Мікалай Густававіч Легат
Мікалай Густававіч Легат (27 снежня 1869, Масква — 24 студзеня 1937, Лондан) — рускі артыст балета, педагог, балетмайстар. Заслужаны артыст Імператарскіх тэатраў (1914).
Мікалай Густававіч Легат | |
---|---|
Дата нараджэння | 27 снежня 1869[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 24 студзеня 1937 (67 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Бацька | Густаў Іванавіч Легат |
Жонка | Nadine Nicolaeva-Legat[d] |
Адукацыя | |
Прафесія | харэограф, балетмайстар, артыст балета |
Тэатр | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьСын балетных танцоўшчыкаў Пецярбургскай імператарскай сцэны Густава Легата і яго жонкі характарнай танцоўшчыцы і пантамімнай актрысы Марыі Сямёнаўны Легат (у дзявоцтве Гранкен[2]), брат Сяргея Легата. Усяго ў сям’і было пяцёра дзяцей, і ўсе былі аддадзены ў балетную школу.
У 1888 годзе скончыў балетнае аддзяленніе Пецярбургскага тэатральнага вучылішча (займаўся ў Г. І. Легата, М. І. Волкава, П. А. Герта, Х. П. Іагансона).[3]
З 1888 года вядучы класічны танцоўшчык Марыінскага тэатра. Першай значнай роляй быў Аліўе на прэм’еры балета «Калькабрына» (13.2.1891), дзе Мікалй Легат танцаваў з партнёркай — К. Брыянца.
З 1907 года гастраляваў у Парыжы, Берліне, Лейпцыгу, Вене, Празе, Варшаве.
Валодаў бездакорнай тэхнікай і акцёрскім дараваннем. Танцаваў з Г. Паўлавай, М. Ф. Кшасінскай, Т. П. Карсавінай, В. І. Праабражэнскай і інш.[3]
З 1902 года — памочнік балетмайстра, з 1905 года — другі балетмайстар, з 1910 года — галоўны балетмайстар Марыінскага тэатра.
Быў адным з вядомых педагогаў. У 1896—1914 гадах выкладаў у Пецярбургскім тэатральным вучылішчы. Змагаўся за непахіснасць правілаў класічнага танца ў школе, за чысціню класічнага танца. Яго асноўным педагагічным прынцыпам быў індывідуальны падыход да кожнага вучня. У Мікалая Легата вучыліся: Г. Паўлава, М. М. Фокін, Т. П. Карсавіна, Л. Г. Кякшт, Вацлаў і Браніслава Ніжынскія, А. Я. Ваганава, Ф. Лапухоў.[3]
Адначасова праявіў сябе як мастак. Разам з малодшым братам Сяргеем намаляваў серыю карыкатур на дзеячаў пецярбургскага балета. Плёнам іх мастацкай творчасці стаў сумесна выдадзены альбом «Рускі балет у карыкатурах» (СПб, 1903),[3] які ўключае карыкатуры на праслаўленых дзеячаў рускага балета: Э. Чэкеці, А. Я. Ваганаву, М. К. Абухава, М. М. Петыпа, А. В. Шыраева, Т. Карсавіну, М. М. Фокіна, М. Ф. Кшасінскую, К. М. Кулічэўскую і мноства іншых,[4] а акрамя таго стварылі серыю аўташаржэй і на сябе.[5].
З 1914 года, пакінуўшы Марыінскі тэатр (дырэкцыя не аднавіла з ім кантракт), ставіў балеты на сцэне Народнага дома («Белая лілея» Б. Асаф’ева, «Ружа Маргіты» І. І. Армсгеймера і інш.), працаваў у Школе рускага балета А. Л. Валынскага, даваў прыватныя ўрокі, гастраляваў.[3]
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў пачатку 1920-х Мікалая Легата запрасілі выкладаць у Маскоўскае тэатральнае вучылішча, але там ён не прыжыўся. Вяртанне ў родны горад адзначылася яго скандальным артыкулам у часопісе «Жыццё мастацтва» (1922, № 25, 27 чэрвеня), у якой дзейнасць Петраградскай балетнай школы падвяргалася рэзкай крытыцы.
У жніўні 1922 года М. Легата абралі сябрам вышэйшага харэаграфічнага савета былога Марыінскага тэатра, закліканага кіраваць трупай. Нягледзячы на гэта, восенню таго ж года ён пакінуў Расію.[2]
Выкладаў у трупе Рускі балет Дзягілева (1925—1926).
У 1923 годзе[3] адкрыў школу ў Лондане, якую з 1926 года ўзначаліла яго жонка — Н. А. Нікалаева-Легат. Сярод вучняў Мікаля Легата былі Н. дэ Валуа, М. Фонтэйн, Ф. Аштан і інш.[3]
Аўтар кнігі «Апавяданне пра рускую школу» (1932).
Асноўныя ролі
правіцьСярод партый М. Легата: Зігфрыд, Дэзірэ («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П. Чайкоўскага), Альберт («Жызэль » А. Адана), Базіль («Дон Кіхот» Л. Мінкуса), Жан дэ Брыен («Раймонда » А. Глазунова), Арлекін, Лука («Арлекінада», ««Чароўная флейта»» Р. Дрыга), Франц («Капелія» Л. Дэліба).[6]
Вяршыняй акцёрскай кар’еры Легата стала роля Грэнгуара ў балеце «Эсмеральда » Ц. Пуні. Першы выступ (4.1.1904) нічым не прадвяшчаў таго поспеху, які выпадзе выканаўцу праз тры гады. Спатрэбіўся не толькі сцэнічны, але, галоўнае, жыццёвы досвед (страта любімага брата Сяргея, які пакончыў з сабой), каб адбылася гэтая метамарфоза — з безуважнага чалавека ў чалавека, які востра адчувае чужое гора.[2]
Пастаноўкі
правіцьПаставіў балеты «Фея лялек» (1903, сумесна з С. Легатам); «Кот у ботах» А. Міхайлава (1906), «Пунсовенькая кветачка» Ф. Гартмана (1907); аднавіў балеты, пастаўленыя М. І. Петыпа, — «Поры года» (1907); «Талісман» Р. Дрыга (1909), «Сіняя барада» П. Шэнка (1910).[3]
Зноскі
- ↑ Library of Congress Authorities — Library of Congress. Праверана 17 мая 2018.
- ↑ а б в ЛЕГАТ Николай Густавович Архівавана 5 жніўня 2021. В. Шелохаев. Энциклопедия Русской эмиграции, 1997 г.
- ↑ а б в г д е ё ж Балет: энциклопедия. / Гл. ред. Ю. Н. Григорович.- М.: Советская энциклопедия, 1981.- 623 стр. с илл.
- ↑ Карикатуры братьев Легат
- ↑ Гл. шаржы
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Мікалай Густававіч Легат