Павет

адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка
(Пасля перасылкі з Паветы Расіі)

Паве́т (польск.: pówiat; руск.: пове́т, уе́зд, укр.: пові́т) — сярэдняя адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Польшчы, а раней — у Вялікім Княстве Літоўскім, Рускім царстве і Расійскай імперыі, Рэчы Паспалітай, існуе прыкладна з XIV стагоддзя.

Польшча

правіць
 
Карта польскіх паветаў

У Польшчы ў шэраг абавязкаў кіраўніцтва паветаў уваходзяць усе лакальныя пытанні, якія выходзяць за межы гміны, у тым ліку, ахова грамадскага парадку і агульная бяспека, супрацьпажарная бяспека і ахова ад навадненняў, прадухіленне сціхійных бедстваў і ліквідацыя іх наступстваў, утрыманне агульных бальніц, барацьба з беспрацоўем, будаўніцтва і ўтрыманне міжгмінных дарог.

Паветам могуць перадавацца правы ваяводстваў у тых пытаннях, якія могуць быць вырашаны на месцы.

Гміна і павет вырашаюць усе адміністрацыйныя пытанні іх жыхароў. Такім чынам грамадзяне пазбаўлены ад неабходнасці ехаць у ваяводскі цэнтр для вырашэння адміністрацыйных праблем.

Павет мае асобны бюджэт, а яго даходы не залежаць ад даходаў гмін. Павет не ажыццяўляе нагляд за дзейнасцю гмін, не мае права атабраць іх правы і ўмешвацца ў іх фінансавае кіраванне. Фінансава аўтаномны павет можа праводзіць уласную бюджэтную палітыку.

Савет павета выбіраецца на выбарах самакіравання.

Памер павета выбіраецца, улічваючы, каб уся дзейнасць яго адміністрацыі магла знаходзіцца пад непасрэдным кантролем выбаршчыкаў. Начальнікам савета кіравання з’яўляецца староста.

Вялікае Княства Літоўскае

правіць
 
Падзел Вялікага Княства Літоўскага на паветы

Тэрмін «павет» пачаў ужывацца на Беларусі з XV стагоддзя спачатку як сінонім старажытнарускага тэрміна воласць. У першай палове XVI стагоддзя пад паветам звычайна разумелі буйную воласць, цэнтрам якой быў горад або замак, што належаў дзяржаве, у т. л. скасаванае ўдзельнае княства. Першапачаткова не меў афіцыйнага статуса і органаў кіравання. Буйныя землеўладальнікі (паны) на тэрыторыі павета падпарадкоўваліся ваяводу, дробныя (баяры-шляхта) — намесніку павятовага цэнтра. Часам пад паветам разумелі толькі тэрыторыю, падкантрольную намесніку, у гэтым сэнсе павет быў сінонімам намесніцтва[1].

Упершыню статус павета афіцыйна акрэслены ў выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гадоў. Паветы ўваходзілі ў склад ваяводстваў. Усе намесніцтвы і воласці, якія не атрымалі статус павета, увайшлі ў іх склад у якасці звычайных маёнткаў. 3 гэтага часу ўсе землеўладальнікі на тэрыторыі павета падлягалі юрысдыкцыі павятовых органаў улады: грамадянскія справы разглядаў земскі суд, крымінальныя — замкавы суд, справы аб межах маёнткаў — падкаморы, ваенна-мабілізацыйнымі справамі ведаў харунжы. У час вайны шляхецкае апалчэнне (харугва) знаходзілася пад кіраўніцтвам маршалка, а калі цэнтр павета адначасова быў цэнтрам ваяводства — пад кіраўніцтвам кашталяна. Павятовая шляхта збіралася на сеймікі, дзе выбірала дэлегатаў на агульнадзяржаўны вальны сойм і ў галоўны літоўскі трыбунал. Структура павятовага кіравання замацавана Статутамі Вялікага Княства Літоўскага 1566 і 1588 гадоў. Аднак тэрмін «павет» зрэдку ўжываўся ў першапачатковым сэнсе, як вызначэнне гістарычнай воласці з цэнтрам у горадзе, які неабавязкова меў павятовыя ўстановы (у такім сэнсе ў крыніцах сустракаюцца назвы «Магілёўскі павет», «Крычаўскі павет» і інш[1].

Расійская імперыя

правіць
 
Паветы Расіі станам на 1897 год

Пасля далучэння да Расіі паветы (руск.: уезды) уваходзілі ў склад губерняў. На падставе «Палажэння аб установах для кіравання губерняй» 1775 замест гродскіх, земскіх і падкаморскіх судоў уведзены агульныя павятовыя суды, маршалкі заменены прадвадзіцелямі дваранства. У 1797 годзе адноўлены земскія і падкаморскія суды, у 1831 годзе зноў заменены павятовымі. Пасля рэформы 1861 года паветы падзяляліся на воласці, уведзены новыя дзяржаўныя ўстановы: павятовыя паліцэйскія ўправы, вайсковыя начальнікі, з’езды міравых пасрэднікаў і інш. Падзел на паветы ў БССР скасаваны 20 чэрвеня 1924 года[1].

Заходняя Беларусь

правіць

Пасля заняцця часткі тэрыторыі Беларусі ў 1919 годзе польскія ўлады захавалі падзел на паветы, якія былі ўключаны ў склад акруг. Паветы падзяляліся на гміны. На працягу 1919—1920 гадоў утвораны шэраг новых паветаў, 4 лютага 1921 года яны ўвайшлі ў склад новаўтвораных Навагрудскага і Палескага ваяводстваў. Пазней межы і колькасць паветаў у Польшчы мяняліся. Падзел на паветы ў Заходняй Беларусі скасаваны 15 студзеня 1940 года, пасля ўз’яднання з БССР[1].

Гл. таксама

правіць

Зноскі

  1. а б в г Вячаслаў Насевіч. Павет // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 592 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.

Літаратура

правіць