Ке́лская кні́га (таксама вядомая як «Кні́га Калу́мбы», ірл.: Leabhar Cheanannais, англ.: Book of Kells) — ілюстраваная рукапісная кніга, створаная ірландскімі (кельцкімі) манахамі прыкладна ў 800 годзе. Гэта адзін з самых багата ўпрыгожаных вытанчанымі мініяцюрамі і арнаментамі сярэдневяковых рукапісаў сярод усіх тых, што дайшлі да нас[1]. Дзякуючы цудоўнай тэхніцы выканання і прыгажосці ўзораў многія даследчыкі[2][3] разглядаюць яе як найбольш значны твор сярэдневяковага ірландскага мастацтва. Кніга змяшчае чатыры Евангеллі на лацінскай мове, уступ і тлумачэнні, упрыгожаныя вялікай колькасцю каляровых узораў і мініяцюр. У наш час кніга захоўваецца ў бібліятэцы Трыніці-каледжа ў Дубліне, Ірландыя.

Стар. folio 292r: пачатак Евангелля паводле Яна
Стар. folio 292r: пачатак Евангелля паводле Яна
Келская кніга. 800
Leabhar Cheanannais
Матэрыял Вялень
Трыніці-каледж, Дублін
(інв. Ms. A. I. 6,58)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць

Стварэнне

правіць
 
Фоліа (аркуш) 27r, на якім намаляваны сімвалы чатырох евангелістаў

Паводле асноўнай версіі яе паходжання, кніга была створана ў скрыпторыі кляштара Св. Калумбы на востраве Аёна ў канцы VIII — пачатку IX стагоддзя.[4][5] Пасля таго, як кляштар быў разбураны нарманамі, кніга была перавезена манахамі, якім удалося бегчы, у Ірландыю[5], у Келскае абацтва (кляштар), ад назвы якога кніга і атрымала сваё імя.

Келская кніга — гэта вяршыня майстэрства ў стварэнні рукапісных кніг у перыяд з канца VI па пачатак IX стагоддзеов у кляштарах Ірландыі, Шатландыі і паўночнай Англіі, а таксама ў заснаваных выхадцамі з Ірландыі і Англіі кляштарах на кантыненце.[5] З манускрыптаў («ілюмінаваных Евангелляў»), якія захаваліся з таго часу, можна адзначыць «Жыціе Св. Калумбы» (Cathach of St. Columba), Ambrosiana Orosius, фрагмент Евангелля з кафедральнай бібліятэкі Дарэма (усё — пачатак VII стагоддзя), кнігу з Дарау (Book of Durrow — другая палова VII стагоддзя). З кніг, створаных у пачатку VIII стагоддзя, захаваліся Евангелле з Дарэма (Durham Gospels), Евангелле з Эхтэрнаха (Echternach Gospels), Евангелле з Ліндысфарна (Lindisfarne Gospels) і Лічфілдскае Евангелле (Lichfield Gospels). Евангелле Св. Гала (St. Gall Gospel Book) і Евангелле Макрэгала (Macregal Gospels) былі створаны ў канцы VIII стагоддзя. У пачатку IX стагоддзя былі створаны Book of Armagh (датуецца 807809), Turin Gospel Book Fragment, Leiden Priscian, St. Gall Priscian і Macdurnan Gospel. Гэтыя манускрыпты маюць агульныя рысы, якія дазваляюць даследчыкам адносіць іх да адной традыцыі.[6]

Кніга захоўвалася ў Келскім абацтве на працягу амаль усяго Сярэднявечча. Гэты кляштар быў заснаваны ў горадзе Келс (графства Міт, Ірландыя) у пачатку IX стагоддзя, у часы пастаянных уварванняў вікінгаў, манахамі з кляштара з вострава Аёна каля берагоў Шатландыі. Пасля таго, як востраў Аёна стаў занадта небяспечным для жыцця з-за набегаў вікінгаў, большасць манахаў перабралася ў Келскае абацтва, якое стала пасля гэтага цэнтрам манаскага супольнасці, заснаванай Св. Калумбам.[5]

 
Графства Міт (Meath) на карце Ірландыі

Пра дату і месца стварэння манускрыпта вяліся бязлітасныя спрэчкі. Традыцыя прыпісвала стварэнне кнігі самому Св. Калумбу,[7] але палеаграфічныя даследаванні адсунулі стварэнне гэтай кнігі на больш познюю дату, прыкладна да 800-га года.[8][9]

Існуе прынамсі пяць розных тэорый пра месца стварэння манускрыпта. Паводле адной з іх, кніга была створана ў скрыпторыі кляштара Св. Калумбы на востраве Аёна і перавезена ў Келскае абацтва ў цяперашнім, не да канца завершаным выглядзе. Паводле другой версіі, кніга была пачата на Аёне, а пасля праца над ёй была працягнута ў Келскім абацтве.[4] Паводле трэцяй — кніга была цалкам створана ў скрыпторыі Келскага абацтва. Паводле чацвёртай версіі, кніга была створана на поўначы Англіі, магчыма, у Ліндысфарне, затым перавезена на Аёну, а адтуль — у Келскае абацтва. І, нарэшце, кніга магла быць створана ў невядомым кляштары ў Шатландыі. Магчыма, дакладнае месца так ніколі і не будзе ўсталявана, але ў наш час найбольш шырока прынятай з’яўляецца другая версія — кніга была распачата на в. Аёна і працягнута ў Келскім абацтве.[5] У любым выпадку кніга была створана манахамі, якія належалі да супольнасці, заснаванай Калумбам.

