Несапраўдная мучністая раса

Несапраўдная мучністая раса, або перанаспароз — група хвароб раслін, выкліканая псеўдагрыбамі з класу ааміцэтаў, пераважна з сямейства перанаспоравыя (Peronosporaceae)[1][2]. Сярод узбуджальнікаў могуць быць прадстаўнікі такіх родаў, як Sclerospora, брэмія (Bremia), перанаспора (Peronospora), фітафтора (Phytophthora), Plasmopara, Pseudoperonospora[1][3].

Несапраўдная мучністая раса на верхняй частцы ліста агурка
Несапраўдная мучністая раса на ніжняй частцы ліста агурка

Разнавіднасці

правіць

Розныя віды псеўдагрыбоў-паразітаў маюць вузкую спецыялізацыю адносна раслін-гаспадароў[2]. Найбольш часта сустракаецца несапраўдная мучністая раса вінаграду (званая таксама «мільдзью», узбуджальнік — Plasmopara viticola), буракоў (узбуджальнік — Peronospora schachtii), цыбулі (узбуджальнік — Peronospora destructor), агурка (узбуджальнік — Pseudoperonospora cubensis), сланечніку (узбуджальнік — Plasmopara helianthi), тытуню (узбуджальнік — Peronospora tabacina), гароху (узбуджальнік — Peronospora pisi), капуставых (узбуджальнік — Peronospora brassicae), салаты латук (узбуджальнік — Bremia lactucae) і іншыя[4][5][6][3] Пакутуюць таксама дэкаратыўныя расліны, у тым ліку ружы (узбуджальнік — Peronospora sparsa)[7], мак, астры, васількі і фіялкі[8]. З дзікарослых раслін адзначаны на снітцы, піжме, стрэлках звычайных, лебядзе[8].

Апісанне

правіць

Захворванне пашкоджвае надземныя часткі раслін, у першую чаргу лісце, але часам таксама сцёблы, кветкі[2][1], чаранкі і падземныя часткі[8]. Заражэнне адбываецца з дапамогай канідый або зааспор[2]. Часцей узнікае ў прахалодным, вільготным клімаце[1]; можа паражаць расліны, якія вырошчваюцца ў парніках[9]. Вонкава выяўляецца ў выглядзе бурых або жаўтлявых плям, з ніжняга боку пакрытых бялявым, шэрым, блакітнаватым або фіялетавым лямцападобным налётам[2][4][1] канідыяльнага споранашэння грыба[8]. Тканкі ў месцах пашкоджання дэфармуюцца, патаўшчаюцца, становяцца гафрыраванымі і мяняюць колер ад бледна-жоўтага да ружовага або карычневага[8]. Пашкоджанае лісце вяне і адмірае[2][1]. У хворых раслін замаруджваецца рост, зніжаецца прадукцыйнасць, яны горш развіваюцца, іншы раз гінуць[8].

Спосабы перадачы

правіць

Ааспоры або міцэлій паразіта могуць захоўвацца ў глебе некалькі гадоў[2]. Інфекцыя пашыраецца ветрам, кроплямі дажджу. Хваробе спрыяюць высокая вільготнасць паветра і глебы[8]. У некаторых раслін магчымая перадача інфекцыі з насеннем[5][9].

Меры барацьбы

правіць

Меры барацьбы складаюцца ва ўжыванні фунгіцыдаў у перыяд вегетацыі, своечасовым выдаленні пашкоджаных частак, зніжэнні вільготнасці паветра пры вырошчванні ва ўмовах закрытага грунту і выкарыстанні сартоў, устойлівых да захворвання[4][1][9].

Крыніцы

правіць
  1. а б в г д е ё Downy mildew (англ.). Britannica. Архівавана з першакрыніцы 7 жніўня 2020. Праверана 24 жніўня 2020.
  2. а б в г д е ё Мазин В. В.. Ложная мучнистая роса. Большая российская энциклопедия. Архівавана з першакрыніцы 31 кастрычніка 2020. Праверана 24 жніўня 2020.
  3. а б Словарь-справочник фитопатолога 1959.
  4. а б в Сельскохозяйственный энциклопедический словарь 1989.
  5. а б Вянгеляускайте 1989.
  6. Кошкин 2015.
  7. Миско 1986.
  8. а б в г д е ё А. С. Шуканаў. Перанаспарозы // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 4. Недалька — Стаўраліт / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1985. — С. 169 - 170. — 599 с., іл. — 10 000 экз.
  9. а б в Ахатов 2002.

Літаратура

правіць