«Таямні́ца Ке́лза» (англ.: The Secret of Kells) — французска-бельгійска-ірландскі[4] анімацыйны фэнтэзійны фільм 2009 года, створаны ірландскай студыяй «Cartoon Saloon». Рэжысёры — Том Мур і Нора Твомі. Прэм’ера мультфільму адбылася 8 лютага 2009 на 59-м Берлінскім кінафестывалі.

Таямніца КелзаM:
The Secret of Kells
Жанр фэнтэзійны фільм, дзіцячы фільм[d] і medieval film[d]
Рэжысёры
Прадзюсары
Аўтары сцэнарыя
Кампазітары
Аніматары Нора Твомі і інш.
Студыя Cartoon Saloon
Les Armateurs
France 2 Cinéma
Vivi Film
Краіна  Ірландыя,
 Францыя,
 Бельгія
Працягласць 75 хвіл.
Прэм’ера 2009
Бюджэт 8 000 000 $[2][3]
Зборы 3 582 797 $[3] і 690 290 $[3]
IMDb ID 0485601

Дзеянні мультфільма адбываюцца ў сярэдневяковай Ірландыі. Галоўны герой — хлопчык-манах Брэндан, які ўдзельнічае ва ўратаванні і складанні Келзскай кнігі ў пачатку IX стагоддзя. Ролі агучвалі Эван Мак-Гуайр, Брэндан Глісан, Крыстэн Муні, Мік Лэлі, Майкл Мак-Грат, Ліям Хурыкан, Пол Тылак і Пол Янг.

У 2010 годзе мультфільм быў намінаваны на прэмію Акадэміі за найлепшы анімацыйны фільм[5][6].

Ірландыя, пачатак IX стагоддзя. Малады, цікаўны і аптымістычны хлопчык Брэндан жыве ў ізаляванай грамадзе кляштара Келза, абатам якога — яго строгі дзядзька Келах. Абат, устурбаваны пастаяннымі набегамі вікінгаў, увесь свой час прысвячае будаўніцтву высокага муру вакол кляштара.

Брэндан навучаецца ў кляштарным скрыпторыі. Аднойчы, пачуўшы ад манахаў пра брата Эйдана, найлепшага ілюстратара кніг, ён пажадаў пазнаёміцца з гэтым майстрам і яго кнігай, «чые старонкі маюць неверагодную моц перамяніць цемру ў святло». яго мара здзяйсняецца, калі Эйдан са сваім катом па мянушцы Пангур Бан прыяжджае ў Келз. Нарманы захапілі востраў Аёна і зруйнавалі тамашні кляштар, аднак Эйдан здолеў уратаваць сваю няскончаную кнігу. Кнігу Аёны ахоўвае Пангур Бан, аднак Брэндана ён дапускае паглядзець на яе, бо хлопчык не нясе пагрозы.

Бачачы Брэнданаву зацікаўленасць, Эйдан выпраўляе хлопчыка пад суправаджэннем Пангур Бана ў лес, каб прынесці чарнільных арэшкаў. Упершыню не паслухаўшыся дзядзькі, Брэндан прабіраецца ў лес, але тут на яго нападаюць ваўкі. Хлопчыка ратуе лясная фея Ашлінг, якая жыве самотна, можа перамяшчацца хутка і не кранаючыся зямлі, і яе слухаюцца лясныя звяры. Калі хлопчык кажа, што гарэшкі патрэбныя дзеля працягу напісання кнігі, яны з Ашлінг становяцца сябрамі.

Пасля непрацяглай сутычкі з Кром Круахам, богам смерці і разбурэння, якога Ашлінг вельмі баіцца, яны развітваюцца. Брэндан прыносіць Эйдану патрэбныя матэрыялы, аднак яго дзядзька Келах забараняе надалей выходзіць з кляштару. Эйдан вучыць хлопчыка маляваць, каб той працягнуў справу па стварэнні кнігі, бо сам Эйдан ужо стары. Аднак дзеля працягу працы неабходнае Вока Калумбы — чароўны крышталь, страчаны пры наездзе нарманаў на Аёну. Іншы такі крышталь можна здабыць толькі ў Кром Круаха. Брэндан вырашае накіравацца на бой з пачварай, але абат Келах за непаслушэнства зачыняе яго ў пакоі.

