Курляндскае і Земгальскае герцагства

(Пасля перасылкі з Курляндскае герцагства)

Курляндскае і Земгальскае герцагства было ўтворана на тэрыторыі сучаснай Латвіі (гістарычныя вобласці Курляндыя і Земгале) пасля распаду Лівонскага ордэна апошнім яго магістрам Готхардам Кетлерам, які ў 1562 прызнаў сюзерэнітэт вялікага князя ВКЛ, а сам атрымаў у якасці спадчыннага ўладання Курляндыю і Земігалію, з тытулам герцага. Пасля доўгі час тут правілі нашчадкі Кетлера.

Гістарычная дзяржава
Курляндскае і Земгальскае герцагства
лац.: Ducatus Curlandiæ et Semigalliæ
ням.: Herzogtum Kurland und Semgallen
польск.: Księstwo Kurlandii i Semigalii
Герб Сцяг
Герб Сцяг
< 
 >
1562 — 1795

Сталіца Мітава
Мова(ы) нямецкая
Афіцыйная мова нямецкая
Рэлігія лютэранства
Грашовая адзінка талер
Плошча
  • 32 000 км²
Насельніцтва
  • каля 200 000 чал.
Форма кіравання манархія
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

На момант утварэння ў герцагстве было толькі 3 гарады: Газенпот, Голдынген і Віндава (сучасн. Вэнтспілс). Кетлер спачатку робіць сваёй рэзідэнцыяй Рыжскі замак, але ў 1566 вымушаны размясціцца ў замках Голдынгена і Мітавы, чым спрыяў развіццю абодвух гарадоў. Статус сталіцы атрымала Мітава (сучасная Елгава). Пазней гарадамі становяцца Бауск і Лібава (сучасн. Ліепая). Тэрыторыя герцагства была падзелена на 4 паветы.

Курляндыя знаходзілася ў леннай залежнасці спачатку ад ВКЛ, а пасля Люблінскай уніі 1569 — ад Рэчы Паспалітай. У 1585 Данія перадала Рэчы Паспалітай былое Курляндскае епіскапства.

Кетлер сваю ўвагу засяродзіў на ўнутраных рэформах у герцагстве: садзейнічаў распаўсюджанню рэфармацыі, палепшыў сістэму адукацыі, развіваў гандлёвыя стасункі з Лівоніяй і Польшчай. У 1570 ён выдае памешчыкам "прывілей Готхарда", паводле якога тыя робяцца ўласнікамі сваіх маёнткаў.

Пасля смерці Кетлера (1587) яго сыны падзялілі герцагства. Фрыдрых атрымаў Земігалію са сталіцай у Мітаве, а Вільгельм застаўся правіцелем Курляндыі з рэзідэнцыяй у Голдынгене. Вільгельм павёў барацьбу з вольнымі настроямі ў сваіх уладаннях. Але памешчыкі былі падтрыманыя каралём, і пасля забойства пад час паседжання ландтага лідараў апазіцыі герцаг Вільгельм у 1616 быў пазбаўлены трона. Далей Фрыдрых правіў адзін, засвоіўшы мірную палітыку бацькі.

Дзяржаўны лад герцагства вызначалі Курляндскія статуты, складзеныя ў 1617 з улікам патрабаванняў дваран Курляндыі. Статуты абмяжоўвалі ўладу герцага на карысць дваран, пераважна немцаў па паходжанні. Герцаг мог чаканіць манету, прызначаць чыноўнікаў толькі па ўзгадненні з дваранамі, знешнюю палітыку ўзгадняў з уладамі Рэчы Паспалітай.

Паводле формы праўлення Курляндскае герцагства было "дваранскай рэспублікай". Вышэйшая выканаўчая і судовая ўлада належала радзе герцага. Існавала прыгонная залежнасць сялян, гараджане не мелі палітычных правоў.

Правячы клас, а таксама купецтва складаліся ў асноўным з балтыйскіх немцаў, якія ўяўлялі сабой адносна малалікіую, але найбольш адукаваную групу, тады як большасць насельніцтва герцагства складалі латвійскія сяляне. Асноўнай галіной вытворчасці была баршчынная сельская гаспадарка (вытворчасць збожжа на замежны рынак). Герцагскія мануфактуры выраблялі палатно, зброю, будавалі караблі.

