Канстанцін Рамуальд Будкевіч

Канстанцін Рамуальд Будкевіч (19 чэрвеня 1867, сядзіба Зубры пад Краславай (сёння — Латвія) — ноч з 31 сакавіка на 1 красавіка 1923, Масква) — святар Рымска-каталіцкай царквы, прэлат Яго Экселенцыі, быў рэпрэсаваны падчас пераследаў хрысціянства ў СССР.

Канстанцін Рамуальд Будкевіч
Адукацыя
Дзейнасць святар
Нараджэнне 19 чэрвеня 1867(1867-06-19)
Смерць 1 красавіка 1923(1923-04-01) (55 гадоў)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Сям’я і адукацыя

правіць

З шматдзетнай шляхецкай сям’і Юлляна і Марыі з Баркоўскіх Будкевічаў. Бацька працаваў ляснічым. Вучыўся ў прыватнай прагімназіі ў Кельцах, скончыў пяць класаў гімназіі ў Любліне, Рымска-каталіцкую духоўную семінарыю ў Санкт-Пецярбургу (1890), Імператарскую Рымска-каталіцкую духоўную акадэмію ў Пецярбургу са ступенню кандыдата багаслоўя (1893).

Дзейнасць

правіць

Святар ад 26 верасня 1893. Ад 5 лютага 1894 вікарый у парафіі Святой Троіцы ў Пскове і законанавучальнік. Ад 11 кастрычніка 1896 вікарый у парафіі святога Антонія ў Віцебску і законанавучальнік. Ад 8 кастрычніка 1903 вікарый парафіі святой Кацярыны ў Пецярбургу, які налічваў у то час 30 тысяч вернікаў. Ад 13 студзеня 1904 намеснік плябана, ад 5 верасня 1905 — плябан гэта парафіі.

Выявіў сябе энергічным касцёльным дзеячам. У бытнасць яго плябанам у касцёле Св. Кацярыны адбыліся два рамонты (у 1907 і 1911). Здолеў падвысіць прыбыткі ад прыналежнае да парафіі маёмасці, якія ішлі ў асноўным на ўтрыманне і пашырэнне парафіяльных навучальных устаноў (у 1907 былі заснаваны тры элементарныя школы, чатырохкласая прафесійная школа для падрыхтоўкі сельскіх настаўніц). Займаўся падвышэннем узроўню адукацыі ў парафіяльных мужчынскай і жаночай гімназіях. У 1907 была заснавана пазыкаашчадная каса для тых, хто працаваў у вучэбных установах. Пры храме функцыянавалі Хата рамёстваў, танная сталовая, ствараліся кружкі самаадукацыі для самых бедных. Значную ўвагу Будкевіч надаваў дабрачынным праектам, прыцягваючы вернікаў да іх рэалізацыі. Актыўна ўдзельнічаў у працы спартыўнага таварыства «Польскі Сакол».

З 1908, адначасова з пасадай плябана парафіі, займаў пасаду дэкана пецярбургскага дэканату, які да 1914 налічаў 18 парафій, 13 філійных каьцёлаў, 10 капліц і 101 330 вернікаў. З 31 мая 1910 — ганаровы канонік.

Падчас Першай сусветнай вайны быў віцэ-старшынёй, а затым старшынёй Таварыства дапамогі ахвярам вайны, падтрымліваў дзейнасць Польскага грамадзянскага камітэта, які дапамагаў уцекачам-палякам, выдаваў штотыднёвік «Czytania Niedzielne». З 1917 актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці Грамадскага камітэта (затым — Грамадскае рады) святароў пры архідыяцэзіяльным кіраванні. З 7 чэрвеня 1918 — прэлат Яго Экселенцыі.

Пасля зачынення парафіяльных навучальных устаноў арганізаваў таемныя курсы, якія настаўнікі ладзілі на кватэрах. Выступіў з ініцыятывай стварэння архідыяцэзіяльнага Таварыства каталіцкіх бацькоў і выхавальнікаў з мэтай клопату аб дзецях каталікоў і стварэнні дзеляў рэлігійных школаў, аднак савецкія ўлады адмовіліся дазволіць функцыянаванне гэта арганізацыі. Узначальваў Камісію па арганізацыі забеспячэння курыі сродкамі да існавання, якая займалася зборам ахвяраванняў на ўтрыманне дыяцэзіяльных устаноў і духоўнай семінарыі. Пасля зачынення семінарыі чытаў лекцыі ў таемнай семінарыі, рэктарам якой быў Антоній Малецкі.

У 1922 адмовіўся падпісаць дамову аб карыстанні храмам, па форме, усталяванай органамі савецкай улады, але не санкцыянаванай Ватыканам. Таксама выступаў супраць вынятку прыналежных парафіі каштоўнасцей, перадаў асноўныя каштоўнасці ў польскае прадстаўніцтва ў Петраградзе. Ад імя каталіцкай дыяцэзіі вёў перамовы з органамі савецкай улады, грунтуючыся на кананічным праве Рымска-каталіцкай царквы. Адмовіўся пакінуць сваіх вернікаў і з’ехаць за мяжу, нягледзячы на папярэджанні са боку сяброў.

