Маравія
Мара́вія (чэшск.: Morava, славацк.: Morava, ням.: Mahren) — гістарычны рэгіён Чэшскай рэспублікі на ўсход ад гістарычнай вобласці Чэхія.
Геаграфія
правіцьМаравія ў цяперашні час тэрытарыяльна дзеліцца на наступныя адміністрацыйныя адзінкі (краі — kraje): Мараўскасілезскі, Оламаўцкі, Злінскі, Паўднёвамараўскі і Высачына. На поўначы Маравія мяжуе з Польшчай і чэшскай часткай Сілезіі, на ўсходзе — са Славакіяй, на поўдні — з Ніжняй Аўстрыяй, на захадзе — з Чэхіяй. Асноўная рака — Марава; ад яе назвы і паходзіць назва рэгіёна.
Гісторыя
правіцьКаля 400 года да н.э. Маравія была заселена кельтамі. Прыблізна ў 60 годзе да н.э. з гэтага рэгіёна сышлі кельцкія плямёны боі, выцесненыя маркаманамі і квадамі (германскімі плямёнамі), а тых у VI ст. змянілі мараване і іншыя славянскія плямёны. У 623—658 гадах Маравія ўваходзіла ў склад славянскага княства Само (пасля 658 года дзяржава распалася).
Пад канец VIII стагоддзя на тэрыторыі сённяшніх паўднёваўсходняй Маравіі і заходняй Славакіі ўтварылася дзяржава Вялікая Маравія, якая дасягнула вяршыні сваёй магутнасці ў IX стагоддзі — тады ў яе ўваходзілі часткі сённяшняй Чэхіі, Венгрыі і землі ўздоўж Віслы. У 907 годзе Вялікая Маравія пала пад напорам мадзьяраў, а мараўскія землі апынуліся пад уладай чэшскага князя.
З 999 па 1019 гады ўваходзіла ў польскую дзяржаву Баляслава Храбрага, затым ізноў вярнулася ў склад Багеміі (Чэхіі), з якой пасля падзяліла яе гістарычны шлях. У 1063 годзе тут была заснавана Оламаўцкая епіскапія. З 1182 года Маравія — імперскае маркграфства ў складзе Свяшчэннай Рымскай імперыі. У гэты час адбывалася інтэнсіўная нямецкая каланізацыя.
У першай палове XV стагоддзя Маравія была ахоплена рухам пад кіраўніцтвам Яна Гуса. У пачатку XVI стагоддзя тут распаўсюджваюцца рэфармацыйныя вучэнні (лютэранства, анабаптызм).
З 1526 года Маравія разам з Чэхіяй увайшла ў імперыю Габсбургаў. У XVII стагоддзі Маравія фактычна стала адной з правінцый манархіі Габсбургаў.
У 1782 годзе Маравія была аб'яднана з аўстрыйскай Сілезіяй у адну адміністрацыйную адзінку з цэнтрам у Брно. У 1849 годзе вылучана ў адмысловую каронную зямлю Аўстра-Венгрыі. Маравія мела ўласны парламент, у які прадстаўнікі (чэхі і немцы) абіраліся ў этнічна падзеленых выбарчых акругах.
Пасля распаду Аўстра-Венгрыі ў 1918 годзе Маравія ўвайшла ў склад Чэхаславакіі.
У 1938 годзе ў выніку Мюнхенскай змовы значная частка Маравіі была захоплена Германіяй. У сакавіку 1939 года была акупіравана астатняя частка Маравіі, якая ўвайшла ў так званы Пратэктарат Багеміі і Маравіі. У маі 1945 года вызвалена Савецкім Войскам і вернута ў склад Чэхаславакіі. Пасля 1945 года большасць нямецкага насельніцтва была пераселена на тэрыторыю Германіі.
З 1993 года — у складзе Чэшскай Рэспублікі.
Гістарычнай сталіцай Маравіі да 1641 года быў горад Оламаўц, размешчаны ў цэнтры рэгіёна. З канца XVIII стагоддзя сталіцай стаў горад Брно.
Вядомыя асобы
правіцьГл. таксама
правіцьЗноскі
правіць- ↑ Svoboda, Zbyšek; Fojtík, Pavel; Exner, Petr; Martykán, Jaroslav (2013). "Odborné vexilologické stanovisko k moravské vlajce" (PDF). Vexilologie. Zpravodaj České vexilologické společnosti, o.s. č. 169. Brno: Česká vexilologická společnost. pp. 3319, 3320. Архівавана 24 верасня 2019.
- ↑ Pícha, František (2013). "Znaky a prapory v kronice Ottokara Štýrského" (PDF). Vexilologie. Zpravodaj České vexilologické společnosti, o.s. č. 169. Brno: Česká vexilologická společnost. pp. 3320–3324. Архівавана 24 верасня 2019.
Літаратура
правіць- Маравія // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — С. 102. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).
Спасылкі
правіць- Маравія Архівавана 16 чэрвеня 2021.
- Інфармацыйны партал аб Маравіі Архівавана 31 мая 2008.