічнік Пакістана загінулі ў ходзе бою. Тры пакістанскія пагранічнікі і восем мірных жыхароў Ангур-Ады атрымалі раненні[3].

Крыніцы правіць

  1. История Пакистана 2008, с. 63.
  2. Пакистан//Военное зарубежное обозрение, № 6 2009
  3. "Pak-Afghan relations: Border clash mars peace overtures". 28 апреля 2011. {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка)

Літаратура правіць

  • Белокреницкий В. Я., Москаленко В. Н. История Пакистана. XX век : (ru). — Крафт+, 2008. — ISBN 978-5-93675-137-0.