Пангур Бан і Ашлінг вызваляюць Брэндана. Хлопчык распавядае Ашлінг пра свой намер выправіцца ў пячору Кром Круаха; фея спрабуе адгаварыць яго, каб хлопчык не загінуў, як увесь яе народ, аднак Брэндан пераконвае Ашлінг, што крышталь неабходны, інакш кніга не зможа быць скончаная. Ашлінг пагаджаецца пайсці з Брэнданам у пячору, дзе ледзь не гіне. Брэндан перамагае Крома ў баі і вырывае яго вока, а сляпая пачвара паядае сама сябе[en].

Брэндан і Эйдан працягваюць працу над кнігай. Неўзабаве на Келз нападаюць вікінгі, мясцовыя жыхары хаваюцца за кляштарнымі мурамі. Нарманы штурмуюць кляштар і забіваюць усіх, хто не паспеў схавацца ў цэнтральнай вежы. Келах цяжка паранены, а Эйдан з Брэнданам здолелі ўцячы. У лесе яны натыкаюцца на вікінгаў, але тых загрызаюць ваўкі. Кнігу, якую ледзь не расцерушылі нападнікі, атрымліваецца ўратаваць. Скрыпторый і цэнтральная вежа спаленыя, аднак Келах з рэштай сялян здолелі схавацца ў кляштары.

Мінаюць гады, Брэндан і Эйдан у выгнанні завяршаюць кнігу і прапаведуюць па ёй Свяшчэннае Пісанне. Пакідаючы кнігу Брэндану, Эйдан памірае. Дарослы Брэндан вяртаецца ў Келз з Пангур Банам і белай ваўчыцай (Ашлінг). Дзядзька Келах жывы, аднак увесь гэты час дакараў сябе за тое, што быў жорсткім з Брэнданам. Нарэшце яны сустракаюцца, і Брэндан паказвае дзядзьку закончаную кнігу.

У ролях

правіць
  • Эван Мак-Гуайр — Брэндан, светлы, цікаўны і летуценны 12-гадовы хлопчык, які вядзе жыццё пустэльніка.
  • Брэндан Глісан — абат Келах, колішні ілюмінатар, які цяпер кіруе будаўніцтвам муру дзеля абароны Келзскага абацтва ад наездаў.
  • Крыстэн Муні — Ашлінг, лясная фея з народа[ga] Дану[ga], жыве ў лясах ля Келза.
  • Мік Лэлі — манах Эйдан, ілюмінатар.
  • Майкл Мак-Грат — дарослы Брэндан.
  • Ліям Хурыкан — манахі Танг і Леанарда, два ілюмінатары з Азіі і Італіі (адпаведна).
  • Пол Тылак — манах Асуа, ілюмінатар з Афрыкі.
  • Пол Янг — манах Сквер, ілюмінатар з Англіі.

Вытворчасць

правіць

Фільм заснаваны на гісторыі стварэння кнігі з Келза, ілюмінаванага лацінскага Евангелля, складзенага з чатырох кніг Новага Запавету, якое захоўваецца ў Дубліне (Ірландыя). Акрамя таго, у мультфільм уключаныя элементы кельцкай міфалогіі[7]: напрыклад, Кром Круах — дахрысціянскае ірландскае боства[8], — ці адсылка да паэтычнага жанру ашлінг[ga], у якім паэт спатыкае ў сне ці ў відзежы прарочыцу. У больш шырокім сэнсе можна таксама пабачыць падабенства метафізічнай сутычкі Брэндана з Кром Круахам да падводнай бойкі Беавульфа з Грэндэлевай маці[9]. Прататыпам галоўнага герою Брэндана, магчыма, з’яўляецца святы Брэндан, сучаснік Калумбы.

Праца над «Таямніцай Келза» пачалася ў 1999 годзе пасля таго, як Том Мур з сябрамі натхніліся анімацыяй «Злодзей і шавец» Рычарда Уільямса, дыснееўскім «Муланам» і творчасцю Хаяа Міядзакі, заснаванымі на традыцыйным мастацтве. Яны вырашылі зрабіць штосьці падобнае да фільмаў студыі Гіблі, але паводле ірландскіх традыцый (англ.)[10][11].

Ацэнкі

правіць

Фільм атрымаў даволі ўхвальныя ацэнкі; на Rotten Tomatoes ён мае сумарны рэйтынг 91 % з 80 рэцэнзіяў і сярэднеўзважаным рэйтынгам 7,6/10[12]. На старонцы Metacritic, якая прысвойвае нармалізаваны рэйтынг па 100-бальнай сістэме на аснове водгукаў, мультфільм атрымаў адзнаку 81 («агульная ўхвала»)[13].

