Сокалы (партызанскі атрад)

(Пасля перасылкі з ПА Сокалы)

Партызанскі атрад «Сокалы», Спецатрад НКДБ СССР. Дзейнічаў на тэрыторыі Клецкага, Ляхавіцкага, Навамышскага, Кобрынскага, Быценскага, Бярозаўскага, Ганцавіцкага, Драгічынскага раёнаў. Камандзіры — Кірыл Арлоўскі, С. А. Нікольскі.

Партызанскі атрад «Сокалы», Спецатрад НКДБ СССР
Гады існавання 19421944
Краіна
Краіны  Беларуская ССР
Падпарадкаванне Беларускі штаб партызанскага руху
Тып разведвальна-дыверсійнае і партызанскае падраздзяленне
Войны Вялікая Айчынная вайна
Удзел у
Камандзіры
Вядомыя камандзіры

Гісторыя правіць

26 кастрычніка 1942 года закінута група «Сокалы» з 10 чалавек — К. П. Арлоўскі «Раман» (камандзір групы), P. В. Івашкевіч «Міша» (камісар), Хуста Лопес «Лорыс», A. М. Бліноў (радыст), М. Г. Калмыкоў, А. А. Васілевіч, I. К. Тунік, I. К. Грыцавец і I. І. Якубоўскі — якія дэсантаваліся за 20 км на ўсход ад Выганаўскага возера і радыравалі ў Цэнтр пра пачатак работы. 20 сакавіка 1943 года да іх дэсантавана яшчэ 8 чалавек. Таксама група папоўніўся мясцовым насельніцтвам і сфарміраваўся атрад з 75 чалавек.

Партызаны пусцілі пад адхон 16 эшалонаў ворага, разбілі больш за 100 чыгуначных вагонаў і платформ, узарвалі 41 аўтамашыну, 4 прамысловыя прадпрыемствы, 2 масты, пашкодзілі больш за 10 км чыгункі, 18 км тэлефонна-тэлеграфнай сувязі, разграмілі 2 гарнізоны. 12 лютага 1943 года байцы атрада на чале з Арлоўскім знішчылі штатс-камісара Баранавічаў, гебітскамісара Баранавіцкай акругі, обергрупенфюрара войск СС, 7 афіцэраў, 2 камендантаў паліцыі і некалькі салдат праціўніка, захапілі дакументы. Перадавалі ў Цэнтр звесткі разведкі.

З мая 1943 года атрад «Сокалы» стаў адной з баз адпраўкі разведвальна-дыверсійных груп далей на захад, у т.л на тэрыторыю акупаванай немцамі Польшчы, атрад забяспечваў іх праваднікамі. Адной з першых такіх разведвальна-дыверсійных груп была «Вест».

5 ліпеня 1944 года атрад (каля 150 чалавек) злучыўся з Чырвонай Арміяй. Камандзіру атрада Кірылу Арлоўскаму нададзена званне Героя Савецкага Саюза.

«Вест» правіць

«Вест» — разведвальна-дыверсійная група НКДБ СССР. Камандзір — капітан дзяржаўнай бяспекі Аляксандр Міронаў, аператыўны псеўданім «Ляскоў» («Лесков»).

Закінута на поўдзень Заходняй Беларусі ў жніўні 1942 года, у складзе 28 чалавек дэсантавалася на парашутах у раёне Пясчанкі Мінскай вобласці, у распалажэнне брыгады Градава, адтуль з праваднікамі ў канцы мая — пачатку чэрвеня 1943 года перайшла на базу партызанскага атрада «Сокалы» ў Машукоўскім лесе.

Задачы групы — разведка дыслакацыі нямецкіх войск паміж Брэстам і Варшавай. Для выканання задання да групы са складу атрада «Сокалы» далучаны праваднікі, якія добра ведалі мясцовасць і польскую мову. Аднаму з праваднікоў, Паўлу Сямёнавічу Гаўрысу (з Машукоў), даручылі весці «Вест» на захад, таксама ў склад групы ўвайшлі байцы «Сокалаў» — Павел Вераб’ёў (настаўнік з Мядзведзічаў) і Іван Турэйка.

Група ўнікала сустрэч як з нямецкімі падраздзяленнямі, так і з падраздзяленнямі Арміі Краёвай, хоць і выдавала сябе мясцоваму насельніцтву за адно з апошніх. Паспяхова паўз Бяла-Падляску і Беласток дайшла да Варшавы. З радыёграм групы савецкае камандаванне атрымлівала звесткі пра войскі праціўніка, што дазваляла наносіць авіяцыйныя ўдары.

Потым «Вест» вярнулася назад, прынамсі Павел Гаўрыс зноў далучыўся да «Сокалаў» на тэрыторыі Брэсцкай вобласці.

Памяць правіць

У 1972 годзе каля вёскі Машукі Клецкага раёна ва ўрочышчы Раскоп у гонар атрада пастаўлены помнік.

Літаратура правіць

  • Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1990. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.
  • Павлов В. П. Белорусы в европейском Сопротивлении. — Мн.: Белорусская наука, 2015. — ISBN 978-985-08-1823-2 — С. ?
  • Борисов И. Человек из легенды: документальная повесть. — Минск, 1991. — С. 315.
  • Зевелев А. И. и др. Ненависть, спрессованная в тол. — М., 1991. — С. 121, 129.