Касцёл Святога Юрыя (Варняны)

Касцёл Святога Юрыя — каталіцкі храм у аграгарадку Варняны Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці. Размешчаны ў цэнтры мястэчка, на плошчы. Помнік манументальнай архітэктуры позняга барока, як архітэктурная дамінанта завяршаў рэгулярны горадабудаўнічы ансамбль.

Каталіцкі храм
Касцёл Святога Юрыя
St. George's Catholic Church in Varniany.jpg
54°43′38″ пн. ш. 26°00′32″ у. д.HGЯO
Краіна Flag of Belarus.svg Беларусь
Аграгарадок Варняны
Канфесія Каталіцтва
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Дэканат Астравецкі
Архітэктурны стыль барока
Архітэктар Аўгуст Касакоўскі
Заснавальнік Марыя Абрамовіч
Першае згадванне 1462
Будаўніцтва 17671769 гады
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000038шыфр 412Г000038
Стан дзйенічае
Сайт varnyany.www.by
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

ГісторыяПравіць

3 касцёлам звязана першае ўпамінанне мястэчка Варняны, калі ўладальніца маёнтка Марына Сангайлава ў 1462 годзе ахвяравала грошы на будаўніцтва драўлянага касцёла Божага Цела і плябаніі. У XVI стагоддзі ўладальнік Варнян ваявода мінскі і смаленскі Ян Абрамовіч забраў храм пад кальвінскі збор. Наступны ўладальнік вёскі староста старадубскі Самуэль Абрамовіч, які перайшоў у каталіцтва, у 1654 годзе кальвінскі збор закрыў. 3 1743 да 1842 пры касцёле служылі манахі-рахіты.

Новы касцёл пабудаваны ў 1767—69 гадах па фундацыі ўладальніцы мястэчка Марыі Абрамовіч з цэглы на месцы ранейшага храма паводле праекта архітэктара Аўгуста Касакоўскага, кансекраваны біскупам віленскім Міхалам Зянковічам. Касцёл дабудоўваўся ў 1880 і 1909 гадах. Да пачатку 1980-х гадоў быў у запусценні. Рэстаўрыраваны і перададзены вернікам, асвячоны 11 сакавіка 1990 года.

АрхітэктураПравіць

Касцёл — помнік архітэктуры позняга барока[1][2][3][4]. А. М. Кулагін вызначае архітэктурны стыль будынка як ракако[4]. Як архітэктурная дамінанта касцёл завяршаў рэгулярны горадабудаўнічы ансамбль, арганізаваны вакол выцягнутай прамавугольнай плошчы.

Дом аптэкара і плябанія (1770) утвараюць перад касцёлам раскрыты на плошчу курданёр. Першапачаткова храм і пастаўленыя да яго вуглом бакавыя 2-павярховыя плябаніі акаймоўвала аздобленая скульптурнымі кампазіцыямі мураваная агароджа з брамай. Насупраць храма, на заходнім баку плошчы, быў палацава-паркавы ансамбль Абрамовічаў, ад якога захаваўся парк і павільён-вежа (палац згарэў напярэдадні 1-й сусветнай вайны). Паўднёвы і паўночны бакі плошчы фарміравалі 2 рады жылой забудовы, у якую ўваходзілі карчма і гандлёвыя рады.

Дынамічная вертыкальная кампазіцыя ствараецца выцягнутымі прапорцыямі 2 вежаў з фігурнымі ківорыямі, 2-ярусным шчытом паміж імі і высокімі арачнымі праёмамі і нішамі. Бакавыя фасады стрымана аздоблены падвойнымі пілястрамі ў прасценках арачных аконных праёмаў. Гарызантальная расшыўка цокальнай часткі падкрэслівае вертыкальны рух увагнута-пукатай фасаднай плоскасці. Яруснасць падкрэслена развітымі тонкапрафіляванымі і крапаванымі карнізнымі паясамі, архітэктурную пластыку ствараюць прафіляваныя цягі, ліштвы, вязкі пілястраў, раскрапоўкі, фігурныя завяршэнні вежаў і франтона.

Шмат’ярусныя чацверыковыя вежы маюць увагнутую паверхню прасценкаў паміж звязкамі вуглавых пілястраў, што стварае тонкую нюансіроўку падаючых і слізгаючых ценяў. Імклівасць вертыкальных ліній супакойвае мяккі малюнак цякучых абрысаў. Неф святыні падзелены сістэмай пілястраў і спараных падпружных арак на дзве часткі, перакрытыя цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі. Амаль роўная з нефам па даўжыні прамавугольная апсіда прэзбітэрыя мае аналагічнае скляпенне, але больш інтэнсіўны рытм падпружных арак. Па баках прэсбітэрыя размешчаны нізкія сіметрычныя аб’ёмы сакрыстый. Над нартэксам укампанаваны арганныя хоры з пластычным хвалістым абрысам агароджы. Алтары храма ўпрыгожвалі абразы мастака С. Чаховіча і яго вучняў.

Зноскі

  1. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Гродзенская вобласць. — 371 с., іл. — С. 87
  2. Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5. — С. 105
  3. Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X. — С. 253
  4. 4,0 4,1 Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд.. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5. — С. 51—52

ЛітаратураПравіць

  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.
  • Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.

СпасылкіПравіць