Пасля смерці Фрыдрыха ў 1642 герцагам стаў сын Вільгельма, Якаб. Ён атрымаў добрую адукацыю ва ўніверсітэтах Ростака і Лейпцыга, шмат падарожнічаў, захапляўся каланізацыйнай палітыкай буйных еўрапейскіх дзяржаў. У яго час герцагства мела значны ваенны і гандлёвы флот. У Вест-Індыі 20 мая 1654 была заснавана калонія на востраве Табага, які капітан В. Моленс абвясціў "Новай Курляндыяй". Гэта калонія была пазней захоплена больш шматлікімі галандскімі пасяленцамі, хоць спробы замацавацца тут Курляндыя не пакідала да 1665. Якаб зрабіў шэраг спробаў каланізаваць Гвінейскае ўзбярэжжа (востраў Джэймс у вусці Гамбіі, 1651-65). Ініцыятывай герцага Якаба было таксама развіццё металургічнай вытворчасці. Экспарт прадукцыі (у прыватнасці — зброі) унёс істотны ўклад у развіццё эканомікі герцагства. Ва ўнутранай палітыцы Якаб аддаваў перавагу каталікам, што ў многіх выклікала незадавальненне.

Пры Якабе ў Курляндыю ўварваліся шведы, герцаг быў узяты ў палон і адвезены ў Рыгу (1658). З'яўленне гетмана Сапегі спыніла шведаў. Згодна з Аліўскім мірам (1660) Швецыя адмовілася ад усялякіх прэтэнзій на Курляндыю; тады ж вярнуўся з палону і Якаб.

Замак у Мітаве, гравюра 1703

Яго сын, Фрыдрых-Казімір, які правіў Курляндыяй з 1682 па 1698, акружыў сябе раскошаю, траціў шмат грошай на прыдворны лоск; яму прыйшлося залажыць некалькі герцагскіх маёнткаў. Пасля яго смерці прастол перайшоў да малалетняга сына Фрыдрыха-Вільгельма, апекуном якога быў яго дзядзька Фердынанд.

З пачаткам Паўночнай вайны Курляндыя стала тэатрам ваенных дзеянняў, пераходзіла ад шведаў да рускіх і наадварот. Канчаткова шведы пакінулі Курляндыю пасля Палтаўскай бітвы.

У 1709 пачалося аднаасобнае кіраванне герцага Фрыдрыха Вільгельма Кетлера, які ў 1710 вярнуўся ў Курляндыю і ажаніўся з пляменніцай Пятра І Ганнай Іванаўнай. З гэтага часу рускі ўплыў у Курляндыі значна ўзмацніўся. На шляху з Пецярбурга ў Курляндыю герцаг Фрыдрых-Вільгельм захварэў і памёр у студзені 1711. Трон павінен быў заняць яго дзядзька Фердынанд, але ў Мітаву прыбыла герцагіня Ганна, пасланая туды Пятром I. Расійскі рэзідэнт у Курляндыі П. Бястужаў патрабаваў ад герцагства 40 тыс. руб. штогод на ўтрыманне герцагіні. Тым часам герцагам стаў дзядзька Фрыдрыха-Вільгельма — Фердынанд (1711-37), апошні прадстаўнік Кетлерава дома па мужчынскай лініі. Баючыся апазіцыі дваранства, Фердынанд не прыязджаў у Курляндыю, а заставаўся ў Данцыгу. У Курляндыі з гэтай прычыны расло незадавальненне. Гэта выкарыстаў кароль польскі і вялікі князь ВКЛ Аўгуст II Моцны, які жадаў замацаваць трон герцагства за прадстаўніком свайго дому. Прызначаная ім для вырашэння спрэчак паміж Фердынандам і жыхарамі герцагства камісія прызнала трон вакантным. На з'ездзе ў Мітаве 1717 пастаноўлена было пазбавіць Фердынанда ўлады і перадаць урадавыя функцыі ў рукі вышэйшых ураднікаў герцагства. Аўгуст II планаваў выдаць замуж герцагіню Ганну за маршала Францыі графа Морыца Саксонскага, свайго пазашлюбнага сына з графіняй А. Кёнігсмарк, што дало б графу права на трон. Шлюб не адбыўся, але 28 чэрвеня 1726 г. ландтаг Курляндыі абраў Морыца герцагам. Супраць выступілі Гродзенскі сейм (1726), які баяўся адрыву герцагства ад Рэчы Паспалітай, і Расія, што змусіла Морыца ў наступным жа годзе адмовіцца ад прэтэнзій. У верасні 1727 ў Курляндыю ўвайшлі расійскія войскі, Морыц пакінуў герцагства. Права на кіраванне Курляндыяй Аўгуст II вярнуў Фердынанду.

