Мікола Рулінскі (23 красавіка 1923 — 23 кастрычніка 2002) — беларускі вайсковы і грамадскі дзеяч. Афіцэр БКА, дэсантнік беларускага батальёна «Дальвіц».[1]

Мікола Рулінскі
Род дзейнасці вайсковы і грамадскі дзеяч
Дата нараджэння 23 красавіка 1923(1923-04-23)
Месца нараджэння Баранавіччына, Навагрудскае ваяводства, Польская Рэспубліка
Дата смерці 23 кастрычніка 2002(2002-10-23) (79 гадоў)
Месца смерці Бярозаўка, Беларусь
Месца пахавання Грыгішкі, Літва
Грамадзянства
Бацька Максім Іванавіч Рулінскі
Партыя

Біяграфія правіць

Нарадзіўся 23 красавіка 1923 года на Баранавіччыне ў Навагрудскім ваяводстве ў Польскай Рэспубліцы ў сям’і праваслаўнага святара (па іншых звестках — дыякана) Максіма Рулінскага. Пачатковую школу скончыў у Любчы на Наваградчыне. З дзяцінства спяваў у царкоўных хорах. У 1936 годзе паехаў паступаць у Віленскую беларускую гімназію, дзе ў той час вучыўся ягоны старэйшы брат Зміцер. У Вільні Мікола Рулінскі займаўся беларускай грамадскай дзейнасцю, быў актывістам беларускага руху.

На пачатку Другой сусветнай вайны быў вымушаны перарваць адукацыю ў гімназіі і вярнуцца на Наваградчыну. Пасля прыхода немцаў паступіў і вучыўся ў Наваградскай настаўніцкай семінарыі. Прайшоў курсы Саюза беларускай моладзі ў Альбярціне. У канцы 1943 года далучыўся да эскадрона Барыса Рагулі. Улетку 1944 года, калі наваградскі эскадрон эвакуяваўся з Наваградку, перавёўся да беларускага батальёна «Дальвіц». На той момант ужо меў ранг лейтэнанта, таму ў батальёне стаў інструктарам. Там жа далучыўся да Беларускай незалежніцкай партыі.

У кастрычніку 1944 года разам з Піліпам Давідчыкам уратаваў архіў кіраўніка Галоўнага кіраўніцтва вайсковых спраў БЦР Кастуся Езавітава з Рыгі, за што быў пазней адзначаны знакам «Для народаў Усходу» з мячамі. З рознымі перашкодамі яны здолелі дабрацца да Рыгі, дзе з дапамогаю мясцовай настаўніцы, знаёмай Кастуся Езавітава, знайшлі ягоны дом і там два дні і дзве ночы збіралі найбольш каштоўныя рэчы і дакументы ў тры вялікія скрыні. Пазней Рулінскі і Давідчык даставілі скрыні ў Берлін. Мікола Рулінскі потым успамінаў:

Езавітаў нас абняў. Мы прывезлі ягоныя асабістыя рэчы: кашулі, патэфон з пласцінкамі, сярод якіх была і пласцінка «Мы выйдзем шчыльнымі радамі!». Ен вельмі задаволены быў, кажа: «Хлопцы, вы з таго свету з’явіліся!». Падзякаваў. Праз месяц пасля таго далі мне медаль беларускі «За воінскую доблесць» з мячамі.

[2]

Падчас дэсанту 17 лістапада 1944 года быў намеснікам маёра Міхала Вітушкі, але яму самому і яшчэ тром жаўнерам праз тэхнічныя праблемы не ўдалося дэсантавацца:

У самалёце мы стаялі адзін за адным. Вітушка быў першы, а я — у канцы. Ён нічога не казаў — маўчаў, як, дарэчы, і перад адлётам. Быў спакойны. А я быў яго намеснікам, мусіў даглядаць, каб усё было ў парадку.

Вітушка скокнуў з парашутам першы. Пасля за ім — маёр Багдановіч, Янка Гінько, Давідчык, Краскоўская… А ў мяне парашут вылецеў з упакоўкі. Гавару немцу, што парашут сапсаваны, а той бярэ нож і абразае шнур — прыйдзецца вяртацца… Я другому хлопцу, што скакаў, аддаў дакументы, грошы (а іх я меў шмат), пячаткі савецкія (сельсаветаў і іншых устаноў). Усё аддаў яму.

Выкінулі ўсіх, а я вярнуўся назад. Прыходжу, а Родзька ахнуў: «Што такое?!» Ну я расказваю яму, што нас тры чалавекі вярнуліся, і чаму. Ён кажа: «Ну вось цяпер я табе дам камандзіроўку, паедзеш у Берлін да Барыса Рагулі».

