Набта-Плая (араб. نبتة‎‎) — старажытны мегалітычны помнік (6 - 4 тысячагоддзі да н. э.) у Нібійскай пустыні на тэрыторыі паўднёвага Егіпта.

Рэканструкцыя ў Асуанскім музеі

Гісторыя правіць

Вобласць Набта-Плая знаходзіцца прыкладна ў 100 км на захад ад Абу-Сімбела і 800 км на поўдзень ад Каіра. 65 - 12 тысяч гадоў таму ў выніку змягчэння клімата тут сфарміравалася вялікае возера, а навакольныя тэрыторыі ўяўлялі сабою трапічную саванну. Узровень вады ў возеры на працягу тысячагоддзяў не быў стабільным, паколькі меліся асобныя перыяды ўвільгатнення і засухі. У наш час возера цалкам высахлае.

Чалавечыя паселішчы каля старажытнага возера з'явіліся 11000-9300 гадоў таму. Польскія і амерыканскія археолагі, якія вялі раскопкі з 1972 г., прыйшлі да высновы, што неалітычная рэвалюцыя ў вобласці Набта-Плая адбывалася паскоранымі тэмпамі. Ужо раннія паселішчы нагадваюць часовыя стаянкі жывёлагадоўцаў. Найстаражытнейшы археалагічны пласт E-06-1 прадстаўлены рэшткамі 11 круглявых хацін дыяметрам ад 2 м да 3,5 м., у цэнтры якіх размяшчаўся агмень. У сярэднім неаліце мясцовыя жыхары трымалі статкі авечак і коз. Важную ролю захоўвала паляванне. У паселішчы, застаўленым каля 10 тысяч гадоў таму, знойдзены косткі дзікіх трусоў і газеляў. Вырабляліся ўпрыгожванні ў выглядзе пацеркаў з яек страусаў. Кераміка, знойдзеная каля Набта-Плая, лічыцца найстаражытнейшай у Афрыцы. У ежу ўжывалася проса, аднак не вядома, ці вырошчвалася яно на палетках. У пазнейшы перыяд проса і іншыя метлюжковыя культываваліся і ў гэтым рэгіёне, і ў суседняй даліне Ніла.

Каля 7500 гадоў да н. э. клімат часткова стабілізаваўся, і перамяшчэнні качэўнікаў набылі рэгулярны сезонны характар. Каля 7500 - 7400 гадоў да н. э. насельнікі вобласці Набта-Плая пачалі ўзводзіць каменныя курганы з пясчаніка, які здабывалі на дне возера. Яны былі арыентаваны на поўнач. Археолагі мяркуюць, што ўладкаванне курганоў суправаджалася рытуальнымі ахвярапрынашэннямі свойскай жывёлы. У 6 - 4 тысячагоддзях былі ўзведзены мегалітычныя помнікі (усяго знойдзена больш за 30). Найбольш вядомы — кромлех, які мае 4 м у папярочніку. Агмень, знойдзены каля яго, датуецца прыкладна 4800 г. да н. э. Знутры аднога з помнікаў знойдзены камень, абчасаны ў форме каровы. Калі такая форма была нададзена будаўнікамі наўмысна, то знаходка з'яўляецца найстаражытнейшай з вядомых скульптур.

Сувязь з астраноміяй правіць

 
Кромлех Набта-Плая

Кромлех, знойдзены ў 1972 г., складзены з груба абчасаных пліт пясчаніка 2x2x4 м. Ён уяўляе сабою кола з 2 адчыненымі бакамі. Адзін арыентаваны на поўнач. Другі — на поўдзень, супадае з месцазнаходжаннем сонца ў перыяд летняга сонцастаяння. Археолагі знайшлі малюнкі пад фундаментам некалькіх пліт. Даследчыкі мегалітычных пабудоў Набта-Плая з самога пачатку звязвалі яго ўзнікненне з каляндарнымі рытуаламі жывёлагадоўцаў. У 1998 - 2002 гг. група амерыканскіх антраполагаў даследавала мегаліты і прыйшла да высновы, што размяшчэнне камянёў можа сведчыць аб іх сувязі з назіраннем за зорным небам.

У 2002 г. прафесійны амерыканскі астрафізік Томас Брофі апублікаваў кнігу[1], у якой сцвярджаў, што помнікі Набта-Плая з'яўляюцца старажытнай абсерваторыяй. Ён заўважыў, што кожная зорка пазначалася двумя камянямі. Кожны з іх фіксаваў знаходжанне зоркі ў пэўны перыяд года. Такім чынам стваральнікі Набта-Плая фіксавалі перамяшчэнне свяціл сузор'я Арыёна. Другі набор камянёў фіксаваў становішча Вегі. Свае высновы Томас Брофі падмацоўваў назіраннямі за размяшчэннем пірамід на плато Гіза і лічыў, што мегаліты маюць закадаваную інфармацыю пра масу зорак, іх адносную хуткасць і г. д.

Зноскі

Спасылкі правіць