Міхаіл Сілуянавіч Кахановіч
Міхаіл Сілуянавіч Кахановіч (27 верасня 1882, в. Вялікія Лукі Навагрудскага павета Мінскай губерні (цяпер Баранавіцкі раён Брэсцкай вобл.) — 17 мая 1934, Мінск, НКУС; Крыптанім: M. K-č) — беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, педагог, рэдактар, публіцыст.
Міхаіл Сілуянавіч Кахановіч | |
---|---|
Дата нараджэння | 27 верасня 1882 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 17 мая 1934 (51 год) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Адукацыя | |
Член у | |
Род дзейнасці | палітык, грамадскі дзеяч, педагог, рэдактар, публіцыст |
Месца працы |
БіяграфіяПравіць
З сям'і святара. Скончыў Харкаўскі ўніверсітэт (1910), працаваў выкладчыкам у Вільні. Летам 1915 пераехаў у Магілёў, працаваў выкладчыкам у Магілёўскім рэальным вучылішчы. Член Беларускага нацыянальнага камітэта. Адзін з арганізатараў, пазней старшыня Магілёўскага беларускага камітэта.
Рэдактар газеты «Могилевские известия» (1917).
Удзельнік З'езда беларускіх арганізацый і партый у Мінску (ліпень 1917). Летам 1918 выехаў у Вільню, удзельнічаў у арганізацыі Беларускага з'езда Віленшчыны і Гродзеншчыны, старшыня педагагічнай рады Віленскай беларускай гімназіі. З 1919 кіраўнік школьнага аддзела Цэнтральнай Беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны. У 1919—1922 дырэктар Віленскай беларускай гімназіі. Выступаў з публіцыстычнымі артыкуламі ў «Беларускай крыніцы», «Беларускім жыцці», «Беларускіх ведамасцях» і інш.
Аўтар успамінаў пра І. Луцкевіча[1].
У 1922 абраны паслом у сейм Польскай Рэспублікі, член Беларускага пасольскага клуба. Трымаўся прынцыпу беспартыйнасці, адстойваў нацыянальныя і сацыяльныя правы беларускага народа. Член Беларускага навуковага таварыства, актывіст беларускіх грамадскіх і культурна-асветных арганізацый у Вільні. З 1925 у БССР.
Працаваў у рэдакцыях газеце «Савецкая Беларусь» і часопісе «Савецкае будаўніцтва»; у выдавецтвах (у т.л. Беларускім дзяржаўным выдавецтве). Займаўся перакладамі, пераклаў на беларускую мову творы З. Оськіна, В. Владко, П. Кушнера, Я. Захера і інш.
Падчас арышту працаваў карэктарам ў друкарні імя Сталіна. Арыштаваны 10.8.1933 у Мінску па адрасе: вул. Пpавіянцкая, д. 20 па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра». Асуджаны паводле пастановы калегіі АДПУ СССР 9.1.1934 як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі БНЦ» да ВМП. Рэабілітаваны трыбуналам БВА 18.4.1956. Асабовая справа М. Каханівіча № 10182-с (спынена 16.8.1956) з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Быў жанаты, меў дзіця.
ТворыПравіць
- Магілёўцы і незалежнасць (мае ўспаміны) // «Наша Думка», Вільня, 25.3.1921 № 12 (перадрук: Спадчына 6/1997)
- Здрада ў Вільні: (Да 10-х угодкаў Віленскай беларускай гімназіі) // Асвета. 1929, № 4.
Зноскі
- ↑ Апублікаваны ў зборніку: «Памяці Івана Луцкевіча. У першыя ўгодкі смерці яго», 1920.
ЛітаратураПравіць
- Багдановіч Я. На жыццёвым шляху. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1992. — С. 81, 140;
- Горны А. Міхаіл Кахановіч: лёс інтэлігента // Краязнаўчая газета. 2013. № 14. С.4; № 15. С.4.
- Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль.. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
- Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 2. — Мн., 2005.
- ЭГБ, т. 4. — Мн., 1997.