У маі 1945 года, калі батальён Дальвіц быў раззброены чэшскімі партызанамі, Мікола Рулінскі разам з сябрамі Мілюцем і Фарботкай перабіраецца з Чэхіі ў Польшчу. Па дарозе на нейкі час сябры трапляюць у лагер, дзе мясцовыя палякі раяць ім не казаць, што яны з Віленшчыны, бо інакш выдадуць бальшавікам. У выніку Мікола Рулінскі разам з сябрамі называюцца палякамі (Мікола назваўся з Седльцаў) і едуць да Кракава, адкуль аддзел рэпатрыяцыі накіраваў іх у «землі адзысканыя» на захадзе Польшчы, у Ліпніцу. Там Мікола Рулінскі ўладкаваўся працаваць у Міністэрства нованабытых земляў.

У 1949 года быў арыштаваны дзяржаўнай бяспекай ПНР і самалётам дастаўлены ў Маскву. Таксама былі арыштаваныя і сябры Міколы Рулінскага — Фарботка і Ігар Будахоўскі, афіцэр «Дальвіца». Сядзеў у маскоўскіх і мінскіх турмах, быў асуджаны на 25 гадоў савецкіх канцлагераў. Пакаранне адбываў у Альжэрасе на Кузбасе, а потым ў Омску, дзе будаваў першы ў Сібіры нафтаперагонны завод, пра які афіцыйна падавалася, што яго будуюць камсамольцы.

У 1957 годзе вызваліўся, перабраўся ў Грыгішкі каля Вільні. Да пенсіі працаваў на мясцовай папяровай фабрыцы, хаця, паводле ўспамінаў, у маладосці марыў стаць лекарам альбо архітэктарам. Пісаў вершы, маляваў краявіды. З канца 1980-х гадоў удзельнічаў у працы беларускіх грамадскіх арганізацый у Вільні, быў дэлегатам Першага з’езду беларусаў свету, з’ездаў беларусаў краінаў Балтыі. У Вільні ўдзельнічаў у станаўленні Таварыства беларускай культуры, быў актыўным чальцом, прысутнічаў на ўсіх імпрэзах ТБК. У ліпені 1997 года ў Вільні быў ганаровым удзельнікам сесіі Еўрапейскага Сектару Рады БНР і браў удзел у сустрэчы «рагулёўцаў».

Апошні год жыцця жыў у дачкі ў Бярозаўцы на Гарадзеншчыне. Памёр 23 кастрычніка (па іншых звестках — 28 кастрычніка) 2002 года. Быў пахаваны у Грыгішках як беларускі афіцэр — дамавіну накрылі бел-чырвона-белым сцягам з выявай Пагоні.

Цікавыя факты правіць

  • Рэпрэсаваны быў таксама бацька Міколы Рулінскага: у 1945 і 1951 гг. бальшавікі за антысавецкую агітацыю асудзілі бацьку Міколы, Максіма Рулінскага, які пасля другога тэрміну ў лагерах ўжо не вярнуўся дадому. Ён нарадзіўся ў 1899 г. у в. Дзяніскавічы Ганцавіцкага раёна. У чэрвені 1956 г. быў рэабілітаваны.
  • Паводле ўспамінаў Міколы Рулінскага, менавіта ён дапамог жаніцца Міхасю Зую.
  • У вольныя хвілі Барыс Рагуля, Усевалад Родзька і Мікола Рулінскі заўсёды гулялі ў карты, у брыдж.

Зноскі

Літаратура правіць

  • Беларусы ў свеце, 2018, № 3 (190), сакавік
  • Мілаш Л. Лёсам падараваная сустрэча // Голас Радзімы, 1993, № 52, 30 снежня
  • Мальдзіс А. Лёс архіва Кастуся Езавітава // Беларускі дайджэст (ЗША), 1996, № 10 (34), кастрычнік
  • Рулінскі М. Я ратаваў архіў генерала Езавітава [урывак з інтэрвію, публікацыя і ўступ С. Ярша] // Пагоня (Горадня), 1998, № 18, 10 сакавіка
  • Ён быў намеснікам Вітушкі // Ёрш С. Вяртаньне БНП. Асобы і дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі. Менск-Слонім, 1998, бб. 46-49
  • Ёрш С. Успамін пра Віленскую сустрэчу // Голас камбатанта (Слонім), 2000, № 1, студзень
  • Мілаш Л. Яны — нявывучаная старонка гісторыі // Наша слова, 2000, № 38, 27 верасня
  • Ёрш С. Пра лёс архіву генэрала Езавітава // Беларус (Нью-Ёрк), 2003, № 480, студзень
  • С. Ё. In memoriam // Наша ніва, 2003, № 1, 10 студзеня
  • Мілаш Л. Гартаючы старонкі жыцця // Наша слова, 2003, № 4, 29 студзеня

Спасылкі правіць