Сярэдневяковы перыяд

правіць

Калі б кніга ні была створана, у XII стагоддзі яна дакладна знаходзілася ў Келскім абацтве, і амаль дакладна — у пачатку XI стагоддзя. У летапісе «Аналы Ольстэра» ў запісе ад 1006 года сказана: «вялікае Евангелле Калумбы,[10] галоўная рэліквія Заходняга свету, была выкрадзена ўначы з заходняй рызніцы вялікай каменнай царквы ў Кенанас з-за свайго раскошнага акладу»[5][11] (Кенанас — сярэдневяковая ірландская назва Келса). Манускрыпт быў знойдзены праз некалькі месяцаў без свайго ўпрыгожанага золатам і каштоўнасцямі акладу «пад дзёрнам».[12] Калі, як мяркуецца, гаворка ідзе менавіта пра Келскую кнігу, тое гэта першае згадка пра яе месцазнаходжанне ў крыніцах. Магчыма, менавіта пасля гэтага выкрадання кніга страціла шэраг старонак са свайго пачатку і канца.

У XII стагоддзі зямельныя хартыі келскага кляштара былі скапіраваны на некаторыя з чыстых старонак кнігі, што дае самае ранняе дакладнае пацверджанне месцазнаходжання кнігі ў Келсе. (Капіраванне хартый у важныя кнігі было шырока распаўсюджанай сярэдневяковай практыкай).

Пісьменнік XII стагоддзя Гіральд Камбрыйскі ў кнізе Topographia Hibernica апісвае вялікае Евангелле, якое ён бачыў у Кілдары. Апісанне Евангелля адпавядае Келскай кнізе:[13]

 

«Эта кніга змяшчае гармонію чатырох евангелістаў паводле Ераніма, амаль кожная старонка ў ёй упрыгожана па-рознаму, рознымі колерамі. У ёй ты можаш бачыць твар Бога, па-боску намаляваны, тут ёсць містычныя сімвалы Евангелістаў, кожны з крыламі, з шасцю, з чатырма, з дзвюма; тут арол, там цялё, тут чалавек, а там леў, і вялікае мноства іншых фігур. Паглядзі на іх павярхоўным поглядам, і ты падумаеш, што гэта падчысткі, а не ўзор. Найпрыгажэйшае мастацтва побач з тобай, але ты можаш не заўважыць яго. Ты пабачыш лабірынты ліній, такіх тонкіх і вытанчаных, поўных перапляценняў і сувязяў, з колерамі такімі свежымі і жывымі, што ты можаш сказаць, што гэта — праца анёла, а не чалавека»

 

З прычыны таго, што Гіральд гаворыць, што бачыў гэту кнігу ў Кілдары, магчыма, што ён бачыў іншую, цяпер страчаную, кнігу, роўную па ўзроўні стварэння Келскай кнізе, ці, магчыма, у гэтым сведчанні ён памыліўся з месцазнаходжаннем гэтай кнігі.[14]

Келскае абацтва было распушчана падчас царкоўных рэформ у XII стагоддзі. Манастырская царква была пераўтворана ў прыхадскую, у якой працягвала захоўвацца Келская кніга.

Сучасны перыяд

правіць

Келская кніга заставалася ў Келсе да 1654 года, калі кавалерыя Олівера Кромвеля размясцілася ў гэтай царкве, і кіраўнік горада адправіў кнігу для яе бяспекі ў Дублін. Кніга была падорана Трыніці-каледжу ў Дубліне ў 1661 годзе Генры Джонсам, мясцовым біскупам[15]. За выключэннем кароткіх перыядаў выставак, Келская кніга знаходзіцца ў бібліятэцы гэтага каледжа з XVII стагоддзя па цяперашні час.

У XVI стагоддзі Джэральдам Планкетам на палях кнігі былі прастаўлены рымскімі лічбамі нумары глаў евангелляў, у адпаведнасці з падзелам на главы, прапанаваным у XIII стагоддзі архібіскупам Кентэрберыйскім Стэфанам Лэнгтанам. У 1621 годзе старонкі кнігі былі пранумараваны біскупам Джэймсам Ашэрам.[5] У 1849 годзе каралеву Вікторыю і прынца Альберта папрасілі пакінуць свае подпісы ў кнізе.[16] Яны распісаліся на сучасным фарзацы кнігі. Гэта старонка была выдалена ў 1953 годзе пры рэстаўрацыі[17].

На працягу мінулых стагоддзяў кнігу неаднаразова перапляталі і рэстаўравалі. Падчас пераплетных прац у XVIII стагоддзі старонкі былі абрэзаны, каб прывесці іх да аднаго фармату, пры гэтым некаторыя фрагменты выяў былі страчаны. Кніга была пераплецена ў 1895 годзе, але гэта вокладка хутка сапсавалася. З канца 1920-х гадоў некалькі старонак захоўваліся асобна. У 1953 годзе кніга была пераплецена Роджэрам Паўэлам у чатыры тамы[17][18].

У 2000 годзе том, які змяшчае Евангелле паводле Марка, пабываў на выстаўцы асабовых рукапісаў у Канберы, Аўстралія. Гэта была чацвёртая замежная выстаўка Келскай кнігі. На няшчасце, падчас пералёту том атрымаў «невялікае разбурэнне пігменту» з-за вібрацыі авіяматораў падчас доўгага пералёту.[19]

Рэпрадукцыі

правіць
 
Фоліа (аркуш) 183r з факсіміле 1990 года з Келскай кнігі, які змяшчае надпіс «Erat autem hora tercia» («была гадзіна трэцяя»).

У 1951 годзе швейцарскае выдавецтва «Урс Граф-ферлаг Берн» выпусціла факсімільнае выданне. Большая частка старонак была паўторана ў чорна-белым варыянце. 48 старонак, аднак, былі паўтораны ў колеры, уключаючы ўсе поўнастаронкавыя ілюстрацыі.

У 1979 годзе іншае швейцарскае выдавецтва, «Факсіміле ферлаг Лазерн», папрасіла дазволу на выпуск поўнакаляровага факсіміле-выдання. Першапачаткова Трыніці-каледж адмовіў яму з-за асцярогі пашкодзіць кнігу. У 1986 годзе, пасля распрацоўкі бяспечнага працэсу для зняцця фотакопій, які выключаў дакранання да старонак, дазвол быў атрыманы. Выданне выйшла ў 1990 годзе ў 2-х тамах, у першым — факсіміле кнігі, у другім — каментарыі навукоўцаў. Даступная версія на CD-ROM з адсканаванымі выявамі старонак факсіміле-выдання і каментарыямі даследчыкаў.

Апісанне

правіць

Келская кніга змяшчае чатыры Евангеллі, напісаных чорнымі, чырвонымі, пурпурнымі і жоўтымі чарніламі, з прадмовай, пасляслоўямі і выбаркай урыўкаў з Евангелляў.[20] У наш час кніга складаецца з 340 пергаментных старонак, якія называюцца фоліямі. Большая частка старонак з’яўляецца часткай двайных аркушаў, так званых біфолій, але некаторыя старонкі з’яўляюцца адзінарнымі.

Мяркуюць, што каля 30 фолій былі страчаны (засталася згадка, што ў 1621 годзе ў кнізе было 344 фоліі). Захаваныя фоліі сабраны ў 38 «сшыткаў». У адзін сшытак уваходзіць ад 4 да 12 фолій (ад 2-х да 6-і біфолій). Найбольш часта ў сшытку змяшчаецца 10 фолій. Некаторыя фоліі з’яўляюцца асобнымі лістамі, у прыватнасці, многія важныя дэкараваныя старонкі. На многіх старонках захаваліся дапаможныя лініі і пазнакі.[18] Пергамент высакаякасны, хоць фоліі маюць неаднолькавую таўшчыню, ад вельмі тоўстых да аркушаў, якія амаль прасвечваюцца. Фармат кнігі ў наш час 330 на 250 міліметраў. Першапачаткова старонкі не былі аднаго памеру, але ў XVIII стагоддзі іх абрэзалі, каб прывесці да аднолькавага выгляду. Вобласць тэксту — прыкладна 250 на 170 мм. На кожнай старонцы з тэкстам ад 16 да 18 радкоў.[18] Манускрыпт добра захаваўся. Кніга засталася незавершанай, і некаторыя мініяцюры існуюць толькі ў накідах.

Кніга ў сучасным выглядзе змяшчае прадмову, поўны тэкст Евангелляў паводле Матфея, Марка і Лукі і тэкст Евангелля паводле Яна да Ян. 17:13. Астатняя частка Евангелля паводле Яна і невядомы кавалак прадмовы страчаны — магчыма, гэта адбылося, калі кніга была выкрадзена ў пачатку XI стагоддзеа. Захаваны кавалак прадмовы складаецца з двух фрагментаў спісаў яўрэйскіх імёнаў, якія згадваюцца ў евангеллях, Breves causae і Argumenta (перакрыжаваныя спасылкі на евангеллі і легенды пра жыццё евангелістаў) для чатырох Евангелляў, і кананічных табліц Еўсевія Кесарыйскага. Верагодна, што, падобна да Евангелля з Ліндысфарна, кнігі з Дарау і кнігі з Армага, частка страчанай прадмовы ўтрымлівала ліст Ераніма да Папа Дамаса I, вядомы як «Novum opus», у якім Еранім тлумачыць мэту свайго перакладу. Таксама магчыма, хоць менш верагодна, што страчаны матэрыял змяшчаў ліст Еўсевія да Карпіяна, у якім ён тлумачыць выкарыстанне кананічных табліц[21] (з усіх вышэйпералічаных кніг толькі Евангелле з Ліндысфарна змяшчае гэты ліст).

Існуюць два фрагменты спісаў яўрэйскіх імёнаў: адзін на правым баку першага аркуша кнігі, другі на аркушы 26, які ў наш час устаўлены ў канец уступнай часткі Евангелля паводле Яна. Першы фрагмент спісу змяшчае канец спісу імёнаў з Евангелля паводле Матфея. Адсутныя імёны з гэтага спісу павінны былі займаць дадаткова два аркушы. Другі фрагмент спісу, на аркушы 26, змяшчае каля чвэрці спісу імёнаў з Евангелля паводле Лукі. Імёны з гэтага Евангелля павінны займаць каля трох аркушаў дадаткова. Структура сшытка, у якім знаходзіцца аркуш 26, гаворыць пра тое, што дадатковыя тры лісты не маглі знаходзіцца паміж лістамі 26 і 27, так што ліст 26 дакладна знаходзіцца не на сваім арыгінальным месцы. Спісы імёнаў для Марка і Яна, відаць, страчаны.[22]

 
Фоліа (аркуш) 5r, які змяшчае старонку з кананічнымі табліцамі Еўсевія.

За першым фрагментам спісу ідуць кананічныя табліцы Еўсевія Кесарыйскага. Гэтыя табліцы, складзеныя яшчэ да стварэння Вульгаты бл. Еранімам, уяўляюць сабой сістэму перакрыжаваных спасылак на паралельныя месцы Евангелляў. Еўсевій падзяліў кожнае Евангелле на фрагменты, памер якіх залежаў ад наяўнасці паралеляў у іншых Евангеллях, а затым звёў нумары паралельных месцаў у табліцы, якія дазваляюць чытачам знаходзіць падобныя месцы ў розных Евангеллях. Кананічныя табліцы традыцыйна ўключаліся ва ўступную частку большасці сярэдневяковых копій тэксту Вульгаты. Табліцы ў Келскай кнізе, аднак, практычна непрыдатныя для выкарыстання з-за таго спосабу, якім перапісчык іх намаляваў. Акрамя таго, адпаведныя нумары глаў так і не былі ўстаўлены на палі кнігі, таму немагчыма знайсці месцы, на якія высылаюцца гэтыя табліцы. Прычыны, па якіх гэтыя нумары глаў не былі ўстаўлены ў кнігу, невядомыя. Магчыма, што іх планавалі ўставіць, калі кніга будзе цалкам завершана, а гэтага так і не адбылося.[21]

 
Аркуш 19, які змяшчае пачатак Breves causae для Евангелля паводле Лукі

Breves causae і Argumenta належаць да давульгатаўскай рукапіснай традыцыі. Breves causae — гэта кароткія выклады старога лацінскага перакладу евангелляў. Яны падзелены на шэраг глаў. Гэтыя нумары глаў, гэтак жа як у выпадку з кананічнымі табліцамі, не прастаўлены ў саміх Евангеллях. Аднак наўрад ці гэтыя нумары маглі быць выкарыстаны нават у тым выпадку, калі б кніга была завершана, з-за таго, што нумара глаў адпавядаюць старому лацінскаму перакладу, які складана гарманізаваць з тэкстам Вульгаты. Argumenta — гэта зборнік легенд пра евангелістаў. Breves causae і Argumenta размешчаны ў даволі дзіўным парадку: спачатку ідуць Breves causae і Argumenta для Матфея, затым Breves causae і Argumenta для Марка, затым Argumenta для Лукі і Яна, затым Breves causae для Лукі і Яна. Той жа парадак можна знайсці ў Кнізе з Дарау, хоць там Breves causae для Лукі і Яна знаходзіцца ў канцы кнігі, у той час як усё астатняе — у пачатку.[21] У іншых рукапісах гэтай групы, такіх як Евангелле з Ліндысфарна (Lindisfarne Gospels), Кніга з Армага (Book of Armagh) і Евангелле з Эхтэрнаха (Echternach Gospels), кожнае Евангелле разглядаецца як асобная праца і мае ўступную частку, прысвечаную канкрэтна яму.[23] Хутчэй за ўсё, пісцы ў Келсе мелі перад сабой або Кнігу з Дарау, або нейкі іх агульны прататып у якасці мадэлі.

Тэкст і шрыфт

правіць

Келская кніга змяшчае тэкст чатырох Евангелляў, заснаваны на Вульгаце. Аднак у тэксце ёсць і адрозненні ад Вульгаты, у якіх выкарыстоўваецца стары лацінскі пераклад (даеранімаўскі). Гэтыя варыяцыі сустракаюцца і ў іншых «астраўных» евангеллях, аднак, не падобна да таго, што існавала нейкая адна крыніца для ўсіх «астраўных» тэкстаў. Мяркуюць, што перапісчыкі пры працы часта спадзяваліся на сваю памяць, а не на тэкст у кнізе-прататыпе.

 
Фоліа (аркуш) 309r, які змяшчае тэкст з Евангелля паводле Яна, напісаны астраўным варыянтам вялікіх літар, перапісчыкам, вядомым як «Рука B»

Манускрыпт напісаны астраўным варыянтам вялікіх літар, часам сустракаюцца малыя літары (мінускулы), звычайна гэта літары «c» і «s». Тэкст, галоўным чынам, напісаны ў адзін доўгі радок ва ўсю старонку. Франсуаза Хенры ідэнтыфікавала прынамсі трох перапісчыкаў, назваўшы іх «Рука A», «Рука B», «Рука C».[24] Рукой A напісаны аркушы з 1 па 19v, з 276 па 289 і з 307 да канца рукапісу. Рука А найчасцей выкарыстоўваў карычневыя чарнілы, зробленыя з «чарнільных арэшкаў», якія выкарыстоўваліся па ўсім Захадзе.[24] На яго старонках звычайна 18 ці 19 радкоў тэксту. Рукой B напісаны аркушы з 19r да 26 і з 124 да 128. У яго прыкметная тэндэнцыя выкарыстоўваць мінускулы (малыя літары), чырвоныя, пурпурныя і чорныя чарнілы і пераменную колькасць радкоў на старонцы. Рукой C напісана большая частка тэксту. У яго таксама прыкметная тэндэнцыя больш часта за «Руку А» выкарыстоўваць мінускулы. Ён выкарыстоўваў тыя ж карычневыя чарнілы з чарнільных арэшкаў, што і Рука А. На яго старонках амаль заўсёды 17 радкоў тэксту[25].

Аздабленне

правіць

Тэкст суправаджаецца неверагодна складанымі па тэхніцы стварэння малюнкамі ў поўную старонку, а таксама ў самім тэксце часта сустракаюцца невялікія мастацкія ўпрыгажэнні. У кнізе выкарыстоўваецца шырокая палітра колераў, найбольш часта сустракаюцца пурпурны, бэзавы, чырвоны, ружовы, зялёны, жоўты. (Для ілюстрацый у Кнізе з Дарау, насупраць, выкарыстоўваюцца толькі чатыры фарбы). Дзіўна, улічваючы агульную раскошу кнігі, але ў ёй не выкарыстоўвалася срэбра і золата. Пігменты, выкарыстаныя для падрыхтоўкі чарнілаў, імпартаваліся практычна з усёй Еўропы, а найбольш рэдкі і дарагі — сіняя ляпіс-блакіт[26] — быў прывезены з Афганістана[27].