Прэміі і ўзнагароды

правіць
Рок Прэмія Катэгорыя Вынік
2008 Прэмія Гільдыі кінарэжысёраў Ірландыі Прэмія шукальнікаў рэжысёраў Перамога
2009 Міжнародны кінафестываль анімацыйных фільмаў у Анесі Гран-пры за найлепшы фільм Намінацыя
Прыз глядацкіх сімпатыяў Перамога
Эдынбургскі міжнародны кінафестываль Прыз глядацкіх сімпатыяў Перамога
Анімацыйны кінафестываль 2D ці не 2D (Сіэтл) Прэмія імя Роя Дыснея Перамога
Сеульскі міжнародны анімацыйны кінафестываль Гран-пры Перамога
9-ы Кечкемецкі анімацыйны кінафестываль Прыз глядацкіх сімпатыяў Перамога
Фестываль еўрапейскіх анімацыйных поўнаметражных фільмаў і тэлефільмаў (Кечкемет) Кечкемецкая гарадская прэмія Перамога
22-я Еўрапейская кінапрэмія Найлепшы анімацыйны фільм Намінацыя
37-я прэмія «Эні» Найлепшы анімацыйны фільм Намінацыя
2010 7-я прэмія ірландскага кіно і тэлебачання Найлепшы фільм Намінацыя
Найлепшы анімацыйны фільм Перамога
Брытанская анімацыйная прэмія Найлепшы еўрапейскі анімацыйны фільм Перамога
82-я прэмія Акадэміі Найлепшы анімацыйны фільм Намінацыя

Беларуская агучка

правіць

У 2017 годзе адбылася прэм’ера анімацыйнага фільма ў Беларусі. Фільм быў агучаны на беларускай мове ў межах праекта «Беларускія ўікэнды» пры падтрымцы «Атлант Тэлекам» і velcom. У агучцы ўдзельнічалі Павел Харланчук, Ганна Хітрык і іншыя вядомыя беларускія акцёры. Першыя паказы адбыліся 17-19 сакавіка ў кінатэатры «Масква» ў Мінску[14].

Зноскі

  1. а б в г д е Person Profile // The Secret of Kells — 1990. Праверана 13 сакавіка 2022.
  2. Box Office Mojo — 1999. Праверана 26 лістапада 2022.
  3. а б в The Numbers — 1997. Праверана 26 лістапада 2022.
  4. Lou Lumenick. A visual feast — just add Celt (англ.). New York Post (5 сакавіка 2010). Праверана 28 лютага 2017.
  5. A. O. Scott. Outside the Abbey’s Fortified Walls, a World of Fairy Girls and Beasts (англ.). The New York Times (4 сакавіка 2010). Праверана 28 лютага 2017.
  6. Melena Ryzik. An Indie Takes On Animation’s Big Boys (англ.). The New York Times (2 сакавіка 2010). Праверана 28 лютага 2017.
  7. John Hartl. ‘The Secret of Kells’: An enchanting tale of a boy in barbarian times (англ.). Seattle Times (13 мая 2010). Праверана 1 сакавіка 2017.
  8. O’Hehir, Andrew. “The Secret of Kells”: Oscar’s dazzling Irish surprise (англ.). Salon.com (4 сакавіка 2010). Праверана 1 сакавіка 2017.
  9. shaun.. The Secret of Kells: the circle and the serpent(недаступная спасылка). Basement Garden (15 кастрычніка 2011). Архівавана з першакрыніцы 15 кастрычніка 2011. Праверана 1 сакавіка 2017.
  10. Cohen, Karl. 'The Secret of Kells' - What is this Remarkable Animated Feature? (англ.). Animation World Network (16 сакавіка 2010). Праверана 1 сакавіка 2017.
  11. Greydanus, Steven D.. The Secret of Kells (англ.). Reviews. Christianity Today (2 красавіка 2010). Праверана 1 сакавіка 2017.
  12. The Secret of Kells, 2010 (англ.). Rotten Tomatoes. Flixster. Праверана 1 сакавіка 2017.
  13. The Secret of Kells 2010 (англ.). Metacritic. Праверана 1 сакавіка 2017.
  14. Сёння ў «Маскве» пачынаюць паказы «Таямніцы Келза» па-беларуску

Спасылкі

правіць