Давід Аронавіч Якерсон
Давід Аронавіч Якерсон (15 сакавіка (27 сакавіка) 1896, Віцебск — 1947, Масква) — савецкі скульптар, графік, афарміцель.
Давід Якерсон | |
---|---|
| |
Дата нараджэння | 15 (27) сакавіка 1896 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 28 красавіка 1947[1] (51 год) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | СССР |
Род дзейнасці | скульптар |
Жанр | скульптар, графік, афарміцель |
Вучоба | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьЗаймаўся ў І. Пэна ў сярэдзіне 1900-х у Віцебску разам са сваёй будучай жонкай Аленай Кабішчар, вучыўся там жа ў Гандлёвым вучылішчы. Затым працягвае навучанне на будаўнічым факультэце Рыжскага політэхнічнага інстытута, які быў эвакуяваны ў Маскву. З 1918 па 1922 год вучыўся ў Вышэйшых мастацка-тэхнічных майстэрнях у вядомых скульптараў — акадэмікаў Сяргея Валнухіна, Івана Яфімава і Барыса Каралёва.
Удзельнічаў у 1918 годзе пад кіраўніцтвам Марка Шагала ў афармленні Віцебска да Першай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. У пасведчанні, атрыманым Якерсонам, сам Шагал сведчыць: «Тов. Якерсон в бытность свою в Витебске беспрерывно работал в Губернской Комиссии по украшению города к Октябрьской годовщине и числился членом означенной комиссии. Губ. уполномоченный по делам искусств Марк Шагал»[2].
З 28 сакавіка 1919 года служыў інструктарам педагагічнай секцыі пададдзела выяўленчых мастацтваў аддзела народнай адукацыі Віцебскага гарадскога савета. З 15 мая становіцца кіраўніком скульптурнай майстэрні Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, устанаўлівае помнікі Карлу Марксу ў Полацку і Невелі, Льву Гарфункелю ў Янавічах.
Уваходзіў у створанае Казімірам Малевічам таварыства УНОВИС. Большасць супрэматычных работ Якерсона датаваныя 1920 годам. Многія з іх экспанаваліся на выставах УНОВИСа 1920 года ў Віцебску і Маскве.
Рэалізацыя плану манументальнай прапаганды ў Віцебску запомнілася ўстаноўкай у маі 1920 года помнікаў Карлу Марксу і Карлу Лібкнехту работы Якерсона. Манументальныя супрэматычныя пастаменты помнікаў спалучаліся з кубістычнымі бюстамі правадыроў пралетарыяту. Тэхналогія, ужытая скульптарам, была таннай і наватарскай — бюсты выразаліся з паўзацвярдзелай масы цэменту. Гэтыя помнікі аказаліся недаўгавечнымі, і ў сярэдзіне 1920-х іх знеслі[3].
У 1921 годзе скульптар быў на некалькі тыдняў камандзіраваны ў Стаўрапаль для ўстаноўкі помніка Якаву Свярдлову. Неўзабаве Якерсон пераязджае ў Маскву і працягвае займацца ў ВХУТЕМАСе.
У 1926 годзе ўваходзіць у Саюз расійскіх скульптараў і пачынае прымаць удзел у выстаўках гэтага аб’яднання ў Маскве.
Супрацоўнічае з Дзяржаўным цэнтральным музеем народазнаўства ў Маскве — захавалася вялікая колькасць малюнкаў тыпаў і аб’ектаў архітэктуры Малдовы, скульптуры з дрэва «Тунгус», «Абісінка», «Каўказскі яўрэй». Тэматыка манументальнай прапаганды працягваецца ў вобразах Сцяпана Разіна, Емяльяна Пугачова, Салавата Юлаева, Івана Мічурына, помніка Леніну ў Таганрогу, цэлай галерэі ўвасабленняў людзей працы.
Якерсон тонка адчувае фактуру дрэва і становіцца вядомым майстрам у гэтым кірунку. У 1935 годзе прымае ўдзел у выстаўцы скульптуры ў дрэве, дзе прадстаўляе групавыя кампазіцыі: «Плытагоны», «Спартсмен», «Дэкаратыўная кампазіцыя»[4].