Колькасць і якасць малюнкаў нашмат пераўзыходзяць усе астатнія захаваныя «астраўныя» Евангеллі. Захавалася дзесяць поўнастаронкавых ілюстрацый, у тым ліку дзве з партрэтамі евангелістаў  (руск.), тры старонкі з чатырма сімваламі евангелістаў, старонка з манаграмай з імя Хрыста, мініяцюра Дзевы з Немаўлём, мініяцюра Хрыста Валадара, мініяцюра з арыштам Хрыста і са Спакусай Хрыста. Таксама ў кнізе захаваліся 13 поўных старонак з дэкараваным тэкстам, у тым ліку старонкі з першымі некалькімі словамі кожнага Евангелля. На многіх старонказ кнігі толькі частка тэксту дэкаравана. Восем з дзесяці страніц з кананічнымі табліцамі багата ўпрыгожаны ўзорамі.[28] Вельмі верагодна, што ў кнізе былі і іншыя старонкі з мініяцюрамі, цяпер страчаныя. У дадатак да гэтых галоўных старонак з мініяцюрамі, у кнізе маецца вялікая колькасць маленькіх арнаментаў і ўпрыгажэнняў па ўсім тэксце, напрыклад, буквіц.

Захаваная частка манускрыпта пачынаецца з аркуша з фрагментам спісу яўрэйскіх імёнаў. Гэты фрагмент займае адну калонку правага старонкі першага аркуша. Іншая калонка гэтага аркуша занята мініяцюрай з сімваламі чатырох евангелістаў, цяпер амаль сцёртай. Мініяцюра размешчана так, што кнігу трэба перавярнуць на 90 градусаў, каб убачыць яе ў правільным становішчы.[29] Сімвалы чатырох евангелістаў — гэта візуальная тэма, якая сустракаецца на працягу ўсёй кнігі. Яны амаль заўсёды намаляваны разам, каб паказаць адзінства паслання чатырох Евангелляў.

 
Ліст 2r Келскай кнігі, які змяшчае адну з кананічных табліц Еўсевія

Адзінства чатырох Евангелляў падкрэсліваецца таксама ва ўпрыгажэннях кананічных табліц Еўсевія. Яны самі па сабе служылі таму, каб падкрэсліць адзінства Евангелляў, дазваляючы чытачу знаходзіць падобныя месцы з іх. Кананічныя табліцы Еўсевія звычайна патрабавалі для свайго размяшчэння дванаццаці старонак. Стваральнікі Келскай кнігі першапачаткова і разлічвалі размясціць іх на 12 старонках (аркушы з 1v па 7r), але, па невядомых прычынах, уціснулі іх да 10 старонак, пакінуўшы аркушы 6v і 7r пустымі. Гэты сціск прывёў да таго, што табліцы немагчыма выкарыстоўваць. Упрыгажэнні першых васьмі старонак кананічных табліц відавочна зведалі на сабе ўплыў ранніх кніг з Евангеллямі, створаных у Міжземнамор’і. Упрыгожваць гэтыя табліцы аркамі было вельмі распаўсюджанай традыцыяй (пар. з Лонданскімі кананічнымі табліцамі).[29] Стваральнікі Келскай кнігі таксама зрабілі гэта, але ў сваім астраўным духу. Аркі намаляваны не як архітэктурныя элементы, а хутчэй як стылізаваныя геаметрычныя шаблоны, выкананыя з выкарыстаннем кельцкіх матываў. Сімвалы чатырох евангелістаў займаюць прастору над і пад аркамі. Апошнія дзве кананічныя табліцы намаляваны ў сетцы, што ўпершыню сустракаецца ў Кнізе з Дарау.[30]

Астатняя частка кнігі пасля кананічных табліц падзелена на секцыі. Пачатак кожнай часткі адзначаны мініяцюрамі і поўнымі старонкамі з упрыгожаным тэкстам. Кожнаму з Евангелляў папярэднічае мноства ілюстрацый. Уступная частка разглядаецца ў якасці асобнай, і ёй папярэднічае багата ўпрыгожаны разварот. Апроч уступнай часткі і Евангелляў, «другі пачатак» Евангелля паводле Матфея таксама ўпрыгожаны пачатковымі ілюстрацыямі.

 
Аркуш 7v, які змяшчае выяву Дзевы з Немаўлём. Гэта найстарэйшая з захаваных выяў Дзевы Марыі ў заходніх рукапісах

Уступнай часткі папярэднічае выява з Дзевай Марыяй і Немаўлём Ісусам (аркуш 7v). Гэта найстарэйшая з захаваных выяў Дзевы Марыі ў заходніх рукапісах. Гэта мініяцюра стылістычна падобная да выявы, выразанай на вечку труны Св. Катберта. Іканаграфія мініяцюры можа насіць сляды ўплыву Усходніх ці Копцкіх ікон.[31]

Мініяцюра Дзевы з Немаўлём знаходзіцца перад першай старонкай з тэкстам Breves Causae для Евангелля паводле Матфея, якое пачынаецца са слоў Nativitas Christi in Bethlem (нараджэнне Хрыста ў Віфлееме). Пачатковая старонка (folio 8r) тэксту Breves Causae акружана старанна ўпрыгожанай рамкай. Двухстаронкавы разварот з мініяцюрай і тэкстам ажыўляе ўступную частку матэрыялу. Пачатковы радок кожнай часткі ўступа павялічана і ўпрыгожана (гл. вышэй Breves causae Евангелля паводле Лукі — аркуш 19), але астатнія часткі ўступа ўсё ж выкананы не на такім высокім узроўні, як пачатак Breves Causae Евангелля паводле Матфея.[31]

 
Аркуш 291v, які змяшчае партрэт Евангеліста Яна

Кніга была задумана так, каб кожнае Евангелле пачыналася з уступных ілюстрацый, пабудаваных па адным плане. Першапачаткова кожнаму Евангеллю папярэднічала поўнастаронкавая мініяцюра з сімваламі чатырох Евангелістаў, за якой ішла пустая старонка. Затым ішоў партрэт Евангеліста, пасля якога пачынаўся ўжо ўласна тэкст, першая старонка якога заўсёды багата дэкаравана.[32] У Евангеллі паводле Матфея захаваліся і партрэт Евангеліста (ліст 28v), і старонка з сімваламі чатырох Евангелістаў (аркуш 27r, гл. вышэй). У Евангеллі паводле Марка адсутнічае партрэт Евангеліста, але засталася старонка з сімваламі Евангелістаў (аркуш 129v). У Евангеллі паводле Лукі адсутнічаюць і партрэт, і сімвалы Евангелістаў. У Евангеллі паводле Яна, як і ў Матфея, захаваліся і партрэт (ліст 291v, гл. справа), і старонка з сімваламі Евангелістаў (ліст 290v). Лічыцца, што партрэты Марка і Лукі і старонка з сімваламі перад Лукой калісьці існавалі, але цяпер страчаны.[33]

 
Аркуш 29r, які змяшчае інцыпіт (пачатковыя словы) Евангелля паводле Матфея.

