Казімір Нарбут
Казімір (Даніэль) Нарбут (3 студзеня 1738, маёнтак Яшнец, Лідскі павет, цяпер Лідскі раён — 17 сакавіка 1807) — асветнік, філосаф і настаўнік, член ордэна Піяраў. Прафесар філасофіі Collegium Nobilium. Прадстаўнік эклектычнага кірунку ў філасофіі эпохі Асветніцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім.
Казімір Нарбут | |
---|---|
Daniel Kazimierz Narbutt | |
| |
| |
Нараджэнне |
3 студзеня 1738 |
Смерць |
17 сакавіка 1807 (69 гадоў) |
Месца пахавання | |
Род | Нарбуты |
Бацька | Казімір Юзаф Нарбут[d] |
Маці | Мар’яна з Навіцкіх[d] |
Веравызнанне | Каталіцкая Царква |
Член у | |
Адукацыя | |
Месца працы | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьПаходзіць з роду Нарбутаў, брат гісторыка Тэадора Нарбута. Вучыўся ў піярскай школе ў Шчучыне, потым у Любяшоўскім навіцыяце і ў піярскім калегіуме ў Дубровіцы, з 1759 у піярскім калегіуме ў Вільні, каля 4 гадоў — у піярскім вучылішчы ў Рыме. У 1764 вярнуўся на радзіму, прызначаны прафесарам і прэфектам піярскага калегіума ў Дубровіцы. Пасля жыў у Вільні, чытаў лекцыі па філасофіі, быў прэфектам піярскай друкарні.
У 1770—1799 гадах працаваў пробашчам у Радзыміне. Супольнік уладальніцы Радзыміна Элеаноры, княжны Чартарыйскай. Быў дзеячам Народнай адукацыйнай камісіі, адказным Аддзела спраў школы і элементарных кніг. Кавалер ордэна Святога Станіслава.
З 1773 да 1775 года Казімір Нарбут знаходзіўся ў Германіі і Францыі як выхавальнік дзяцей падскарбія вялікага літоўскага, пазней — працаваў у Адукацыйнай камісіі ў Варшаве. Пробашч лідскі ў 1784-1786 г. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Нарбут жыў у вёсцы пад Лідай.
Пахаваны ва ўніяцкай царкве ў Радзівонішках (Лідскі раён). Магіла не захавалася.
Навуковая дзейнасць
правіцьУ 1769 выдаў у Вільні падручнік па логіцы («Логіка, або Навука разважання і меркавання пра прадметы навукі», на польскай мове). Аўтар курса «Эклектычнай філасофіі» і рукапісаў на лацінскай мове. Пераклаў з французскай мовы на польскую кнігу «Ваенная навука прускага караля для яго генералаў» (1771). У прадмове да яе выказаў сваё захапленне грамадскімі мерапрыемствамі, што ажыццяўляліся ў тагачаснай Беларусі, у прыватнасці будаўніцтвам Пінскага канала. Як член Адукацыйнай камісіі, займаўся рэформай школьнага навучання ў Беларусі і Літве. Член «Таварыства па складанні элементарных кніг», напісаў 2 раздзелы для школы «Статута парафіяльных школ» і настаўленне «Аб інспектаванні школ».
Выступаў за вызваленне філасофіі ад схаластыкі і багаслоўя, за развіццё навукі. З'яўляўся прыхільнікам дэізму. Асновай разумення лічыў дакладнасць і відавочнасць ідэй, слушнасць прынцпаў метада Рэнэ Дэкарта.
У пачатку 1770-х гадоў Казімір Нарбут прапанаваў ідэю пра сацыяльную прыроду чалавека, якая была блізкай да ідэй Грэцыя і Лока. На думку Нарбута дзяржава — арганізацыя, створаная ў інтарэсах усіх разам і кожнага паасобку, пры гэтым натуральныя правы асобы мусяць быць незалежнымі ад дзяржавы, а асновай дзяржаўнага ладу павінны быць законы і дзейнасць, якая цалкам ім адпавядае.
Крытыкаваў сістэму адукацыі ў акадэміях і калегіумах ордэна езуітаў, выступаў за свецкую сістэму адукацыі. Апроч гэтага займаўся школьнай рэформай у Вялікім Княстве Літоўскім. Паводле меркавання Нарбута адной з асноўных адукацыйных дысцыплін з'яўляецца свецкая этыка.
Творы
правіць- Logika, czyli rozważania i rozsadzania rzeczy nauka, Вільня, 1769, 3 выд., 1791
- Nauka żołnierska króla pruskiego dla jego generałów dana — пераклад з французскай, 1771
Зноскі
Літаратура
правіць- На́рбут Казімір // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 516. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.