Нягледзячы на нападкі, скульптар працягвае працаваць, удзельнічае ў выстаўках, выконвае розныя заказы, у тым ліку на скульптурнае афармленне санаторыя «Курпаты» ў Ялце, павільёна «Башкірыя» на Выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве. Падчас вайны Якерсон застаецца ў сталіцы. У 1943 годзе на выстаўцы «Вялікая Айчынная вайна», якая праходзіла ў Траццякоўскай галерэі, ён прадставіў кампазіцыю «Аляксандр Неўскі».
Пераход ад эксперыментальных жывапісных і графічных прац да распрацоўкі сюжэтаў выключна фігурнай скульптуры — вымушаная ўмова выжывання Якерсона, як і многіх іншых савецкіх мастакоў у 1930-я гады.
Памёр 28 красавіка 1947 года.
Яго працы на працягу дзесяцігоддзяў захоўвала ўдава. Толькі на выстаўках у 1990—2000-я ў Мастацкім музеі Віцебска прадстаўляюцца работы майстра. Затым ідуць персанальная выстаўка ў аддзеле прыватных калекцый Дзяржаўнага музея выяўленчых мастацтваў (Масква, 2000), выстаўка «У коле Малевіча» (Рускі музей, 2000). У 2018—2019 гадах творы Якерсона з Віцебскага музея і прыватных збораў экспануюцца на выстаўцы «Шагал, Лісіцкі, Малевіч. Рускі авангард у Віцебску» (у парыжскім Цэнтры Жоржа Пампіду і Яўрэйскім музеі ў Нью-Ёрку).
Некаторыя работы мастака захоўваюцца ў Рускім музеі, Траццякоўскай галерэі, шэрагу іншых музеяў Расіі, Музеі Марка Шагала ў Віцебску, але Віцебскі абласны краязнаўчы музей валодае самым буйным зборам твораў аўтара. Пры стварэнні Музея гісторыі Віцебскага мастацкага вучылішча творчасці Давіда Якерсона супрэматычнага перыяду была адведзеная асобная зала[3].
Вядомыя скульптурныя працы
правіць- 1920 — Помнік Карлу Марксу, Віцебск.
- 1921 — Помнік Якаву Свярдлову, Стаўрапаль.
- 1935 — Помнік Леніну, Таганрог. Знішчаны нямецкімі ўладамі пры акупацыі горада ў 1941 годзе.
Зноскі
- ↑ Delarge J. David YAKERSON // Le Delarge — Paris: Gründ, Jean-Pierre Delarge, 2001. — ISBN 978-2-7000-3055-6
- ↑ Михневич Л. Художник Давид Якерсон: оформление первых революционных празднеств (Витебск, 1918—1923 гг.) // Авангард и Культуры: искусство, дизайн, среда. Материалы Международной научной конференции 17 — 19 мая 2007 г., Минск: Беларусь, 2007. С.116 — 124.
- ↑ а б Шышанаў Валерый. Робаты і кубістычныя правадыры Давіда Якерсона(недаступная спасылка) // Мастацтва. № 2. 2020.
- ↑ Коненкова А. К. Элементы народной резьбы по дереву в деревянной скульптуре Беларуси и России 1 пол. XX вв. С. Т. Коненков, Д. А. Якерсон. Славянский мир в третьем тысячелетии, 2016.
Літаратура
правіць- Кичина Е. М. Переписка Ю. М. Пэна с Д. А. и Е. А. Якерсонами и И. Е. Мальциным // Паведамленні Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Вып.2. Мн.: Беларуская навука, 1997. С. 76-90.
- Казовский Г. Художники Витебска. Иегуда Пэн и его ученики. = Kasovsky G. Artists from Vitebsk. Yehuda Pen and his pupils. Москва: «Имидж», 1992.
- Шишанов, В. Материалы о Ю. М. Пэне в РГАЛИ / В. Шишанов. // Малевич. Классический авангард. Витебск — 11: [альманах / ред. Т. Котович]. — Минск: Экономпресс, 2009. — С.42-55.
- Шышанаў, В. Робаты і кубістычныя правадыры Давіда Якерсона / В. Шышанаў // Мастацтва. — 2020. — № 2. — С. 27-29.