Першыя некалькі слоў Евангелля заўсёды багата дэкараваны. Гэтыя старонкі нагадваюць арнаменты на дыване. Часта сам тэкст вельмі цяжка адрозніць сярод разнастайных упрыгажэнняў. Пачатковая старонка (аркуш 28r) Евангелля паводле Матфея можа служыць добрым прыкладам. Тэкст на старонцы складаецца толькі з двух слоў Liber generationis («Кніга пакаленняў»). «Lib» са слова Liber пераўтворана ў гіганцкую манаграму, якая займае большую частку старонкі. «er» з Liber прадстаўлена ў выглядзе пераплеценага арнаменту ўнутры літары «b» манаграмы «lib». Generationis разарвана на тры радкі і знаходзіцца ўнутры ўпрыгожанай арнаментамі рамкі ў правым ніжнім квадранце старонкі. Усё гэта акружана арнаментаваным бардзюрам.[34] Бардзюр і самі літары ўпрыгожаны кельцкімі ўзорамі са спіралямі і вузламі, а таксама з зааморфнымі матывамі. Пачатковыя словы Марка, Initium evangelii («Пачатак Евангелля»), Лукі, Quoniam quidem multi («Як ужо многія»), і Яна, In principio erat verbum, («На пачатку было Слова») аздоблены ў тым жа стылі. Ва ўсіх астатніх «астраўных» Евангеллях гэтыя старонкі таксама моцна дэкараваны, але ўзроўню Келскай кнігі ўсё ж не дасягаюць.[1]

Евангелле паводле Матфея пачынаецца з радаслоўя Ісуса Хрыста. Сапраўднае апавяданне пра жыццё Хрыста пачынаецца з Мат. 1:18. Гэты «другі пачатак» Матфея вылучаны ў многіх ранніх кнігах з Евангеллямі настолькі, што часта гэтыя дзве часткі могуць разглядацца як асобныя працы. «Другі пачатак» пачынаецца са слова «Хрыстос». У сярэдневяковых манускрыптах грэчаскія літары χ — «хі» і ρ — «ро» часта выкарыстоўваліся як абрэвіятура імя Хрыста. У «астраўных» Евангеллях пачатковая «Хі Ро манаграма» звычайна заўсёды павялічана і багата ўпрыгожана. У Келскай кнізе «другі пачатак» упрыгожаны гэтак жа багата, як і пачаткі Евангелляў.[34] На аркушы 32v намалявана мініяцюра з Хрыстом Валадаром. За гэтай мініяцюрай ідзе «дывановая» старонка аркуш 33r, адзіны ў Келскай кнізе, які змяшчае толькі арнамент. (Адзіная «дывановая» старонка — гэта даволі незвычайна. У Евангеллі з Ліндысфарна маецца 5 «дывановых» старонак, у Кнізе з Дарау — 6.) Пасля гэтага ідзе пустая старонка 33v, пасля якой, верагодна, найбольш цудоўная з усіх сярэдневяковых мініяцюр, старонка з манаграмай Хі Ро, якая служыць інцыпітам (пачаткам) для апавядання пра жыццё Хрыста.

 
Аркуш 34r, які змяшчае манаграму Хі Ро (χρ)[35] — першыя літары імя Хрыстос у грэчаскай мове.

У Келскай кнізе манаграма Хі Ро вырасла да памераў цэлай старонкі. Літара «Хі» дамінуе на старонцы, займаючы большую яе частку. «Ро» размешчана пад літарай «Хі» справа. Абедзве літары пакрыты багатымі ўзорамі з кельцкімі вузламі. Фон таксама пакрыты велізарнай колькасцю ўзораў са спіралямі і вузламі. Унутры гэтай масы арнаментаў схаваны фігуры жывёл і насякомых. Тры анёлы з’яўляюцца з-за адной з перакладзін літары «Хі». Гэта мініяцюра з’яўляецца самай вялікай і раскошнай манаграмай Хі Ро ва ўсіх «астраўных» Евангеллях, кульмінацыяй традыцыі, якая пачалася з Кнігі з Дарау.[34]

Келская кніга змяшчае дзве поўнастаронкавыя мініяцюры, якія ілюструюць эпізоды з Мукамі Хрыставымі. Тэкст Матфея ілюстраваны мініяцюрай з арыштам Хрыста (аркуш 114r). Ісус намаляваны стоячы пад аркай, яго трымаюць за рукі два чалавекі.[36] У тэксце Лукі ёсць поўнастаронкавая мініяцюра з Спакусай Хрыста (аркуш 202v). Хрыстос намаляваны па пояс на вяршыні Храма. Справа стаіць натоўп людзей, які, магчыма, паказвае яго вучняў. Злева і ніжэй Хрыста знаходзіцца чорная фігура Сатаны. Вышэй намаляваны два анёлы.[37]

