Канстанцкі сабор
Канстанцкі сабо́р (1414—1418) — сабор каталіцкай царквы (афіцыйна — 16-ты ўсяленскі) у паўднёванямецкім горадзе Констанц, скліканы з мэтай пакласці канец яе расколу.
Дата | 1414—1418 |
---|---|
Прызнаецца | Каталіцызм |
Папярэдні Сабор | В’енскі сабор |
Наступны Сабор | Ферара-Фларэнційскі сабор |
Скліканы | Янам XXIII |
Пад старшынствам | Жыгімонта |
Колькасць прысутных | 600 |
Храналагічны спіс Сусветных сабораў |
Агульная інфармацыя
правіцьНа момант пачатку сабору дзейнічалі тры Папы і асаблівы размах набылі розныя ерасі — паслядоўнікаў Яна Гуса ў Чэхіі, Дж. Уікліфа ў Англіі і г.д., барацьба з якімі з ініцыятывы германскага імператара Жыгімонта Люксембургскага і антыпапы Яна XXIII выйшла на першы план у дзейнасці Канстанцкага сабора. У 1415 годзе на саборы быў асуджаны і спалены Ян Гус, што стала штуршком да серыі гусіцкіх войнаў у Цэнтральнай Еўропе. У 1417 годзе скасаваныя паўнамоцтвы ўсіх ранейшых папаў і абраны адзіны Папа Марцін V. На шостай сэссіі сабору было абвешчана вяршынства сабораў над папамі, правы і даходы якіх мусілі быць істотна ўрэзаныя.
З пункту гледжання каталіцкага кананічнага права тое, што гісторыкі называюць Канстанцкім саборам, гэта два розныя паслядоўныя біскупскія сабранні. Першае з іх, сабранае імператарам і антыпапам, лічыцца нядзейсным, таксама і ўсе яго пастановы, уключаючы пастанову пра вяршынства сабораў над папамі. Сапраўдны сабор з гэтага пункту гледжання пачынаецца з яго афіцыйнага аб’яўлення сапраўдным Папам Рыгорам XII. Рыгор XII пагадзіўся з тым, што толькі адмова ўсіх старых прэтэндэнтаў ад папскага пасаду можа прымірыць Царкву, і пакінуў пасад, такім чынам даўшы дарогу выбарам новага Папы.
Удзел ВКЛ
правіцьКанстанцкі сабор быў і буйнейшым дыпламатычным кангрэсам, на якім вырашаліся важнейшыя міжнародныя пытанні, перш за ўсё звязаныя з прэтэнзіямі імператара Жыгімонта на палітычную гегемонію ў Еўропе. Актыўны ўдзел у працы Канстанцкага сабора прымала ВКЛ, аўтарытэт якога пасля Вялікай вайны (1409—1411) значна ўзрос. Вялікі князь Вітаўт некалькі раз накіроўваў у Констанц свае дэлегацыі. Так, у 1415 годзе падольскі стараста Гедыгольд прапаноўваў перавесці Тэўтонскі ордэн, які згубіў фармальныя падставы для сваёй дзейнасці ў Прыбалтыцы пасля хрышчэння Жамойці ў 1413 годзе, бліжэй да Асманскай імперыі — у Паўночнае Прычарнамор’е ці на востраў Кіпр і абвяргаў абвінавачванні ў патаемным супрацоўніцтве Вітаўта з асманамі.
1416—1417
правіцьУ 1416 годзе значная ўвага была ўдзелена Канстанцкім саборам спрэчкам паміж ВКЛ і Ордэнам за Жамойць: 13 лютага разглядалася скарга (Proposicio Samaytarum) ахрышчаных жамойтаў на ўціск з боку немцаў, якія працягвалі свае рабаўнічыя наезды, апрацаваная польскім юрыстам Паўлам Уладковічам, прафесарам Кракаўскай акадэміі. 17 чэрвеня 1416 года сабор прыняў кампраміснае рашэнне па справе Жамойці, паводле якога ў адміністрацыйным дачыненні яна падпарадкоўвалася імператару Жыгімонту (гэта значыла фактычна Ордэну), а ў царкоўным — польскім і літоўскім біскупам (было вырашана стварыць асобную дыяцэзію). 11 жніўня 1416 года львоўскі архібіскуп Ян Жэшоўскі і віленскі біскуп Пётр Ястрэмбец былі прызначаныя дэлегатамі Канстанцкага сабора, якія мусілі здзейсніць гэтыя рашэнні на месцы, працягнуць хрышчэнне жамойтаў, арганізаваць дыяцэзію і пачаць пабудову кафедральнага касцёла. У 1417 годзе на Канстанцкім саборы прысутнічаў «герцаг Павел з сапраўднай Русі, падначалены герцагу Вітаўту» і гэтак далей.
