Лембата (індан.: Lembata), раней вядомы як Ламблен (нідэрл.: Lomblen) — найбуйнейшы востраў у групе Салор. Уваходзіць у склад інданезійскай правінцыі Усходняя Нуса-Тэнгара. Плошча — 1 266,39 км². Насельніцтва (2020 г.) — 135 930 чалавек.

Лембата
індан. Lembata
Вулкан Іліверунг
Вулкан Іліверунг
Характарыстыкі
Плошча1.266,39 км²
Насельніцтва135 930 чал.
Шчыльнасць насельніцтва107 369,67 чал./км²
Размяшчэнне
8°25′42″ пд. ш. 123°30′57″ у. д.HGЯO
АкваторыяБанда
Краіна
Лембата (Інданезія)
Лембата
Лембата
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Востраў Лембата месціцца за 1824 км на паўднёвы ўсход ад Джакарты, сталіцы Інданезіі. Мае вулканічнае паходжанне. Суша сфарміравана сістэмамі некалькіх вулканаў. Найбуйнейшыя з іх — Іліверунг (1018 м), Ілілабалекан (1018 м) і Ілелеваталок (1423 м). Захоўваецца вулканічная актыўнасць. Апошняе вывяржэнне Ілелеваталока адбылося ў 2020 г. і суправаджалася выкідам слупа попелу на вышыню 15,24 км. Большая частка паверхні складзена базальтамі і гранітамі. Берагі моцна парэзаны. Вылучаюцца невялікія паўастравы і залівы.

Клімат трапічны з выразным вылучэннем сухога і вільготнага сезонаў. Мінімальныя тэмпературы вагаюцца паміж +20°C і +24°C, максімальныя — паміж +30°C і +33°C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў залежыць ад вышыні паверхні. У гарах выпадае каля 1200 мм, а на прыбярэжных раўнінах — 500 мм. У 2005 г. агульная колькасць ападкаў не перавысіла 320 мм, так што на востраве пачалася засуха. У красавіку 2021 г. моцныя дажджы выклікалі паводку ў горных раёнах, у выніку якой загінула каля 80 чалавек.

На Лембаце захаваліся трапічныя лясы з багатай арнітафаўнай. Прыбярэжныя воды насяляюць кіты, дэльфіны, марскія чарапахі. У мінулым лоў кітоў з'яўляўся важным заняткам жыхароў узбярэжжа.

Асноўны сучасны занятак астравіцян — сельская гаспадарка. Для камерцыйных патрэб вырошчваюць спецыі. Трымаюць свінняў, коз, курэй. Карэнныя насельнікі паходзяць з усходняга Флорэса. Жыхары берагавых і горных раёнаў належаць да аўстранезійцаў, але адрозніваюцца па мове і культуры. Нароўні з хрысціянствам і ісламам распаўсюджаны старажытныя традыцыйныя вераванні, асабліва культ продкаў і вера ў магію.

Спасылкі правіць