Адваротны бок аркуша з Арыштам Хрыста змяшчае поўную старонку дэкараванага тэксту, які пачынаецца з «Tunc dicit illis». За мініяцюрай са Спакусай таксама ідзе аркуш з дэкараваным тэкстам (аркуш 203r «Iesus autem plenus»). У дадатак да гэтага маецца яшчэ пяць скрупулёзна намаляваных старонак з дэкараваным тэкстам. У Матфеі знаходзіцца яшчэ адна такая старонка са словамі (аркуш 124r, «Tunc crucifixerant Xpi cum eo duos latrones»). У Евангеллі паводле Марка ёсць дзве старонкі з дэкараваным тэкстам (аркуш 183r, «Erat autem hora tercia», і аркуш 187v, «[Et Dominus] quidem [Iesus] postquam»). Евангелле паводле Лукі таксама змяшчае дзве старонкі дэкараванага тэксту (аркуш 188v, «Fuit in diebus Herodis», і аркуш 285r, «Una autem sabbati valde»). Хоць гэтыя тэксты не маюць звязаных з імі мініяцюр, магчыма, што гэтыя мініяцюры або існавалі і былі страчаны, або былі, прынамсі, запланаваны, але так і не намаляваны. У Евангеллі паводле Яна, апроч інцыпіта, няма іншых старонак з дэкараваным тэкстам. Аднак, у трох іншых Евангеллях усе поўныя старонкі з дэкараваным тэкстам, за выключэннем аркуша 188v, сустракаюцца ўнутры апавяданняў пра Пакуты Хрыстовыя. У Евангеллі паводле Яна менавіта гэтая частка тэксту адсутнічае, так што, верагодна, у Яне некалі існавалі гэтыя старонкі з дэкараваным тэкстам.[38]

 
Амаль усе аркушы Келскай кнігі маюць маленькія ілюстрацыі, падобныя да гэтых арнаментаваных буквіц.

Упрыгажэнні ў кнізе не абмежаваны асноўнымі старонкамі. У рэчаіснасці ўсе, за выключэннем дзвюх, старонкі маюць якія-небудзь ілюстрацыі/арнаменты. Па ўсім тэксце раскіданы дэкараваныя ініцыялы і маленькія фігуркі жывёл і людзей, часта закручаныя ў вузлы і складаныя арнаменты. Многія важныя тэксты, такія як малітва «Ойча наш», маюць дэкараваныя ініцыялы. На старонцы, якая змяшчае запаведзі пра дабраславенствы з Нагорнай пропаведзі ў Матфеі (аркуш 40v) маецца вялікая мініяцюра ўздоўж левага поля старонкі, якая складаецца са звязаных паміж сабой літар «B», з якіх пачынаецца кожны радок. Генеалогія Хрыста з Евангелля паводле Лукі (аркуш 200r) змяшчае падобную мініяцюру, у якой у ланцужок уздоўж левага поля старонкі злучаны словы «qui». Многія з маленькіх фігурак жывёл, раскіданых па тэксце, служаць пазнакамі аб канцы радка, а часам яны проста служаць таму, каб запоўніць месца, якое засталося ў канцы радка. Ніводная з гэтых фігурак не паўтарае іншую.

Усе ўпрыгажвэнні ў кнізе выкананы з найвышэйшым майстэрствам. Ад складанасці іх дызайну часта захоплівае дыханне. У адным узоры, які займае квадратную цаля старонкі, можна налічыць 158 складаных скрыжаванняў белай стужачкі з цёмным бардзюрам. Некаторыя ўзоры можна разглядзець толькі пад лупай, хоць падчас стварэння гэтай кнігі іх яшчэ не існавала. Узоры і арнаменты, якія можна ўбачыць у гэтай кнізе, маюць шмат паралеляў з ювелірнымі ўпрыгажэннямі і разьбой па камені, якія захаваліся з таго перыяду. Дызайн гэтых узораў часта выкарыстоўваецца і ў сённяшніх ювелірных упрыгажэннях і татуіроўках.

Выкарыстанне

правіць

Кніга была прызначана хутчэй для выкарыстання падчас богаслужэнняў, чым для чытання. Вялікія, багата ўпрыгожаныя Евангеллі, такія як Келская кніга, звычайна захоўваліся ў алтары царквы і выкарыстоўваліся толькі для чытання Евангелля падчас імшы. Аднак чытальнік, часта, не чытаў тэкст па кнізе, а цытаваў па памяці. Важна адзначыць, што, як сцвярджаецца ў «Хроніках Ольстэра», кніга была выкрадзена з рызніцы (дзе захоўваліся царкоўнае начынне, якое выкарыстоўваецца падчас імшы), а не з манастырскай бібліятэкі. Афарміцелі кнігі, хутчэй за ўсё, і прадугледжвалі такое выкарыстанне кнігі, каб яна хутчэй выглядала раскошнай, чым была карыснай. У тэксце маюцца шматлікія нявыпраўленыя памылкі. Сказы часта пачынаюцца з новага радка, што дазваляла ўпрыгожыць старонку вялікай колькасцю буквіц, а пустое месца ў папярэдніх няпоўных радках заняць арнаментам. Нумары глаў, неабходныя для выкарыстання кананічных табліц, так і не былі прастаўлены на палях. Увогуле, усё рабілася для таго, каб не парушыць своеасаблівую эстэтыку кнігі: у прыгажосці быў відавочны прыярытэт над карыснасцю.[30]

