Казімір Чартарыйскі
Казімір Чартарыйскі (4 сакавіка 1674 — 31 жніўня 1741) — дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай.
БіяграфіяПравіць
Паходзіў з роду Чартарыйскіх, сын Міхала Ежага, ваяводы сандамірскага, і яго трэцяй жонкі Яны Веранікі Алендскай.
Падчашы ВКЛ у 1699—1707 і 1709—1712, падскарбі вялікі ВКЛ у 1707—1709 (прызначаны Станіславам Ляшчынскім), падканцлер ВКЛ у 1712—1724, кашталян віленскі з 1724. Быў таксама старастам крамянецкім, веліжскім, усвяцкім.
У час бескаралеўя 1696—1697 прыхільнік французскага кандыдата на каралеўскі трон прынца Франсуа Луі дэ Канці. У 1706 перайшоў на бок Станіслава Ляшчынскага, потым супрацоўнічаў з Аўгустам II. Пасля яго смерці (1733) зноў прыхільнік кандыдатуры Станіслава Ляшчынскага на трон. Трапіў у палон да войск Аўгуста III, але пагадзіўся з новым каралём. У 1730-я гады арганізаваў магнацкую групоўку Чартарыйскіх і звязаных з імі іных родаў («фамілію»), якая разлічвала на дапамогу Расіі, каб умацаваць дзяржаўны лад Рэчы Паспалітай.
У 1730 адзначаны Ордэнам Белага Арла.
Сям’яПравіць
Ажаніўся ў 1693 годзе з Ізабелай Альжбэтай Морштын (26 жніўня 1671 — 24 лютага 1758, Варшава), дачкой Яна Анджэя Морштына і Кацярыны Гардон. Меў з ёй трох сыноў і дзвюх дачок:
- Міхала Фрыдэрыка (1696—1775);
- Аўгуста Аляксандра (1697—1782), ваяводу рускага;
- Канстанцыю (1700—1759), маці караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага;
- Людвіку Альжбету (1703—1745), якая стала манашкай;
- Тэадора Казіміра (1704—1768), біскупа пазнаньскага.
Зноскі
ЛітаратураПравіць
- Грыцкевіч А. Чартарыйскія // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 740. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Dernałowicz M. Portret Familii. — Warszawa, 1990.