Лікі́́йцы (стар.-грэч.: Λύκιοι) — старажытны індаеўрапейскі народ, карэнныя насельнікі малаазіяцкай вобласці Лікія.

Лікійцы
Лікійскія воіны (выява на магільні, 1 тысячагоддзе да н.)
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Лікія
Мова лікійская
Рэлігія політэізм
Блізкія этнічныя групы хеты, лідыйцы, карыйцы

Паходжанне правіць

Лікійцы былі блізкія да іншых індаеўрапейскіх народаў Малой Азіі, размаўлялі на індаеўрапейскай мове лувійскай групы. Гамер узгадваў лікійцаў сярод абаронцаў Троі ад ахейцаў[1]. Герадот паведамляў, што лікійцы паходзілі з Крыта і ў мінулым зваліся тэрміламі. На чале Сарпедона, яны пакінулі Крыт і перасяліліся на захад Малой Азіі ў раён Мілета. Да прыходу тэрмілаў паўднёва-заходняя частка Азіі была вядома як Міліяда. Яе насяляла племя салімаў, відавочна заваяванае тэрміламі. Назвы ж Лікія і лікійцы паходзяць ад афіняніна Ліка, які стаў мясцовым уладаром пазней. Але і ў часы Герадота суседнія народы працягвалі называць лікійцаў тэрміламі[2].

Гісторыя правіць

Відавочна, дзяржаўныя ўтварэнні ў Лікіі сфарміраваліся яшчэ ў 2 тысячагоддзі да н. э. Лікійцы былі саюзнікамі хетаў і ўдзельнічалі з імі ў паходах на Блізкі Усход. Старажытныя егіпцяне звалі лікійцаў лука[3].

У 1 тысячагоддзі да н. э. у Лікіі склаўся саюз 23 гарадоў, які дастаткова эфектыўна падтрымліваў унутраны мір і абараняў мясцовае насельніцтва. Страбон апавядаў, што кожны горад выбіраў у агульную раду сваіх прадстаўнікоў, якія займалі пэўныя пасады, а таксама фарміравалі саюзны суд. Раду узначальваў лікіярх[4]. Саюз праіснаваў даволі доўгі час і дзейнічаў нават у часы Рымскай імперыі.

У VI ст. да н. э. лікійцы здолелі стрымаць націск магутнага лідыйскага валадара Кроза, але ў выніку былі заваяваны персамі. Персідскія ўлады захавалі пэўную аўтаномію гэтага рэгіёну, што дазволіла сатрапам з мясцовага рода Каліка захапіць уладу і кіраваць Лікіяй падобна манархам.

У 334 г. да н. э. Лікія трапіла ў склад Македоніі. У 43 г. н. э. яна стала часткай Рымскай імперыі. Ужо к канцу 1 тысячагоддзя да н. э. лікійцы былі значна элінізаваны, не карысталіся сваёй пісьмовай мовай, былі ўцягнуты ў варункі грэчаскай культуры.

Культура правіць

Лічыцца, што ў антычны перыяд у Лікіі жыло не болей за 200 тысяч чалавек. Аднак тут існавала даволі шмат гарадоў, якія падтрымлівалі гандлёвыя сувязі з іншымі рэгіёнамі Малой Азіі, Усходняга Міжземнамор’я і Грэцыяй. Наяўнасць гарадоў сведчыць, што мясцовае насельніцтва мела магчымасць абапірацца не толькі на сельскую гаспадарку, але рамесную вытворчасць і гандаль.

Лікійцы карысталіся алфавітным пісьмом, запазычаным з Фінікіі або Фрыгіі. Выдатнымі помнікамі манументальнага майстэрства лікійцаў з’яўляюцца іх скальныя магільні, якія яны будавалі на працягу ўсяго 1 тысячагоддзя да н. э. у цяжкадаступнай горнай мясцовасці. Магільні упрыгожваліся калонамі і барэльефамі. На іх выразалі сцэны паўсядзённага побыту, ваенных сутычак, а таксама выявы міфічных істот. Усяго захавалася больш за 2000 магільняў[5].

Герадот казаў, што звычаі ў лікійцаў крыцкія, часткова карыйскія. Аднак яны мелі дзіўны для грэкаў звычай звацца не па бацьку, а па маці. Калі свабодная жанчына брала шлюб з рабом, то іх дзеці былі таксама свабодныя. Затое дзеці ад шлюбу свабоднага мужчыны і іншаземнай жанчыны не маглі прэтэндаваць на грамадзянства[6].

Зноскі

  1. Гамер, Іліяда, VI:204
  2. Герадот, I:73
  3. Who Were the Lycians? Архівавана 10 мая 2013.
  4. Страбон, Кніга XIV, III:3
  5. LYCIAN ROCK TOMBS Архівавана 23 снежня 2011.
  6. Герадот, I:73