Дорсет (культура)

Культура Дорсет (англ.: Dorset culture, дацк.: Dorset-kulturen, фр.: Culture de Dorset) — археалагічная культура палеаэскімосаў. Існавала ў сярэдзіне 1 тысячагоддзя да н. э. - сярэдзіне 2 тысячагоддзя н. э. Ахоплівала Грэнландыю, Канадскі Арктычны архіпелаг, прыбярэжныя раёны на поўдзень ад яго, у тым ліку паўвостраў Лабрадор і востраў Ньюфаўндленд.

Дорсет
Каменны век
Рэшткі жытла носьбітаў культуры Дорсет
Геаграфічны рэгіён Арктыка
Лакалізацыя Грэнландыя, Канада
Датаванне сярэдзіна 1 тысячагоддзе да н.э.— сярэдзіна 2 тысячагоддзе н.э.
Носьбіты палеаэскімосы
Тып гаспадаркі паляванне, рыбалоўства
Пераемнасць
Індэпэндэнс I Туле
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Атрымала назву паводле абшчыны мыс Дорсет у Нунавуце (Канада), дзе была знойдзена ў 1925 г.

Паходжанне правіць

Генетычныя даследаванні 2010 г. паказалі, што прадстаўнікі культуры Дорсет паходзяць з Сібіры і не звязаны з сучаснымі эскімосамі Канады і Грэнландыі, якія бяруць пачатак ад культуры Туле[1]. Група дорсетцаў сфарміравалася каля 4500 гадоў таму і мела толькі 1 жанчыну ў якасці продка. Іх колькасць ніколі не была вялікай — каля 3000 на тэрыторыі Канады і 1000 на тэрыторыі Грэнландыі. Даследчыкі адзначаюць надзвычайную ізаляванасць дорсетцаў ад іншых народаў Паўночнай Амерыкі, што, магчыма, тлумачыцца іх рэлігійнымі вераваннямі.

Археолагі адзначаюць, што культура Дорсет сфарміравалася на тэрыторыі паўночнай Канады на аснове так званай прэ-Дорсетскай археалагічнай культуры 2000 - 500 гг. да н. э.[2] Для яе былі характэрны тэхналогіі выкарыстання мікралітаў[3]. Прэ-дорсетцы займаліся вандроўным паляваннем на марскіх і сухапутных звяроў, птушак. Жылі невялікімі абшчынамі ў круглявых, відавочна скураных жытлах накшталт тыпі.

У перыяд 800 - 500 гг. да н. э. у паўночным паўшар'і адбылося пахаладанне клімату[4], што прывяло да далейшай адаптацыі прэ-дорсетцаў да ўмоў Арктыкі і ў выніку — да фарміравання культуры Дорсет.

Перыядызацыя правіць

Прынята вылучаць тры асноўныя перыяды[5][6] ў існаванні археалагічнай культуры Дорсет:

  • Ранні (500 г. да н. э. - пачатак нашай эры, або 800 да н. э. - пачатак нашай эры), звязаны з распаўсюджаннем тыповых прыкмет культуры Дорсет, яе пранікненнем ў Грэнландыю.
  • Сярэдні (пачатак нашай эры - 500 г. н. э., або пачатак нашай эры - 600 н. э.), звязаны з прыстасаваннем да новага пахаладання. Не прадстаўлены ў Грэнландыі.
  • Позні (з VI ст. н. э.) — росквіт культуры і яе заняпад.

Матэрыяльная культура правіць

 
Прыклад мастацкай разьбы культуры Дорсет

У адрозненні ад сваіх папярэднікаў, прадстаўнікі археалагічнай культуры Дорсет былі ў большай ступені скіраваны на эксплуатацыю багатых марскіх рэсурсаў, таму іх стаянкі найчасцей сустракаюцца непасрэдна каля ўзбярэжжа. Вывучэнне ранніх дорсетскіх паселішчаў у Грэнландыі паказала, што большасць касцяных рэштак належала ластаногім, хаця трапляліся рэшткі птушак, карыбу і белых мядзведзяў[7]. У позні перыяд 80% рэштак наземных жывёл належалі пясцам[8], якіх здабывалі з-за футра. Дорсетскія стаянкі на Ньюфаўнлендзе ўтрымоўвалі складаныя нажы і скрэблы для апрацоўкі кітовых скур[9].

Асноўнымі матэрыяламі для прылад працы былі косць, камень, радзей драўніна[10]. Дорсетцы апрацоўвалі пераважна плоскі пясчанік і агат. Яны сустракаліся вельмі рэдка, і іх наяўнасць сведчыць пра шырокую сетку абменаў паміж абшчынамі. Разам з нажамі і скрэбламі знойдзены дзяржальні з жолабамі для крыві забітай жывёлы, навершы гарпуноў, элементы пастак. Мяркуецца, што носьбіты культуры Дорсет выраблялі лёгкія санкі, якія цягнулі самастойна без дапамогі сабак, а таксама каркасныя лодкі[11]. Захаваліся разныя мастацкія вырабы з косці і талькахларыта ў выглядзе жывёл, людзей, абстрактных фігур, але яны больш адметны ў позні перыяд.

