Лілія Фёдараўна Тамашова
Лілія Фёдараўна Тамашова (25 чэрвеня 1924, в. Цеплякі, Сенненскі раён — 18 мая 2016, Каралёў Стан) — беларускі літаратуразнаўца, педагог, аўтар метадычных дапаможнікаў для сярэдніх школ[1].
Лілія Фёдараўна Тамашова | |
---|---|
Дата нараджэння | 25 чэрвеня 1924 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 18 мая 2016 (91 год) |
Месца смерці | |
Род дзейнасці | літаратуразнаўца |
Месца працы | |
Альма-матар |
|
Біяграфія
правіцьДзяцінства прайшло на Кольскім паўвостраве, куды сям’я выехала ў пошуках заробку. У 1935 г. адбылося вяртанне ў Беларусь. Вучылася ў беларускай сярэдняй школе ў Багушэўску. Сям’я Тамашовых жыла ў Расіі ў гады эвакуацыі. У верасні 1944 вярнуліся ў Багушэўск.
Паехала ў Мінск, дзе без экзаменаў паступіла на толькі што арганізаванае аддзяленне журналістыкі. Адначасова працавала ў рэдакцыі газеты «Чырвоная змена», сакратаром факультэта журналістыкі. На другім курсе перайшла на філалагічны факультэт. Скончыла філалагічны факультэт БДУ (1949). Працавала выкладчыцай у Віцебскім педагагічным інстытуце да 1954 год. З 1954 г. старшая навуковая супрацоўніца, у 1959 г. загадчыца сектара методыкі мовы і літаратуры Інстытута педагогікі. У 1967—1978 гг. інспектарка метадыстка аддзела падручнікаў і метадычнай літаратуры Міністэрства асветы.
Творчасць
правіцьЛілія Тамашова распрацоўвала пытанні методыкі выкладання літаратуры ў школе. Пачала друкавацца з 1956 года. Першыя яе публікацыі звязаны з тэмай «Якуб Колас у школе», таксама распрацоўвала таксама методыку вывучэння апавяданняў Кузьмы Чорнага, Эдуарда Самуйлёнка, рамана Iвана Шамякіна «Крыніцы», паэзіі Пімена Панчанкі.
Найбольш значнымі яе працамі з’яўляюцца метадычныя дапаможнікі «Вывучэнне трылогіі Якуба Коласа „На ростанях“ у школе» (3-е выд. 1976), «Вывучэнне паэмы Якуба Коласа „Новая зямля“ у школе» (2-е выд. 1974). Адзін з аўтараў падручніка хрэстаматыі «Родная літаратура» для сёмага і восьмага класаў (1962—1993) і інш. Упершыню ў школьную праграму ўключыла творы Васіля Быкава.
Сям’я
правіць- Бацька — Фёдар Анісімавіч, беззямельны селянін, у пошуках заробку разам з сям’ёй выехаў на Кольскі паўвостраў. У 1935 сям’я вярнулася на радзіму, жыла на чыгуначным перагоне каля чыгуначнай станцыі Багушэўск. У час Вялікай Айчыннай вайны бацька эвакуіравацца не змог, працаваў на чыгунцы і ў гады акупацыі, за што ў 1944 асуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі, высланы ў лагер у Горкаўскую вобласці, дзе і памёр.
- Маці — Фядора Сямёнаўна, прысвяціла жыццё выхаванню траіх дзяцей. Яна, маючы пачатковую адукацыю, многа чытала, хораша спявала, малявала.
Кнігапіс
правіць- Тамашова, Л.Ф. Вывучэнне трылогіі Я. Коласа «На ростанях» у школе. — Мінск: Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1957.
- Рэцэнзія: Карпачоў М. Дапаможнік па вывучэнню ў школе трылогіі Я. Коласа «На ростанях». // Савецкая школа : часопіс. — 1958. — № 2.
- Рэцэнзія: Разанаў І. Цікавы і змястоўны дапаможнік. // Настаўніцкая газета : газета. — 1958, 28 сакавіка.
- Тамашова, Л.Ф. Вывучэнне паэмы Я. Коласа «Новая зямля» у школе. — Мінск: Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1959. — 96 с.
- Рэцэнзія: Пяткевіч А. Дапаможнік толькі выйграе. // Настаўніцкая газета : газета. — 1960, 20 жніўня.
- Тамашова, Л.Ф. Вывучэнне беларускай літаратуры ў 8 класе : метадычны дапаможнік для настаўнікаў. — Мінск: Народная асвета, 1965. — 352 с.
- Тамашова, Л.Ф. Вывучэнне трылогіі Я. Коласа «На ростанях» у школе. — 2-е выд.. — Мінск: Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1969.
- Тамашова, Л.Ф. Вывучэнне паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» ў школе. — 2-е выд.. — Мінск: Народная асвета, 1974. — 93 с.
Зноскі
правіць- ↑ Пайшла з жыцця літаратуразнаўца Лілія Тамашова. // Наша Ніва : газета. — 24.06.2016.
Літаратура
правіць- Гарэлік Л. М., Барташэвіч М. П. Тамашова Лілія Фёдараўна // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1995. — Т. 6. Таталаў — Яфімаў. Дадатак. — 684 с.; іл.. — ISBN 985-11-0022-6.
- Лугоўскі, А. І. Слоўнік студэнта-філолага па методыцы выкладання беларускай літаратуры. — Мінск: БДПУ, 2008. — С. 89. — 127 с. — ISBN 978-985-501-667-1.