Педы (саманазва Bapedi), або паўночныя сота (афр.: Noord-Sotho's) — паўднёваафрыканскі народ. Жыве пераважна ў ПАР і некаторых суседніх краінах. Агульная колькасць (2016 г.) - 4 944 000 чал.[1]

Педы
(Bapedi)
Агульная колькасць 4 944 000 (2016 г.)
Рэгіёны пражывання  Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка — 4765 тыс.
 Зімбабвэ — 167 тыс.
 Батсвана — 12 тыс.
Мова сепеды
Рэлігія хрысціянства, культ продкаў
Блізкія этнічныя групы тсвана, басута, макуа, лозі

Гісторыя правіць

Педы належаць да групы народаў банту. Агульныя продкі басута, тсвана і педы мігрыравалі ў Паўднёвую Афрыку з Усходняй Афрыкі не пазней за VII ст. н. э. Як асобны народ вылучыліся ў XV - XVIII ст., калі частка мігрантаў насяліла поўнач Трансвааля. Педы знаходзіліся ў шчыльных зносінах з суродзічамі, а таксама плямёнамі шона.

У канцы XVIII ст. склалася першасная дзяржава педы на чале з вярхоўнымі правадырамі з рода Маратэнг. У першай трэці XIX ст. яна моцна пацярпела пад ціскам нгуні, асабліва ндэбеле. Важную ролю ў захаванні дзяржавы педы адыграў вярхоўны правадыр Секваты I (1827 - 1861 гг.), які рэфармаваў войска і ўнутранае кіраванне, запрасіў хрысціянскіх місіянераў.

Пасля смерці Секваты I уладу захапіў адзін з яго сыноў Сехухунэ. Ён адмяніў некаторыя рэформы, у тым ліку хрысціянізацыю. У 1876 - 1879 гг. адбылося некалькі войн з бурамі і брытанцамі, якія скончыліся паражэннем. Дзяржава педы апынулася пад уплывам бураў. У 1882 г. Сехухунэ быў забіты змоўшчыкамі. Гэта стала зачэпкай для ліквідацыі манархіі і дзяржаўнасці. У 1885 г. урад Трансвааля вылучыў для педы толькі невялікую тэрыторыю, па-за межамі якой апынулася большасць народа.

У 1950-х гг. камітэт мовы сота вылучыў мову педы як асобную ад сесута.

Педы актыўна ўдзельнічалі ў барацьбе афрыканскіх народаў супраць апартэіда ў ПАР.

Культура правіць

Асноўнымі гаспадарчымі заняткамі педы здаўна былі жывёлагадоўля і земляробства, прычым жывёлагадоўля лічылася мужчынскім заняткам, а земляробства — жаночым. Педы трымалі кароў, вырошчвалі сорга, гарбузы, бабовыя. У XX ст. жывёлагадоўля страціла сваю значнасць. Большасць мужчын педы працуюць па найму за межамі сям'і. Сельская гаспадарка значна інтэнсіфікавалася. Галоўнай харчовай культурай стала кукуруза. На змену матыцы прыйшоў плуг. Традыцыйныя рамёствы — апрацоўка металаў і дрэва, выраб керамікі і пацерак.

Да канца XIX ст. найбольш распаўсюджаным відам паселішча з'яўлялася буйная вёска, якая падзялялася на часткі дыкгора, што належалі розным родам і вялікім сем'ям. Хаціны размяшчаліся ў парадку старшынства. У палігінічных шлюбах кожная жонка магла разлічваць на асобную хаціну і кавалак зямлі для апрацоўкі. Свае хаціны таксама мелі падлеткі. Жытло будавалі з каменю, саломы і гною. Будаўніцтвам часцяком займаліся жанчыны.

У педы сустракаліся як пашыраныя, так і малыя нуклеарныя сем'і. Главой сям'і заўсёды лічыцца мужчына. Адлік сваяцтва толькі па мужчынскай лініі. Аднак жанчыны маюць пэўную гаспадарчую самастойнасць, маюць права ад свайго імя складаць гандлёвыя дагаворы. Педы аддаюць перавагу шлюбам са стрыечнымі сваякамі. Высакародныя мужчыны звычайна маюць некалькі жонак. У сельскай мясцовасці яны размяркоўваюць паміж імі зямельную маёмасць. Сем'і педы аб'ядноўваліся ў роды на чале з правадыром. Звычайна кожны род мае назву па найменню пэўнай жывёлы. Мужчыны і жанчыны аб'ядноўваюцца ва ўзроставыя групы кома, якія разам праходзяць ініцыяцыю кожныя пяць гадоў.

Педы знакаміты сваім музычным мастацтвам. Здаўна існуюць групы вандроўных музыкантаў кіба. Гэта назва таксама азначае традыцыйны музычны жанр. Кампазіцыі кіба выконваюцца на духавых інструментах. Музыка складаецца з 6 нот.

Рэлігія правіць

У аснове традыцыйных вераванняў педы — культ продкаў. Педы вераць, што душы продкаў актыўна ўмешваюцца ў іх жыццё, могуць прадстаўляць жывых людзей перад богам. У гонар продкаў арганізуюць святы, якія суправаджаюцца ахвярапрынашэннямі кароў. Вядомы маляўнічы рытуал выклікання дажджу. Хрысціянства распаўсюджваецца з XIX ст.

Зноскі

Спасылкі правіць