Для дорсетскіх стаянак характэрны доўгія хаціны — зямлянкавыя каркасныя жытлы на каменнай платформе, крытыя дзёрнам. Яны выкарыстоўваліся ўзімку, меркавана адной сям'ёй. Ацяпляліся і асвятляліся стэарынавымі свяцільнямі, што пазбаўляла ад залежнасці ад рэдкіх запасаў драўніны. Магчыма, што дорсетцы ведалі пабудову часовых зімовых снежных хацін накшталт іглу. Захаваліся рассеянныя каменныя фундаменты часовых летніх хацін. Паселішчы былі невялікія. Відавочна дорсетцы праводзілі зімовы сезон разам, а ў цёплыя месяцы падзяляліся на малыя вандроўныя групы. Прысутнасць свойскай жывёлы, нават сабак, не заўважна.

Знікненне правіць

У канцы 1 тысячагоддзя н. э. у паўночным паўшар'і пачаўся новы перыяд пацяплення, што падштурхнула новыя хвалі міграцыі ў Арктыку. У VIII - IX стст. прадстаўнікі позняй археалагічнай культуры Дорсет занялі паўночныя астравы Канадскага Арктычнага архіпелага, поўнач і паўночны ўсход Грэнландыі[12]. Назіраўся росквіт іх мастацтва. Разам з гэтым, пачалося перасяленне індзейцаў ў лясныя раёны паўвострава Лабрадор і вострава Ньюфаўндленд[13]. У канцы X ст. група нарманаў з Ісландыі заснавала 2 буйныя паселішчы на поўдні і паўднёвым захадзе Грэнландыі. Нарманамі таксама рабіліся спробы каланізацыі Вінланда[14], які мог уваходзіць у рэгіён распаўсюджання культуры Дорсет. У дорсетскіх паселішчах Канадскага Арктычнага архіпелага знойдзены некаторыя рэчы, якія маглі быць выраблены скандынавамі[15], аднак ніякіх звестак пра шырокія кантакты, ваенныя сутычкі або гандаль паміж еўрапейскімі і палеэскімоскімі пасяленцамі не маецца. Нягледзячы на гэта, высоўваецца гіпотэза пра тое, што носьбіты культуры Дорсет маглі пацярпець ад захворванняў, завезеных з Еўропы[16].

Знікненне культуры Дорсет супадае з распаўсюджаннем больш развітай культуры Туле, што належала продкам сучасных інуітаў. На большасці раней занятых тэрыторый культура Дорсет знікла паміж 1150 г. і 1350 г.[17] У некаторых прыбярэжных раёнах Лабрадора носьбіты Дорсет маглі існаваць да XV ст.[18] Але ў выніку іх землі былі заняты продкамі інуітаў. Не вядома, ці прывялі да гэтага прамыя канфлікты паміж носьбітамі Туле і Дорсет, або ўзаемная канкурэнцыя за абмежаваныя рэсурсы Арктыкі. Думка некаторых археалагаў пра магчымасць узаемадзеяння паміж прадстаўнікамі дзвюх культур і ўплыву носьбітаў Дорсет на носьбітаў Туле ў нашы дні падвяргаецца сумневу[19]. У інуітаў захаваліся паданні аб туніт — дужых і палахлівых людзях, якія папярэднічалі міграцыі іх продкаў[20]. Некаторыя вучоныя атаясняюць туніт з прадстаўнікамі культуры Дорсет.

Зноскі правіць

  1. Dorset DNA: Genes Trace the Tale of the Arctic's Long-Gone 'Hobbits'
  2. Pre-Dorset Culture
  3. Pre-Dorset/ Arctic Small Tools Tradition
  4. Paleo-Eskimos - Colonizing Arctic America. Adaptation to Climate Change in the American Arctic Архівавана 3 красавіка 2016.
  5. Arctic Chronology
  6. Dorset Culture - Late Paleo-Eskimo Society Архівавана 6 лістапада 2016.
  7. Early Dorset/Greenlandic Dorset Архівавана 6 ліпеня 2015.
  8. Late Dorset Архівавана 6 ліпеня 2015.
  9. Dorset Palaeoeskimo Skin Processing at Phillip’s Garden, Port au Choix, Northwestern Newfoundland(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 24 мая 2013. Праверана 24 ліпеня 2016.
  10. GRAHAM ROWLEY, THE DORSET CULTURE OF THE EASTERN ARCTIC(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 24 мая 2013. Праверана 24 ліпеня 2016.
  11. Palaeo-Eskimo Peoples Архівавана 22 ліпеня 2016.
  12. Migration to Greenland Архівавана 18 жніўня 2016.
  13. Disappearance of Dorset Culture
  14. The Norse in the North Atlantic
  15. Гренландия: Конец европейского мира Архівавана 17 лістапада 2016.
  16. Ancient DNA Sheds New Light on Arctic's Earliest People
  17. No Descendants Are Left from the First Eskimos
  18. Dorset Culture
  19. D. V. O’Donnell, The Dorset-Thule transition in the Canadian Arctic: a case study in culture change theory
  20. Science Catches Up With Inuit Oral History, 'Discovering' Ancient Paleo-Eskimos Архівавана 27 жніўня 2016.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць