Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М. К. Агінскага

Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М.  К.  Агінскага — сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова ў Маладзечне Мінскай вобласці Беларусі. Размешчаны па адрасе вуліца Вялікі Гасцінец, 52.

Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М. К. Агінскага
Дата заснавання 1958
Тып каледж
Дырэктар Рыгор Сямёнавіч Сарока
Размяшчэнне Сцяг Беларусі Маладзечна
Адрас 222310, Мінская вобласць, г. Маладзечна, вул. Вялікі Гасцінец, 52
molmk.by
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Помнік М. К. Агінскаму каля музычнага каледжа
Мемарыяльная дошка М. К. Агінскаму на будынку каледжа

Гісторыя правіць

Створаны Распараджэннем Савета Міністраў БССР ад 28 чэрвеня 1958 года па прапанове Міністэрства культуры БССР. Сцвярджаецца, што размешчана ў будынку, дзе жыў Міхал Клеафас Агінскі, аднак, у гады яго жыцця і да пачатку генеральнай забудовы Маладзечна пасля Другой сусветнай вайны на гэтым месцы было поле. У 1993 годзе вучылішчу нададзена імя М. К. Агінскага.

Рашэннем выканкама Маладзечанскага абласнога Савета дэпутатаў вучылішчу быў перададзены будынак гарадскога інстытута ўдасканалення настаўнікаў. Неўзабаве ўдалося ўладкаваць адміністрацыйныя памяшканні і чатыры класы для індывідуальных заняткаў. Аднак групавыя заняткі даводзілася праводзіць у актавай зале, не было памяшкання для размяшчэння бібліятэчнага фонду, вялікія цяжкасці выклікала адсутнасць інтэрната для навучэнцаў, якія прыехалі з іншых месцаў Беларусі.

Адкрыта 1 верасня 1958 года. Першым дырэктарам быў прызначаны Г. М. Грышаеў. У першым наборы на 1958/1959 навучальны год было 60 чалавек (30 чалавек за кошт памяншэння набору ў рэспубліканскае культ-асветнае вучылішча імя Н. К. Крупскай), для паступлення патрабавалася пачатковая музычная адукацыя.

Калектыў вучылішча хутка рос і ў 1959/1960 навучальным годзе складаў ужо 23 выкладчыкі на 100 навучэнцаў, а да 1 верасня 1960 года ў вучылішчы навучалася 176 чалавек, з якімі працавалі 33 выкладчыкі.

У пачатку 1960 года гарвыканкам выдзеліў вучылішчу частку былога будынка аблвыканкама, а 22 чэрвеня па пастанове Міністэрства вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійнай адукацыі для вучылішча пачалося пераабсталяванне будынка былога Упраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі Маладзечанскай вобласці. У новых памяшканнях удалося ўладкаваць групавыя аўдыторыі, канцэртныя залы (пасля ў вучылішчы двойчы выступаў Святаслаў Рыхтэр), бібліятэку з фондам больш за 4 тысячы тамоў. На цокальным паверсе ў былых турэмных камерах было адкрыта 14 дадатковых класаў для індывідуальных заняткаў. У гэтым жа будынку арганізавалі інтэрнат для навучэнцаў на 100 месц. Яшчэ 20 аўдыторый было выдзелена Маладзечанскай гарадской музычнай школе. Навучальную ўстанову ўзначаліў І. С. Сушкевіч.

У 1961 годзе былі адкрыта вячэрняе і завочнае аддзяленні, прыём павялічыўся да 100 чалавек, штат педагогаў узрос да 40 выкладчыкаў.

У 1962 годзе адбыўся першы выпуск — 42 маладыя спецыялісты.

У 1963 годзе Сушкевіча змяніў Л. Я. Школьнікаў, ён кіраваў вучылішчам па 1970 год.

У 1968 годзе створаны сімфанічны аркестр вучылішча, цяпер Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь.

З 1980 года вучылішчам кіруе яго выпускнік Рыгор Сямёнавіч Сарока.

У 1997 годзе ў вучылішчы адкрылі аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

У 2008 годзе на базе УА «Маладзечанскае дзяржаўнае музычнае вучылішча імя М. К. Агінскага» па ініцыятыве Рыгора Сарокі быў адкрыты філіял кафедраў «Фартэпіяна», «Спевы» і «Харавое дырыжыраванне» Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

З 1 верасня 2011 года вучылішча перайменавана ва УА «Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М. К. Агінскага». На будынку ўстаноўлена мемарыяльная дошка М. К. Агінскаму (скульптар В. Янушкевіч).

12 ліпеня 2021 года Рыгор Сямёнавіч Сарока пакінуў пасаду дырэктара і стаў выкладчыкам аркестравага дырыжыравання, а таксама працягнуў кіраваць сімфанічным аркестрам ва УА «Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М. К. Агінскага»

Дзейнасць правіць

Рыхтуе музыкантаў-інструменталістаў, спевакоў, дырыжораў, музыказнаўцаў, выкладчыкаў дзіцячых музычных школ. Працуюць аддзяленні: фартэпіяна; баяна і акардэона; духавых і ўдарных інструментаў; народных струнных; струнных смычковых інструментаў; спеваў; харавога дырыжыравання; тэорыі музыкі; дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва1995).

Пры вучылішчы працуе дзіцячая музычная школа. Сярод творчых калектываў: Маладзечанскі гарадскі сімфанічны аркестр, народныя аркестры рускіх народных і духавых інструментаў (у 1975—1996 дзейнічаў таксама народны камерны аркестр народных інструментаў); жаночы хор і хор студэнтаў тэарэтычнага аддзялення; вакальны ансамбль «Аніма», камерныя ансамблі.

Вядомыя асобы правіць

У розны час у вучылішчы выкладалі: Л. Гуцін, Я. Дзягцярык, В. Іваноў, М. Казінец, В. Карэтнікаў, Т. Мдывані, Л. Свердэль, Ф. Севасцьянаў, І. Хадоска, Г. Цэпава; яго ўзначальвалі Р. Грышаеў, І. Сушкевіч, Л. Школьнікаў, А. Шунтаў, Ю. Шпадарук, Э. Кірыленка, Р. Сарока (з 1980 дырэктар). Сярод выпускнікоў: Ю. Антонаў, А. Елісеенкаў, А. Кашапараў, Л. Колас, Л. Нікольскі, Т. Раеўская, А. Ціхановіч і інш.

Літаратура правіць