Падараванні сялян
Падараванні сялян на Беларусі мелі масавы характар, практыкаваліся ўрадам Расійскай імперыі адразу пасля падзелаў Рэчы Паспалітай на працягу 1773—1801 гадоў. Прычынамі падараванняў сялян былі недахоп зямель у цэнтральнай Расіі, які стаў адчувацца к 1770-м гадам, а таксама імкненне расійскага ўрада стварыць апору з расійскага дваранства і чыноўніцтва на далучаных землях. Фонд раздачы склалі буйныя каралеўскія эканоміі і староствы, землі адабраныя ў царкоўных устаноў і канфіскаваныя ў апазіцыйнай шляхты[1].
Ва ўсходняй Беларусі (з 1802 года — Віцебская і Магілёўская губерні) у 1773—1775 гадах атрымалі ва ўласнасць буйныя маёнткі з сялянамі (або іх часткі) — 85 чалавек. Напрыклад, князь Рыгор Пацёмкін атрымаў Крычаўскае староства (11 тыс. душ), граф Пётр Румянцаў — Гомельскае староства (14 тыс душ), граф Захар Чарнышоў — Чачэрскае староства (больш за 5 тыс. душ). Вялікіх памераў былі падараванні сялян у цэнтральнай і заходняй Беларусі. У Мінскай губерні розным асобам было падаравана 42 299 душ, у Гродзенскай — 33 052, у Віленскай — 5 319 душ мужчынскага полу. Сярод 37 асоб, якія атрымалі падараванні ў Мінскай губерні ў 1773—1795 гадах, было 16 генералаў, 3 старшыя афіцэры, 6 саноўнікаў, 5 афіцэрскіх удоў. Такі ж кантынгент асоб, якія атрымалі маёнткі, быў і ў іншых губернях. Усяго пры Кацярыне II і Паўле I у перыяд з 1773 па 1801 год было падаравана каля 208 550 беларускіх сялян. Вынікам гэтай палітыкі стала рэзкае скарачэнне колькасці дзяржаўных сялян на Беларусі (прыкладна ў 3 разы). Пераход сялян у прыгонную залежнасць адмоўна адбіўся на іх матэрыяльным становішчы. Пасля 1801 года падараванні сялян былі спынены ўрадам Аляксандра I па ўсёй Расійскай імперыі[1].
Крыніцы
правіцьЛітаратура
правіць- Падараванні сялян // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — С. 370. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.