1418
правіцьАсабліва прадстаўнічая дэлегацыя на чале з кіеўскім мітрапалітам Рыгорам Цамблакам была накіравана ў Констанц у 1418 годзе. У яе ўваходзілі праваслаўныя епіскапы з розных епархій ВКЛ і Малдовы, а таксама свецкія прадстаўнікі Кіева, Смаленска, Вялікага Ноўгарада і іншых гарадоў. Яе мэтай было заключэнне уніі паміж праваслаўнай і каталіцкай цэрквамі на тэрыторыі ВКЛ, а таксама прызнанне сюзэрэнітэта Вітаўта над Малдовай і Вялікім Ноўгарадам. (У выніку гэтых захадаў Марцін V прызначыў яго генеральным вікарыем Ноўгарада). У лютым 1418 Цамблак прысягнуў Марціну V ад імя праваслаўнай царквы ВКЛ. Спроба уніі, аднак, засталася нерэалізаванай з-за супраціўлення праваслаўнага духавенства ВКЛ і пазіцыі канстанцінопальскага патрыярхату.
Хроніка Канстанцкага сабора
правіцьКаштоўнай крыніцай для вывучэння гісторыі ВКЛ з’яўляецца «Хроніка Канстанцкага сабора» баварца Ульрыха фон Рыхенталя, у якой, у прыватнасці, неаднакратна згадваецца Белая Русь. Так, апісваючы ўрачысты ўезд дэлегацыі Цамблака 19 лютага 1418 года, храніст занатаваў: «У суботу, на 19 дзень месяца лютага, прыехаў высакародны пан Георг, архібіскуп Кіеўскі, з краіны Белай Русі, са Смаленска». Пазбаўлены Вітаўтам улады апошні нашчадак вялікага смаленскага княжання Фёдар Юр’евіч, у 1404—1412 гадах служылы князь Вялікага Ноўгарада, фігуруе ў хроніцы як «Фёдар, герцаг Белай Русі і гаспадар Смаленска». Яшчэ ў адным месцы Рыхенталь вылучае тры «катэгорыі» рускіх: «сапраўдныя рускія, чырвоныя рускія, белыя рускія; краіна і горад Вялікі Ноўгарад, якія ёсць хрысціянскімі». Хроніка Рыхенталя пацвярджае разуменне Белай Русі як сіноніму Вялікага Ноўгарада, характэрнае перш за ўсё для нямецкамоўнай літаратуры XIII — XVI ст. У дададзеным да хронікі гербоўніку змешчаныя каляровыя выявы гербоў Фёдара і Вітаўта.
Літаратура
правіць- Белы А. Канстанцкі сабор 1414–18 // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 33. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Ulrichs von Richental Chronik des Constanzer Concils 1414 bis 1418. Herausgegeben von M. R. Buck. Tuebingen, 1882.
- Piekosinski F. Gosci polscy na soborze Konstancyiskim // Rozprawy Akademii umiejetnosci. Wydzial historyczno-filozoficzny. Ser. II, T. 12 (37). Krakow, 1899.
- Chodynicki K. Kosciol prawoslawny a Rzeczpospolita Polska. Warszawa, 1934.
- Грабарь В. Э. Вселенские соборы западно-христианской церкви и светские конгрессы XV в. // Средние века. Вып. 2, 1946.
- Ulrich Richental. Das Konzil zu Konstanz. Faksimileausgabe. Starnberg — Konstanz — Stuttgart, 1964.
- Begunov Ju. "Weisse Rus und Weissrussen in einer Deutschen Chronik des 15. Jahrhunderts // Forschungen zur Osteuropaeischen Geschichte. B. 27. Berlin, 1980.
- Blaszczyk Gr. Diecezja zmudzka od XV w. do poczatku XVII w. Ustroj // Universitet im. Adama Mickiewicza w Poznaniu. Ser. Historia. Nr 180. Poznan, 1993.