Палякі

заходнеславянскі народ
(Пасля перасылкі з Паляк)

Паля́кі (саманазва Polacy) — заходнеславянскі народ, складае асноўнае насельніцтва Рэспублікі Польшча.

Палякі
Агульная колькасць больш 50 мільёнаў
Рэгіёны пражывання Польшча
Мова польская
Рэлігія каталіцтва
Блізкія этнічныя групы чэхі, славакі, беларусы

Гісторыя

правіць

Польская народнасць складвалася ў X—XI стст. у перыяд фарміравання Польскай дзяржавы. Яе этнічную аснову склалі паляне, слянзане, вісляне, мазаўшане, памаране[1]. У XI ст. з’явіўся этнонім «палякі». Працэс кансалідацыі Памор’я з астатнімі польскімі землямі быў затарможаны нетрываласцю палітычных сувязей яго са старажытнапольскай дзяржавай, а таксама асаблівасцю яго сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця (працяглае панаванне паганства і інш.). Па гаворках блізкія былі паляне, слянзане і вісляне. У перыяд палітычнай раздробненасці (XI—XIII ст.) польскія землі абасобіліся, але культурныя і эканамічныя сувязі паміж імі не перарываліся. У ходзе супраціўлення нямецкай экспансіі і пераадолення палітычнай раздробненасці (XIII—XIV ст.) ажыццяўлялася аб’яднанне польскіх земляў, пашыраліся і ўмацоўваліся сувязі паміж іх насельніцтвам. У гэты ж час ішоў працэс германізацыі заходніх і паўночных абшараў (Ніжняя Сілезія, Памор’е, Мазурыя, Заходняя Вялікапольшча).

У XIV—XV ст. аб’яднанне земляў польскай дзяржавы спрыяла працэсу нацыянальнай кансалідацыі палякаў, які ўзмацніўся ў XVII стагоддзі. У рамках шматнацыянальнай дзяржавы — Рэчы Паспалітай (утворана ў 1569 г. уніяй з Вялікім Княствам Літоўскім) — адбываўся працэс кансалідацыі польскай нацыі. Гэты працэс ускладніўся з канца XVIII ст. у сувязі з трыма раздзеламі Рэчы Паспалітай (1772, 1793 і 1795) паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй і стратай адзінай польскай дзяржаўнасці. У канцы XVIII—XIX ст. у захаванні і росце нацыянальнай самасвядомасці палякаў выбітную ролю адыгралі нацыянальна-вызваленчыя рухі (паўстанні 1794, 1830—31, 1846, 1848, 1863—64); польскі народ захоўваў прыхільнасць радзіме, роднай мове і звычаям[2].

Пасля Першай сусветнай вайны ўтварылася незалежная Польская Рэспубліка (1918—1939).

Рассяленне

правіць
 
Польскае этнічнае насельніцтва згодна з даваенным перапісам, 1912, E. Czyński, T. Tilinger's.

Як паказаў перапіс насельніцтва 2002, палякі складаюць 96,7 % насельніцтва Польшчы. У значнай колькасці жывуць таксама ў іншых краінах: ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, Германія, Бразілія, Канада, Аргенціна, Беларусь, Літва, Украіна, Аўстралія і інш.

Паводле вынікаў перапісу насельніцтва Беларусі 1999, палякі складаюць 3,9 % насельніцтва краіны — перапіс зарэгістраваў 396 тыс. палякаў. На Беларусі палякі жывуць галоўным чынам у Гродзенскай вобласці, у раёнах, якія прылягаюць да мяжы з Польшчай і Літвой. У Воранаўскім раёне палякі складаюць больш за 80 % жыхароў. Большая частка палякаў Беларусі назвала роднай мовай, а таксама мовай ужыванай дома беларускую, таксама сярод іх распаўсюджаны польская і руская мовы. Гл.далей Палякі на Беларусі

Амаль усе веруючыя палякі належаць да католікаў.

Зноскі

  1. БЭ ў 18 т. Т. 12. С. 24
  2. Народы мира » поляки(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 24 сакавіка 2023. Праверана 24 сакавіка 2023.

Літаратура

правіць