Калі ў 1733 Расія падтрымала кандыдатуру Аўгуста III на польскі трон, ён згадзіўся за гэта прызнаць герцагам курляндскім фаварыта рускай імператрыцы Анны Іаанаўны, курляндскага двараніна Эрнста Ёгана Бірона, які з 1718 знаходзіўся пры яе двары ў Курляндыі, а ў 1730 ў якасці обер-камергера двара прыехаў у Расію. Бірона прызналі як герцага і дваране Курляндыі. Бірон быў герцагам з 1737 по 1741, кіраваў Курляндыяй з Пецярбурга. Ён меў вялізны ўплыў на рускую імператрыцу. Паводле завяшчання Анны Іаанаўны, Бірон пасля яе смерці (17 кастрычніка 1740) стаў рэгентам пры непаўналетнім імператары Іване VI Антонавічы, што выклікала незадавальненне рускага дваранства. У выніку барацьбы за ўладу, якая вылілася ў палацавы пераварот, 9 лістапада 1740 Бірон быў арыштаваны. Па абвінавачанні ў "захопе рэгенцтва" і імкненні завалодаць прастолам Бірон быў прыгавораны да смяротнай кары, замененай ссылкай у Пелым, з 1742 — у Яраслаўль.

Пасля высылкі Бірона Курляндыя засталася без герцага, так доўжылася да 1758. Аўгуст III зноў дазволіў вышэйшым ураднікам краіны кіраваць справамі. У 1758 герцагам абраны каралевіч Рэчы Паспалітай Карл Хрысціян Ветын, які быў падтрыманы Расіяй. Карл Хрысціян быў католікам, што з цягам часу паслужыла падставай для яго змяшчэння. Пасля прыходу да ўлады Кацярыны II стаўка зноў зроблена на Бірона, які вярнуўся ў Пецярбург у 1761.

Екацярына II, незадаволеная тым, што герцаг Карл не дазволіў рускім войскам, якія ўдзельнічалі ў Сямігадовай вайне, вяртацца ў Расію праз Курляндыю, настаяла на яго змяшчэнні, і герцагам паўторна прызваны быў Бірон, які кіраваў да 1769. У 1762 у герцагства ўведзены расійскія войскі, Карл Хрысціян пакінуў Мітаву. Бірон абавязаўся прапускаць праз Курляндыю рускія войскі, не ўступаць ні ў якія стасункі з ворагамі Расіі, выказваць верацярпімасць да праваслаўных і дазволіць пабудову праваслаўнага храма ў Мітаве. Пасля смерці караля Аўгуста III і ўступлення на трон Станіслава Аўгуста Панятоўскага Бірон атрымаў інвестытуру на герцагства як на лен Рэчы Паспалітай.

У 1769 ён адмовіўся ад прастола на карысць свайго сына Пятра, супраць якога адразу пачаўся рух незадаволенага дваранства. Канфедэрацыя шляхты ВКЛ у 1770 зноў абвясціла герцагам Карла Хрысціяна, але ўлада засталася ў Пятра, які ўтрымаўся на троне толькі дзякуючы Расіі. Ажаніўшыся з графіняй Аннай фон Медэм, Пётр правёў некалькі год за мяжой. Вярнуўшыся ў 1787 ў Курляндыю, ён зноў павінен быў вытрымаць унутраную барацьбу з незадаволеным дваранствам.

На тэрыторыю герцагства пашырылася паўстанне 1794. Ландтаг Курляндыі прасіў Екацярыну II абараніць герцагства, і з дапамогай расійскіх войск паўстанцы былі разбіты. Пасля Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) залежнасць Курляндыі ад Польшчы скончылася, і 7 сакавіка 1795 ландтаг скасаваў падпарадкаванне герцагства Рэчы Паспалітай і добраахвотна далучыў яго да Расіі без усялякіх умоў. 17 сакавіка 1795 герцаг Пётр адрокся ад трона, а 28 студзеня 1796 герцагства пераўтворана ў Курляндскую губерню Расійскай імперыі. Курляндскія статуты паступова касаваліся, канчаткова адменены ў 1865.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць