Лісцвін

вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці Беларусі

Лісцві́н[1] (трансліт.: Liscvin, руск.: Листвин) — вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Паселіцкага сельсавета.

Вёска
Лісцвін
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
1512 год
Насельніцтва
  • 112 чал. (2019)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2346
Аўтамабільны код
3
СААТА
3254836051
Лісцвін на карце Беларусі ±
Лісцвін (Беларусь)
Лісцвін
Лісцвін (Гомельская вобласць)
Лісцвін

Назва правіць

Вёска паўстала ў раўніннай мясцовасці, пра якую князь Аляксандар Вішнявецкі 15 сакавіка 1574 года, дзелячы з братам Міхаілам «именя наши отчизные брягинские», пісаў: «Што ся дотычет подданых моих села Листвина, иж они дубровы собе на поля розробили и вычертили первеи сего и тепер ново от острова его милости князя, брата моего, Рудакова, который ся его милости на делу от мене зостал, тогды вже болшь тое дубровы вычертивати роспахивати не мают над тые теперешние и старые поля и чертежи. Але тых всих своих пол, чертежов яко старых, так и новых вечне вживати мають.»[2]. Ад тых дуброваў, разробленых альбо і некранутых, паходзіць назва паселішча. А на поўнач ад Лісцвіна — узвышша, парослае хвайнікамі, якія ў сваю чаргу «падказалі» назву для вёскі, ўзніклай яшчэ далей на поўнач ад іх, на ўскрайку балота — Хвойнікі/Хвайнікі.

Гісторыя правіць

Вялікае Княства Літоўскае правіць

Упершыню паселішча згадана пад назвай «село Листвин Брагинское» 7 сакавіка 1512 года ў акце абмежавання Брагінскай воласці, які на загад караля і вялікага князя Жыгімонта Старога складзены быў дваранінам Іванам Андрэевічам Кміцічам дзеля чалабітнай князя Міхаіла Васільевіча Збаражскага[3]. Адміністрацыйна тая воласць належала да Кіеўскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.

Пасля М. В. Збаражскага[4] Брагінская фартуна перайшла да яго сына князя Фёдара Вішнявецкага, а потым да другога сына князя Аляксандра Вішнявецкага[5]. У 1559 годзе князі-браты Міхаіл, Максім і Аляксандр Аляксандравічы Вішнявецкія ізноў жа атрымалі каралеўскі прывілей на Брагін. Але князь Максім у 1565 годзе памёр без нашчадкаў[6].

Напярэдадні Люблінскай уніі ўказам караля Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 года Кіеўскае ваяводства, а разам і Брагінскі маёнтак з Лісцвіном, былі далучаны да Кароны Польскай[7].

Карона Каралеўства Польскага правіць

Пры раздзеле «именя Брягин» у 1574 годзе цяпер ужо паміж двума братамі «Село Листвин з людми заседелыми и незаседелыми, з даню грошовою и медовою, з лесы, чертежами, полями, сеножатми и ловы зверинными» дасталося князю Аляксандру Аляксандравічу Вішнявецкаму[8]. На 1581 год, калі яго часткай маёнтка валодала ўдава княгіня Аляксандра з роду Капустаў Вішнявецкая, у Лісцвіне налічвалася 30 дымоў сялян асадных, з якіх выбіралася па 15 грошаў, і 6 агароднікаў, з якіх — па 4-6 грошаў падатку[9].

У датаваным 13 сакавіка 1581 года дакуменце паведамляецца, што пан земскі пісар кіеўскі Дзмітрый Ялец надзелены паўнамоцтвамі ў справе размежавання Астраглядавіцкіх добраў пана падкаморага кіеўскага Шчаснага Харлінскага з уладаннямі княгіні Вішнявецкай і яе дзяцей польск.: «jmienia Brahina, Mikulic, Listwina y innych sioł do Brahinia nalezących»[10].

Пазней, да 1622 года, у частцы Брагінскіх добраў ўключна з Лісцвіном гаспадарыў князь Адам Аляксандравіч Вішнявецкі. Ад 1641 года Лісцвін — уласнасць князя Іераміі Міхала Вішнявецкага, будучага ваяводы рускага і лідара барацьбы супраць «хмяльніччыны», які ізноў аб’яднаў у адных руках Брагінскую спадчыну малодшай галіны роду. Пасля спачыну ў 1672 годзе яго жонкі княгіні Грызельды Канстанцыі (з Замойскіх) Брагінскія ўладанні дасталіся яе пляменніку Станіславу Канецпольскаму. 22 жніўня 1682 года апошні склаў тэстамент, паводле якога ўсе добры пераходзілі ўсынаўлёнаму ім пану Яну Аляксандру Канецпольскаму[11]. На 1683 год вядома, што двума дымамі ў вёсцы Лісцвін валодаў пан Сіліч[12].

У 1687 годзе Лісцвін названы сярод паселішчаў Брагінскага маёнтку пана ваяводзіча бэлзскага Яна Канецпольскага, якія моцна пацярпелі ад пабораў і гвалту казакоў палкоўніка Войска Запарожскага Паўла Апостала Шчуроўскага. Тут у дзесяці дварах на пастой размясціліся дваццаць пяць казакоў і двое коней[13]. Пасля смерці ў 1719 годзе апошняга спадчыннага ўладальніка пана серадзкага ваяводы Яна Канецпольскага і шматгадовага знаходжання (яшчэ і пры жыцці нябожчыка) ў заставе ў паноў Войнаў[14], прыкладна ад 1733 года Лісцвін стаў уласнасцю князя Міхала Сервацыя са старэйшай галіны роду Вішнявецкіх, які менавіта ў тым годзе ці не ўпершыню падпісаўся «графам на Брагіне»[15].

Самая ранняя у гэтай частцы Брагінскіх добраў царква з'явілася ў найбуйнейшым сяле Мікулічы, і ад пачатку Лісцвін мусіў быць у яе прыходзе. Наколькі ж памяталі самі лісцвінцы ў 1802 годзе, яны здаўна належалі да прыходу царквы Раства Багародзіцы ў Губарэвічах[16], а апошні заснаваны ў 1708 годзе адразу як уніяцкі[17]. Паводле звестак на 1748 год ксяндза Караля Непамуцэна Арлоўскага, Лісцвін быў у ліку паселішчаў, сярод жыхароў якіх і парафіяне Астраглядавіцкага касцёла Оўруцкага дэканату Кіеўскай дыяцэзіі[18](верагодна, шляхта і яе служба).

У 1754 годзе з 45 двароў (×6 — каля 270 жыхароў) вёскі Лісцвін Брагінскага маёнтка «do grodu» (Оўруцкага замка) выплачваліся 7 злотых, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 28 злотых[19]. У тым жа годзе маёнтак быў куплены ў дачкі князя Міхала Сервацыя пані Эльжбеты Міхалавай Замойскай панам войскім ашмянскім Францам Антоніем Ракіцкім. Паводле запісаў у метрычных кнігах Астраглядаўскага касцёла 1759 і 1767 гадоў, у Лісцвіне пражывалі шляхетныя Марцін Станіслаў і Францішка Стравінскія, верагодна, пасэсары (часовыя ўладальнікі) вёскі. Пані Францішка ў 1768 годзе яшчэ прысутнічала пры хросце немаўляці ў Хойніцкай уніяцкай царкве, выкананым астраглядаўскім пробашчам, ксяндзом Мацеем Шэмяткоўскім[20][A].

Перапісы яўрэйскага насельніцтва 1765, 1778 і 1784 гадоў засведчылі пражыванне ў Лісцвіне адпаведна 9, 5 чалавек (głow), прыналежных да Брагінскага кагала, і хрысціяніна (пагалоўшчыне не падлягаў)[21]. Магмыма, выбух гайдамацка-сялянскай Каліеўшчыны ў 1768 годзе паўплываў на змяншэнне колькасці яўрэяў у вёсцы, а пасля і на прыняцце адным з іх, верагодна галавой сямейства, хрысціянства.

Расійская імперыя правіць

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) — у межах Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе адноўленага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[22]. У крыніцы, заснаванай на звестках рэвізіі 1795 года, сказана што сяло Лісцвін было ў заставе ад Людвіка Прозара[B] ў пана суддзі оўруцкага Міхала Паўшы, хоць уласнікамі яго з’яўляліся графы Ракіцкія[23]; гэткая падвойная застава, надта пашыраная ў Рэчы Паспалітай і ў дарэформавай Расійскай імперыі. Яшчэ за часоў уніі асноўная частка жыхароў вёскі была далучана да прыходу Мікуліцкай Багаяўленскай царквы, у 1795 годзе павернутай да расійскага праваслаўя[24]. Існавала і капліца Астраглядаўскай рыма-каталіцкай парафіі[25]. Ёсць звесткі пра ксяндзоў-капэланаў лісцвінскіх — а. Яна Кладкевіча (1789 г.) і а. Гаспара Урбанскага (1798)[26]. 26 лютага 1802 года лісцвінцы, падданыя графаў Ракіцкіх, прасілі Рэчыцкую духоўную ўправу вярнуць іх да прыходу царквы Раства Багародзіцы ў Губарэвічах[27].

Паводле сялянскай рэвізіі, складзенай 30 верасня 1811 года, 23 дварамі ў вёсцы Лісцвін, ад графа Рафала Ракіцкага «по купле доставшихся», валодаў пан Тадэвуш[C] Забела[28]. Згодна з шляхецкай рэвізіяй ад 13 снежня 1811 года, оўруцкі падкаморы Міхал Паўша з жонкай Ёганнай арэндным правам ад пана Шымана Забелы трымаў фальварак Лісцвін з аднайменнай вёскай і вёскамі Веляцін, Карпілаўка, Высокае; меў у Лісцвіне двор з трыма шляхцічамі на службе[29]. Яшчэ на 1822 год 89 мужчын і 91 жанчына з жыхароў Лісцвіна заставаліся ў прыходзе Мікуліцкай Багаяўленскай царквы[30]. Але ў дакуменце 1829 года сказана, што сярод прыхаджанаў царквы Раства Багародзіцы ў Губарэвічах былі 116 мужчын і 141 жанчына з прыгонных сялян графа Міхала, сына Рафала, Ракіцкага, рэчыцкага маршалка, якія жылі ў 29 дварах вёскі Лісцвін[31]. На 1834 год у 28 дварах вёскі таго ж уладальніка налічвалася 97 душ мужчынскага і 118 душ жаночага полу (тут, аднак, спіс двароў і жыхароў няпоўны). У шэрагу выпадкаў лісцвінцаў пераводзілі ў сяло Мікулічы, вёскі Веляцін, Пудакоў, Высокае і Рыжкаў таго ж Брагінскага маёнтка, а двух жыхароў з Веляціна і аднаго з хутара Карпілаўкі перасялілі ў Лісцвін. У час паміж рэвізіямі 1816 і 1834 гадоў шасцёра сялян былі аддадзены ў рэкруты, з якіх адзін толькі вярнуўся з уцёкаў. Яшчэ трое ўцекачоў вярнуліся — адзін у 62 гады, сляпы, двое адразу і памерлі; трое сялян збеглі, адзін з якіх — яшчэ ў 1812 годзе. Найбольш пашыраныя ў вёсцы прозвішчы жыхароў, на той час яшчэ не заўсёды ўстойлівыя, — Амельчанкі (у іншых крыніцах тыя самыя людзі зваліся Жэбітамі), Анісавы (Анісенкі), Міхаленкі, Півавары, Цімафеевы (Цімафеенкі; у іншых выпадках яны ж — Калыханы), Казачэнкі[32]. На 1850 год, паводле энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі», Лісцвіном валодала графіня Ракіцкая і было ў ім 28 двароў з 198 жыхарамі.

 
Фальварак і вёска Лісцвін на карце Ф. Ф. Шуберта, сярэдзіна XIX ст.

У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело] : 1857 г.» засведчана, што 207 жыхароў вёскі Лісцвін з'яўляліся прыхаджанамі Бабчынскай Крыжаўздзвіжанскай царквы, 9 мужчын і 10 жанчын з ліку жыхароў фальварка і вёскі былі парафіянамі Астраглядаўскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі[33].

У парэформенны перыяд — у Мікуліцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. У 1879 годзе вёска названа сярод паселішчаў прыходу Бабчынскай Крыжаўзвіжанскай царквы[34]. Згодна з перапісам 1897 года, у Лісцвіне налічваўся 61 двор з 400 жыхарамі, існавалі школа граматы, вятрак; у аднаіменным фальварку было 2 двары і 17 жыхароў. На 1909 год у вёсцы 82 двары, у якіх 498 жыхароў; у фальваркавым двары 8 жыхароў. Побач месцілася аколіца Лісцвін[35].

Найноўшы час правіць

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага мірнага дагавора з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Лісцвін у складзе Мікуліцкай воласці Рэчыцкага павета, аднак, апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы»[36].

 
Лісцвін на карце генштаба РККА Беларусі і Літвы. 1935 г.

1 студзеня 1919 згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

У 1930 годзе арганізаваны калгас імя В. М. Молатава, працаваў вятрак. У Вялікую Айчынную вайну загінулі 54 вяскоўцы. Паводле перапісу 1959 года, у Лісцвіне налічвалася 684 жыхары. У складзе калгаса «Світанне» з цэнтрам у вёсцы Паселічы.

Вядомыя асобы правіць

Заўвагі правіць

  1. Гэта сведчанне таго, што людзі роду Стравінскіх, да якога належалі Фёдар, знакаміты артыст Марыінскага тэатра ў Пецярбургу, яго сын Ігар, адзін з буйнейшых кампазітараў XX ст., жылі ў Хойніцка-Брагінскім рэгіёне і ў XVIII ст.
  2. Так, скарыстоўваючы імя жонкі, часам падпісваўся абозны Караль, каб браць удзел у справах павета альбо вырашаць маёнтковыя праблемы.
  3. Гэтае імя ўяўляецца памылковым, бо анідзе-ніколі больш не сустракаецца. Паўсюдна — Шыман Забела.

Зноскі правіць

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).. Сустракаецца таксама варыянт Лістві́н
  2. Беларускі археаграфічны штогоднік (далей: БАШ). Выпуск 1. — Мінск, 2000. С. 187, 192 // http://www.belniidad.by/sites/default/files/bash/bash01_2000.pdf Архівавана 5 чэрвеня 2020.
  3. Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 7 — 11
  4. Раней, у 1490, 1511, 1512 гадах ён, бывала, падпісваўся Вішнявецкім, а ў 1517 годзе, незадоўга да смерці, Вішнявецкім і Збаражскім. Усе сыны, старэйшы Фёдар, Іван, Аляксандр, малодшы Фёдар (Федка) пісаліся ўжо толькі Вішнявецкімі.
  5. Зимницька С. П. Родові володіння Вишневецьких на території Волині, Брацлавщини і Київщини в рецепції українських і польських істориків / С. П. Зимницька // Гуманітарний журнал. — 2005. № 1-2. С. 130
  6. Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od czternastego wieku. — Warszawa, 1895. S. 556
  7. Volumina Legum. Tom II. — Petersburg: Nakładem i drukiem Józafata Ohryzki, 1859. S. 84-87; Падалінскі, У. [Рэцэнзія] / У. Падалінскі // Беларус. гіст. агляд. — 2012. Т. 19. С. 329—337. — Рэцэнзія на кн.: Litwin H. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569—1648. — Warszawa, 2009
  8. БАШ. С. 187, 188
  9. Źródła dziejowe. T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym; T. IX: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław) / A. Jabłonowski — Warszawa, 1894. Wykazy… S. 36, 38
  10. Руська (Волинська) метрика [Текст]: регести документів Коронної канцелярії для укр. земель (Волинське, Київське, Брацлавське, Чернігівське воєводства) 1569—1673 / Держ. ком. арх. України, Центр. держ. істор. арх. України, м. Київ, Ін-т укр. археографії та джерелознавства ім. М. С. Грушевського НАН України, Генер. дирекція держ. арх., Голов. арх. давніх актів; ред. і упоряд Г. Боряк [та ін.]; передм. П. К. Грімстед. — Київ, 2002. С. 301—302
  11. Pamiętniki o Koniecpolskich. Przyczynek do dziejów polskich XVII wieku. / Wydał Stanisław Przyłęcki. — Lwów, 1842. S. 383
  12. Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. 1. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 489
  13. Архив ЮЗР. Ч. 3. Т. 2. Акты о казаках (1679—1716). — Киев, 1868. С. 154
  14. Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 287
  15. Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией. — Вильна, 1870. Т. IV. Акты Бресцкого гродского суда. С. 485
  16. НГАБ у Мінску. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 1362. А. 10
  17. Архив ЮЗР. Ч. 1. Т. 4. Акты об унии и состоянии православной церкви с половины XVII века (1648—1798). — Киев, 1871. С. 378
  18. Ks. Orłowski K. N. Defensa biskupstwa y dyecezyi Kiiowskiey. — Lwów, 1748. S. 148
  19. Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 190; гл. таксама: С. 13-15, 20-22
  20. НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 155, 157, 158
  21. Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 302, 391, 711
  22. Насевіч, В., Скрыпчанка, Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. C. 181–182
  23. Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 72
  24. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 326
  25. Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи»… С. 74
  26. НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 167, 195
  27. НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 1362. А. 10, 6адв.
  28. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 261. А. 517—519
  29. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 159, 210
  30. НГАБ. ф. 136. Воп. 1. Спр. 40552. А. 66
  31. НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40604. А. 33адв.
  32. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 340. А. 289, 291адв.-299
  33. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 381, 722
  34. Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 15
  35. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 107
  36. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев. — Минск, 2018. С. 85

Літаратура правіць

  • Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Мінск: Четыре четверти, 2018.
  • Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.2, кн.2. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2005. 520с.: іл.
  • Мацук А. Брагін // Князі Вишневецькі. — Київ, 2016(2017). — С. 213—215.
  • Czamańska I. Wiśniowieccy. Monografia rodu. — Poznań, 2007

Спасылкі правіць