Судовы працэс і згуба

правіць

У 1922 Будкевіч быў дапытаны па справе каталіцкага духавенства Петраграда, абвінавачанага ў стварэнні антысавецкае, контррэвалюцыйнай арганізацыі з мэтай процідзеяння дэкрэту аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і інструкцыі аб парадку правядзення ў жыццё гэтага дэкрэту. У чаканні судовага працэсу знаходзіўся пад падпіскай аб нявыяздзе. Ізноў адмовіўся пакінуць Петраград, нягледзячы на відавочную небяспеку для яго жыцця, не жадаючы сваімі ўцёкамі пашкодзіць інтарэсам каталіцкіх святароў і вернікаў, якія заставаліся ў Расіі.

У пачатку сакавіка 1923 быў выкліканы на суд у Маскву, дзе 10 сакавіка арыштаваны. 21 сакавіка 1923 пачаўся суд, які працягваўся пяць дзён. Асноўнымі абвінавачванымі на працэсе былі архібіскуп Ян Цепляк і прэлат Будкевіч. У жыццяпісе Будкевіча сказана, што на працэсе ён казаў павольна, амаль ціха, часам апраўдваўся, нібы дазваляючы сабе нешта ўспомніць: «Вышэй за ўсё я шанаваў супакой, я ніколі не любіў спрэчак і сварак. Я прысвяціў сябе працы». У сваім апошнім слове не прызнаў сябе вінаватым, заявіўшы, што заўсёды спрабаваў дамовіцца з уладамі так, каб не парушыць прынцыпаў існавання Царквы ў дзяржаве.

Будкевіч быў прызнаны вінаватым

у свядомым кіраўніцтве (…) контррэвалюцыйнымі дзеяннямі арганізацыі петраградскіх каталіцкіх святароў, накіраванымі да супраціву Савецкай улады, паслабленню пралетарскае дыктатуры, узнаўленню старых маёмасных правоў цэрквы і правакацыю мас вернікаў да выступу супраць Савецкай улады, — правакацыі, якая прывяла, пры наяўнасці рэлігійных забабонаў гэта масы, да такіх выступаў, а таксама ў адмове выконваць савецкія законы, што прадугледжана артыкуламі 62, 119 і 121 Крымінальнага Кодэксу.

Паводле рашэння трыбуналу святар быў прысуджаны да растрэлу. Да такога жа пакарання быў прысуджаны і архібіскуп Цепляк, але яму УЦВК замяніў смяротны прысуд дзесяццю гадамі турэмнага зняволення. Прысуд Будкевічу быў зацверджаны, бо ён нібы з’яўляўся дзяржаўным здраднікам у карысць «замежнага буржуазнага ўрада» (меліся на ўвазе яго кантакты з польскімі дыпламатамі ў інтарэсах Касцёла).

Існуюць розныя варыянты аповядаў аб апошніх днёх жыцця кс. Будкевіча, але ўсе яны падобныя ў адным — ён спакойна выслухаў вестку аб адхіленні прашэння аб памілаванні і быў гатовы да смерці. Ёсць дзве версіі растрэлу святара: Паводле першае, прысуд быў прыведзены ў выкананне ў склепе турмы ГПУ, у прысутнасці трох агентаў: Еўдакімава, Бергмана (Венікас) і Крума. У лісце Бергмана адвакату забітага святара гаворыцца, што дэкан загадзя напісаў ліст да Папы, быў цалкам спакойны і звярнуўся да Еўдакімава са словамі: «Прашу перадаць апошняе маё прывітанне айцу Цепляку і засведчыць яму, што я да апошняй хвіліны застаўся верным Апостальскаму Прастолу». Пасля таго, як прэлат вымавіў гэтыя словы, бальшавік Злоткін стрэліў яму ў галаву. Паводле другой версіі, на месцы пакарання смерцю прэлат перажагнаўся, блаславіў ката і двух яго памочнікаў, а сам адвярнуўся да сцяны, зашаптаўшы словы малітвы. Стрэл ката перапыніў малітву святара.

Памяць пра святара

правіць

У пачатку красавіка 1923 на паседжанні парламенту Польшчы была прынятая рэзалюцыя, у якой гаварылася аб тым, што «дзякуючы свайму пакутніцтву за веру нябожчык кс. Будкевіч, паслядоўнік святых мучанікаў, атрымаў права на шанаванне як новы заступнік нашай Радзімы». Польская паэтэса Казіміра Ілаковіч прысвяціла яму напісаную ў стылі народнай балады паэму «Паданне аб маскоўскім пакутніцтве» (1927) і верш «Голас святара з труны» (1928).

У 1927 у Варшаве быў створаны Камітэт ушанавання памяці Будкевіча. У 1936 у варшаўскім касцёле Св. Ганны быў усталяваны помнік кс. Будкевічу, які, хутчэй за ўсё, быў знішчаны падчас Варшаўскага паўстання 1944. Яго імем названая адна з вуліц у Варшаве.

У 2003 афіцыйна пачаты працэс беатыфікацыі.

Зноскі

Спасылкі

правіць