У мастацтве

правіць

Крыніцы

правіць
  1. а б Calkins 1983, p. 82–85.
  2. Ученые исследуют Келлскую книгу. Вокруг света. Архівавана з першакрыніцы 18 жніўня 2011. Праверана 16 сакавіка 2009.
  3. Александр Зорич. Келлская Книга (краткая справка)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 18 жніўня 2011. Праверана 16 сакавіка 2009.
  4. а б Dodwell 1993, p. 84.
  5. а б в г д е ё Henry 1974, p. 150.
  6. Усе манускрыпты і даты абмяркоўваюцца ў Henry 1974, p. 150—151.
  7. Sullivan 1952, p. 19—20.
  8. Meehan 1994, p. 91.
  9. McCaffrey, Carmel; Leo Eaton (2002). In Search of Ancient Ireland: The Origins of the Irish from Neolithic Times to the Coming of the English. Chicago: New Amsterdam Books. ISBN 1561310727.
  10. Columkille is the name by which St. Columba is best known in Ireland. St. Columkille. Library Ireland. Архівавана з першакрыніцы 18 жніўня 2011. Праверана 8 сакавіка 2008.
  11. The Annals of Ulster. CELT: Corpus of Electronic Texts. Архівавана з першакрыніцы 18 жніўня 2011. Праверана 8 сакавіка 2008.
  12. O’Donovan, John. «The Irish Charters in the Book of Kells». Ірландскі нацыянальны ўніверсітэт, Корк. Retrieved on 29 February 2008.
  13. Giraldus Cambrensis. Topographia Hibernica(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 18 жніўня 2011. Праверана 20 сакавіка 2017.
  14. Henry 1974, p. 165.
  15. Seán Duffy, Ailbhe MacShamhráin, James Moynes. Medieval Ireland: An Encyclopedia. — CRC Press, 2005. — С. 247. — 546 с. — ISBN 0415940524.
  16. Sullivan 1952, p. 38.
  17. а б Hoops, Johannes (ed.) «Reallexikon der Germanischen Altertumskunde». Walter De Gruyter Inc, September 2001, 346. ISBN 3-11-016950-9
  18. а б в Henry 1974, p. 152.
  19. Parkin, Chris (2000-04-14). "Book of Kells damaged on Australia trip". The Independent. Архівавана з арыгінала 26 мая 2009. Праверана 2008-03-02.
  20. Meehan 1994, p. 9.
  21. а б в Henry 1974, p. 153.
  22. Henry 1974, p. 153, n. 28.
  23. Calkins 1983, p. 79.
  24. а б Henry 1974, p. 154.
  25. Henry 1974, p. 155.
  26. Fuchs and Oltrogge in O’Mahoney 1994, 134—135.
  27. Meehan 1994, p. 88.
  28. Nordenfalk 1977, p. 108.
  29. а б Henry 1974, p. 167.
  30. а б Calkins 1983, p. 79–82.
  31. а б Calkins 1983, p. 82.
  32. Henry 1974, p. 172.
  33. Henry 1974, p. 172—173.
  34. а б в Calkins 1983, p. 85.
  35. Werner 1972, p. 129—139.
  36. Nordenfalk 1977, p. 124.
  37. Nordenfalk 1977, p. 123.
  38. Calkins 1983, p. 92.

Літаратура

правіць
  • Alexander, J. G. G. Insular Manuscripts: Sixth to Ninth Century. — Лондан: Harvey Miller, 1978.
  • Alton, E. H. and P. Meyer. Enageliorum quattor Codex Cenannensi. — Бёрн: Urs Graf Verlag, 1959—1951.
  • Brown, T. J. Northumbria and the Book of Kells. — Anglo-Saxon England, 1972. — Т. I. — С. 219—246.
  • Calkins, Robert G. Illuminated Books of the Middle Ages. — Нью-Ёрк, Ітака: Cornell University Press, 1983. — ISBN 978-0-8014-9377-5.
  • Dodwell, Charles Reginald (1993). The pictorial arts of the West, 800-1200. Нью Хэвен: Yale University Press. ISBN 0300064934.
  • Friend, A. M., Jr. The Canon Tables of the Book of Kells (в)Mediæval Studies in Memory of A. Kingsley Porter. — Кембрыдж: Mass.: Harvard University Press, 1939. — С. 611—641.
  • Henderson, George. From Durrow to Kells : the Insular Gospel-books, 650—800. — Нью-Ёрк: Thames and Hudson, 1987.
  • Henry, Francoise. The Book of Kells. — Нью-Ёрк: Alfred A Knopf, 1974. — ISBN 0394568591.
  • Hopkins-James, Lemur J. The Celtic Gospels, Their Story and Their Texts. — Лондан: Oxford University Press, 1934.
  • Lewis, Susanne. Sacred Calligraphy: The Chi Rho Page in the Book of Kells. — Traditio, 1980. — С. 139—159.
  • McGurk, P. Two Notes on the Book of Kells and Its Relation to Other Insular Gospel Books. — Scriptorium, 1955. — С. 105—107.
  • Meehan, Bernard (1994). The Book of Kells: An Illustrated Introduction to the Manuscript in Trinity College Dublin. Нью-Ёрк: Thames and Hudson. ISBN 0500277907.
  • Mussetter, Sally. An Animal Miniature on the Monogram Page of the Book of Kells. — Mediaevalia, 1977. — С. 119—120.
  • Nordenfalk, Carl. Celtic and Anglo-Saxon Painting: Book Illumination in the British Isles 600—800. — Нью-Ёрк: George Braziller, 1977. — ISBN 0807608262.
  • Another Look at the Book of Kells — Nordenfalk, Carl, Festschrift Wolgang Braunfels, 1997 год, старонкі 275—279
  • Powell, Roger. The Book of Kells, the Book of Durrow, Comments on the Vellum and the Make-up and Other Aspects. — Scriptorum, 1956. — С. 12-21.
  • Sullivan, Edward (1952). The Book of Kells. Лондан: Studio Publications.
  • Sweeney, James J. Irish Illuminated Manuscripts of the Early Christian Period. — Нью-Ёрк: New American Library, 1965.
  • Werner, Martin. The Madonna and Child Miniatures in the Book of Kells. — Art Bulletin, 1972. — С. 1-23, 129—139.

Спасылкі

правіць